Вы тут

Каб не распалася повязь часоў...


Пра майстра паэтычнага слова, тэлежурналіста і публіцыста Давіда Сімановіча, чыё жыццё было прыкладам служэння культуры, прафесійнага падыходу да аднаўлення гістарычнай памяці


У букіністычным аддзеле мінскага Дома паліткнігі (цяпер – Дом кнігі “Веды”) рука сама пацягнулася да кнігі, якая, пэўна, і жыццё шматколернае пабачыла, і розных гаспадароў мела, -- да кнігі Давіда Сімановіча “Віцебскі вакзал” (Мінск, “Асобны дах”, 2006; тыраж – 1000 экзэмпляраў). “Віцебскі вакзал, альбо Вячэрнія прагулкі праз гады”. Ужо і выдавецтва такога не памятаю. І кнігу-дзённік  сустракаю ў букіністычным аддзеле ўпершыню…

Пачатак у дзённіка – у 1946 годзе. 2 чэрвеня нараўлянскі падлетак (Нароўля – райцэнтр на Гомельшчыне; чарнобыльская старонка) запісаў: “Я хачу стаць паэтам у баявой краіне. Я хачу вершы пісаць у мірнай цішы пра працу, пра Радзіму, пра яе сыноў, пра дарогі пройдзеныя, пра шчаслівыя дні”. А вось запіс ад 16 жніўня 1947 года: “За акном вецер варушыць ліству. Я вершы адправіў сёння Маршаку ў Маскву. Буду чакаць я з нецярпеннем, чакаць яго адказ. Цікава, што напіша пра вершы паэт” . Запіс ад 24 верасня 1947 года: “Ужо болей як год прайшоў з  тае пары, як напісаў, што “я хачу стаць паэтам”. Запаўняю вершамі сшытак. А ў мінулым годзе нават “выпусціў” дзве сваіх “кніжкі”. Перапісаў на лісточкі тое, што ў мяне было. Размаляваў. Зрабіў вокладкі. Адну назваў “Міша-герой”. У ёй маленькая паэма пра подзвіг юнага партызана. А на вокладцы другой – назва “Радзіма”. Сёння адправіў у абласную газету “Большэвік Палесся” тры вершы: “Парк Перамогі”, “Вечар” і “Млын”.

… Давід Сімановіч нарадзіўся ў Нароўлі – 26 чэрвеня 1932 года. Вялікую Айчынную вайну разам з сям’ёю перажыў у эвакуацыі, ва Узбекістане. Вярнуўся ў родны горад. Закончыў школу з залатым медалём. У 1955 годзе – філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Выкладаў у вёсцы Крынкі Лёзненскага раёна, на Віцебшчыне. Пісаў вершы, займаўся літаратурным краязнаўствам. У 1960-м годзе маладога настаўніка запрасілі на працу ў Віцебск. Некаторы час – у абласной газеце “Віцебскі рабочы”, а затым – болей трыццаці гадоў на абласным тэлебачанні. Выйшлі першыя кнігі: у 1959 годзе – “Вясенняя казка” і “Чароўны луг”.

З дзённіка – ад 3 студзеня 1961 года: “Першыя дні на тэлестудыі. Што такое “тэле” – не ведае ніхто з нас. Будзем глядзець па вечарах маскоўскія перадачы – і вучыцца”. Так, 1961 год на цэнтральным, маскоўскім, тэлебачанні – амаль самы пачатак… 23 лютага 1960 выйшла перадача “Здароўе”. 18 сакавіка – перадача “Клуб кінападарожжаў”. 14 красавіка 1961 – упершыню тэлевізійны рэпартаж выйшаў у прамым эфіры: урачыстая сустрэча ў Маскве Юрыя Гагарына. А 8 лістапада 1961 года – тэлегульня “КВЗ”… Чытаем у Давіда Сімановіча запіс ад 19 красавіка 1961 г.:  “Тэлестудыі – год. На экране – віцебляне. І сярод іх – артысты, мастакі, літаратары. Першыя літаратурныя перадачы. Буду іх называць “Віцебшчына літаратурная”: вершы і проза, інфармацыя, фота, кіно… А яшчэ добра было б рабіць тэлефільмы і тэлеспектаклі па творах тых, хто звязаны з нашым краем і расказваць пра іх саміх, земляках, якія пакінулі добры след у літаратуры і мастацтве. Ну і канешне ж – адкрыць дарогу маладым, выпускаючы іх на блакітны экран”.

Чытаючы дзённік сёння, праз многія дзесяцігоддзі, успрымаеш гэтыя запісы як складанне праграмы, вызначэнне перспектывы кшталту невялікай і не вельмі гучнай культурнай справы… Але менавіта правінцыйны паэт і журналіст Давід Сімановіч крок за крокам пачынае і прасоўвае парцу па аднаўленню гістарычнай памяці. “Правінцыйным” яго лічылі нават у Мінску. Але влічыня, ступень адносін да культуры, масштаб яго асобы самы што ні ёсць сталічны…

Ён нават слоў вялікіх, высокіх не выкарыстоўвае, а проста разам з тэлевізійнным аператарам зазірае ў блізкае да Віцебска Здраўнёва… І ўжо -- “… у Здраўнёва, у рэпінскіх мясцінах. Піянерскі лагер трамвайшчыкаў. Кожнае лета – шум і гам. А памяць пра вялікага мастака? .. Ён жа жыў і працаваў тут восем гадоў. Рэпінская прырода, вершы – атрымаўся неблагі кінасюжэт. Пасля ўключым яго ў перадачу “Рэпін на Віцебшчыне”.

А вось запіс ад 2 кастрычніка 1964 года: “… Чытаў пра Рэпіна, каханне да Лізаветы Званцавай, яго вучаніцы… Учора пачаў пісаць тэлесцэнарый- эцюд “Асенні букет”: Здраўнёва, канец стагоддзя, карціны “Асенні букет” і “Беларус”, Вера, Сідар Шаўроў (прататып “Беларуса”, а ў Віцебску жывуць яго сын і дачка), хачу ўвесці беларускія песні, рускія рамансы, вершы Пушкіна і Цютчава і мае думкі пра таемнае каханне да Званцавай (па лістах)…”

Давід Сімановіч па крупінках пачынае збіраць звесткі пра далучанасць да Віцебска, Віцебшчыны Іллі Рэпіна, Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна, знакамітых землякоў. Адкрывае для сябе шагалаўскую тэму, няпростую для тых часін, калі само імя мастака было пад забаронай. Праўда, і забарона гэтая была болей – ад ідэалагічнага імпэту мясцовых улад… Канешне ж, абласны цэнтр Віцебск (са сваім уласным абкамам КПСС, зразумела!) жыў з усёй краінай… І нават тут  асуджалі “няправільныя паводзіны маладых літаратараў Еўтушэнка, Вазнясенскага, Аксёнава”, “іх спробы накіраваць развіццё нашага мастацтва і літаратуры па фармалістычнаму шляху асуджаны на парвал”… Але Давід Сімановіч як тэлевізійны журналіст, публіцыст шукаў “прарыўныя” тэмы ў мінулым. Ён прыдумваў, кажучы сучаснай мовай, праекты. “Адкрытыя ўрокі паэзіі ў школах”, “Дні літаратуры, прысвечаныя Уладзіміру Караткевічу”. “Пушкінскае свята паэзіі ў Віцебску”, “Шагалаўскія дні”, “У гасцях у Марка і Бэлы”, “Віцебскі дзень Уладзіміра Маякоўскага з лірычным адступленнем ў мінулае і будучыню”… Пералік далёка не поўны.

Прыязджалі ў Віцебск, на Віцебшчыну Міхаіл Святлоў, Сяргей Сартакоў, Яўген Еўтушэнка, Андрэй Вазнясенскі… І Давід Сімановіч – заўсёды побач, заўсёды разам з імі. І як журналіст тэлебачання, і як праваднік, экскурсавод, здольны распавесці і паказаць галоўнае. І яшчэ – як самы праўдзівы і аб’ектыўны хранікёр судакранання культур, літаратур, судакранання асоб і края… Бо не было б Сімановіча, уважлівага, чуйнага, назіральнага, -- і хіба ж захавліся б у памяці розныя гісторыі, якія характарызуюць паэта і часіны?!. Тым болей такія – пра Тыдзень рускай літаратуры ў Беларусі, яе днях на Віцебшчыне. 1961 год “… маршруты свята прывялі ў Полацк. Пасля выступлення да Святлова падыйшоў лётчык і папрасіў падпісаць кнігу. Але яму вельмі хацелася, каб у надпісе было слова “Полацк”. Міхаіл Аркадзьевіч спярша жартаваў, аднекваўся…” Мы ведаем ад Сімановіча, з яго дзённіка, што напісаў Святлоў і пра Полацк, і пасля пра Глыбокае – ёсць на Віцебшчыне і такі гарадок… “Абяцаў і напішу – клятву не парушу – каньяком вось толькі душу полацкую акраплю…” “Я ў Глыбокім ніколі не быў, гэтым шляхам не крочыў. Беларускім гэтым небам упершыню я дыхаю… Я сябе на шляхах далёкіх адчуваць буду лёгка, на любой гары высока і ў Глыбокі глыбока…”

Дзённік Давіда Сімановіча, які памёр не так і даўно – у маі 2014-га… (сімвалічны дзень, у які навечна ён прыкуты да віцебскай зямлі, 9 мая 2014 года…), -- ужо старонкі гісторыі літаратурных, мастацкіх, паэтычных сувязяў Беларусі і Расіі. А яшчэ трэба было б зазірнуць і ў “Падарожную Аляксандра Пушкіна”, якую віцебскі летапісец Давід Смановіч выпусціў у 1977-м годзе… Без гэтага выдання ў 160 старонак тэму “Аляксандр Пушкін у Беларусі” ніяк не ахапіць…

Алесь Карлюкевіч

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.