Вы тут

Вядомыя аўтары выдавецкага дома «Звязда» распавялі пра кніжныя навінкі


Кнігавыдаўцы няспынна падбіраюць новыя ключы да сэрцаў сваёй аўдыторыі. Але ўжо даўно нікога не здзівіш толькі добрым сюжэтам, яркімі ілюстрацыямі і цікавымі героямі. Таму выдавецтвы і пісьменнікі шукаюць і прыдумваюць свае хады і падыходы да чытача, каб сярод мноства прапаноў у кніжнай краме пакупнік абраў менавіта іх выданне. Вядомыя аўтары выдавецкага дома «Звязда» распавялі пра навіны і навінкі, што ў хуткім часе парадуюць дзяцей і іх бацькоў.


— Значнасць дзіцячай літаратуры складана пераацаніць. На кнігах для дзяцей выраслі ўсе дарослыя. Мы бачым, якая прыхільнасць у падрастаючага пакалення да інтэрнета і гаджэтаў. Але ж менавіта кніга, чытанне і робяць асобу сапраўднай, — зазначае пісьменніца першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах. — Захапіць сучаснага юнага чытача нават самай яркай і прыгожай кнігай не заўсёды атрымліваецца. Трэба шукаць іншыя падыходы, спосабы ўздзеяння.

І тут кожны можа прыгадаць, якіх аўтараў і творы мы выбіраем сваім дзецям. Арыентуемся ці на ўласны густ, ці на рэкламу і водгукі знаёмых. Так, многім вядомая пісьменніца Кацярына Хадасевіч-Лісавая на кожнай сустрэчы з чытачамі ладзіць дзецям спатканне з героямі сваіх кніг. Такі падыход сапраўды спрацоўвае, каб абудзіць інтарэс. Маленькія чытачы хутчэй прыслухаюцца да казачных герояў, чым да дарослых.

Вельмі важна, каб у змесце кніг і ў іх героях заставаліся нязменныя акцэнты: што важна верыць у дабро; што ўменне бачыць незвычайнае ў звычайным выхоўвае ў нас людзей з жывым успрыманнем жыцця і здольнасцю мысліць нестандартна; што прыклады персанажаў могуць дапамагчы разабрацца ў саміх сабе і ў навакольным свеце. І галоўнае, каб чытач атрымліваў твор, напісаны якаснай мастацкай мовай.

Сёння ў Саюзе пісьменнікаў актыўна працуюць над тым, каб для дзіцячай аўдыторыі працягвала з'яўляцца літаратура па-беларуску ў фармаце аўдыякніг. Летась на Дні беларускага пісьменства «Белкніга» прэзентавала праект беларускіх аўтараў «Чытанка». Там можна знайсці і паслухаць аўдыякнігі як класікаў беларускай літаратуры, так і сучасных беларускіх аўтараў, што пішуць творы для дзяцей. Такі падыход, безумоўна, дае выбар чытачу. Аднак ці не хаваецца тут і пэўная небяспека, калі замест таго, каб пачытаць кнігу ў звычайным фармаце, мы проста «уключаем» яе свайму дзіцяці для праслухоўвання...

— Што такое дзіцячая кніга? Яна патрабуе ад аўтара быць больш уважлівым, старанным, таму што дзіця — той чытач, якога ніяк не падманеш і нічым не падкупіш. Павінна быць толькі цікава, — кажа пісьменніца Іна Фралова. — Тут згадвалі пра інтэрнэт, мабільныя тэлефоны і гэта зразумела, бо трэба ісці ў нагу з часам. Але , калі будзе толькі электронная кніга, то мы страцім не толькі чытача, але і нешта самае галоўнае ў дзіцяці і ў чалавеку ўвогуле.

Прыемнай навіной для многіх стане і тое, што ў выніку супрацоўніцтва Саюза пісьменнікаў Беларусі і Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» у найбліжэйшы час распачнецца работа над стварэннем мультфільмаў па творах беларускіх дзіцячых аўтараў. Пяць літаратурных сюжэтаў атрымаюць новае ўвасабленне.

А ўвогуле, шукайце кнігі любімых аўтараў у кніжных крамах ці на сайтах выдавецтваў. І абавязкова чытайце ўсёй сям'ёй. Тады ў памяці застануцца не толькі героі і сюжэты, але і эмоцыі ад сумеснага адпачынку.

Алена ДРАПКО

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Прыдумаць свой «ход»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».