Вы тут

Падведзены вынікі літаратурнага конкурсу «Беларускі салавей», ініцыіраванага Нацыянальнай бібліятэкай


Мінулы год выдаўся багатым на юбілеі. І адным з іх стала 135-годдзе Змітрака Бядулі. Адзначаць яго супрацоўнікі бібліятэкі прапанавалі асабліва, праз цікавыя ініцыятывы, якія дапамогуць ушанаваць пісьменніка, папулярызаваць яго творчасць сярод шырокай аўдыторыі дзяцей і дарослых. Тым больш што «нацыяналка» ўжо мела падобны вопыт. Так, да анлайн-конкурсу чытальнікаў, прысвечанага 120-годдзю з Дня нараджэння Уладзіміра Дубоўкі, далучыліся сотні ўдзельнікаў з розных куткоў Беларусі.


Конкурс «Беларускі салавей» ізноў пацвердзіў, што айчынных класікаў з задавальненнем чытаюць і малыя, і дарослыя. Журы (навукоўцы, літаратуразнаўцы, філолагі) ледзьве паспявалі праглядаць творчыя работы, якія дасылалі школьнікі, навучэнцы каледжаў, студэнты, удзельнікі літаратурных аб'яднанняў, настаўнікі, бібліятэкары, пенсіянеры. Эсэ, прысвечаныя творчасці Бядулі, даслалі 827 чалавек. Узрост удзельнікаў — ад 6 да 71 года. Адна работа прыйшла нават з горада Кірсанаў Тамбоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Арганізатары конкурсу нават вырашылі падзяліць удзельнікаў на ўзроставыя групы і дадаць спецыяльныя намінацыі за новае бачанне творчасці Змітрака Бядулі, за прыгажосць мовы, за любоў да паэзіі (некаторыя работы былі напісаныя вершаванымі радкамі).

Як адзначыў адзін з членаў журы — вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Анатоль Трафімчык, такая актыўнасць сведчыць пра тое, што літаратурны працэс у нашай краіне развіваецца, расце цікавасць да роднай мовы. Магчыма, сярод соцень канкурсантаў падрастаюць будучыя пісьменнікі і літаратуразнаўцы.

Удзельнікам удавалася ствараць арыгінальныя работы — эсэ з сюжэтнай лініяй па творах Змітрака Бядулі, дзе адлюстроўвалася жыццё герояў, што папярэднічала б падзеям, апісаным класікам (prequel), ці стала б яго працягам (sequel), альбо падавала паралельнае арыгінальнаму твору развіццё падзей са знаёмымі персанажамі ці эпізодамі (spіn-off).

Юныя ўдзельнікі часта рабілі малюнкі па творах Змітрака Бядулі, запісвалі аўдыё і відэа. Работы актыўна друкаваліся ў сацыяльных сетках, а ў хуткім часе некаторыя з іх будуць надрукаваныя ў беларускіх часопісах і прагучаць на радыё.

Ганаровым госцем на ўрачыстасці, дзе падводзіліся вынікі конкурсу, стаў сын Змітрака Бядулі Яфім Плаўнік, які таксама сачыў за праектам і знаёміўся з работамі. Ён заўважыў, што сучаснікам класіка таксама давялося асэнсоўваць яго цудоўныя творы.

— Дзе вы знойдзеце літаратурны твор, па якім бы быў пастаўлены фільм, створаны балет (пасля вайны планавалася яшчэ стварыць оперу, але нешта не склалася), ішла п'еса, у якой былі задзейнічаны найлепшыя беларускія акцёры, — звярнуў увагу Яфім Самуілавіч на аповесць Бядулі «Салавей». — Не простым творам і сёння лічыцца напісаная перад Вялікай Айчыннай вайной «Сярэбраная табакерка». Ёй было прысвечана багата артыкулаў, як ухвальных, так і разгромных, у свой час былі праблемы з выхадам у свет — сябры адгаворвалі Бядулю, бо пасля друку маглі быць пэўныя наступствы. Класікі гадалі, што гэта за твор: філасофская казка, прытча?..

Конкурс «Беларускі салавей» ладзіўся ў межах вялікага віртуальнага праекта Нацыянальнай бібліятэкі «На хвалі часу, у плыні жыцця», які знаёміць з жыццём і творчасцю пісьменнікаў літаратурнага аб'яднання «Маладняк».

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Прэв’ю: pixabay.com

Загаловак у газеце: Пад крылом салаўя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.