Вы тут

У нядзелю ўначы месцамі будзе нават з плюсам


Вось табе і люты, хутчэй хлюпотна-хваравіты, чым марозны. А другі тыдзень апошняга месяца зімы наогул абяцае быць амаль вясновым. У гэты час прагназуецца павышэнне тэмпературы паветра, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


Аднак, да выхадных уначы будзе дастаткова холадна — начныя мінімумы па краіне апынуцца ў межах 9–15 градусаў марозу, пры праясненнях магчыма паніжэнне да мінус 16–19 градусаў. У далейшым у краіну працягне паступаць больш цёплая паветраная маса акіянічнага паходжання, і тэмпературны фон будзе павышацца. Пачне актыўна ўшчыльняцца і раставаць снежнае покрыва, што будзе спрыяць узнікненню туманаў. Цёплае надвор’е захаваецца як мінімум да сярэдзіны наступнага тыдня. А цяпер падрабязней…

У пятніцу ўначы месцамі па краіне пройдзе невялікі снег, удзень у заходніх раёнах часам чакаюцца ападкі ў асноўным у выглядзе снегу і мокрага снегу. Месцамі магчымы слабыя туман і галалёд, шэрань. На асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра ў начныя гадзіны складзе ад мінус 8 да мінус 15 градусаў, пры праясненнях 15–19 марозу. Удзень чакаецца 4–10 марозу, у паўднёва-заходніх раёнах уначы будзе мінус 3–8 градусаў, удзень — ад 3 марозу да 2 цяпла.

У суботу на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць ападкі ў выглядзе снегу, мокрага снегу, удзень з дажджом. Месцамі чакаецца слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы будзе мінус 5–12 градусаў, пры праясненнях да 17 марозу, у паўднёва-заходніх раёнах тэмпература паветра ўначы будзе вагацца ад мінус 4 градусаў да 1 цяпла. Удзень тэмпература паветра будзе вагацца ад мінус 4 да плюс 3 градусаў.

Ужо пачынаючы з нядзелі да нас прыйдзе адліга на ўсёй тэрыторыі краіны. У гэты дзень сіноптыкі прагназуюць істотнае павышэнне тэмпературы. На большай частцы тэрыторыі краіны магчымы ападкі ў выглядзе снегу, мокрага снегу і дажджу. У асобных раёнах магчымы слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы будзе ад мінус 5 градусаў да 1 цяпла, удзень — мінус 2 — плюс 4 градусы.

Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у панядзелак у многіх раёнах краіны пройдуць ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. На асобных участках дарог будзе галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе мінус 2 — плюс 3 градусы. Удзень тэмпература паветра будзе вагацца ад нуля да плюс 4 градусаў.

А ў аўторак сіноптыкі абяцаюць крыху халадней. У гэтыя суткі ўначы месцамі, а ўдзень на большай частцы тэрыторыі краіны таксама пройдуць ападкі ў выглядзе снегу, а раніцай і днём ён будзе пераходзіць у мокры снег і дождж. Раніцай і ўдзень месцамі магчымы туман. На асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра ў начныя гадзіны будзе ад мінус 5 градусаў да 1 цяпла, пры праясненнях да 8 марозу. Удзень чакаецца нуль — плюс 4 градусы, па паўднёвым захадзе да 6 цяпла.

Сяргей КУРКАЧ

Фота Маргарыты ПАЛЮХОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».