Вы тут

Як мы зладзілі Каляды


На зямлі арабскай дзяржавы – Іарданскага Хашыміцкага Каралеўства – сёлета ўпершыню святкавалі беларускія Каляды. Нават вясёлыя калядоўшчыкі з Казою туды завіталі.


Дзецям на радасць і каб заахвоціць іх надалей удзельнічаць у рабоце суполкі

“Ой, ладачкі-ладкі:/ Пляскаем у ладкі!/ Ой, ладачкі-ладкі:/ Святкуем Калядкі!”… А чаму б і не святкаваць, калі ж і настрой святочны, і грамада сабралася адпаведная! Пра тое паклапаціліся актывісткі нашага Культурна-Асветніцкага Аб’яднання Беларусаў у Іарданіі (КААБІ). Збірацца разам на Каляды ў сямейным коле – прадаўняя, цудоўная, цёплая беларуская традыцыя. Вось і мы сабраліся – хоць і ўдалечыні ад Бацькаўшчыны, але ж кожны ў сэрцы мае жывую часцінку нашай Радзімы.­Толькі ж калядоўшчыкаў, напэўна, ніхто не чакаў, ды яшчэ з такой артыстычнай Казой, ды з такой прыгожай Каляднаю зоркай! Таму, здаецца, Калядны сюрпрыз у нашым беларускім коле – атрымаўся.

Яскравыя фрагменты Каляднага свята ў Амане

І каго толькі ў грамадзе іарданска-беларускіх калядоўшчыкаў ні было: і Цыганка, і Конь, і Певень, і Мядзведзь, і нават маленькі Чорт!.. Калядавалі ж мы не абы як, а па ўсіх правілах, паводле народнай традыцыі. З-за таго яшчэ весялей нам было, ну і адказнасць ажно зашкальвала: бо ў першы ж раз пайшлі калядаваць. Такога ўвогуле, пэўна што, у Амане і не чулі ды не бачылі ад сатварэння свету. (Інтэрнэт падказвае: найраннім паселішчам у Амане было месца, вядомае як Айн-Газаль, і дасягнула яно росквіту каля 7000 гадоў да нашай эры. У жалезны век горад называўся Рабат-Амон і быў сталіцай цывілізацыі аманіцян. – Рэд.) Сёння ўжо раскрыем сакрэт, што ў гурце калядоўшчыкаў Зарканошай была Кацярына Грудзінка, яе сыны Карым і Дані (прозвішча іх па бацьку: Абу-Гвеля) прымералі адпаведна ролі Мядзведзя й Чорта. Адказная і містычная роля Казы мне дасталася, а з роляй Цыганкі выдатна справілася былая мінчанка Надзея – цяпер яна Аль-Алімат, а яе дзеці Аміра, Цімур і Мурад былі адпаведна ў ролях Механошы (з кошыкам), Каня і Пеўня.

Спачатку гучала вясёлая, жыццярадасная Калядная  песня з Палесся “Ходзіло-­блудзіло” для ўсіх, хто сабраўся ў застоллі. Потым гарэза-Каза, як і належыць, занядужала, збіралася паміраць, дык яе ўсялякімі пачастункамі ажыўлялі. А потым карагоды ўсе разам ­вадзілі, а Цыганка ўсім на добрую долю варажыла. За Калядным сталом, накрытым паводле народных беларускіх традыцый, смачную куццю елі ўсе разам. Ну і да куцці ўсяго было! Дзяцей цукеркамі частавалі ды проста весяліліся.

Вялікі дзякуй супрацоўнікам Навукова-вытворчага прадпрыемства беларускіх народных рамёстваў “Скарбніца” з Мінска: дапамаглі са сцэнарам свята. Да таго ж і прыгожая вопратка наша іх працавітымі рукамі зроблена. Летам, дарэчы, шэсць касцюмаў ­беларускіх ад майстроў “Скарбніцы” мы ў падарунак ад Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў атрымалі – дзякуем, Аляксандр Аляксеевіч Румак! І яшчэ касцюмаў “скарбніцкіх” самі прыкупілі. Бо прыгожыя, стыльныя. Маскі адкуль такія файныя? Самі набылі, як і падарункі дзецям, а зорку Калядную – самі змайстравалі.

Браты Цімур і Мурад упершыню былі калядоўшчыкамі

Таксама вялікі дзякуй Fann wa Chai Art Gallery: за самабытнае памяшканне (цяпер ужо нашымі Калядамі на цэлы год шчасця і нават на болей асвечанае!) і за гасціннасць.

“А гасцям можа таксама дзя­ка-ваць?” – запытаеце вы. Ды не было ж гасцей у святочнай хаце! Бо сабралася на Каляды ў Амане наша вялікая беларуская сям’я. Усе разам, дарослыя і дзеці, Каляды й святкавалі!

Шчасця ўсім і дабрабыту!

Аксана Чамеза, Іарданія

Нумар у фармаце PDF

Загаловак у газеце: Як мы зладзілі Каляды

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».