Вы тут

Медыкі расказалі, калі прыходзіць у паліклініку і колькі цяпер доўжацца бальнічныя


У Беларусі, як і ў краінах-суседках, ужо 1,5 тыдня рэгіструецца рост захваральнасці на вострыя рэспіраторныя інфекцыі, грып і каранавірусную інфекцыю. Раніцай у панядзелак, 31 студзеня, у многіх гарадскіх паліклініках утварыліся чэргі. Пацыенты скардзяцца на высокую тэмпературу, кашаль, болі ў горле, мышачную слабасць, датэлефанавацца ў медустановы складана. Як арганізавана работа паліклінік і ці дастаткова ўрачоў прымае пацыентаў? Колькі ложкаў у стацыянарах перапрафілявана для хворых на каранавірусную інфекцыю? Наколькі цяжка хварэюць дзеці? На гэтыя і іншыя пытанні адказалі спецыялісты Міністэрства аховы здароўя.


«Чэргі не звязаны з адсутнасцю ўрачоў»

Паводле слоў загадчыка аддзялення імунапрафілактыкі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Веранікі Высоцкай, па даных малекулярна-біялагічнага маніторыгну, у краіне, акрамя каранавіруснай інфекцыі, цяпер актыўна цыркулююць вірус грыпу і негрыпозныя вірусы.

— У некаторых паліклініках розных раёнаў Мінска ўжо да моманту адкрыцця раніцай у панядзелак з'явіліся чэргі. Мы звязваем гэта з першым працоўным днём. Большая частка прыйшла абследавацца лабараторна — прайсці тэсты, — кажа першы намеснік міністра аховы здароўя Алена КРАТКОВА. — Аднак гэта не тая сітуацыя, калі вынік тэста адбіваецца на выбары тэрапіі. Ад каранавіруснай інфекцыі няма этыятропнага лячэння. Калі захворванне працякае ў лёгкай форме, мы просім заставацца дома і прытрымлівацца рэкамендацый як пры рэспіраторнай інфекцыі: шмат піць, захоўваць пасцельны рэжым, пры павышэнні тэмпературы прымаць парацэтамол. Сімптаматычнае лячэнне тут — як і пры іншых рэспіраторных інфекцыях.

Алена Краткова заклікала заставацца дома, асабліва калі ў вас няма патрэбы ў бальнічным. У адваротным выпадку прыходзіць у паліклінікі на працягу ўсяго дня, а не да моманту адкрыцця медустановы, каб не стаяць у чэргах на вуліцы, тым больш што надвор'е не самае спрыяльнае. І нагадала, што ў гандлёвых цэнтрах і аптэках прадаюцца тэсты на антыген, яны валодаюць дастаткова высокай адчувальнасцю, у тым ліку і да штама «амікрон». Пры жаданні можна пратэсціравацца самастойна (вынікі прымаюць да ўвагі і ўрачы), каб знізіць нагрузку на амбулаторна-паліклінічнае звяно.

Іншая тактыка мусіць быць у дачыненні да пажылых людзей. Яны часта трапляюць у стацыянар у дастаткова цяжкім стане, калі час упушчаны. Таму, калі тэмпература трымаецца доўга, стан пагаршаецца, са зваротам да медыкаў не трэба марудзіць.

Большасць тых, хто цяпер хварэе, скардзіцца на кашаль, насмарк, заложанасць носа, болі ў горле і павышэнне тэмпературы.

— Клінічныя праявы з'яўляюцца цяпер хутчэй, але працягласць захворвання скарацілася, — падкрэсліла Алена Краткова.

У дапамогу медыкам у паліклінікі накіраваны інтэрны і студэнты медуніверсітэтаў. У якасці валанцёраў ужо працуе каля 700 студэнтаў. Прыпынены і курсы павышэння кваліфікацыі для медыкаў, яны адкліканы на свае працоўныя месцы. Дапамогу аказваюць і ўрачы-спецыялісты.

— Чэргі не звязаны з адсутнасцю ўрачоў, — падкрэсліла Алена Краткова. — Медыцынскія работнікі таксама хварэюць, але сярод іх самы высокі працэнт вакцынацыі, праўда, і рызыка заразіцца больш высокая. Прышчэпка многім дазваляе ў кароткія тэрміны, каля пяці дзён, вярнуцца ў строй. Захваральнасць сярод урачоў адсочваецца, усе паліклінікі маюць планы работы на розныя выпадкі, у тым ліку і рост наведвальнасці.

Для хворых з COVІD-19 перапрафілявана 11 тысяч ложкаў

Яна праінфармавала, што змянілася тактыка работы з бальнічнымі лістамі. Пры COVІD-19 і адсутнасці клінічных сімптомаў лісток непрацаздольнасці выдаецца на 5—7 дзён, з сімптомамі — да 10 дзён. Калі патрабуецца больш доўгае лячэнне — да 21 дня. Нагадаем, што хворыя школьнікі могуць без даведкі ад урача знаходзіцца дома да пяці дзён, такая ж мера ўведзена для навучэнцаў і студэнтаў з мэтай знізіць нагрузку на паліклінікі.

У краіне для хворых на каранавірусную інфекцыю перапрафілявана больш за 11 тысяч ложкаў, гэта 13 % ад усяго ложкавага фонду. З іх занята каля 10 тысяч. 87 % месцаў у стацыянарах адведзена для аказання планавай дапамогі.

— Каля васьмі тысяч пацыентаў у стацыянарах хварэюць на пнеўманіі, каля 14 % з іх — у цяжкай форме. Колькасць пацыентаў, якія знаходзяцца на апаратах ШВЛ, скарацілася. Гэта асаблівасць «амікрона», які працякае ў больш лёгкай форме. Аднак у групе рызыкі па-ранейшаму пажылыя людзі і тыя, хто мае цяжкія хранічныя захворванні, — адзначыла першы намеснік міністра.

Яна расказала, што лекаў, сродкаў індывідуальнай аховы, кіслародных пунктаў і астатняга неабходнага у медыцынскіх установах хапае, а запасы пастаянна папаўняюцца.

Дзеці хварэюць у лёгкай форме

У гэту хвалю, як і прагназавалася, больш уцягнутымі ў інфекцыйны працэс аказаліся дзеці. Большасць хварэе дома, аднак ёсць і шпіталізаваныя — цяпер у краіне іх амаль 700, прычым палова — у Мінску. На раніцу панядзелка ў рэанімацыі знаходзілася адно дзіця.

— Ложкаў для дзяцей дастаткова, педыятрычная служба навучана выяўленню і лячэнню інфекцыі. Ва ўсіх рэгіёнах функцыянуюць групы экспертаў, якія гатовы аказаць дапамогу 24 гадзіны ў суткі, — адзначыла Алена Краткова.

— «Амікрон» — новы штам, толькі ў 2 % дзяцей ён выклікае цяжкія формы, — дадае загадчык кафедры дзіцячых інфекцыйных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, галоўны пазаштатны спецыяліст па дзіцячых інфекцыйных хваробах Міністэрства аховы здароўя Аксана Раманава. — Звычайна дзеці хварэюць лёгка: тэмпература, кашаль, заложанасць носа, фарынгіт. У старэйшых можа дадавацца задышка і галаўны боль. Мультысістэмны запаленчы сіндром педыятры лячыць навучыліся — у любой клініцы збіраецца кансіліум і прызначаецца тэрапія.

Вакцынавацца і насіць маскі!

Як падкрэсліў загадчык кафедры інфекцыйных хвароб і дзіцячых інфекцый БелМАПА Юрый Горбіч, дамінантным штамам цяпер з'яўляецца «амікрон», і адрозніць яго клініку ад іншай рэспіраторнай інфекцыі складана.

— Нам пашчасціла, што многія вакцынаваліся ці перахварэлі. У такім выпадку захворванне працякае лягчэй. У невакцынаваных, асабліва з груп рызыкі, і «амікрон» можа выклікаць цяжкі ход, з трапленнем у рэанімацыю. Параіць можна або вакцынавацца, або берагчыся.

Калі 58 % беларусаў вакцынаваны першай дозай, 48 % прайшлі поўны курс вакцынацыі. Тым, хто яшчэ не вакцынаваўся, і тым, у каго падышоў тэрмін бустэрнай прышчэпкі, медыкі раяць тэрмінова гэта зрабіць, пункты вакцынацыі працуюць і ў выхадныя дні. А вось узмацнення маскавага рэжыму ў краіне ўводзіцца не будзе, пры гэтым кожны абавязаны клапаціцца пра сябе і навакольных.

— Наконт маскавага рэжыму наша пазіцыя адназначная: калі ідзе распаўсюджанне высоказаразнага віруса, мы носім маскі. Маска абараняе найперш навакольных ад нас і ў меншай ступені нас саміх. Так, калі нам напляваць на навакольных, маскі можна не насіць. Як узмацніць маскавы рэжым? Прымушаць? Саджаць? Пугай ці розгамі біць? Разумныя людзі ў стане самі зразумець, што трэба насіць маскі. А з тымі, каму напляваць, мы нічога не зробім», — адзначыў Юрый Горбіч.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.