Вы тут

Людміла Канановіч: Прыярытэт нашай дзяржавы — сацыяльная палітыка


Людміла КАНАНОВІЧ, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях:


— У складзе насельніцтва любой краіны ёсць сацыяльныя групы, якія маюць патрэбу ў павышанай увазе і клопаце з боку грамадства і дзяржавы. Вядома ж, гэта ў першую чаргу пажылыя грамадзяне, людзі з інваліднасцю, шматдзетныя сем'і, дзеці-сіроты. Прыярытэт нашай дзяржавы — сацыяльная палітыка. Што вельмі важна, сацыяльная накіраванасць захаваная і ў Асноўным Законе нашай краіны — Канстытуцыі. У прыватнасці, у артыкуле 47 замацавана права грамадзян на сацыяльнае забеспячэнне па ўзросце. Важныя аспекты звязаныя з людзьмі з інваліднасцю. Згодна з гэтым артыкулам ім забяспечваюцца роўныя магчымасці для ажыццяўлення правоў і свабод чалавека і грамадзяніна праз рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі сацыяльнай інтэграцыі інвалідаў, стварэння даступнага асяроддзя і паляпшэння якасці іх жыцця, падтрымкі сем'яў з інвалідамі. Раней, кажучы пра безбар'ернае асяроддзе, мы ўяўлялі чалавека з інваліднасцю на калясцы і стварэнне для яго пандусаў. Цяпер у гэтым пытанні мы ідзём далей. Кажам ужо пра ўніверсальнае даступнае асяроддзе не толькі для людзей з інваліднасцю, але і для пажылых людзей, хворых, маці з каляскамі. Каб для ўсіх грамадзян без выключэння быў забяспечаны роўны доступ да сацыяльна-культурных, прамысловых і гандлёвых аб'ектаў. Каб усе моманты безбар'ернага асяроддзя былі ўлічаны пры ўзвядзенні новых будынкаў.

Артыкул 47 Канстытуцыі — гэта арыенцір для далейшай работы па ўдасканаленні заканадаўства. У прыватнасці, мы ў парламенце ўжо разгледзелі ў першым чытанні Закон «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі». У хуткім часе плануем разгледзець яго ў другім чытанні. Гэтым законапраектам будуць прадугледжаны гарантыі для людзей з інваліднасцю і ў сферы занятасці (у тым ліку кватаванне рабочых месцаў), і ў сферы сацыяльнага забеспячэння ды інклюзіўнай адукацыі. Акрамя таго, у плане на гэты год — падрыхтоўка змяненняў і дапаўненняў у праект Закона «Аб сацыяльным абслугоўванні». Там закладзены многія кірункі і гарантыі аказання сацыяльных паслуг нашым грамадзянам, у тым ліку і нормы, звязаныя з доглядам людзей з інваліднасцю. Днямі на калегіі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ішла гаворка пра такія сацыяльныя паслугі, як «замяшчальная сям'я», «сацыяльная перадышка» для сем'яў, у якіх пражываюць людзі з інваліднасцю. Час дыктуе ўнясенне ў законапраект дадатковых сацыяльных паслуг.

У хуткім часе мы таксама плануем разгледзець змяненні і дапаўненні ў Працоўны кодэкс. Сёння згодна з нашым заканадаўствам шматдзетныя маці маюць права на адзін дзень у тыдзень, вольны ад работы. Цяпер жа абмяркоўваецца пытанне магчымасці ўвядзення варыятыўнага — дыстанцыйнага ці гібкага — рэжыму работы для такіх мам. Напрыклад, тры дні жанчына працуе ў офісе, два дні — з дому. Альбо шматдзетная маці зможа штодзень сыходзіць з работы на гадзіну раней (альбо прыходзіць на гадзіну пазней). Мы лічым, што гэта будзе накіравана на дапамогу бацькам, якія выхоўваюць дзяцей.

Акрамя таго, у нашай краіне прынята Нацыянальная стратэгія «Актыўнае даўгалецце —2030». Яе мэта — стварыць умовы для найбольш поўнай і эфектыўнай рэалізацыі патэнцыялу сталых грамадзян, устойліва павышаць якасць іх жыцця з дапамогай сістэмнай адаптацыі дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў да праблемы сталення насельніцтва. Ведаеце, вельмі прыемна, што нашы людзі нацэленыя на доўгае і актыўнае жыццё. Калі я працавала ў грамадскай прыёмнай, падчас абмеркавання нормаў Канстытуцыі прыйшла жанчына. Яна прапанавала дадаць у артыкул 47 «дзяржава праяўляе клопат... аб інвалідах і пажылых людзях» яшчэ і доўгажыхароў. Мы з ёй доўга размаўлялі. Я ёй даводзіла, што доўгажыхар — гэта той жа пажылы чалавек. «Навошта дадаваць гэту катэгорыю асобна, вы хочаце больш льгот і гарантый для гэтых людзей?» А яна: «Я хачу больш увагі гэтым людзям, каб да іх прыходзілі, каб іх запрашалі на святы, каб іх ушаноўвалі».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?