Вы тут

Як зберагчы пажылых людзей ад стрэсу


Мы жывём у эпоху стрэсаў. І адзін з галоўных фактараў стрэсу сёння — пандэмія каранавіруса, якая аказвае ўплыў не толькі на фізічнае здароўе, але і на псіхалагічны стан. Асабліва разбуральнае ўздзеянне пастаяннай трывогі — на людзей сталага ўзросту. Як зберагчы старэйшае пакаленне вашай сям'і ад стрэсу і дапамагчы звесці да мінімуму наступствы? Пра гэта мы запыталіся ў галоўнага герантолага Беларусі Людмілы Жылевіч.


Стрэс негатыўна ўплывае на чалавека ў любым узросце, але па меры старэння адбываецца зніжэнне адаптацыйных магчымасцяў нашай псіхікі, адзначаюць медыкі.

— У сталым узросце адаптацыйныя механізмы спрацоўваюць не так эфектыўна, і стрэсавы фактар больш разбуральны для псіхікі і для арганізма ў цэлым, — падкрэслівае Людміла Жылевіч. — Напрыклад, у чалавека з артэрыяльнай гіпертэнзіяй стрэс выклікае рэзкае павышэнне ціску, якое вельмі дрэнна зніжаецца прэпаратамі ў звычайных дозах. І калі стрэс раптоўны, скачок ціску можа прывесці да развіцця такіх непажаданых наступстваў, як інсульт або інфаркт.

Пажылыя людзі, кажа галоўны герантолаг, патрабуюць асабліва беражлівых адносін. Калі вам неабходна паведаміць блізкаму старэйшага ўзросту нейкую негатыўную інфармацыю, вельмі важна яго, як кажуць у народзе, «падрыхтаваць», каб удар не стаў раптоўны. Арганізм пажылога чалавека павінен паспець уключыць адаптацыйныя механізмы, якія дазволяць яму перажыць гэты стрэс.

Адзінота — шлях да старэння

Твіндэмія (адначасовы ўсплёск двух пандэмій, грыпу і ковіду), а таксама навіны, звязаныя з COVІD-19 (новыя штамы і эпідэміялагічная сітуацыя ў цэлым) — сёння адна з галоўных крыніц стрэсу для пажылых людзей.

— Калі казаць пра ковід-інфекцыю, сёння мы прыйшлі да наступнай няпростай сітуацыі. Міністэрства аховы здароўя цалкам абгрунтавана кажа аб неабходнасці эпідэміялагічнага дыстанцыравання пажылых людзей, якія ўваходзяць у групу рызыкі цяжкага цячэння інфекцыі. Мы рэкамендуем людзям старэйшага ўзросту абмежаваць кантакты. Алегэта не значыць, што яны павінны цалкам ізаляваць сябе ад жыцця ў сценах сваіх дамоў.

Між тым многія людзі старэйшага ўзросту зразумелі гэтую рэкамендацыю як неабходнасць знаходжання ў поўнай сацыяльнай ізаляцыі. І гэта значна пагоршыла кагнітыўныя магчымасці пажылых грамадзян, адзначае спецыяліст.

— У многіх людзей сталага ўзросту страх заражэння прывёў да ўпэўненасці, што любы кантакт павінен стаць прычынай хваробы. Пры гэтым адзінота і сацыяльная ізаляцыя спрыяюць хуткаму развіццю сіндрому старэчай астэніі — паталагічнаму старэнню. Пакутуюць не толькі сэрца, лёгкія і іншыя органы, але ў першую чаргу і псіхічная сфера — адбываецца зніжэнне кагнітыўных функцый, і тая дэменцыя, першыя прыкметы якой маглі з'явіцца ў чалавека яшчэ праз 10—12 гадоў, заяўляе пра сябе «на поўны голас».

Хуткаму старэнню і развіццю дэменцыі ў перыяд пандэміі ў пажылых людзей спрыяе таксама зніжэнне фізічных нагрузак.

— Ізаляваўшыся ў сваіх кватэрах, многія пажылыя людзі практычна перасталі рухацца. Між тым існуе прамая ўзаемасувязь: зніжэнне фізічнай актыўнасці запускае механізмы развіцця дэменцыі. Гаворка ідзе нават не аб зарадцы, а аб элементарных прагулках на свежым паветры — яны зніклі з жыцця многіх з-за боязі «падхапіць вірус».

Стрэс сёння немінучы: усе мы хвалюемся аб тым, каб не захварэць, каб не хварэлі нашы блізкія. Але адмова ад фізічных нагрузак у любым узросце (і асабліва ў пажылым) вядзе да таго, што гэты стрэс пераходзіць у хранічны стан. А хранічны стрэс — шлях да дэпрэсіі, з якой чалавеку ўжо не пад сілу выбрацца самастойна, падкрэслівае суразмоўца.

Яшчэ адзін вынік недахопу руху, які прыводзіць у рэшце рэшт да ўзмацнення стрэсу, — праблемы са страваваннем. Адсутнасць фізічнай актыўнасці вядзе да пагаршэння перыстальтыкі кішэчніка. Таму так важна пры зніжэнні рухальнай актыўнасці перагледзець рацыён пажылога чалавека і ўключыць у яго больш лёгкія, нізкакаларыйныя прадукты, што паляпшаюць работу кішачніка.

Як дапамагчы пажылым перажыць перыяд пандэміі? Вельмі многае залежыць ад тых, хто знаходзіцца побач з імі.

— Навіны, якія вы прыносіце пажылому, павінны быць дастаткова пазітыўныя. Не варта распавядаць бацькам пра падзеі, якія вас устрывожылі, і ўжо дакладна нельга вывальваць на іх увесь негатыў, які вы назапасілі за дзень. У размове з блізкімі і сябрамі, як правіла, абмяркоўваюцца навіны негатыўнага характару — гэта асаблівасць чалавечай псіхалогіі. Але пажылому чалавеку дастаткова і таго, што ён пачуе па тэлевізары. Паспрабуйце прынесці дадому хоць бы адну добрую навіну, якая стала б дамінантнай і пераключыла думкі пажылога чалавека ў пазітыўнае рэчышча.

Бывае, што вы не ў сілах маўчаць — вам неабходна падзяліцца з мамай ці бацькам тым, што вас трывожыць. Што ж, любую інфармацыю можна падаць па-рознаму. Кажучы пра той жа ковід, можна згадаць і прыклады ўдалага выздараўлення каго-небудзь са сваіх калег або пахваліць пажылога сваяка: «Ты ў мяне яшчэ малайчына, мы не захварэем! А калі раптам захварэем, то справімся!».

Постковідны сіндром

Ковід — найцяжэйшая інфекцыя, але небяспечная яна яшчэ і наступствамі. Пасля выздараўлення ад каранавіруса многія пакутуюць у тым ліку ад стрэсу: апатыя, зніжэнне настрою, дэпрэсія — адны з прызнаных ускладненняў. Асабліва цяжка бывае вярнуцца да нармальнага жыцця пажылым людзям.

— У перыяд ковіду і пасля перанесенай інфекцыі людзі, асабліва пажылыя, адчувальныя да недахопу кіслароду. Пры нізкай насычальнасці крыві кіслародам у першую чаргу пакутуе мозг, і на фоне кіслароднай недастатковасці ў пажылых узнікаюць праблемы, звязаныя з кагнітыўнай сферай: павялічваецца трывога, з'яўляецца беспрычынны страх, фарміруецца хранічны стрэс і ўзнікаюць дэпрэсіўныя станы. На гэтым фоне часам пажылы чалавек пачынае паводзіць сябе не зусім адэкватна, і гэты момант вельмі важна не прапусціць.

Калі ваш старэйшы сваяк блытаецца ў самых элементарных пытаннях — які сёння дзень, месяц, пара года, калі яго адказы недакладныя або яму даводзіцца доўга падбіраць словы, гэта сігнал трывогі для блізкіх: трэба ехаць да яго, візуальна ацаніць яго стан і, магчыма, параіцца з урачом. Пасля перанесенага ковіда такія «кантрольныя званкі» вельмі важныя, асабліва калі пажылы сваяк жыве адзін. Постковідны стрэс можа перайсці ў дэпрэсію і далей у дэлірый — парушэнне свядомасці, калі неабходна тэрмінова клікаць на дапамогу спецыяліста.

Насыціць кроў кіслародам дапаможа праветрыванне пакоя: галоўнае не дапускаць скразнякоў. А лепш знайсці час для прагулкі з пажылым на свежым паветры. Гэта стане лекамі ад стрэсу і праблем, якія могуць «запусціцца» ў арганізме. І, вядома, неабходна дыхальная гімнастыка.

— Гэтыя практыкаванні ёсць на сайтах устаноў Міністэрства аховы здароўя, у прыватнасці на сайце Рэспубліканскага шпіталя інвалідаў ВАВ імя Машэрава. Дыхальная гімнастыка ўключае ў тым ліку і механізмы аховы ад стрэсу, насычае кроў кіслародам і забяспечвае прыток кіслароду да клетак мозгу.

Найбольш цяжкая «постковідная» сітуацыя для пажылога чалавека ўзнікае, калі хвароба забрала жыццё аднаго з партнёраў у пары.

— Сіндром гаравання вельмі цяжкі для чалавека ва ўзросце. Тамму побач з ім абавязкова павінен быць той, хто зможа хоць ненадоўга адцягнуць увагу ад цяжкіх думак.

Часам, кажа спецыяліст, у пажылых людзей стрэс не праяўляецца ніякімі сімптомамі, акрамя адмовы ад ежы.

— Калі вы прывозіце прадукты пажылому, і ў наступны свой прыезд бачыце іх у халадзільніку некранутымі, а каструлі — пустымі — гэта падстава разабрацца ў стане блізкага. Магчыма, стрэс ужо перайшоў у больш цяжкую форму. Калі гэтага не адбылося, вельмі важна наладзіць яго харчаванне — хоць бы маленькімі порцыямі, больш мяккую, лёгказасваяльную ежу, каб не пакінулі сілы. Пажылыя людзі адчувальныя да недахопу харчавання, хутка слабеюць, і тады любы стрэсавы фактар для іх становіцца вельмі моцным. Таму так важна адсочваць харчовыя паводзіны вашых пажылых сваякоў, асабліва пасля ковіду.

Калі хвароба абышла

— Найлепшая прафілактыка ковіду — прагулкі на свежым паветры і максімальна паўнавартасны сон, — адзначае галоўны герантолаг. — Каб нармалізаваць сон, важна ў сталым узросце не збіваць свае біярытмы.

Часам пажылыя людзі кладуцца спаць днём, а пасля дзівяцца бяссонніцы, кажа спецыяліст. Менавіта на пенсіі неабходны рэжым дня, а таксама фізічныя і інтэлектуальныя практыкаванні.

— Калі чалавек ва ўзросце адчувае, што дрэнна адаптуецца да негатыўнай інфармацыі, атрыманай па тэлевізары або ў сетцы Інтэрнэт, дапамогуць мяккія заспакаяльныя фітапрэпараты на аснове сардэчніка, мяты, валяр'яны. Калі ж сітуацыя не нармалізуецца на працягу двух тыдняў (напрыклад, любая інфармацыя аб COVІD-19 выклікае пачашчанае сэрцабіцце, вы перасталі пазітыўна рэагаваць на раней важныя для вас рэчы, адчуваеце апатыю і зніжэнне апетыту) — неабходна звярнуцца да герантолага або ўчастковага ўрача.

І памятайце: сацыяльная дэзадаптацыя сама па сабе — адзін з фактараў стрэсу. Каб пазбегнуць адчування адзіноты і пакінутасці, пажылому медыкі раяць, напрыклад, пачаць пісаць мемуары — выкладаць свае думкі на паперы. Дапаможа таксама арт-тэрапія: многія пажылыя людзі пачынаюць займацца жывапісам або суправаджаюць сваё жыццё музыкай. Гэта магчымасць скінуць унутранае псіхалагічнае напружанне. Паспрабуйце ўключыцца ў інфармацыйную прастору, кажа спецыяліст. Можна выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі для бяспечных зносін з сябрамі і сваякамі. Гэты метад зносін знізіць уплыў ізаляцыі, дасць магчымасць абмеркаваць свае трывогі або пераключыцца, напрыклад, на шахматную партыю анлайн. Дапаможа таксама любая інтэлектуальная дзейнасць: чытанне кніг, курсы, хобі.

— Замыкацца ў сабе нельга: сацыяльная ізаляцыя — у тым ліку і фактар зніжэння імуннай аховы, — падкрэслівае Людміла Жылевіч.

Так ці варта пажылым людзям знаходзіцца толькі дома?

— На жаль, ковід застаецца з намі, і ўсім трэба будзе жыць ва ўмовах пандэміі яшчэ доўгі час. Вытрымліваць сацыяльную дыстанцыю пры наведванні грамадскіх месцаў пажылым неабходна. Але гэта не значыць, што трэба схавацца ў чатырох сценах. Кантактуйце з роднымі, гуляйце на свежым паветры, надзеньце маску і схадзіце ў музей (напрыклад, раніцай ці днём, калі наведвальнікаў там няшмат), не адмаўляйце сабе ў задавальненні пабываць на дзённым сеансе ў кіно ці наведаць тэатр — проста выбірайце аптымальны час, калі рызыка заразіцца будзе меншая.

Часам, кажа суразмоўца, сімптомы стрэсу і дэпрэсіі ў пажылых могуць быць пабочным эфектам медыкаментознай тэрапіі.

— Адмова ад ежы, апатыя і абыякавасць — падстава ў першую чаргу правесці рэвізію тых прэпаратаў, якія прымае пацыент старэйшага ўзросту. Асабліва калі яны былі прызначаны нядаўна. Нярэдка перагляд дазіровак або адмова ад нейкіх прэпаратаў аднаўляе чалавека, і пазней ён успамінае свой стан проста як непрыемны жыццёвы эпізод.

А ў цэлым, падкрэслівае Людміла Жылевіч, псіхалагічны стан пажылых — гэта зваротная рэакцыя, адлюстраванне клопату або абыякавасці да іх з боку блізкіх. Стрэс і дэпрэсія пасяляюцца ў іх душы, калі яны адчуваюць сябе пакінутымі, калі іх жыццём не цікавяцца і ніхто не падставіў ім плячо. А «лячыць» стрэс у першую чаргу трэба добрымі словамі, увагай і клопатам. Менавіта яны робяць «восень жыцця» блізкага залатым часам. А не той старасцю, якая «не радасць».

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.