Вы тут

Псіхолаг: У дзіцяці з маленства павінны быць агульныя справы з татам


За тры гады я пакідала сына з мужам на ноч толькі двойчы. І абодва разы мяне пасля вяртання чакалі сюрпрызы. У першым выпадку — тры набытыя і клапатліва пасаджаныя дрэўцы абрыкоса, у другім — смачныя блінцы з чарнаплоднай рабінай. Але самы прыемны сюрпрыз заключаецца ў іншым: цяпер замест бясконцага «Мама, ідзі сюды!» Сымон кліча абаіх: «Мама, тата!».


Мне вельмі шкада мужчын, якія лічаць, што выхаванне дзяцей — выключна жаночая справа. І застаюцца ў гэтым плане дзесьці ўбаку. Маўляў, «я кармілец, забяспечваю вас, вольнага часу ў мяне няма». Некаторыя з іх «адкупаюцца» ад дзіцяці дарагімі цацкамі, кніжкамі, цукеркамі. Не разумеючы, што для малечы куды важней разам з татам пагуляць у гэтую новую цацку, пачытаць кніжку, паесці цукерак. Ды насамрэч і не так істотна, што рабіць. Галоўнае — разам.

І кожны раз шчыра радуюся, калі на дзіцячай пляцоўцы ці веладарожцы бачу «вусатага няня» з сынам ці дачкой. Мой сябра, напрыклад, раз на тыдзень дае жонцы магчымасць пабыць сам-насам, забірае дзяцей і бавіць з імі цэлы так званы «татаў дзень». Яны едуць на каток, у боўлінг, ядуць «шкодную» ежу...

Паводле слоў дзіцячага псіхолага Людмілы Губскай, ужо з 2-гадовага ўзросту ў дзіцяці з татам павінны быць нейкія агульныя справы, у якіх не ўдзельнічае мама. Гэта могуць быць як штодзённыя рытуалы, так і сумеснае баўленне часу раз на тыдзень. Хтосьці бярэ з сабой малечу на аўтазапраўку альбо на аўтамыйку. Хтосьці ездзіць у кавярню па пірожныя для сямейных пасядзелак. Хтосьці замест традыцыйнага купання ладзіць перад сном марскія баі з воднымі пісталетамі. Хтосьці чысціць камп'ютар адмысловым маленькім пыласосам. Прычым вельмі важна, каб агульны занятак быў у радасць тату. Не варта, пабачыўшы, што муж сяброўкі ходзіць з сынам на бокс, прымушаць рабіць тое ж самае свайго. Лепш няхай ён далучае малечу да занятку, ад якога ў яго самога свецяцца вочы. Тады гэты запал абавязкова перадасца і дзіцяці.

Пачынаючы з 5-гадовага ўзросту дзеці ўжо могуць пераадольваць разам з татам розныя цяжкасці. Таму псіхолаг раіць далучаць іх да больш важных мужчынскіх спраў. Напрыклад, браць з сабой на рыбалку альбо ў паход з палаткамі. Прычым не мае значэння, хлопчык гэта ці дзяўчынка.

Пры гэтым вельмі важна, каб мама дзякавала тату за тое, што ён правёў час з дзіцем. А тата, у сваю чаргу, хваліў маму за тое, што тая робіць у яго адсутнасць. Гэта ўзаемная падмацоўка. Калі ў сям'і яе няма, то дзеці, падрастаючы, пачынаюць адмаўляць віды дзейнасці і заслугі кагосьці з бацькоў.

Некаторыя таты спрабуюць выхоўваць дзяцей словамі. Але гэта неэфектыўна, пераканана Людміла Губская. У дзіцячым узросце дзейнічае толькі прыклад. Тата павінен выступаць у ролі інструктара. Калі мужчына ўмее гуляць у футбол, ён навучыць гэтаму і свайго сына. Калі не, прывядзе свайго сябра, які ўмее гуляць у футбол — і гэта будзе раўнацэнна. Калі ж тата ляжыць на канапе і кажа: ну, ідзі зрабі тое ці тое — нічога не атрымаецца. Словамі нельга навучыць, словамі многае можна толькі сапсаваць.

Татаў прыклад важны як для дачкі, так і для сына. Праўда, тут розныя мэты. Для дзяўчынкі тата ў першую чаргу з'яўляецца прыкладам стаўлення да жанчыны. «Маленькія прынцэсы», якіх выхоўвалі ў любові, як правіла, будуюць сваё жыццё значна больш якасна. Дзяўчынка падсвядома выбірае будучага мужа, схільнага да тых паводзінскіх рэакцый, якія былі ў таты. Нават калі ўсведамляе, што той паводзіў сябе не вельмі правільна. Дарэчы, схему вырашэння канфліктаў як дачка, так і сын пераймаюць менавіта ад таты.

Хлопчыкі маюць патрэбу ў татавым прыкладзе ў большай ступені. Аднак тут ёсць пагроза навязвання стэрэатыпных сацыяльных усталёвак. Пра тое, што хлопчыкі не плачуць, церпяць, не скардзяцца, не абдымаюцца. Некаторыя лічаць, што выхоўваць будучага мужчыну трэба выключна ў строгасці, ніякіх пяшчоты і мяккасці. «Таты з такім перакананнем пацерпяць фіяска», — лічыць Людміла Губская і прыводзіць прыклад са сваёй практыкі.

Хлопчык займаецца з трэнерам вялікім тэнісам, і ў яго гэта няблага атрымліваецца. Але тата, замест таго, каб заўважаць добрае, акцэнтуе ўвагу толькі на недахопах. Бясконца крытыкуе сына, на кожным кроку кажа: «Ты неарганізаваны, несабраны. Лётаеш у аблоках, таму ў цябе нічога не атрымліваецца». Проста чытаць натацыі, сварыцца, крытыкаваць — гэта шлях у нікуды. Пакуль маленькі, хлопчык церпіць. Калі ж падрасце — перакрэсліць усё, у тым ліку і тое добрае, што ў яго ўклаў тата. Ён будзе адмаўляць усе бацькавы прынцыпы выхавання. Гэта можа праяўляцца як у непаслухмянстве, так і ў супрацьпраўных дзеяннях. Мужчыны часта апраўдваюць сябе: «Мяне так выхоўвалі, і нічога — нармальным вырас». Але статыстыка, шматгадовыя даследаванні сведчаць пра іншае: калі тата быў жорскі ў адносінах да сына — у будучыні ў хлопчыка верагодней за ўсё праявяцца дэструктыўныя паводзіны.

І яшчэ цікавы момант. Першыя тры гады жыцця малечы стаўленне да таты фарміруецца толькі праз маму. «Нават калі тата ўзорны і ведае, як прывесці дзіця да здароўя, шчасця, поспеху, але ён выбраў сабе жанчыну, якая яго не цэніць, нічога не атрымаецца, — кажа дзіцячы псіхолаг. — Бо мама будзе ўвесь час адмаўляць татавы дасягненні. І гэта перадумова для парушэння паводзінаў дзіцяці, непаслухмянства. Як вынік, ламаецца схема перадачы татавага прыкладу. Разам з тым, нават калі мужчына вяртаецца з працы і ўвесь вечар сядзіць за камп'ютарам, дзіця будзе захапляецца татам — але толькі ў тым выпадку, калі мама задаволена сваім мужам».

Ад жанчын наогул залежыць вельмі многае. «Адна з іх ужо даўно развялася са сваім мужам, бо той моцна піў, — працягвае Людміла Губская. — Яны рассталіся вельмі канфліктна. Тым не менш мама не дэманізавала вобраз таты ў вачах сына. Пастаянна паўтарала: «У цябе цудоўны тата. Калі ты быў маленькі, ён да цябе вельмі цёпла ставіўся». І хлопец, нягледзячы на тое, што бацька не пацвярджае гэтых слоў, вырас годным чалавекам. Яму цяпер 21 год, ён добра вучыцца, у вольны час падпрацоўвае, мае добрых сяброў, прыгожыя адносіны з каханай дзяўчынай. У далейшым, думаю, яго чакаюць поспехі. Нават, нягледзячы на тое, што ён з бацькам практычна не падтрымлівае стасункі. Калі б мама дэманізавала вобраз таты, усё магло б скласціся зусім інакш».

Калі жанчына ў разводзе і тата не гарыць жаданнем займацца выхаваннем сына, псіхолаг раіць знайсці годнага мужчыну ў акружэнні, які б мог стаць для хлопчыка прыкладам для пераймання. Зараз на многія трэніроўкі можна першы раз прыйсці бясплатна. І пазнаёміцца з трэнерам. Калі ён мае мужчынскі тып характару, стрыманы, спакойны, пры гэтым любіць займацца з дзецьмі і захоўвае дыстанцыю, не спускаецца на іх узровень, то гэта будзе варты аб'ект для пераймання. І дзіця не адчувае, што побач няма татавага прыкладу.

Памятаеце, як у песні: «тата можа, тата можа ўсё, што заўгодна, толькі мамай, толькі мамай не можа быць». І наадварот. Таму што мама і тата, так задумана прыродай, павінны ўзаемадапаўняць адно аднаго. Але апошнім часам назіраецца небяспечная тэндэнцыя, калі мужчыны і жанчыны імкнуцца ўраўнавацца. Жанчыны рвуцца ў мужчынскі бізнес, мужчыны, наадварот імкнуцца да хатніх спраў, паняньчыць малых. «Калі муж на роўных з жонкай удзельнічае ў доглядзе дзіцяці — мяняе падгузкі, корміць, укладвае спаць — у сям'і з'яўляюцца дзве «мамы», якія выдатна замяняюць адна адну, — кажа Людміла Губская. — Няважна, што адна ў спадніцы, а другая ў штанах. Для дзіцяці гэта не вельмі добра, бо тым самым прыніжаецца статус таты».

Ну, а напрыканцы самае галоўнае, на мой погляд. Муж знаёмай працуе дома і цэлымі днямі сядзіць за камп'ютарам. Навушнікі не здымае нават падчас сумеснага абеду з сям'ёй. А потым скардзіцца, што сын практычна не выходзіць з пакоя — гуляе ў камп'ютарныя гульні. На прапанову таты ў выхадны дзень зрабіць разам шашлыкі ці пакідаць мяч у баскетбольнае кальцо, адказвае, што заняты.

...Тры гады таму пасля вяртання з радзільні я першай справай прычапіла да халадзільніка англійскую прымаўку: «Не выхоўвайце дзяцей — усё адно яны будуць падобныя да вас. Выхоўвайце сябе». Працаваць над сабой дзень за днём варта не толькі татам, але і мамам. Каб быць станоўчым прыкладам для сваіх дзетак. І пазбегнуць глабальных памылак, не даць ім перарасці ў снежны камяк, які ўжо не спыніць...

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».