Вы тут

Кодэкс аб адукацыі. Што яшчэ зменіцца для абітурыентаў бягучага і наступнага гадоў?


Пачынаючы з уступнай кампаніі 2023 года, абітурыенты змогуць паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову, прадставіўшы ў прыёмную камісію сертыфікат аб здачы цэнтралізаванага іспыту пасля заканчэння агульнай сярэдняй навучальнай установы. Указам кіраўніка дзяржавы зацверджаны Правілы прыёму асоб для атрымання агульнай вышэйшай і спецыяльнай вышэйшай адукацыі, а таксама Правілы прыёму асоб для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі.


Фота: pexels.com

Правілы прыёму распрацаваны з улікам новай рэдакцыі Кодэкса Беларусі аб адукацыі і забяспечваюць захаванне разумнага балансу інтарэсаў дзяржорганаў, арганізацый — заказчыкаў кадраў, устаноў адукацыі, абітурыентаў і іх бацькоў. Указ уваходзіць у сілу паэтапна.

Пакет дакументаў для прыёмнай камісіі

Так, паводле Кодэкса, з наступнага года выпускнікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі будуць здаваць выніковыя іспыты па адной з дзяржаўных моў і матэматыцы ў форме цэнтралізаванага экзамену. Гэта адначасова выпускны экзамен за курс школы і ўступны іспыт у ВНУ. Яго вынікі адаб'юцца на адзнацы, што пойдзе ў атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі. Як дакладна будзе арганізаваны гэты экзамен, пакуль не паведамляецца.

З 2023 года паступленне ў ВНУ будзе ажыццяўляцца на падставе сертыфікатаў цэнтралізаванага экзамену, вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання (па профільных прадметах), а таксама сярэдняга бала дакумента аб адукацыі. Мяркуецца, што ўсё гэта павысіць адказнасць настаўнікаў за вынікі сваёй работы і зменшыць нагрузку на вучняў 11-х класаў.

— У час сёлетняй уступнай кампаніі, як і ў папярэднія гады, будуць прымацца тры сертыфікаты аб праходжанні цэнтралізаванага тэсціравання. Але ў наступным годзе гэты парадак зменіцца, — растлумачыла намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Аляксандра Пятрова. — Атрымаўшы сертыфікаты цэнтралізаванага экзамену і атэстат, выпускнік выбірае профільныя дысцыпліны для сваёй будучай спецыяльнасці і здае па іх цэнтралізаванае тэсціраванне. Сабраўшы ў суме тры сертыфікаты (цэнтралізаванага экзамену і ЦТ), будучы студэнт падае пакет дакументаў у ВНУ.

Прывяду прыклад, як гэта будзе выглядаць на практыцы. На тэхнічныя спецыяльнасці трэба будзе падаць сертыфікат цэнтралізаванага экзамену па рускай або беларускай мове, а таксама па матэматыцы. Пасля абітурыент здае профільны прадмет у выглядзе цэнтралізаванага тэсціравання. Як правіла, гэта фізіка. Калі размова ідзе пра медыцынскія ВНУ, то там неабходны сертыфікат цэнтралізаванага экзамену па мове (беларускай ці рускай) і два сертыфікаты ЦТ — па хіміі і біялогіі. Пры гэтым пры паступленні на творчыя і спартыўныя спецыяльнасці захаваецца экзамен унутры ВНУ.

Мэтавая падрыхтоўка

Як заўважыла Аляксандра Пятрова, у новых рэдакцыях Кодэкса і Правілаў прыёму істотна пашыраюцца магчымасці мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў як формы дзяржаўнага заказу. Калі раней яна распаўсюджвалася толькі на пэўныя населеныя пункты (чарнобыльскія, сельскія рэгіёны, гарады з насельніцтвам да 20 тысяч), то цяпер такі дагавор можа заключыць арганізацыя—заказчык кадраў, якая знаходзіцца ў любым населеным пункце Беларусі.

У 2023 годзе ў сілу ўвойдуць нормы аб павелічэнні ва ўстановах вышэйшай адукацыі колькасці бюджэтных месцаў на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў па сельскагаспадарчых спецыяльнасцях — да 70 працэнтаў ад кантрольных лічбаў прыёму, па медыцынскіх — да 80 працэнтаў, па іншых спецыяльнасцях — да 60 працэнтаў.

Паступленне ў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь з 2023 года будзе ажыццяўляцца па асаблівым парадку.

Без экзаменаў і па-за конкурсам

Цяпер што датычыцца выдзялення льгот. З 2022 года без уступных экзаменаў будуць залічваць у ВНУ выпускнікоў спартыўна-педагагічных класаў — на спецыяльнасці ў сферы фізічнай культуры і спорту; абітурыентаў, якія паступаюць па дагаворах аб мэтавай падрыхтоўцы на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці па пераліку, што вызначае Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. Без экзаменаў змогуць паступаць і абітурыенты, якія здавалі Адзіны дзяржаўны экзамен у Расіі — у тым выпадку, калі яны паступаюць на платную форму навучання на спецыяльнасці, найбольш запатрабаваныя эканомікай. Іх пералік вызначаецца Міністэрствам адукацыі. Прычым для такіх абітурыентаў устаноўлена квота ў 20 працэнтаў ад лічбаў прыёму. У міністэрстве спадзяюцца, што дадзенае новаўвядзенне зможа павысіць зацікаўленасць абітурыентаў з Расійскай Федэрацыі ў атрыманні вышэйшай адукацыі ў нашай краіне.

Паступіць па-за конкурсам змогуць: выпускнікі ваенна-патрыятычных класаў — ва ўстановы Міністэрства абароны, Дзяржпагранкамітэта і на ваенныя факультэты (пры ацэнках не ніжэй за 6 балаў у атэстаце). У ВНУ Мінабароны змогуць пайсці тыя, хто прайшоў факультатыў «Гатовы Радзіме служыць», у ВНУ Дзяржпагранкамітэта — факультатыў «Юны пагранічнік». Для абедзвюх катэгорый устаноўлена квота ў 30 працэнтаў ад лічбаў прыёму.

Ільготамі будуць карыстацца дзеці супрацоўнікаў органаў унутраных спраў (якія загінулі або сталі інвалідамі пры выкананні абавязку) пры паступленні ў ВНУ МУС; дзеці вайскоўцаў, якія загінулі на службе або з прычыны атрыманых на службе калецтваў і захворванняў, пры паступленні ў ВНУ Міністэрства абароны і на ваенныя факультэты.

Акрамя таго, свой пералік спецыяльнасцяў для льготнага залічэння абітурыентаў складзе і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

А з 2023 года без уступных іспытаў змогуць паступаць у ВНУ наступныя катэгорыі абітурыентаў: пераможцы ўніверсітэцкіх алімпіяд, удзельнікі заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах — пры паступленні на найбольш запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці; асобы, якія атрымалі сярэднюю спецыяльную адукацыю па педагагічных спецыяльнасцях — пры паступленні на адпаведную вышэйшую адукацыю ў завочнай форме; абітурыенты, якія засвоілі праграмы дадатковай адукацыі для адораных дзяцей і моладзі ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку — на пэўныя тэхнічныя і прыродазнаўча-навуковыя спецыяльнасці; абітурыенты, якія засвоілі вучэбную праграму аб'яднання па інтарэсах з павышаным узроўнем вывучэння тэм або дысцыплін па праграме, што рэалізоўваецца Акадэміяй кіравання, — пры паступленні ў гэтую ВНУ.

Уводзяцца таксама льготы для тых, хто паступае па мэтавым прыёме. Акрамя таго, пераважнае права на залічэнне будуць мець: інваліды 1-й і 2-й груп; дзеці-інваліды да 18 гадоў; тыя, хто мае льготы па законе аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на ЧАЭС; абітурыенты, якія не прайшлі па конкурсе на бюджэтныя месцы для атрымання адукацыі па спецыяльнасцях і напрамках сельскай гаспадаркі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі.

А вось паступіць на завочную, вячэрнюю і дыстанцыйную форму адукацыі за кошт сродкаў бюджэту стане больш складана: для гэтага спатрэбіцца стаж работы не менш як 10 месяцаў.

Без ЦТ і з субяседаваннем

Галоўнае змяненне для абітурыентаў, якія будуць паступаць у 2023 годзе ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, — адсутнасць неабходнасці здаваць ЦТ: цяпер конкурсны адбор і пасля 9-га, і пасля 11-га класа, і пасля атрымання прафтэхадукацыі будзе ажыццяўляцца па сярэднім бале дакумента аб адукацыі. Раней па атэстаце паступалі толькі дзевяцікласнікі. Пры гэтым па-ранейшаму захаваюцца іспыты пры паступленні на творчыя і спартыўныя спецыяльнасці.

Уводзяцца ў ССНУ і новыя льготы. Напрыклад, для выпускнікоў ваенна-патрыятычных класаў будзе спрошчана паступленне на пэўныя спецыяльнасці.

Рэгламентаваны і такі важны нюанс: каго з абітурыентаў залічыць пры аднолькавай колькасці балаў у прэтэндэнтаў. Цяпер гэта будзе вырашацца падчас дадатковага сумоўя.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.