Вы тут

Як не стаць ахвярай вогненнай стыхіі?


Не паспеў пачацца год, як ратавальнікі б'юць трывогу — адзін за адным у розных рэгіёнах краіны ўспыхваюць пажары, на якіх гінуць людзі. Прычым у многіх выпадках — ды практычна ва ўсіх! — трагедыі можна было б пазбегнуць, каб жыхары прытрымліваліся элементарных правілаў бяспекі: не курылі ў хаце, не выпівалі пры гэтым, правільна палілі ў сваіх печах і сачылі за іх станам.


Фота прэс-службы МНС.

Ахвяры агню

Ужо ў першы дзень новага года ратавальнікам паступіла паведамленне аб узгаранні кватэры ў Дзяржынску. Супрацоўнікі МНС, якія аператыўна прыбылі на месца здарэння, выявілі, што пажар узнік на першым паверсе. Дым хутка распаўсюджваўся па лесвічнай клетцы на іншыя паверхі пяціпавярховіка.

— Праводзячы разведку, я і старшы пажарны, малодшы сяржант унутранай службы Вадзім Мірон, на ўваходзе ў кватэру, дзе быў пажар, знайшлі жанчыну і вынеслі яе на вуліцу, — расказаў начальнік варты пажарнай аварыйна-ратавальнай часці № 1 Дзяржынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, лейтэнант унутранай службы Максім Магер. — Выратаваную перадалі медыкам. Адно звяно газадымаабаронцаў працавала на ратаванне і ліквідацыю ўзгарання ў кватэры, другое — на ратаванне і эвакуацыю людзей з паверхаў, якія размяшчаюцца вышэй. На лесвічнай клетцы паміж чацвёртым і пятым паверхамі мы выявілі траіх маладых людзей. Мужчыну з другога паверха вывелі пры дапамозе спецыяльнай маскі. Паралельна адчынялі вокны, каб выпусціць дым з пад'езда.

У выніку на пажары былі выратаваны пяць чалавек. Медыцынская дапамога спатрэбілася толькі жанчыне, у кватэры якой узнікла ўзгаранне (у выніку сэрца жанчыны перастала біцца ў бальніцы). Гаспадар жылой плошчы загінуў на месцы здарэння. Ахвярамі агню сталі і жыхары Калінкавіцкага раёна. 26 студзеня на пажары загінулі бацька і дачка. Па словах суседзяў, яны злоўжывалі спіртнымі напоямі, курылі — часта ў нецвярозым стане. Неасцярожнае абыходжанне з агнём падчас курэння і стала прычынай пажару.

Па адной з версій, менавіта з-за непатушанай цыгарэты ў апошні дзень студзеня загінулі і два мужчыны: адзін, грамадзянін 1984 года нараджэння, з аграгарадка Салтанава Рэчыцкага раёна, другі, 1978 года нараджэння, з вёскі Калонія Кобрынскага раёна.

Найлепшы сябар — апавяшчальнік

З пачатку года толькі ў Барысаўскім раёне ратавальнікі выязджалі на тушэнне 11 пажараў, на якіх загінулі тры чалавекі. 25 студзеня на цэнтр аператыўнага кіравання Барысаўскага гарадскога раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях паступіла паведамленне аб загаранні жылога дома ў вёсцы Дзедзілавічы. Пакуль ратавальнікі прыбылі на месца здарэння (а ў такіх сітуацыях у іх распараджэнні ўсяго некалькі хвілін), дом гарэў адкрытым полымем. На падлозе ў жылым памяшканні супрацоўнікі МНС знайшлі гаспадыню. На жаль, яна ўжо была без прыкмет жыцця. Адной з прычын узнікнення пажару, якія разглядаюцца, — неасцярожнае абыходжанне з агнём падчас курэння.

— І гэта не адзіны выпадак, калі чалавек, забываючы аб элементарных правілах пажарнай бяспекі, плаціць самую высокую цану — страчвае жыццё, — заўважае афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Анастасія ШВАЙБОВІЧ. — Нельга дапускаць курэння ў жылых памяшканнях. Месцы для гэтай згубнай звычкі трэба абсталяваць попельніцай з негаручага матэрыялу. Не варта забываць і аб тым, што курэнне каля лёгкаўзгаральных і гаручых вадкасцяў таксама можа прывесці да трагедыі, а своечасова патушаныя недакурак або запалка пасля іх выкарыстання з'яўляюцца абавязковай умовай бяспечнага быту. І самы просты спосаб зберагчы сябе і сваіх блізкіх ад пажару і яго наступстваў — устанавіць аўтаномны пажарны апавяшчальнік у жылых пакоях.

Менавіта гэты прыбор, які гучна сігналізаваў аб тым, што дзесьці здарылася трагедыя, нядаўна прымусіў жыхароў шматкватэрнага дома аграгарадка Стары Свержань Стаўбцоўскага раёна звярнуць увагу на суседнюю кватэру, з якой ішоў густы дым. Выклікаўшы ратавальнікаў, людзі аператыўна пакінулі свае кватэры. Супрацоўнікі МНС, якія прыбылі на месца здарэння, зафіксавалі ўзгаранне ў адной з кватэр двухпавярховага дома. Па папярэдняй інфармацыі, там знаходзіўся чалавек. Падчас разведкі ратавальнікі выявілі дваіх мужчын, дапамога якім, на жаль, ужо была непатрэбная...

У той дзень у Стаўбцоўскім раёне была яшчэ адна ахвяра агню. Толькі за суткі ў адным раёне краіны на пажарах загінулі тры чалавекі! Усяго ў студзені на тэрыторыі Мінскай вобласці адбылося 116 пажараў, якія абарвалі жыцці 21 чалавека.

Ратавальнікі не перастаюць паўтараць: у аснове кожнай з прычын, з якіх узніклі падобныя надзвычайныя сітуацыі, — безадказнасць, нядбайнасць і няўважлівасць канкрэтнага чалавека. Супрацоўнікі МНС звяртаюць увагу грамадзян на неабходнасць прывядзення домаўладання ў пажарабяспечны стан і заклікаюць выконваць элементарныя правілы: замяніць старую праводку, не перагружаць электрычную сетку, эксплуатаваць выключна спраўныя печы, не курыць у жылым памяшканні.

Гісторыі са шчаслівым фіналам

Як прызнаюцца супрацоўнікі МНС, колькасць выратаваных жыццяў яны ніколі не лічаць. Хоць памятаюць амаль кожную гісторыю са шчаслівым канцом. І з нешчаслівым, на жаль, таксама. Людзей, якія падарылі ім другое жыццё, ніколі не забудуць і тыя, хто мог стаць ахвярай агню.

Сярод іх — і пажылая жанчына з пасёлка Альба, што ў Нясвіжскім раёне. Паведамленне аб задымленні ў адной з кватэр жылога дома ратавальнікам паступіла ў ноч на 8 студзеня. Падраздзяленні МНС, якія прыбылі па ўказаным адрасе, выявілі шчыльнае задымленне ў кватэры на трэцім паверсе. Ратавальнікі знайшлі ў калідоры гаспадыню маёмасці. Высветлілася, што, адчуўшы пах дыму, пенсіянерка выявіла ўзгаранне мэблі, якое адбылося ад непатушанай свечкі. Гаспадыня спрабавала справіцца з дымам самастойна, аднак у яе нічога не атрымалася. Тады жанчына накіравалася да выхаду, аднак паслізнулася і ўпала. Выйсці з кватэры сама яна ўжо не магла. Добра, што ратавальнікі прыбылі на дапамогу своечасова.

У патрэбным месцы ў патрэбны час апынуўся і жыхар Магілёва. Алег Новікаў, які знаходзіўся ў гасцях, убачыў, што з суседняга дома ідзе дым. Не раздумваючы, мужчына праз незачыненыя дзверы прабраўся ў жыллё, убачыў гаспадара на падлозе і выцягнуў яго на свежае паветра. Жыццю пацярпелага нічога не пагражала: ён быў дастаўлены ў бальніцу. А вось ад хаты мала што засталося: ратавальнікі прыбылі, калі яна гарэла адкрытым полымем.

Хэпі-эндам скончылася і надзвычайнае здарэнне ў Лідзе. Супрацоўнікі МНС ліквідавалі пажар у двухкватэрным доме. Як стала вядома, узгаранне ўзнікла ад непатушанай свечкі. Гаспадыня адчула пах дыму, калі знаходзілася на верандзе, дзе займалася гаспадарчымі справамі. У хаце спала яе двухмесячнае дзіця. Хлопчык атрымаў апёкі. Яшчэ дваіх дзяцей, а таксама дарослых супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях выратавалі ад смерці ў Гарадку, што на Віцебшчыне. На паведамленне аб пажары ў шматкватэрным доме ратавальнікі прыбылі за лічаныя хвіліны.

— З акна кватэры ішоў дым, было відаць полымя, — успамінае гэты выпадак начальнік дзяжурнай змены пажарнай аварыйна-ратавальнай часці № 1 Гарадоцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзмітрый Мукамол. — Разам з калегамі мы ўключыліся ў апараты і пабеглі ўнутр. У пад'ездзе было ўсё задымлена. У кватэры, якая гарэла, у дальнім памяшканні, мы ўбачылі мужчыну. Ён стаяў каля сцяны, быў разгублены і дэзарыентаваны. Мы вывелі яго на вуліцу і перадалі медыкам. Мужчына быў моцна п'яны, ад шпіталізацыі адмовіўся. У гэты час па радыёстанцыі дыспетчар перадала інфармацыю, што на другім паверсе ў кватэры яшчэ ёсць людзі, якія з-за моцнага дыму не могуць пакінуць дом. Мы пабеглі на другі паверх. Там знаходзіліся жанчына і двое яе дзяцей. Яны былі спалоханыя і баяліся ісці ў задымлены пад'езд. Супакоіўшы, адзелі на іх маскі і вывелі на свежае паветра.

Паралельна ратавальнікі эвакуіравалі яшчэ траіх жыхароў дома. На шчасце, абышлося без пацярпелых і ахвяр. З-за непатушанай цыгарэты гаспадара адной з кватэр як мінімум яшчэ шэсць чалавек маглі пазбавіцца жыцця.

Папярэдзіць — значыць «узброіць»

Каб яшчэ раз прыцягнуць увагу насельніцтва да праблемы гібелі на пажарах, у канцы студзеня стартавала рэспубліканская акцыя «Бяспека — у кожны дом». На першым этапе ў цэнтры ўвагі ратавальнікаў былі людзі, якія злоўжываюць спіртным і вядуць асацыяльны спосаб жыцця. Супрацоўнікі МНС, органаў унутраных спраў, прадстаўнікі «Чырвонага Крыжа», маладзёжнай і піянерскай арганізацый, духавенства, а таксама добраахвотнікі з прафілактычнымі гутаркамі наведалі аддзяленні дзённага знаходжання наркадыспансераў, апорныя пункты міліцыі, а таксама цэнтры бяспекі.

На другім этапе акцыі ўвага арганізатараў засяродзілася на пажылых грамадзянах з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, жыхарах сельскіх населеных пунктаў, а таксама студэнтах ВНУ, ліцэяў і каледжаў. На завяршальным этапе прапагандысты Міністэрства па надзвычайных сітуацыях традыцыйна разгорнуць інтэрактыўныя пляцоўкі ў месцах масавага знаходжання людзей, дзе яшчэ раз нагадаюць, што больш чым палова надзвычайных здарэнняў адбываецца па віне людзей, якія не ведалі аб правілах пажарнай бяспекі або безадказна аднесліся да іх выканання.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».