Вы тут

Брэнд Касцюковіцкага раёна — Гусінае свята


У народным календары 31 студзеня ёсць свята — Апанас, Гусінае свята. Свята свойскай жывёлы. Цікава, што «Гусінае свята» стала своеасаблівым брэндам Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Адрадзілі яго мясцовыя жыхары аграгарадка Белая Дуброва і работнікі культуры. Яго гісторыя выйшла ўжо далёка за межы рэгіёна, дапамагае захаваць творчую самабытнасць і арыгінальнасць. А гусі з Белай Дубровы, нібы сапраўдныя артысты, здзіўлялі публіку ў розных гарадах нашай краіны.


— Традыцыйныя элементы нашага «Гусінага свята» мы паказваем на шматлікіх фестывалях, форумах і мерапрыемствах рознага ўзроўню. У Белай Дуброве нават адкрылі арт-аб'ект с аднайменнай назвай «Гусінае свята», — удакладняе намеснік дырэктара цэнтралізаванай клубнай сістэмы Касцюковіцкага раёна Святлана Захаранка. —Там мясцовыя жыхары здаўна трымалі шмат гусей, шанавалі народныя традыцыі..

Карэнная жыхарка вёскі Белая Дуброва Людміла Чукіла каля сарака гадоў узначальвала ў аграгарадку сельскі Дом культуры. Сёння яна знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Людміла Уладзіміраўна разам са сваёй сястрой Антанінай Цыганковай (цяпер ужо яна тут дырэктар Дома культуры) былі з ліку тых, хто стаяў каля вытокаў адраджэння ўнікальнага абраду, які быў добра знаёмы іх прашчурам.

— Нашы бацькі заўжды трымалі каля паўсотні гусей, было шмат рознай хатняй жыўнасці. І мы дзеці, а нас у сям'і было шасцёра, з маленства прывучаныя да працы. Адзін з нашых абавязкаў быў пасвіць гусей каля маляўнічай рэчкі Бесядзь, уважліва пільнаваць гусянят ад драпежных птушак. Часам ішлі з дому раніцай, а прыходзілі, калі пачынала цямнець. Справа нялёгкая, — згадвае Людміла Чукіла, актыўная ўдзельніца свята. — Заўжды брала з сабой кнігі, шмат чытала на прыродзе. Бацькі вучылі нас не цурацца працы, шанаваць традыцыі, дапамагаць людзям. Гэты наказ перадала дачцэ і сыну. Гусегадоўля ў нашай мясцовасці здаўна лічылася народным промыслам, таму што гэта і мяса, і пер'е, і лячэбны шмалец.

Нашы беладуброўскія гусі — сапраўдныя артысты. Дзе толькі мы з імі не пабывалі! Шылі для іх спецыяльныя ўпрыгажэнні.

Некаторыя з абавязковых элементаў свята — кірмаш (гаспадыні прыносілі сваіх гусей і пачыналі хваліцца імі), дзяленне гуся (за кожны кавалачак-пачастунак госці кажуць пажаданні гаспадыні). Ведаем шмат прыпевак пра гусей, а работнік культуры Анатолій Турпакоў спецыяльна напісаў песню «Гусінае свята»: «Ёсць у нашай Белай Дуброве «Гусінае свята». І вясёлы кірмаш, і гасцей багата, на нашых палетках вырастаюць гусі, не сустрэць вам такіх па ўсёй Беларусі!».

Таццяна ПАДЛІПСКАЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.