Вы тут

Старшыня Мінаблвыканкама правёў асабісты прыём грамадзян


Восем чалавек выслухаў старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын падчас асабістага прыёму грамадзян у Дзяржынску. Некаторыя заяўнікі звярнуліся да кіраўніка цэнтральнага рэгіёна адразу з некалькімі пытаннямі. У прыватнасці старшыня назіральнага савета закрытага акцыянернага таварыства «Агракамбінат Нясвіжскі» Мікалай Яцута і генеральны дырэктар гэтага прадпрыемства Юрый Сікірыцкі, якія хадайнічалі аб набыцці акцый адкрытага акцыянернага таварыства «Вішнявецкі Агра» Стаўбцоўскага раёна, забеспячэнні мясаперапрацоўчай вытворчасці агракамбіната сыравінай.


Яны прасілі дазволу набыць акцыі ААТ «Вішнявецкі Агра» за адну базавую велічыню. Мікалай Яцута расказаў, што з 2020 года яны цесна супрацоўнічаюць з гаспадаркай, дапамагаюць пасяўнымі агрэгатамі, насеннем, у апрацоўцы пасяўных плошчаў. Стаўбцоўскі райвыканкам выдзеліў агракамбінату 300 гектараў зямлі ў часовае карыстанне на год, затым пралангіраваў дагавор. «Мы паспрабавалі свае сілы на гэтых землях і паказалі нядрэнны вынік — ураджайнасць азімага ячменю і азімай пшаніцы каля 61 цэнтнера з гектара. У лістападзе мінулага года звярнуліся ў Стаўбцоўскі райвыканкам з пісьмом аб гатоўнасці набыць 100 % акцый «Вішнявецкі Агра» з улікам таго, што 67 % іх знаходзіцца ва ўласнасці райвыканкама», — адзначыў Мікалай Яцута.

«Мы добра знаёмы з работай вашай кампаніі. Але на сёння пытанне аб пакупцы сельгасарганізацыі «Вішнявецкі Агра» не стаіць, — лічыць Аляксандр Турчын. — У некаторых гаспадарках вобласці захаваліся яшчэ старыя фермы, а тут працуюць два сучасныя малочнатаварныя комплексы, у будаўніцтва якіх укладзены значныя сродкі. Таму гэтае прадпрыемства нельга прадаваць за адну базавую велічыню. Пры правільным кіраванні яно зможа паказаць добрыя вынікі».

У найбліжэйшы час будзе разлічаны сапраўдны кошт гаспадаркі з улікам даўгоў і актываў, прааналізавана і работа ЗАТ «Агракамбінат Нясвіжскі». З улікам гэтых фактараў будзе прынята рашэнне аб мэтазгоднасці продажу, рэзюмаваў Аляксандр Турчын.

Аляксандр Яцута і Юрый Сікірыцкі таксама расказалі, што сельгасарганізацыі некаторых раёнаў працяглы час не пералічваюць грошы на рахунак «Агракамбіната Нясвіжскі» за аказаныя паслугі. Аляксандр Турчын даручыў прынесці дакументы, якія пацвярджаюць гэтыя факты. Іх вывучаць, прааналізуюць, на аснове чаго будзе складзены графік пагашэння запазычанасці.

Вольга Мулярчык прасіла пасадзейнічаць у добраўпарадкаванні вуліцы Лясной у вёсцы Дворышча Дзяржынскага раёна. Гэта тупіковая вуліца, якая вядзе да зямельных участкаў. Менавіта тут будуе дом сям'я Вольгі з тым, каб у далейшым пераехаць сюды з Мінска. «Адрэзак дарогі пасля дажджу або вясенняга разводдзя ў жахлівым стане — ні прайсці, ні праехаць, а зімой патанае ў снежных гурбах. Я не прашу, каб тут паклалі асфальт — хоць бы рэгулярна падсыпалі, грэйдзіравалі, расчышчалі ад снегу гэты ўчастак, працягласць якога каля трохсот метраў», — расказала жанчына.

Аляксандр Турчын заўважыў, што вырашэнне гэтага пытання не патрабуе вялікіх капітальных выдаткаў. Ён даручыў адпаведным службам разраўняць дарогу і падсыпаць гравіем, як толькі дазволяць умовы надвор'я. Старшыня Дзяржынскага райвыканкама Максім Лысенка дадаў, што нядаўна быў зацверджаны новы старшыня ЖКГ, распрацаваны графік ачысткі дарог ад снегу.

Наталля Гаўрылава звярнулася з просьбай аб павелічэнні колькасці маршрутаў гарадскога транспарту. Жыхары мікрараёна Макаўчыцы раніцай не паспяваюць даехаць да электрычкі на чыгуначным вакзале і вымушаны карыстацца паслугамі таксі. Наталля Васільеўна жыве ў Дзяржынску, працуе загадчыцай магазіна ў Мінску. Многія жыхары мікрараёна таксама ездзяць на работу або вучобу ў сталіцу. «Мала і гарадскіх аўтобусаў, яны практычна дабітыя, спазняюцца, талончык набыць немагчыма, — канстатавала Наталля Васільеўна. — Дзяржынск — горад-спадарожнік Мінска. Людзей тут з кожным годам становіцца больш, але транспартныя зносіны не развіваюцца».

Аляксандр Турчын адзначыў, што аўтапарк Дзяржынска сапраўды працуе дрэнна, пра што сведчаць пастаянныя скаргі жыхароў. Ён даручыў навесці парадак у транспартнай галіне на працягу трох месяцаў і вырашыць праблему з набыццём талонаў.

Алег Чарнагурскі не задаволены работай рынку Дзяржынскага райспажыўсаюза. Па словах Алега Уладзіміравіча, прадпрымальнікам не дазваляюць выкідваць паперу, упаковачныя скрыні ў спецыялізаваныя кантэйнеры для смецця на тэрыторыі рынку. Тым не менш аплату нібыта за аказаную паслугу бяруць. Акрамя таго, асфальтавае пакрыццё на рынку ў суцэльных выбоінах, пасля аварыі адсутнічае вада, няма дзе памыць рукі, не хапае прыбіральшчыкаў, ёсць праблема і з аховай аб'екта. А з самім заяўнікам дырэкцыя рынку не працягнула дагавор арэнды.

Як растлумачыў дырэктар Дзяржынскага філіяла Мінскага абласнога спажывецкага таварыства Раман Некрашэвіч, Алег Чарнагурскі пазбаўлены гандлёвага месца за неаднаразовае парушэнне правапарадку.

Аляксандр Турчын пагадзіўся з заяўнікам, што рынак, які карыстаецца папулярнасцю ў мясцовых жыхароў і знаходзіцца практычна ў цэнтры горада, сапраўды ў нездавальняючым стане, патрабуе добраўпарадкавання. Ён даручыў мясцовым ўладам правесці ацэнку стану рынку, абсталяваць належным чынам гандлёвыя месцы, стварыць тут савет, прадстаўнікі якога трымалі б пастаянны кантакт з мясцовымі ўладамі, агучвалі праблемы, якія патрабуюць вырашэння, а таксама разгледзець пытанне вяртання прадпрымальніку гандлёвага месца.

Пасля прыёму грамадзян Аляксандр Турчын пракаментаваў яго вынікі:

— На самай справе пытанні, якія агучылі жыхары Дзяржынскага раёна, на першы погляд, стандартныя. Але гэты прыём мяне парадаваў, таму што большасць зваротаў абгрунтаваныя. Мы бачым неабыякавасць людзей, якія перажываюць за свой горад. Частка грамадзян, якія былі на прыёме, — гэта мінчане, што пераехалі ў Дзяржынск на пастаяннае месца жыхарства. У Мінскай вобласці ў цэлым павялічваецца тэндэнцыя, калі мінчане перасяляюцца ў гарады-спадарожнікі, якія маюць цесную сувязь са сталіцай. Канешне, ёсць сістэмныя пытанні, якія ўзнімаліся. Гэта работа транспарту ў Дзяржынску. У мяне была сустрэча з кіраўніком «Мінаблтранса», дзе дасягнута дамоўленасць на працягу трох месяцаў навесці парадак не толькі на гарадскіх маршрутах, але і па транспартных сувязях з Мінскам. Дзяржынск — наступны пасля Мінскага раёна рэгіён, дзе дастаткова інтэнсіўна расце колькасць жыхароў як за кошт натуральнага, так і міграцыйнага прыростаў. Жыллёва-камунальная гаспадарка, добраўпарадкаванне, транспарт — актуальныя праблемы Дзяржынска. Але ў старшыні райвыканкама ёсць зразумелыя планы, як і куды рухацца. У найбліжэйшай перспектыве пачнём будаваць тут фізкультурна-аздараўленчы комплекс, установім магнітна-рэзанансны, камп'ютарны тамографы ў цэнтральнай раённай бальніцы. Рух у Дзяржынску ідзе. Магчыма, не такімі тэмпамі, як хочацца, але тым не менш. І тых, хто быў на прыёме, неабходна задзейнічаць у нашай паўсядзённай рабоце. Гэта нераўнадушныя людзі, цалкам адэкватныя і разумныя, якія падказваюць мясцовай уладзе праблемы ў той ці іншай галіне, што трэба ліквідаваць, не чакаючы прыёмаў грамадзян.

У Дзяржынскім раёне таксама развіваецца прамысловасць. Следам за будаўніцтвам жылля павінна падцягвацца і вытворчая сфера, сфера паслуг, каб людзі маглі працаваць, не выязджаючы штодзённа ў Мінск.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.