Вы тут

У 10-ы клас гімназіі — па конкурсе


Новы Кодэкс аб адукацыі ўваходзіць у сілу з 1 верасня 2022 года. Сістэма адукацыі не стаіць на месцы і ўвесь час удасканальваецца. У новую рэдакцыю Кодэкса ўключаны змены, якія адбыліся за апошнія дзесяць гадоў. Падчас сустрэчы з журналістамі спецыялісты Міністэрства адукацыі расказалі пра асноўныя новаўвядзенні, якія з'явіліся ў дакуменце, што рэгулюе дзейнасць сістэмы адукацыі ў нашай краіне.


Дашкольная адукацыя... дома

У прыватнасці, у новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі былі аптымізаваны віды ўстаноў дашкольнай адукацыі. Калі раней было шэсць відаў, то цяпер засталося толькі тры: дзіцячы сад, санаторны дзіцячы сад і дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці. Па словах галоўнага спецыяліста ўпраўлення дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Алены МУЛІЦЫ, новаўвядзенне не паўплывае на колькасць устаноў дашкольнай адукацыі: гаворка ідзе толькі аб уніфікацыі іх найменняў і ўпарадкаванні назваў.

— Другі акцэнт у сферы дашкольнай адукацыі датычыцца магчымасці рэалізацыі адукацыйнай праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Гэта норма ўводзіцца ў Кодэкс упершыню. Яна дасць магчымасць праводзіць у дашкольных установах гуртковыя і іншыя віды работ для развіцця здольнасцяў выхаванцаў, — паведаміла прадстаўнік Міністэрства адукацыі. — Трэцяе адрозненне абноўленага Кодэкса — магчымасць атрымання дашкольнай адукацыі дома. Справа ў тым, што дашкольная адукацыя не з'яўляецца ў нас абавязковым узроўнем адукацыі. І ў папярэдняй рэдакцыі Кодэкса не ўлічвалася магчымасць арганізацыі і атрымання дашкольнай адукацыі дома дзецьмі, якія па медыцынскіх паказаннях не маглі наведваць дашкольныя ўстановы. Для ліквідацыі гэтай перашкоды і была ўведзена новая норма. Да 1 верасня будзе распрацавана нарматыўна-прававое забеспячэнне парадку атрымання дашкольнай адукацыі дома.

Акрамя таго, мясцовым выканаўчым і распарадчым органам дадзены паўнамоцтвы па змяненні нормаў напаўняльнасці груп пры наяўнасці аб'ектыўных абставін і станоўчага заключэння органаў і ўстаноў, якія ажыццяўляюць дзяржаўны санітарны нагляд. Гэта дазволіць зняць напружанне пры ўладкаванні дзяцей у дзіцячы сад у мікрараёнах-новабудоўлях.

Каго возьмуць у першы клас?

Новы Кодэкс аб адукацыі прадугледжвае конкурсны адбор у 10-я класы гімназій. Аб гэтым падчас прэс-канферэнцыі паведаміла начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына КАРЖОВА:

— У цяперашняй рэдакцыі Кодэкса прапісана, што навучэнцы, якія завяршылі навучанне ў 9-м класе гімназіі, маюць права прадоўжыць навучанне ў 10-м класе гэтай жа гімназіі. Такая норма была прапісана, паколькі раней ажыццяўляўся конкурсны прыём у 5-ты клас гімназіі. Цяпер, згодна з У казам Прэзідэнта, навучэнцы, якія завяршылі навучанне ў 4-м класе гімназіі, маюць права прадоўжыць яго ў 5-м класе гімназіі без уступных іспытаў. А ўжо ў дзясяты клас з 2023 года будзе весціся конкурсны прыём. Ён будзе ажыццяўляцца па сярэднім бале пасведчання аб агульнай базавай адукацыі і адзнак прадметаў, якія навучэнцы будуць вывучаць на павышаным узроўні. Парадак прыёму ў 10-я класы гімназій, як і парадак прыёму ў профільныя класы сярэдніх школ, будзе вызначацца Правіламі прыёму, якія будуць зацвярджацца Міністэрствам адукацыі.

Асноўнае новаўвядзенне Кодэкса — абавязковая агульная сярэдняя адукацыя. У мінулай рэдакцыі абавязковай была базавая адукацыя.

— Аднак гэта не значыць, што пасля заканчэння 9-га класа падлеткі будуць абавязаныя перайсці ў 10-ты клас. Як і раней, ахвотныя змогуць прадоўжыць навучанне ў прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных навучальных установах, — запэўніла Ірына Каржова. — Аналіз размеркавання выпускнікоў паказаў, што сёння 60-62 працэнты дзевяцікласнікаў працягваюць навучанне ў школе, прыкладна 22 працэнты — ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі і каля 17 працэнтаў — у прафтэхустановах. Агульную сярэднюю адукацыю можна атрымаць як у школе, так і паралельна з атрыманнем прафесіі.

Дарэчы, на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі таксама зменшылася колькасць відаў устаноў адукацыі. Не стане такіх найменняў як «навучальна-педагагічны комплекс «дзіцячы сад — пачатковая базавая сярэдняя школа». Гэта не азначае, што вучэбна-педагагічныя комплексы, якія асабліва запатрабаваныя ў сельскай мясцовасці, з 1 верасня 2022 года спыняць сваё існаванне. Такія ўстановы будуць называцца «пачатковая школа», «базавая школа» або «сярэдняя школа», і ім дадуць права рэалізоўваць праграму дашкольнай адукацыі. Таксама выключаны вучэбна-вытворчыя камбінаты, вячэрнія школы. Што датычыцца апошніх, то ў сярэдніх школах могуць адкрывацца вячэрнія класы, працэс навучання ў якіх будзе арганізаваны па тыпавым навучальным плане.

Ірына Каржова расказала, што шмат пытанняў узнікала адносна таго, у якім узросце трэба прымаць дзяцей у першы клас. Цяпер першакласнікамі могуць стаць хлопчыкі і дзяўчынкі, якія дасягнулі шасцігадовага ўзросту да 1 верасня. Па заяве аднаго з законных прадстаўнікоў вучня пачаць навучанне ў школе можа дзіця, якому 6 гадоў спаўняецца з 1 да 30 верасня. Варта адзначыць, што згодна з новай рэдакцыяй Кодэкса кіраўнік установы адукацыі можа прыняць дзіця ў першы клас на падставе заявы аднаго з яго законных прадстаўнікоў і рашэння педагагічнага савета, калі будучаму вучню споўніцца 6 гадоў да канца каляндарнага года.

Паводле слоў спецыяліста, часам здараюцца выпадкі, калі беларускія навучэнцы аказваюцца ў СІЗА. «Наладзіць адукацыйны працэс у следчых ізалятарах папярэдняя рэдакцыя Кодэкса нам не дазваляла. Цяпер такая магчымасць з'явіцца. Парадак будзе ўстаноўлены асобным заканадаўчым актам», — адзначыла Ірына Каржова.

Прафесія — за паўгода

Шэраг змяненняў адбудзецца і на ўзроўні прафесійнай адукацыі. У прыватнасці, некаторым прафесіям можна будзе навучыцца ў прафесійна-тэхнічных навучальных установах за паўгода.

— Мэта скарачэння тэрміну навучання ў прафесійна-тэхнічных установах — аптымізацыя працэсу навучання, — расказала начальнік упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Аляксандра ПЯТРОВА. — Калі раней падрыхтоўка спецыялістаў, якія паступаюць для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі, вялася ад аднаго года да двух гадоў, то цяпер яе прапануюць зменшыць да паўгода ці года. Вызначаны прафесіі, якія на думку спецыялістаў, насамрэч можна асвоіць менш чым за год. Вядома, гаворка ідзе аб прафесіях на аснове атрыманай раней агульнай сярэдняй адукацыі. Гэта дазволіць выбудоўваць навучальны працэс у залежнасці ад патрабаванняў, якія прад'яўляюцца да канкрэтнай прафесіі, і ў кароткія тэрміны падрыхтаваць дастойнага спецыяліста ў той ці іншай сферы.

На ўзроўні вышэйшай адукацыі застаюцца тры віды ВНУ: інстытут, акадэмія (кансерваторыя) і ўніверсітэт.

Адначасова зведала змены і структура вышэйшай адукацыі. У ВНУ можна будзе атрымаць агульную вышэйшую адукацыю (4-4,5 года) — гэта бакалаўрыят з прысваеннем кваліфікацыі і ступені «бакалаўр», паглыбленую вышэйшую адукацыю (1-2 гады) — гэта магістратура, накіраваная на падрыхтоўку спецыялістаў для навукова-інавацыйнай сферы і сістэмы адукацыі з прысваеннем ступені «магістр». А па найбольш складаных спецыяльнасцях, накіраваных, напрыклад, на падрыхтоўку спецыялістаў для медыцыны, ядзернай энергетыкі і іншых, будзе прадугледжана бесперапынная адукацыйная праграма вышэйшай адукацыі з тэрмінам навучання 5-6 гадоў.

Прадугледжваецца развіццё дыстанцыйнай формы як самастойнай формы атрымання адукацыі. Раней яна была ўсяго толькі разнавіднасцю завочнай.

Асаблівая ўвага ў Кодэксе аддаецца сацыяльнай абароне навучэнцаў і выпускнікоў. Дзеючыя нормы дапоўненыя. Так, выпускнікам, якія навучаліся на платнай аснове і звярнуліся па накіраванне на работу, будзе прадастаўляцца статус маладога спецыяліста.

Уводзіцца працаўладкаванне ў лік браніравання для дзяцей-сірот і асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія атрымалі прафесійную адукацыю. Такім выпускнікам разам з дакументам аб адукацыі будзе выдавацца пасведчанне аб накіраванні на работу на забраніраванае рабочае месца.

Гэта толькі асноўныя навэлы Кодэкса аб адукацыі. Увогуле ў дакумент унесена больш за 200 змяненняў і правак, уключана 17 новых артыкулаў (усяго іх 297).

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?