Вы тут

Хрысціна Жук: Аптымізм павінен стаць галоўнай каштоўнасцю!


Пазітыўна, ярка і вельмі карысна — такімі словамі можна апісаць выстаўку «Super Twіns», якая адкрылася ў мастацкай галерэі «АртХаос». Аўтары карцін — Ксюша і Даша Рыбчык, двайняткі з дзіцячым цэрэбральным паралічом, і іх мама Хрысціна Жук. Кожную карціну яны ствараюць разам, і таму работы вылучаюцца асаблівай цеплынёй. Як, нягледзячы на цяжкі дыягназ і жыццёвыя складанасці, несці гэтаму свету пазітыў і любоў, «Сямейнай газеце» расказала Хрысціна Жук.


«Дзяўчынкі заўсёды любілі маляваць, і мы заўсёды рабілі гэта разам. Мы садзімся на падлогу, Ксюша ці Даша абапіраюцца на мяне, паколькі самі сядзець не могуць. Я ўкладваю ў іх ручкі пэндзлік ці аловак, часцей за ўсё алейную пастэль, зверху сваёй рукой прытрымліваю, і мы разам так малюем. Пачалося ўсё са звычайных кружкоў — мы іх аб'ядноўвалі, малявалі кружкі вакол кружкоў. Атрымлівалася вельмі ярка і маляўніча. І я вырашыла зрабіць упрыгожванні з нашых малюнкаў. У нас атрымалася цікавая і незвычайная калекцыя браслетаў, брошак, завушніц. А ўсе нашы малюнкі я стала захоўваць і збіраць. Для мяне гэта было вялікай каштоўнасцю. Я тады праходзіла курс па аўтарскім праве і ў кожным малюнку бачыла аб'ект аўтарскага права. Так і з'явілася наша калекцыя», — расказвае Хрысціна.

У пачатку творчага шляху мамы і дочак, думак пра выстаўку не было. Як кажа Хрысціна, ёй было дастаткова калекцыі ўпрыгожванняў і таго, што дзяўчаткі любяць маляваць. Але вяла мара, якая здзейснілася абсалютна выпадкова. Знаёмая літаральна за руку завяла Хрысціну ў галерэю «АртХаос», дзе і зацікавіліся незвычайнымі карцінамі асаблівых мастачак.

«Фарбы самі льюцца на паперу»

Цікава, што да нараджэння Дашы і Ксюшы іх мама Хрысціна ніяк не была звязана з мастацтвам. Эканаміст па адукацыі адХрыла ў сабе творчыя здольнасці дзякуючы дзецям. Цяпер маляванне для яе — і любімы занятак з дзецьмі і своеасаблівая медытацыя. «Мы тры гады назад пачалі маляваць разам з дзяўчынкамі. І я палюбіла маляваць сама. У мяне ёсць калекцыя маіх карцін невялікага фармату. Мне падабаецца маляваць невялікія карціны, гэта займае мала часу, якога мне ніколі не хапае. Я іх малюю з пэўным сэнсам у нейкім медытатыўным стане. Калі ў мяне зашкальваюць эмоцыі і мне патрэбна сабрацца, я малюю карціну. Фарбы тады нібы самі льюцца на паперу», — дзеліцца Хрысціна.

У такім жа стане «патоку» Хрысціна малюе і з дзяўчынкамі. Не задумваючыся, а проста пераносячы на паперу свой настрой і эмоцыі. Таму глядзець на гэтыя творы Хрысціна раіць не мозгам, а душой: «Нашы карціны можа разглядаць як метафарычныя карты. Кожны на іх бачыць нешта сваё. Калі трэба расслабіцца, выплеснуць эмоцыі, зняць нейкія блокі — малюйце, што адчуваеце. Левай рукой ці правай, не задумваючыся — што адчуваеце, тое і малюйце!».

У таленавітай сям'і выпрацаваны свой фірменны стыль — акруглыя лініі і яркія фарбы, якія адлюстроўваюць пазітыўныя эмоцыі. Нягледзячы на цяжкі дыягназ, Хрысціна, Даша і Ксюша нясуць гэтаму свету прыгажосць і яркі настрой, паказваюць людзям, што ўсё магчыма. Як адзначае Хрысціна, цёмныя ці бледныя фарбы ва ўпакоўках алейнай пастэлі яны нават не разглядацюь. А вось жоўты, чырвоны, ружовы, блакітны заканчваюцца вельмі хутка.

Сваім прыкладам Хрысціна, Даша і Ксюша пацвярджаюць вялікую сілу мастацтва, якое сапраўды лечыць — калі не ад фізічных хвароб, то ад душэўнай слабасці. Нездарма «арт-тэрапія» — папулярны сёння напрамак у псіхалогіі. «Гэтыя карціны — як сонечны праменьчык сярод агрэсіі, негатыўнай інфармацыі, напружання. І гэтыя дзеці, якія не ў стане ні гаварыць, ні рухацца, ні заявіць пра сябе, сваімі сонечнымі карцінамі адкрываюць новы свет. Гэтыя дзеці будуць адХрываць святло ўнутры сябе і ўнутры кожнага з нас», — падкрэсліла арт-тэрапеўт, псіхолаг Алена Казленя-Камінская падчас адХрыцця выстаўкі.

Галоўным вынікам арт-тэрапіі для сваіх дзяцей Хрысціна Жук называе станоўчыя эмоцыі, якія ім прыносіць іх любімы занятак — маляванне. «Даша і Ксюша не могуць будаваць вежы ці збіраць канструктар, як звычайныя дзеці. А малюнак дае ім магчымасць нешта зрабіць сваімі рукамі і ўбачыць вынік. Таму ім гэта вельмі падабаецца», — адзначае яна. Хрысціна вельмі стараецца, каб у Дашы і Ксюшы было як мага больш заняткаў, якія прыносяць пазітыўныя эмоцыі. Дзяўчынкі любяць катацца на арэлях — дома з'явіўся спецыяльны гамак. Даша і Ксюша — аматары вады, таму да пандэміі абавязкова наведвалі басейн, цяпер басейн ім замяняе ванна. Дзяўчынкі таксама спрабуюць іграць на хангах — музычных інструментах, падобных на касмічныя талеркі. Ім вельмі падабаецца такая музычная тэрапія.

Ні хвіліны спакою

Дашы і Ксюшы па дзевяць гадоў. Сёлета дзяўчынкі пайшлі ў школу на базе Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Там у Дашы ўжо з'явілася першая сяброўка Арына. Навучаннем дзяцей займаецца і сама Хрысціна, яна вучыць дзяўчынак чытаць з дапамогай спецыяльных картак. Самае галоўнае для Дашы і Ксюшы цяпер — рэабілітацыйныя заняткі, фізкультура. Фізічнаму развіццю ўдзяляецца шмат часу і сіл. Таму дзень Хрысціны, Дашы і Ксюшы распісаны па хвіланах. Пад'ём у 7 гадзін раніцы, сняданак, зборы ў школу. Можна ўявіць, колькі часу і сіл патрабуецца, каб апрануць двух дзевяцігадовых малых, якія нічым не могуць дапамагчы. Пакуль дзяўчынкі на занятках, у Хрысціны ёсць тры гадзіны на свае справы. Пасля школы — заняткі з дэфектолагам ці заняткі фізкультурай. Свабоднага часу амаль не застаецца.

«Заняткі для дзяцей залежаць ад фінансаў бацькоў. Чым больш фінансаў — тым больш магчымасцяў. Я б хацела арганізаваць дзяўчынкам дадатковыя заняткі фізкультурай, дадатковыя заняткі з дэфектолагам. Вельмі хацела б наняць чалавека, які проста будзе гуляць з імі ў лялькі. У мяне на гэта фізічна няма часу, а самі без дапамогі яны не могуць. Таму ў раскладзе Дашы і Ксюшы няма звычайных дзіцячых гульняў», — адзначае Хрысціна.

Нягледзячы на тое, што Даша і Ксюша — двайняты і паміж імі існуе вельмі моцная сувязь, характары ў іх абсалютна розныя. Даша — свавольная, у ёй шмат энергіі. Калі ёй неабходна нейкая цацка, яна будзе яе патрабаваць усімі сіламі. Падчас малявання яна камандуе, што і як рабіць. Хрысціна называе яе Агеньчыкам. А Ксюша — супрацьлегласць сястры. Яе мама называе «паненкай ХVІІІ стагоддзя». Яна з нараджэння любіць паўздыхаць, часам гэта атрымліваецца ў тэму, «памахаць» вейкамі. «Мне варта павучыцца ў сваіх дзяцей. У адной — мяккай жаночай энергіі, у другой — дзейнасці і ўменню адстойваць сваё», — жартуе Хрысціна.

Трэба рухацца

Здароўе, настрой і развіццё дзяцей цалкам залежаць ад душэўных сіл іх бацькоў. На жаль, многія мамы, сутыкнуўшыся з цяжкім дзіцячым дыягназам, замыкаюцца ў сваёй бядзе. Хрысціна Жук і яе дзеці — адваротны і вельмі жыццесцвярджальны прыклад. «Усё залежыць ад характару мамы і ад таго, наколькі яна сыдзе ў свой боль. Я ведаю мам асаблівых дзетак, якія вядуць актыўны лад жыцця. Ёсць жанчыны, якія сыходзяць у сябе. Ім адназначна патрэбна псіхалагічная падтрымка. Я пэўны час працавала з псіхолагам, мне вельмі дапамагалі сябры. Я не заўсёды была такая моцная і пазітыўная, але побач знаходзіліся людзі, якія дапамаглі мне такой стаць. І патрэбна шукаць такіх людзей, не адмаўляцца ад іх дапамогі. Мама, у якой няма сіл і рэсурсу, не дапаможа сваім дзецям. Я стараюся пастаянна трымаць сябе ў бадзёрым настроі. Канешне, часам стамляюся, але што рабіць, трэба рухацца», — упэўнена Хрысціна.

Мама Дашы і Ксюшы не хавае, што ёй было цяжка. Асабліва ў першы год, які, па яе словах, прайшоў у стане «зомбі». Сон у чатыры гадзіны без перапынку быў марай. Цяпер праблемай стала фізічная стомленасць. Але Хрысціна кажа, што стараецца не дапускаць вялікай стомленасці, бо фізічны стан вельмі ўплывае і на эмацыянальны. Таму галоўная парада для ўсіх мам — клапаціцца аб сабе і шукаць тое, што зараджае пазітывам і сіламі.

«Нашы карціны зараджаюць і дзяўчынак, і мяне. Я вяду блог у інстаграме, і зносіны, абмен эмоцыямі з падпісчыкамі таксама даюць мне сілы. Я люблю даглядаць сябе, люблю масажы — гэта надае мне сілы. Часам у выхадныя, калі дзеці ўжо спяць, атрымліваецца выйсці патанцаваць з сяброўкамі. Тады я кардынальна пераключаюся. Мяне вельмі напаўняюць зносіны з цікавымі людзьмі, з сябрамі», — расказвае Хрысціна.

Універсальнага рэцэпту, як перажыць цяжкі перыяд, хваробу дзяцей, канешне, не існуе. Кожны праходзіць гэта сам. Хрысціна Жук дзеліцца сваім вопытам: «Мне здаецца, трэба даць сабе нейкі тэрмін, каб перажыць гэты боль і негатыўныя эмоцыі. Не варта ад гэтага бегчы. Неабходна гэта перажыць, паплакаць, пасумаваць. А калі ўстаноўлены тэрмін скончыцца — браць сябе ў рукі. Абавязкова знайсці свайго псіхолага, які дапаможа зрабіць першыя крокі. Будуць адкаты назад, у негатыў, у сум. Але трэба сябе выцягваць, шукаць пазітыўныя эмоцыі. Аптымізм павінен стаць галоўнай каштоўнасцю, якую трэба ў сабе развіваць. І неабходна пастаянна сачыць за эмацыянальным станам, знайсці заняткі, якія будуць кардынальна пераключаць ад мацярынства, заняткі для сябе. Калі канцэнтравацца толькі на хваробе, на складанасцях, то ніколі не выкараскаешся, а будзеш жыць у вечным стане ахвяры і закопваць сябе глыбей».

У марах, ці, дакладней, у планах Хрысціны, — прадставіць сваю выстаўку за мяжой. Гэта, канешне, вельмі складана. Але калісці і выстаўка ў «АртХаос» для яе была немагчымай... А ўвогуле, ці ёсць нешта немагчымае для Хрысціны і яе супердвайнятак?

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Аліны МАЗАВЕЦ і з асабістага архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Арэндная стаўка на здымнае жыллё працягвае зніжацца

Арэндная стаўка на здымнае жыллё працягвае зніжацца

Свежасць раёна, кватэры з новай планіроўкай — гэтыя фактары сёння маюць ключавое значэнне.

Адукацыя

У фокусе — прафесійная адукацыя

У фокусе — прафесійная адукацыя

Кіраўнікі адукацыйных ведамстваў упэўнены, што супрацоўніцтва ў сферы адукацыі з’яўляецца важным фактарам для ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця дзвюх краін.

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?