Вы тут

«Добрыя людзі». Сапраўдныя героі жывуць побач з намі


Кожную суботу ў вячэрнім эфіры «Нашых навін» на тэлеканале АНТ выходзіць рубрыка «Добрыя людзі» — самая кранальная на нашым тэлебачанні. У ёй карэспандэнт Ганна Ваўкавец расказвае пра звычайных беларусаў. Звычайных толькі на першы погляд. Насамрэч лад жыцця герояў рубрыкі можна смела назваць неверагодным. У ім ёсць месца асабістай місіі: быць карысным для тых, хто ў гэтым мае асаблівую патрэбу. 


Чаму важна цаніць кожнае імгненне? Што застаецца па-за кадрам? І як стаць героем рубрыкі «Добрыя людзі»? Ганна Ваўкавец: шчыра і самааддана беларусам пра беларусаў.

— Ганна, як з’явілася ідэя стварыць рубрыку «Добрыя людзі»? 

— На працягу 10 гадоў я працавала ў службе навін і расказвала пра самыя розныя беларускія і міжнародныя падзеі. Але ж заўсёды адчувала вялікае жаданне расказаць пра людзей, якія гэтыя падзеі ствараюць. А з цягам часу стала усё больш звяртаць увагу на тых людзей, якія наогул застаюцца па-за кадрам, а можа быць і ніколі не давалі інтэрв’ю. У жаданні расказваць пра гісторыі звычайных, па-свойму неверагодных людзей, мы супалі з ідэйным натхняльнікам праекта Ірынай Рамбальскай. Яна многа гадоў займаецца валанцёрствам у розных сферах і асабіста знаёма з сапраўднымі героямі па жыцці. Так з’явіліся «Добрыя людзі». 

— Навошта беларусам расказваць пра беларусаў?

— У нейкі момант навіны пра палітыку і пандэмію каронавіруса запоўнілі ўсе эфіры. Гэта, безумоўна, важна! Але ж у нашай краіне ёсць яшчэ столькі незвычайнага і вартага ўвагі. Памятаеце, як слова «неверагодныя» трапіла ў палітычную павестку? Але ж простыя, ніякім чынам не звязаныя з палітыкай, абсалютна неверагодныя ў сваёй справе людзі жывуць побач з намі — на суседняй вуліцы ці ў маленькім горадзе на ўскраіне нашай краіны. Я лічу, што гэта вельмі важна заўважаць, шанаваць і, гледзячы на іх, станавіцца лепш. 

— Хто яны — героі вашай рубрыкі і якім чынам трапляюць у поле зроку?

— У асяроддзя сваіх герояў я заўсёды пытаю: «Як вы лічыце, па якой прычыне, напрыклад, пра Валянціна Васільевіча можна здымаць кіно?» І мне адказваюць: «Ведаеце, пра яго можны здымаць серыял!» Мае героі — гэта людзі розных прафесій і ўзростаў, але ж яны ідэальна падыходзяць пад простую і адначасова ёмістую назву «Добрыя людзі». 

— Узгадайце здымкі, якія ўразілі вас больш за ўсё і чаму?

— На праваслаўнае Раство прадзюсар праекта Ганна Мароз дапамагала мне знайсці святара з незвычайнай гісторыяй. Такім чынам, мы даведаліся, што за дзіцячым хоспісам і анкалагічным цэнтрам замацаваны адзін і той жа чалавек. Некалькі гадоў таму ён задаўся пытаннем, хто знаходзіцца побач з дзецьмі і іх бацькамі, калі ў сям’ю прыходзіць невылечная хвароба? І сам папрасіў блаславення быць такім чалавекам. Ён адказвае на розныя дзіцячыя пытанні, самае частае з якіх: «Што будзе, калі я памру?»... Такое немагчыма пераказаць, гэта трэба бачыць. Раю вам паглядзець гэты сюжэт, бо ён расказвае пра каштоўнасць кожнага імгнення нашага жыцця. 

— Тэмы вашых сюжэтаў у большасці сваёй звязаны з такой эмацыянальна складанай сферай, як здароўе. Наколькі атрымліваецца захоўваць самавалоданне і спакой падчас і пасля здымак? 

— Самавалоданне захаваць атрымліваецца, дзякуючы вопыту. Са спакоем больш складана. Але ж галоўная мэта маіх сюжэтаў выклікаць эмоцыі і рэакцыю гледачоў, жаданне стаць крыху лепей альбо ў чымсьці ўзяць прыклад з маіх герояў. Лічу, што гэтага нельга дасягнуць, калі аўтар застаецца эмацыянальна адхіленым. Таму я ніколі сябе не стрымліваю: калі хочацца плакаць, плачу. Ад гэтага мае тэксты, а потым і сюжэты ніколі не стануць горшымі. Сярод маіх гледачоў мая матуля, і часам яна просіць папярэджваць аб асабліва эмацыянальных матэрыялах, таму што яна вельмі ўражлівая. І я дапамагаю ёй сваімі апавяданнямі, каб крыху пазней мы разам змаглі паглядзець асабліва складаныя сюжэты. 

— Чаму вы асабіста вучыцеся ў сваіх герояў?

— Кожны выпуск я лічу падобным на сеанс псіхолага ці выступленне матывацыйнага спікера. Кожны герой па-свойму робіць свет лепшым. І гэта не проста словы! У вучуся гэтай суперздольнасці. У Брэсце мы здымалі маладых дзяўчат, якія працуюць нянямі замест мамы. Яны падтрымліваюць дзяцей у шпіталях, калі бацькоў няма ці яны па розных прычынах не могуць знаходзіцца побач. Адзін з такіх падапечных, хлопчык з цяжкай формай ДЦП, жыве ў шпіталі ужо некалькі гадоў, і яны знаходзяцца побач, каб чытаць яму казкі і проста трымаць за руку. Такая праца напоўнена дабрынёй і самааддачай! Ці, напрыклад, адна з першых гераінь дзяўчына з эпілепсіяй, якая па прычыне інваліднасці не можа працаваць. Але яна вырашыла рабіць каляскі для жывёл-інвалідаў. Практычна з падручных матэрыялаў складае канструкцыі, якія дапамагаюць жывёлам без лап перасоўвацца і, такім чынам, працягваць паўнацэннае жыццё. 

— Час у тэлеэфіры заўсёды абмежаваны. Што застаецца па-за кадрам здымачнага працэса? 

— Самае цікавае я стараюся паказваць, але па-за межамі кадра застаюцца неацэнныя гадзіны інтэрв’ю. Рубрыка выходзіць па суботах у вячэрнім эфіры «Нашых навін», і на аповед у мяне ёсць 7 хвілін. А каб раскрыць і зразумець героя, магу размаўляць з ім нават на працягу некалькіх гадзін. І лічу вялікай удачай, што адзін раз на тыдзень я маю магчымасць цэлы дзень праводзіць з такімі людзьмі. 

— Як стаць героем рубрыкі «Добрыя людзі»? 

— З-за таго, што нашыя героі звычайна вельмі сціплыя, мы просім дзяліцца такімі гісторыямі нашых гледачоў. Расказаць аб тым, што дзіўны чалавек жыве побач з вамі і падзяліцца кантактам можна па тэлефоне гарачай лініі АНТ +375 (17) 217-04-24 ці звязацца асабіста са мной праз мой акаунт у інстаграм https://www.instagram.com/anna_volkovec

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Фота з асабістага архіва Ганны Ваўкавец

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».