Вы тут

Прэзідэнт: У нас усе магчымасці ёсць, каб выконваць абавязкі і параметры


Пытанні фінансаў, адзначыў Прэзідэнт, публічна не абмяркоўвалі ўжо доўгі час: «Гэта правільна — грошы любяць, як вы, банкіры, заўсёды падкрэсліваеце, цішыню. І сённяшняя наша размова абсалютна не звязаная з нейкімі праблемамі — абсалютна наадварот. У мінулым годзе, малайцы, нядрэнна спрацавала ўся банкаўская сістэма».


Але, падкрэслівае кіраўнік краіны, заслуга тут не толькі банкаўскай сферы — добра функцыянаваў увесь эканамічны блок краіны. Прафіцыт знешняга гандлю склаў амаль чатыры мільярды долараў.

«У нас усе магчымасці ёсць і ў гэтым годзе, каб выконваць абавязкі, што ўзялі, і параметры, што былі вызначаны Усебеларускім народным сходам і канкрэтызаваны намі. На гэты год мы ж свядома іх прымалі — рост эканомікі. Я вам гарантую, што ніякага залішняга ціску не будзе ні на вас, ні на памочніка, што займаецца гэтымі пытаннямі, ні на ўрад», — заўважае Прэзідэнт.

Але пры гэтым ён публічна папярэджвае Нацбанк і ўрад: тыя паказчыкі, што намецілі (годны ўзровень ВУП, стабільнасць, узровень жыцця насельніцтва) — гэта святое.

«Не дай Бог, гэта не будзе выканана. Галоўнае, як вы толькі што прызналі, — гэта эканоміка. Усё астатняе — другаснае», — заяўляе Аляксандр Лукашэнка.

Усе «рычагі» для прыняцця мер у эканоміцы былі перададзены старшыні Нацбанка яшчэ пры яго прызначэнні, таму ён сярод першых у краіне адказвае за «здароўе» сферы.

«Прымайце любыя меры. Вы, Галоўчанка (Раман, прэм’ер-міністр — „Зв.“) і падначаленыя вам структуры — кантроль за вамі», — дадае Прэзідэнт.

Кіраўнік краіны адзначае, што неабходныя паказчыкі ў эканоміцы (узровень інфляцыі, ВУП і іншыя) вызначаны і яны павінны выконвацца.

«Усялякія спрэчкі наконт таго, колькі ў нас грашовай масы, які курс рубля і іншыя — гэта да ўрада. Вось два кіты, вы трэці, садзіцеся абмяркоўвайце меры, але жалезабетонна павінна быць выканана», — звяртаецца Аляксандр Лукашэнка да прысутных.

Прэзідэнт тлумачыць, чаму так жорстка ставіць пытанне — у працэсе працы размоў шмат, а на фінішы пачынаюцца пошукі апраўданняў.

«Таму не столькі пра сітуацыю на фінансавым рынку хацелася б пачуць, а як будзе працаваць эканоміка. Усё астатняе нам вядома. Калі ёсць іншыя пытанні, звязаныя з санкцыйным ціскам (вам таксама прыходзіцца яго трымаць), я думаю, вы пра гэта скажаце», — арыентуе кіраўнік краіны на размову.

«Мы гатовы да таго, каб дамаўляцца»

Кіраўнік краіны запланаваў цэлую серыю сустрэч з прадстаўнікамі кампаній розных галін эканомікі, што трапілі пад санкцыі. Адкрылі кірунак абмеркавання генеральныя дырэктары Беларускай калійнай кампаніі Алена Кудравец і Беларуськалія Іван Галаваты. Прысутнічаў на сустрэчы прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка.

«Сутнасць нашай сённяшніяй размовы — санкцыйная палітыка Захаду. Прайшоў пэўны час, і вас я папярэджваў, што пытанні супрацьстаяння санкцыйнай палітыцы — гэта пытанні ўрада, але з Прэзідэнта кантроль ніхто не здымаў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён заўважыў, што ў гэты перыяд банкі працуюць стабільна, і пахваліў папярэдніх суразмоўцаў — Паўла Калаура і Валерыя Бельскага.

«Далей я хацеў бы паслухаць, якая сітуацыя ў сувязі з гэтымі санкцыямі ў асноўных нашых кампаніях, што трапілі пад санкцыі. У тым ліку і Беларуская калійная кампанія, і Беларуськалій. Потым Белавіа. Пасля справаздачы ІCAO не ведаю, па якой прычыне ціснуць на яе цяпер», — заявіў Прэзідэнт.

Мяркуе кіраўнік краіны сусрэцца з кіраўнікамі нафтапрамысловага, нафтахімічнага комплексаў і папярэджвае, каб спецыялісты, міністры былі гатовы далажыць аб рабоце ў санкцыйны перыяд. 

Па словах Прэзідэнта, прадпрыемствы знайшлі вартыя кірункі пераадолення праблем санкцый. «Назіраючы па мінулым годзе, знойдзены добрыя альтэрнатывы на многіх прадпрыемствах. Нядрэнна і Беларуськалій спрацаваў. Але, тым не менш, неабходна глядзець наперад. Калі, напрыклад, Літва не хоча прапускаць нашы грузы ў порт і перавальваць іх у порце, — добра, гэта іх права. Калі так адбудзецца, Раман Аляксандравіч, значыць напрацягу некалькіх дзён павінны быць рэалізаваны мерапрыемствы, аб якіх мы дамаўляліся ў адносінах Літвы», — расказвае Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, Беларусь не ініцыюе працэсаў, што могуць прывесці да абвастрэння канфлікту з Літвой, Латвіяй, Польшчай ці Украінай.

«Я ж сказаў у пятніцу — мяне мала хвалюе: хочуць яны захаваць твар, не захаваць твар, — няхай выходзяць і дамаўляюцца. Мы гатовы да таго, каб дамаўляцца. Калі і далей будуць ціснуць, дзейнічаем па тым плане, які ёсць. Хай потым не скардзяцца. А народы краін павінны разумець: мы проста адказваем на гэтыя выклікі», — заяўляе беларускі Прэзідэнт.

Ён яшчэ раз нагадаў, што сёння разглядзяць пастаўкі калійных угнаенняў, мінуючы традыцыйныя парты. Далей падрыхтавацца да сустрэчы просіць Белавіа і іншыя буйныя кампаніі, якія трапілі пад санкцыі. 

У тэму

Інфляцыя. Па словах Паўла Калаура, урад і Нацбанк, праводзячы сваю эканамічную палітыку, першасную ўвагу будзе надаваць інфляцыі.

«Задачы — забеспячэнне цэнавой стабільнасці, да канца года імкнуцца да інфляцыі ў шэсць працэнтаў. Гэта няпростыя праблемы, паколькі яны абумоўлены так званай імпартуемай інфляцыяй. І ўсе нашы суседзі перажываюць непрыемны перыяд высокай інфляцыі», — адзначае старшыня праўлення Нацбанка, акцэнтуючы: свет чакае зніжэння інфляцыі ў канцы года. Прагназуе спецыяліст у першым квартале ў плане інфляцыі сваеасаблівае плато з нязначнымі адхіленнямі да ўзроўню, што маем сёння.

Стаўка рэфінансавання. Старшыня праўлення Нацыянальнага банка заяўляе, ужо многія гады забяспечваецца рэальная працэнтная стаўка на грашовых рынках. «Мы будзем назіраць за сітуацыяй, не робячы паспешных крокаў. Калі трэнд па інфляцыі, што прагназуем, матэрыалізуецца, то запланаваная стаўка рэфінансавання ў межах 9-10 % так і застанецца», — тлумачыць Павел Калаур.

Падтрымка экспарцёраў. Суразмоўнік упэўнены — іх падтрымліваць неабходна заўсёды, але крэдыты павінны быць рыначнымі. «Калі мы хочам падтрымаць пэўны кірунак эспарту, дзейнічаюць пэўныя праграмы з банкаўскай супольнасцю. Калі гэтыя праграмы незапатрабаваныя, дапускаем, што могуць быць і дадатковыя мерапрыемствы па льгатаванні працэнтных ставак. Але льгатаванне ставак ідзе за кошт бюджэту», — акцэнтуе Павел Калаур.

Стаўкі па дэпазітах. Павел Калаур адзначае, што на гэтым рынку сітуацыя станоўчая, назіраецца прырост на 1,5 % укладаў у нацвалюце і ў замежный валюце. Але павышэнне ставак чакаць не варта. «Калі сітуацыя з інфляцыяй будзе, як я апісаў, павышэнне працэнтных ставак па дэпазітах, не чакаецца», — прагназуе эксперт.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.