Вы тут

Віцебская абласная інспекцыя Дзяржстандарта выявіла неікру неіснуючых вытворцаў


Прадукцыю па прывабнай цане актыўна прапаноўвалі спажыўцам на рынках і кірмашах, у гандлёвай сетцы Віцебска і Оршы ў канцы снежня — пачатку студзеня. Пільную ўвагу інспектараў прыцягнула імпартная ласасёвая ікра і кансерваваная рыбная прадукцыя 10 вытворцаў. Парушэнні былі ўстаноўлены ва ўсіх.


Ікра, выяўленая падчас наглядных мерапрыемстваў Інспекцыяй Дзяржстандарта па Мінскай вобласці і г. Мінску.

— Вывучэнне толькі маркіроўкі гэтай прадукцыі прывяло да таго, што яе рэалізацыю мы забаранілі, — адзначыла начальнік Віцебскай абласной інспекцыі Дзяржстандарта Аксана Мурашкевіч. — Як аказалася, дзевяці з дзесяці названых на этыкетках вытворцаў (ТАА «Персей», «Сахал», ТАА «Сальмонікс», ТАА «Сахалін Порт», ТАА «Сахалінская ікра», ТАА «ЯкутРыб», ТАА «Дэльта», ТАА «13», ТАА «Жамчужына Камчаткі») на самай справе няма. Яны былі альбо ліквідаваныя некалькі гадоў таму, альбо звесткі пра іх адсутнічалі ў Адзіным дзяржаўным рэестры юрыдычных асоб і Адзіным дзяржаўным рэестры індывідуальных прадпрымальнікаў, размешчаных на афіцыйным сайце Федэральнай падатковай службы Расійскай Федэрацыі.

Дэкларацыі аб адпаведнасці прапанаваных гэтымі вытворцамі далікатэсаў патрабаванням тэхнічных рэгламентаў Еўразійскага эканамічнага саюза (Мытнага саюза) адсутнічалі.

— Калі ў Оршы на кірмашы «Калядная скарбніца» мы папрасілі паказаць дакументы, якія пацвярджаюць бяспеку ікры, гандлёвы павільён... зачыніўся, — дадала Аксана Мурашкевіч. — На ўсіх назвах праверанай прадукцыі адсутнічалі ўніфікаваныя кантрольныя знакі, якія павінны быць у абавязковым парадку. У склад ласасёвай крупчастай ікры кета ад ТАА «Персей», згодна з маркіроўкай, уваходзіў харчовы дадатак «Е 224», выкарыстанне якога ў вытворчасці гэтага віду прадукцыі не прадугледжана патрабаваннямі тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза.

У ходзе пазапланавай праверкі Віцебскай абласной інспекцыяй Дзяржстандарта аднаго з суб’ектаў гандлю чатыры найменні ікры ласасёвай крупчастай, вырабленыя ТАА «Персей», ТАА «Дэльт», ТАА «13», ТАА «Жамчужына Камчаткі», былі выпрабаваны ў Інстытуце генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

«Вынікі паказалі, што ні адзін з гэтых узораў не ўтрымліваў ДНК ласасёвых відаў рыб (сёмга, вясёлкавая стронга, гарбуша, кіжуч, кета, нерка). Такім чынам, дадзены прадукт не з’яўляецца ікрой ласасёвых рыб, а найменне, якое ўказана вытворцам у маркіроўцы, уводзіць спажыўца ў зман адносна выгляду і паходжання прадукту», — адзначылі ў прэс-службе Дзяржстандарта.

Па выніках праверкі «ікра» забаронена да рэалізацыі. Прыняты меры, якія абмяжоўваюць яе ўвоз на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Пры здзяйсненні пакупак будзьце пільныя. Уважліва вывучайце маркіроўку прадукту, які хочаце набыць, пераканайцеся ў наяўнасці знака «ЕАС». Калі ў вас з’явілася нейкае сумненне ў паходжанні і якасці прадукту, лепш адмоўцеся ад куплі. Не спакушайцеся прывабнымі цэнамі: з вялікай доляй верагоднасці вашы чаканні адносна якасці прадукту не апраўдаюцца.

— У Рэестр небяспечнай прадукцыі, увоз і абарот якой забаронены на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, уключаны таксама два найменні ласасёвай крупчастай ікры, выяўленыя ў ходзе наглядных мерапрыемстваў Інспекцыяй Дзяржстандарта па Мінскай вобласці і г. Мінску. Прадукцыя не адпавядала патрабаванням тэхнічных рэгламентаў ЕАЭС па бяспецы і маркіроўцы, адзначылі ў прэс-службе камітэта.

Дар’я ГАСЦІЛОВІЧ, фота прэс-службы Дзяржстандарта

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.