Вы тут

Палёт наяве. У чым сіла мастака Леаніда Шчамялёва


Доўгае і плённае жыццё, доўгая і добрая памяць — гэта пра народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва. Ён пайшоў з жыцця год таму, але пакінуў столькі карцін, што мала ім было дзяржаўных музеяў ды прыватных калекцый, яшчэ пры яго жыцці ў Мінску з'явілася Гарадская мастацкая галерэя твораў Л. Д. Шчамялёва, дзе цяпер працуе вялікая выстаўка-прысвячэнне майстру, які зусім крыху не дажыў да свайго стагоддзя. І гэта той выпадак, калі чалавечы век фактычна супаў з пэўным этапам жыцця Беларусі. А ў творах можна знайсці знакі часу (-оў) і падказкі, як у ліхалецці захаваць сябе як асобу, якая ўмяшчае і выяўляе прагу да жыцця асобнага народа.


 

1. Звышсіла

Калі б сярод мастакоў вызначалі супергерояў, то Леанід Дзмітрыевіч мог бы прэтэндаваць і на гэтае званне. Пры тым, што ў шмат якіх яго работах адчуваецца боль: але хто сказаў, што суперлюдзі праз яго не праходзяць? Калі баліць — ты жывы. Адчуваеш, плачаш, аплакваеш — і становішся больш моцным.

Леанід Шчамялёў быў юнаком, калі пайшоў на вайну. Здавалася, гэта быў час адчаю, але ён сфарміраваў адчайных людзей, якія свой боль здолелі трансфармаваць у надзею. Не пакідала яна будучага мастака: калі загояцца раны, ён абавязкова вернецца да сваёй мары, якая была выпеставана атмасферай і асобамі даваеннага Віцебска. Але для яго гэта былі звёны аднаго ланцуга: «хочаш маляваць» — «трэба абараняць», «трэба выжыць». Асабістыя жаданні памножыліся на безліч такіх жа — ці не ў той час у ім узрасло пачуццё далучанасці да вялікай энергетычнай крыніцы, у якую ператварыўся беларускі народ? Энергія ж не знікае, нават пры жудасных стратах яна пераразмяркоўваецца, а той, хто застаецца, атрымлівае суперсілу. У Шчамялёве яна была: у баях за вызваленне Беларусі ён быў цяжка паранены, але аднавіўся, каб стаць супермастаком. Ствараў, ствараў, ствараў карціны... Не губляў творчай формы нават у сталым веку. Выстаўка «Леанід Шчамёлёў. Прысвячэнне» якраз і выяўляе энергетычную звышплённасць. Наогул, у галерэі на пастаяннай аснове прадстаўлена больш за 90 твораў, падораных аўтарам гораду. А ў новай экспазіцыі можна пабачыць работы, якія паступілі ў фонды Музея гісторыі Мінска ў 2021 годзе, сярод іх — «Край партызанскі» ды «За вольную Беларусь». Дзіўна тое, што пры ўсім драматызме сюжэта карцін на ваенную тэматыку адчаю ў іх няма.

2. Святлоўзмацняльнасць

Нават у тых карцінах, дзе пануюць змрочныя колеры, дамінантнымі становяцца светлыя — і калі іх зусім няшмат. Атрымліваецца, што цемра толькі падкрэслівае прыцягальнасць святла. Здаецца, што ў змроку будучы мастак ухапіў агеньчык, які потым высвяціў светлых людзей, светлыя з'явы, светлыя рэчы. У выніку святло перамагло ў творчасці Шчамялёва — і па колерах, і па сутнасці. У работах — захапленне кожным падораным днём, наталенне імгненнем, простыя чалавечыя радасці, гарэзлівыя іскрынкі жыцця.

У творчасць Леанід Дзмітрыевіч прыйшоў сталым і загартаваным чалавекам, але адолеў пры гэтым неабходную вучобу (скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, пасля — Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут), і ў часы сацрэалізму здолеў набыць уласную манеру пісьма, якая дазваляе заўсёды пазнаць яго работы. Дзякуючы яму на сацрэалізм савецкіх часоў можна паглядзець праз прызму рамантыкі: яна ў выбары колераў і адчуванні паветра, уздыму, палёту. Нават алейны жывапіс прасякнуты лёгкасцю і празрыстацю пры тым, што ён выяўляў звычайную на той час побытавасць і рэчаіснасць з усімі яе рысамі і правільнасцю. У часы сваёй савецкай маладосці я, напрыклад, нейкі час жыла з думкай: усе мастакі сацрэалізму падобныя адзін на аднаго. Абвергнуць гэта ў маёй свядомасці здолелі найперш творы такіх мастакоў, як Леанід Шчамялёў і яго настаўнік Кастусь Цвірка. Воля ў квадраце — гэта як уласцівасць характару. З аднаго боку, чалавек адчувае сябе вольным — і ты бачыш гэта па яго карцінах. З другога боку, ён мае волю, каб заставацца сабой і самазахавацца як творчая асоба ў тых абставінах, што стварала рэчаіснасць.

3. Дабратворнасць

Якім чынам? Дзякуючы чаму? Ці каму?.. Ён любіў — Беларусь і яе асоб, працаўнікоў, насельнікаў. І яна дзякавала яму — прызнаннем, высокімі ўзнагародамі, асабліва пасля набыцця незалежнасці. Ён кахаў — прысутнасць гэтага пачуцця адлюстравана ў партрэтах і шмат якіх работах. Напрыклад, колькі цеплыні ў адным з нядаўніх набыткаў музея — творы «Вянчанне ў царкве святой Марыі Магдаліны». Каханне яго памнажалася ў блізкіх і нашчадках, якія, у тым ліку дзякуючы бацьку, будавалі свой лёс, захоўваючы ў сям'і творчую энергію. Ён захапляўся — і захоўваў вобразы ў накідах ці эскізах. Як працавала думка, якое пачуццё кіравала рукой майстра, можна ўявіць на працягу месяца дзякуючы выстаўцы, дзе прадстаўлены матэрыялы з асабістага архіва. Гэта магчымасць суаднесці энергію задумак з энергіяй закончаных твораў.

І вось што падаецца: рэчаіснасць у творах Шчамялёва (які б час ні быў) — гэта рэчаіснасць мары. Але навошта мы марым? Не толькі з-за летуценнасці, бо мары — не загана, яны нам дапамагаюць мадэляваць рэчаіснасць. За доўгае жыццё Леаніда Шчамялёва рэчаіснасць вакол яго мянялася сутнасна — і ўплывала на магчымасці мастака. Але рэчаіснасць не мяняла яго стаўлення да творчасці і жыццёвага аптымізму, бо ведаў: можна вынесці ўсё, тут галоўнае — якую энергетыку ты выпраменьваеш па жыцці і якая да цябе потым вяртаецца памножанай. Гэтая энергетыка трымала не толькі яго, але і тых беларусаў, якія ў розныя, нават складаныя, часы не баяліся сваіх (здавалася, нерэальных, незямных) мар, а пакрысе, крок за крокам, іх ажыццяўлялі. Таму што чалавек — не прыземленая істота, а зямная асоба, здольная сягаць у нябёсы. Прынамсі, мастак адлюстраваў гэтую прагу палёту. Паспрабуем?

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Абеліскі параненай зямлі». Без шанцу на глыток паветра

«Абеліскі параненай зямлі». Без шанцу на глыток паветра

Відэакадры масавага забойства пацыентаў у магілёўскай псіхіятрычнай бальніцы фігуравалі ў абвінавачванні супраць фашыстаў на Нюрнбергскім працэсе.

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.