Размову з дзецьмі, што выраслі на камп'ютарных гульнях, слушна пачынаць з той жа камп'ютарнай гульні: менавіта там адбываецца дзеянне казачнай аповесці Галіны Пшонік «Бліскучая краіна». Відэагульню падарыў на дзень нараджэння Ганцы яе тата. Мог бы знайсці і больш карысны падарунак... Бо гульня настолькі захапіла Ганку, што тая перастала звяртаць увагу на свайго малодшага брата Міхася. Перагляд каштоўнасцяў адбыўся, калі брат і сястра трапілі ўнутр гульні — ход даўно адпрацаваны і папулярны, асабліва ў сусветным кінематографе. У віртуальным свеце ёсць гульцы, якія ніколі не дапамогуць сапернікам, а ёсць тыя, хто і ў азарце спаборніцтва застаюцца чалавечнымі... Сярод апошніх — малы Міхась, які і дапамагае сястры адмовіцца ад Бліскучай краіны: прыгожай, але халоднай і штучнай.
Казка «Нявеста для Базыля» пераносіць маленькага чытача ў свет цацак — таксама не сказаць каб новы прыём, але удалы. Прынамсі, каб зразумець, што эгаістычная красуня ў пышным уборы можа прайграць дзяўчынцы ў паркалі, але шчырай і добрай. Пасыл трошкі нагадвае «ТВТ» Янкі Маўра — верагодна, пасля прачытання маленькія чытачы пачнуць рамантаваць свае зламаныя цацкі і беражліва да іх ставіцца. Урэшце, у кожным творы з кнігі закладзены так званы выхаваўчы момант — у «Месяцовых ягадах» апісваецца сітуацыя, калі дзяўчынка Вераніка трапляе на востраў, дзе можна жыць, як хочаш, «адрывацца на ўсю моц». Есці адны цукеркі і пірожныя, танцаваць усю ноч на дыскатэцы, бавіцца на атракцыёнах... Праўда, пасля колькі гадоў такога жыцця падрослыя бэйбусы зусім здзяцінелі і коўзаюцца ў пясочніцы ў памперсах. Ну а каб уцячы з той выспы, трэба навучыцца працаваць. Кніжка прыемна аформленая мастачкай Марыяй Злазарук і адрасаваная дзецям ад шасці гадоў.
Мала каму з пісьменнікаў удавалася стварыць сусвет, які паўплываў на ўсю культуру... Толкіну, які ў фанатаў мае нік Прафесар, гэта ўдалося. Хто не ведае рэалій Міжзем'я, якія распаўсюдзіліся ў безлічы наследаванняў і інтэрпрэтацый. Хобіты, эльфы, гномы, оркі; Фрода, Арагорн, Саўран, пярсцёнак усеўладдзя... Свет Толкіна мае і сваю міфалогію, распрацаваную вельмі дакладна і праўдападобна. Памятаеце хобіта Більба Бэгінса, які забраў пярсцёнак усеўладдзя ад няўчаснага Горлума? Дык вось, нібыта ён напісаў тры тамы «Перакладаў з эльфійскай», у якіх распавядае пра падзеі ад стварэння свету, і ягоны рукапіс выдадзены пад назвай «Сільмарыліян».
Толкіен ствараў міфалогію выдуманага ім свету на працягу жыцця. Перапрацоўваў, мяняў. Першы варыянт «Сільмарыліяна» выдаўцом, дарэчы, быў адпрэчаны... Раманы пра хобітаў ішлі куды лягчэй. Таму пры жыцці аўтара гэтая міфатворчасць так і не была апублікаваная. Падрыхтаваў «Сільмарыліян» да друку пасля смерці Толкіна ягоны сын Крыстафер, і крытыкі дасюль спрачаюцца, наколькі ён дакладна выканаў задуму бацькі.
Зразумела, твор не для ўсіх, чытаецца намнога цяжэй за раманы, бо стылізаваны пад старыя эпасы, асабліва шмат ад «Калевалы» і кельцкіх казанняў. Зрэшты, самі талкіністы жартуюць, што «Сільмарыліян» цяжка чытаць толькі першыя адзінаццаць разоў, а потым нармальна. Перад намі сусвет Эа з землямі Валінор, Белерыянда, Нуменор і Міжзем'е. Усёмагутныя валар нагадваюць алімпійскіх багоў, востраў Нуменор — Атлантыду... Узнікненне сусвету з музыкі ўзята з прац Блажэннага Аўгусціна, які разважаў пра гармонію сфер. Выкарыстаны і моманты біяграфіі аўтара... Напрыклад, гісторыя кахання эльфійкі Луціэн і чалавека Берэна — гэта гісторыя самога Толкіна і ягонай жонкі Эдзіт. Берэн, кароль-выгнаннік, выпадкова ўбачыў у лесе, як танцуе Луціэн, і закахаўся... Толкін распавядаў, што на гэты эпізод яго натхніла тое, як у 1918 годзе ён атрымаў звальненне ад службы ў гарнізоне і правёў яго з Эдзіт. Тады яны гулялі ў лесе, і Эдзіт танцавала на палянцы, парослай кветкамі балігалову. Шмат выпрабаванняў давялося прайсці Луціэн і Берэну, пакуль яны не злучыліся — для чаго Луціэн згадзілася стаць простай смертнай. Дарэчы, на магіле Эдзіт Толкін загадаў напісаць, што яна была ягонай Луціэн.
Вы даведаецеся, што такое чароўныя крышталі Сільмарылы, якія плямёны эльфаў існуюць і адкуль узяліся оркі. Сустрэнецеся і са знаёмымі з кніг пра хобітаў — чараўнік Гэндальф, напрыклад, паходзіць з магутнага племя паўбагоў мая і зваўся калісь Аларын.
Ах, якія назвы! А якія імёны! Дарэчы, калі вы паглядзіце які-небудзь сайт «фанфікаў», то ўбачыце сярод моў, на якіх твораць фанаты, сіндарын — мову эльфаў. Толкін, выдатны лінгвіст, змог так сканструяваць штучную мову, падобную на валійскую, што аматары яе ўжываюць і сёння.
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ
Выданні для агляду прадставіла крама «Акадэмічная кніга», Мінск, пр. Незалежнасці, 72.
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».