Вы тут

У гады Вялікай Айчыннай вайны фашысты знішчылі большасць мірных жыхароў Слуцка


Пра тое, як гітлераўцы здзекаваліся з беларускага насельніцтва, напісана нямала. Новыя факты, звязаныя з генацыдам, працягваюць выяўляць даследчыкі гісторыі. Рассакрэчаныя дакументы дазваляюць найбольш поўна ацаніць маштаб трагедыі і паглядзець на многія рэчы з іншага ракурсу.


Ме­ма­ры­яль­ны знак ах­вя­рам Слуц­ка­га ге­та (вул. Ко­пыль­ская).

Знішчыць за два дні...

27 кастрычніка 1941 года 11-ты паліцэйскі батальён з Каўнаса (Літва) атрымаў заданне на працягу двух дзён ліквідаваць усіх яўрэяў у Слуцку. Прыступіць да ажыццяўлення акцыі масавага знішчэння мірных жыхароў было загадана неадкладна.

«Я заявіў яму (камандзіру 11-га паліцэйскага батальёна. — Заўв. аўт.), што проста немагчыма будзе без папярэдняй падрыхтоўкі праводзіць акцыю, бо ўсе яўрэі разасланыя па ўсім горадзе, і ўзнікне жудасная сумятня, па меншай меры, яго абавязкам было паставіць хаця б за дзень у вядомасць аб намечанай акцыі, — успамінаў слуцкі акружны камісар Г. Карл. — Затым я прасіў яго адкласці на дзень правядзенне акцыі, але ён адмовіўся зрабіць гэта, заўважыўшы, што ён ва ўсіх гарадах праводзіць акцыі і для правядзення такой у Слуцку ў яго распараджэнні толькі два дні. За гэтыя два дні ён абавязаны ачысціць г. Слуцк ад яўрэяў».

Акружны камісар настойваў на тым, каб ліквідацыя яўрэяў не з'яўлялася масавай. Справа ў тым, што большую частку яўрэяў, якія жылі ў Слуцку, складалі рамеснікі, якія былі незаменныя ў гаспадарцы. Рамеснікаў беларускага паходжання ў Слуцку ўвогуле не існавала, таму пад пагрозай закрыцця знаходзіліся жыццёва важныя прадпрыемствы горада, якія ў адзін момант маглі быць паралізаваны. Аднак гэта не хвалявала кіраўніцтва батальёна. Нягледзячы на дамоўленасць з часовым кіраўніцтвам горада змясціць усіх яўрэяў у гета, а затым ажыццявіць сартаванне, байцы батальёна сабралі яўрэяў з прадпрыемстваў і майстэрняў і пагрузілі на грузавыя машыны. Іх павезлі за горад, больш гэтых людзей ніхто ніколі не бачыў. Сведкі расказвалі, што расстраляныя яшчэ доўгі час пасля таго, як іх засыпалі зямлёй, спрабавалі выбрацца на паверхню...

Слуцкі акружны камісар расказваў, што неўзабаве пасля абеду з усіх бакоў пасыпаліся скаргі, што прадпрыемствы не могуць працягваць работу: забралі ўсю яўрэйскую працоўную сілу. Нанесеная шкода гораду ў эканамічным плане ўвогуле не турбавала карнікаў. Аднак дзякуючы ўмяшальніцтву мясцовай улады ўвечары акцыю знішчэння спынілі.

«Яна праводзілася на мяжы садызму, — сведчыў Г. Карл. — Падчас акцыі горад уяўляў сабой страшную карціну. З неапісальнай жорсткасцю як з боку нямецкай паліцыі, так, у прыватнасці, з боку літоўскіх часцей яўрэйскі народ выцягваўся з дамоў, у тым ліку і рамеснікі, і на вачах беларускага насельніцтва падвяргаўся жорсткім здзекам, роўна як і беларускае насельніцтва збівалася гумовымі дубінкамі і прыкладамі. У другой палове дня на вуліцах паўсюль стаялі кінутыя вазы з коньмі, блукалі адзінокія коні, я вымушаны быў даць заданне гарадскому кіраванню неадкладна паклапаціцца аб вазах. Як высветлілася пазней, размова ішла аб яўрэйскіх вазах, якія выконвалі заданне вермахта па дастаўцы боепрыпасаў. Коні былі выпражаныя з вазоў і адведзеныя, а вазы кінутыя на волю лёсу».

У выніку нанясення шкоды гаспадарцы горада найбольш пацярпела гарбарная вытворчасць. З 26 спецыялістаў 15 найлепшых майстроў расстралялі. Чацвёра саскочылі з машын падчас перавозкі, семярым удалося ўцячы пазней. Падчас акцыі паліцэйскія батальёна ажыццяўлялі крадзяжы не толькі ў яўрэйскіх, але і ў беларускіх хатах. Не саромеючыся, з асаблівай жорсткасцю ў яўрэяў на вуліцы зрывалі наручныя гадзіннікі, пярсцёнкі.

«Ці будуць пры такіх абставінах рамеснікі працаваць з жаданнем і адпаведнай прадукцыйнасцю, вельмі сумніўна, да таго ж яны і сёння з-за жорсткага абыходжання з імі ходзяць з акрываўленымі тварамі, — задаваўся пытаннем прадстаўнік нямецкай улады ў горадзе. — Беларускі народ, які меў да нас поўны давер, апынуўся ў разгубленасці. Гэтай акцыяй многае з таго, чаго мы маглі дасягнуць за апошнія месяцы, разбурана, і пройдзе шмат часу, пакуль мы зноў заваюем страчаны давер насельніцтва».

Генеральны камісар Беларусі В. Кубэ, якому стала вядома аб акцыі знішчэння яўрэяў у Слуцку, патрабаваў узбудзіць супраць вінаватых афіцэраў судовую справу. За свае дзеянні адказнасць павінны былі панесці (толькі ці панеслі?) усе: пачынаючы з камандзіра батальёна паліцыі бяспекі, заканчваючы лейтэнантам. Такая рэакцыя генкамісара Беларусі была абумоўлена тым, што за тры тыдні да масавай акцыі ён сустракаўся з брыгадэфюрарам СС і генерал-маёрам паліцыі Цэнерам, з якім абмяркоўвалася правядзенне акцыі ў Слуцку. «...я ўказаў на тое, каб пры ўсіх абставінах яўрэйскія рамеснікі не павінны пацярпець і каб перад пачаткам акцыі быў устаноўлены кантакт з адпаведным акружным камісарам, каб не страціць аўтарытэт Германіі і яе органаў у вачах беларускага насельніцтва», — паведамляў В. Кубэ.

«Такога роду метадамі не ўстановіш спакой і парадак у Беларусі, — пісаў рэйхкамісару Остланда Г. Лазэ Генеральны камісар Беларусі. — Тое, што цяжкапараненых жывымі закопваюць у зямлю, а затым яны выбіраюцца на паверхню, ёсць не што іншае, як безмежнае свінства, аб гэтым выпадку патрэбна далажыць фюрару і рэйхсмаршалу. Грамадзянскае ўпраўленне ў Беларусі прыкладае вялізныя намаганні, каб у адпаведнасці з указаннямі фюрара і рэйхсмаршала прыцягнуць беларускае насельніцтва на бок Германіі. З апісанымі тут метадамі гэтыя намаганні ні ў якай меры не сугучныя».

Апошні шлях

Другая масавая акцыя знішчэння слуцкіх яўрэяў адбылася 8 і 9 лютага 1943 года. Камандуючы паліцыі бяспекі і СД Штраух вырашыў ліквідаваць гета і забіць усіх яго жыхароў. Гэта павінна было адбыцца ў пачатку антыпартызанскай аперацыі пад кодавай назвай «Люты», запланаванай у Прыпяцкіх балотах, што на поўдзень ад Слуцка.

Акцыя пачалася на досвітку 8 лютага. Пасля таго, як гета было акружана паліцэйскімі падраздзяленнямі, некалькі ачышчальных каманд пачалі шукаць людзей у хатах. Мясцовыя жыхары хаваліся, але большасць яўрэяў выйшла. Іх сабралі на адной плошчы. Як сведчаць дакументы, слуцкі акружны камісар усяляк імкнуўся перашкодзіць планам фашыстаў. Ён заявіў, што многія яўрэі патрэбныя яму ў якасці працоўнай сілы. Адзінае, чаго ён дамогся, — тое, што яму дазволілі адабраць некалькіх кваліфікаваных працоўных (30—40 чалавек), якія пазбегнулі пакарання. Іншых яўрэяў, сярод якіх было нямала дзяцей, пагрузілі на машыны і павезлі да ям, выкапаных самімі ж яўрэямі пад Слуцкам. Нягледзячы на канспірацыю, людзі здагадваліся, куды іх вязуць.

У гэтай акцыі знішчэння, якую гітлераўцы і іх памагатыя паміж сабой прыгожа называлі «перасяленнем», прымалі ўдзел абраныя супрацоўнікі службы бяспекі, а таксама каля 110 служачых роты латышскіх добраахвотнікаў. Тэрыторыя «перасялення» ўяўляла сабой дзве ямы. Каля іх працавала па адной групе з 10 афіцэраў і салдат, якія змяняліся кожныя дзве гадзіны. Тэрыторыя «перасялення» ахоўвалася. За кожным эсэсаўцам замацоўваліся ўласныя абавязкі: адзін адказваў за перавозку яўрэяў з гета да месца знішчэння, другі забяспечваў дастаўку боепрыпасаў, трэці іх выдаваў, чацвёрты адказваў за збор маёмасці яўрэяў...

На месцы пакарання людзей прымушалі поўнасцю распрануцца. «...Расстрэлы адбываліся з вялікай жорсткасцю, — паведамляецца ў паказаннях былога ваеннаслужачага 22-й транспартнай роты Ота Энглерта, які быў, па яго словах, відавочцам зладзействаў (а можа, і выканаўцам?). — Асабліва вылучаўся адзін украінец. Ён сцвярджаў, што яго бацька, маці і брат загінулі дзякуючы яўрэям, за гэта ён хацеў знішчыць 10 000 яўрэяў пры дапамозе выстралу ў патыліцу. Па яго словах, ён дасягнуў гэтай колькасці ў Слуцку. Адзін салдат зараджаў яго пісталет, другі падаваў, а ён выконваў такі зверскі метад расстрэлу. Ён быў рабы, агідны, сапраўдны тып злачынцы. Нават абласны камісар сказаў, што не жадаў бы ноччу сустрэцца адзін на адзін з такім зверскім чалавекам».

Ота Энглерт прыводзіў яшчэ адзін выпадак. «Некалькі членаў СД прывялі дзвюх маладых жанчын і дваіх дзяцей да ўваходу ў гета. Гэтыя людзі хаваліся ў адной хаце. Ён (генерал. — Заўв. аўт.) сам выстралам у патыліцу забіў жанчын, а дзяцей жывымі кінуў у разбураную хату, якая гарэла. Хлопчыка больш ніхто не бачыў, а дзяўчынка, на якой усё гарэла, выбегла з хаты. Генерал штуршком нагі шпурнуў яе зноў у жар. На наступны дзень пасля гэтага акта нямецкае СД, беларуская паліцыя... прынялі ўдзел у пошуку яўрэяў, якія схаваліся. Для іх уяўляла вялікую радасць знайсці сабе яшчэ некалькі ахвяр, над якімі ўчынялі найжудаснейшыя здзекі. Адной жанчыне, якая трымала на руках дзіця, было загадана легчы. Моцна п'яныя салдаты адсеклі ёй кіркай левае вуха. Другі скончыў справу: ён біў па горле, пакуль не была паранена артэрыя, і жанчына сцякла крывёю».

Акрамя працоўных, выратаваных слуцкім акружным камісарам, тую жудасную ноч перажылі 40 яўрэяў: у асноўным гэта былі жанчыны і дзяўчаты. Яны хаваліся ў топцы сінагогі. Аднак на
наступны дзень забойцы знайшлі іх. Усіх забілі. Жывым заставаўся мужчына гадоў 45. У яго спыталі: «Ты яўрэй ці рускі?» Ён адказаў: «Я партызан». Пасля гэтых слоў яго кінулі на зямлю, і адзін беларускі паліцэйскі некалькі разоў усадзіў яму ў грудзі халодную зброю.

Каб канчаткова расправіцца з усімі яўрэямі, па загадзе фон Готберга гета было падпалена. Падчас пажару яўрэі, якім удалося схавацца, вымушаны былі выбегчы на вуліцу, дзе трапілі пад кулі. Разлічаная на два дні акцыя была завершана за суткі. Ахвярамі акупантаў і іх памагатых, па версіі акружнога камісара і аднаго з выканаўцаў гэтай аперацыі бесчалавечнасці, сталі 1600 мірных жыхароў. Начальнік СС і паліцыі фон Готберг дакладваў кіраўніцтву аб 3300 расстраляных у Слуцку яўрэях. Гісторыкі кажуць, што, хутчэй за ўсё, гэтая лічба адносіцца да ўсёй антыпартызанскай аперацыі, якая праводзілася з 8 да 26 лютага 1943 года. Магчымы і такі варыянт, што Готберг свядома завысіў вынік ліквідацыі гета, абапіраючыся на першапачатковую колькасць яго жыхароў, якая сапраўды складала звыш трох тысяч чалавек.

Выратаваныя жыцці

Падчас зверскіх распраў, якія над мірным насельніцтвам ладзілі акупанты, людзі хаваліся ў лясах, шукалі прытулку ў партызанскіх атрадах. Каб абагрэць і пракарміць такую колькасць людзей, патрэбны былі дадатковыя сілы. У партызан, да якіх прытуліліся яўрэі Вілейскай і Мінскай абласцей, іх не мелася, таму камандаваннем атрадаў «Мсцівец» і «Барацьба» партызанскай брыгады «Народныя мсціўцы» было вырашана сабраць сем'і па лясах, а таксама ваеннапалонных, якім пашчасціла збегчы, вылучыць баявую групу і стварыць з іх атрад.

«Майму атраду было даручана, каб не звязваць рукі дзейным атрадам, арганізаваць харчаванне сабраным людзям у колькасці 270 чалавек, а таксама ўзброіць новы атрад, — паведамляў у рапарце першаму сакратару ЦК КП(б)Б П. Панамарэнку палітрук партызанскага атрада «Мсцівец» Мікалай Кісялёў. — Набліжалася восень, людзі былі разутыя і распранутыя, акрамя таго, сярод іх было 35 дзяцей ад двух да 12 гадоў, старыя і жанчыны».

Займацца гаспадарчымі аперацыямі, каб пракарміць людзей, патрэбна было штодзённа і ў вялікім памеры. Гэтага партызаны сабе дазволіць не маглі — баявыя аперацыі ніхто не адмяняў. Таму было вырашана вывесці мірных жыхароў на Вялікую зямлю. Панамарэнка даў згоду. «Шлях быў цяжкі і небяспечны, — згадваў палітрук Кісялёў. — Некалькі разоў мы падвяргаліся небяспецы, але змаглі заўсёды выйсці цэлымі».

«Шмат пакут перанеслі мы, чакаючы з кожным днём расправы катаў, але ў такую цяжкую хвіліну вы падалі нам руку, — пісалі 19 студзеня 1943 года яўрэі, выведзеныя ў савецкі тыл, Панцеляймону Панамарэнку, дзякуючы якому ўдалося гэтую аперацыю ажыццявіць. — Цяжкі і небяспечны быў наш шлях яшчэ і таму, што сярод нас ёсць старыя да 74 гадоў і дзеці ад двух гадоў, з прычыны чаго рухацца хутка, асабліва ноччу, мы не маглі. Аднак, нягледзячы на гэта, палітрук Кісялёў вывеў нас на Вялікую зямлю, не кідаючы слабых і тых, хто адстаў».

У выніку за лінію фронту былі выведзены 218 чалавек. Нягледзячы на ўсю рызыкоўнасць гэтай унікальнай аперацыі, задзейнічаныя ў ёй партызаны атрада «Мсцівец», у прыватнасці Мікалай Кісялёў, узнагарод не атрымалі.

Часткова выратаваныя яўрэі былі ўладкаваны на прадпрыемствы Башкірскай АССР. Маладыя мужчыны сталі ў шэрагі франтавікоў і, не шкадуючы свайго жыцця, помсцілі ворагу за сваіх бацькоў, сясцёр і братоў, дзяцей, з якімі па-зверску расправіліся акупанты і іх памагатыя.

Вераніка КАНЮТА

Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ, кандыдат гістарычных навук

Фо­та Ула­дзі­мі­ра БОЙ­КІ

Загаловак у газеце: Горад-прывід

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.