Вы тут

Умейце прымаць дапамогу


Ужо ідзе другі месяц, як мой трохгадовы сынок мне дапамагае. Практычна заўсёды і ва ўсім. Рэжым «дапамога» ўключыўся абсалютна нечакана. Аднойчы, калі я наводзіла ў хаце парадак, Арцём выхапіў з маіх рук шчотку пыласоса і сказаў, што далей прыбіраць будзе ён, а ты мама, маўляў, займіся нечым іншым.


Фота: pixabay.com

Такога павароту падзей у развіцці сына я чакала, але, прызнаюся, не так рана. Моўчкі глядзела, як ён пыласосіць і, шчыра кажучы, не вельмі радавалася такой «дапамозе». Смецце, якое было на падлозе, так і працягвала там ляжаць, а шчотка зацягвала ў сябе не тое, што трэба. Цярпенне скончылася, калі ад перагрэву прыбор выключыўся, і, адпаведна, мой план хутка прыбраць у кватэры праваліўся.

Калі праз некалькі дзён Арцём, падсунуўшы да шафкі табурэт і ўскараскаўшыся на яго, сказаў, што будзе дапамагаць мне пячы бліны, цеста на якія я ўжо пачала замешваць, я ўспрыняла гэта больш спакойна. Няхай, думаю, вучыцца, пакуль ёсць жаданне. Ну і што, калі нешта не атрымаецца! Арцемій жа імкнуўся апраўдаць мой давер: старанна насыпаў у шклянкі адпаведныя порцыі цукру і мукі, убіваў у міску яйкі, наліваў малако, якое, разагнаўшыся, ледзь не адправіў на падлогу. Потым з вялікай радасцю ўсё перамешваў, набіраў атрыманую вадкасць у апалонік і з выкананнем правілаў бяспекі асцярожна пераліваў яе на патэльню. Цудоўныя бліны, шчыра сказаць, тады атрымаліся, хоць адзін з аўтараў гэтага кулінарнага шэдэўра — малодшы — іх чамусьці не еў...

Адным словам, на кухні Арцемій мне дапамагае дастаткова часта. Акрамя бліноў, мы з ім ужо і пельмені ляпілі, і піражкі пяклі, рэзалі салату (у яго абавязкі ўваходзіла пачысціць ад шкарлупіны яйкі і дастаць з абгортак крабавыя палачкі), нават рабілі торт. А яшчэ малы вельмі любіць мыць посуд. Толькі мыць — гэта мякка сказана. Ён падсоўвае да ракавіны крэсла, становіцца на яго, уключае ваду і напаўняе ёй увесь посуд. Потым туды выліваецца вялікая колькасць мыйнага сродку, вадкага мыла — чым больш атрымліваецца мыльных пузыроў, тым весялей. Калі ж у ракавіне посуду няма, Арцём усё роўна мые посуд: ён адпраўляе ў ракавіну ўсё, што стаіць побач: чыстыя кубкі, талеркі, лыжкі. І калі своечасова не згледзіш, дарэмна будуць ліцца і вада, і мыйныя сродкі. Хоць яны і пры ўмове бруднага посуду дарэмна льюцца: пасля выключэння рэжыму «дапамагаць» перамываць посуд даводзіцца мне. А гэта ўжо як мінімум не эканомна. У гэтым плане, як кажуць псіхалогі, больш важкі задзел на будучыню: у выніку дзіця навучыцца мыць посуд і будзе спраўляецца з гэтым хатнім абавязкам, калі вы яго аб гэтым папросіце.

Яшчэ, па словах спецыялістаў, якія працуюць з дзецьмі, жаданне дапамагаць уласцівае людзям ад нараджэння. Таму задача бацькоў — такую важную якасць у дзяцей развіць. Часта дарослыя нават не заўважаюць, як перашкаджаюць гэтаму. Сама прыкмячаю, як нярэдка хочацца сказаць Цёміку, які ўжо паставіў крэсла каля ўмывальніка і збіраецца «мыць посуд», каб пайшоў гуляць, глядзець мульцікі або маляваць — галоўнае, каб не перашкаджаў. Яно зразумела, хутчэй і прасцей зрабіць усё самой, чым потым выпраўляць памылкі або пераробліваць усё наноў. Аднак такой тактыкай выхаваць будучага памочніка не атрымаецца. Тым больш ні ў якім разе нельга сварыцца на дзіця за няўдалыя спробы дапамагчы. Каб не засмуціць маму, наступны раз дзеці не захочуць увогуле брацца за тую ці іншую работу.

Вы б бачылі, з якім энтузіязмам Цёма бярэцца дапамагаць бацьку! Гэта вам не посуд памыць і нават не прапыласосіць. І муж у гэтым плане больш цярплівы, чым я. Ён дасць сыну ў рукі і адвёртку, і пласкагубцы, і шурупавёрт — прычым не проста патрымаць, а выкарыстаць па прызначэнні (вядома, усё робіцца пад кантролем). І, трэба сказаць, у малога атрымліваецца: мне дакладна не будзе сорамна за сына перад яго будучай жонкай.

Я нават падумаць не магла, што Арцём будзе ўдзельнічаць у разборы навагодняй ёлкі. Упрыгожваць — так (гэта ж нашмат цікавейшая справа!). З усёй адказнасцю ён здымаў з калючых ялінак цацкі і ні разу не паскардзіўся, што ўкалоў нейкі пальчык. Пакуль я выносіла на сметнік ёлку, малы збольшага змёў іголкі, мне засталося толькі ўключыць пыласос.

Вядома, я не хвалюся сынам (хоць ён гэтага, безумоўна, заслугоўвае). Сваім досведам дзялюся з тымі бацькамі, якія не дапускаюць малых да хатняй работы. Паверце, лепш вы цяпер патраціце на тую ці іншую справу больш часу (хаця не факт), чым потым будзеце марнаваць яго на ўгаворы свайго дзіцяці-падлетка дапамагчы вам па гаспадарцы. А гэта часта бывае ой як непаспяхова.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.