Вы тут

Каранавірус супраць анкалогіі. Ці ёсць супрацьпаказанні да прышчэпкі ад COVІD-19?


Анкалагічных пацыентаў прынята адносіць да катэгорыі рызыкі павышанай смяротнасці ад COVІD-19. Аднак, як тлумачыць намеснік дырэктара па навуковай рабоце РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава Сяргей Красны, павышаная смяротнасць характэрная толькі для анкалагічных пацыентаў паміж 30 і 40 гадамі. Для гэтага ўзросту характэрныя вельмі спецыфічныя і агрэсіўныя пухліны, якія ўздзейнічаюць на імунную сістэму.


Ва ўсіх астатніх катэгорый анкапацыентаў прыкладна такая ж смяротнасць, як і ў людзей без злаякасных новаўтварэнняў, акрамя пацыентаў з 4-й стадыяй. У апошніх імунная сістэма працуе вельмі напружана, і рэзервы арганізма абмежаваны.

— Пры гэтым мы ведаем, што пры некаторых злаякасных пухлінах, наадварот, больш спрыяльны ход каранавіруснай інфекцыі. Гэта характэрна для пацыентаў, якія пакутуюць на рак прастаты і атрымліваюць гармоны. Таксама пры некаторых лімфомах — з-за таго, што ў такіх пацыентаў не развіваецца цытакінавы шторм, бо ў іх перабудавана імунная сістэма, — расказвае анколаг.

Што датычыцца прышчэпкі, то само па сабе злаякаснае новаўтварэнне не з’яўляецца супрацьпаказаннем, тлумачыць Сяргей Красны. Але ёсць невялікае абмежаванне: калі праводзіцца супрацьпухліннае лячэнне — хіміятэрапія, таргетная тэрапія, імунатэрапія, — лепш не вакцынавацца. Прышчэпку варта зрабіць ці да лячэння, ці ў прамежак паміж курсамі. Да кожнага пацыента тут індывідуальны падыход.

Як вядома, высокая тэмпература дапамагае ў барацьбе з анкалагічнымі захворваннямі, бо ракавыя клеткі не пераносяць высокіх тэмператур. Дык ці варта збіваць тэмпературу, напрыклад, пры каранавіруснай інфекцыі?

Як патлумачыў анколаг, уплыў высокіх тэмператур на пухлінныя клеткі быў даўно заўважаны —  яшчэ ў тыя даўнія часы, калі падчас эпідэміі чумы зніжалася анкалагічная захваральнасць і нават адбывалася вылечванне пацыентаў са злаякаснымі пухлінамі. Потым гэты кірунак пачаў распрацоўвацца, цікавым ён аказаўся і для беларускіх анколагаў. Была праведзена вялікая колькасць даследаванняў, агульную гіпертэрмію шырока выкарыстоўвалі для лячэння хіміярэзістэнтных пухлін.

— Пацыента награваюць да 42 градусаў, і праводзіцца хіміятэрапія, прычым у спалучэнні з гіперглікеміяй, калі падымаецца высокі ўзровень глюкозы ў крыві, што таксама ўзмацняе дзеянне хіміяпрэпаратаў. Аднак такое комплекснае лячэнне магчыма толькі пад наркозам, бо чалавек яго не перанясе. У свой час гэта быў адзін з эфектыўных метадаў і мы яго шырока прымянялі. Потым, дзякуючы з’яўленню новых лекавых сродкаў, у тым ліку таргетнай тэрапіі, паказанні да яго звузіліся, — кажа Сяргей Красны. — Гэты метад працягвае прымяняцца, і не толькі ў Беларусі, але і ў многіх краінах свету, у прыватнасці, вельмі шырока ў Расіі, Германіі.

Анколаг тлумачыць, што тэмпературу, неабходную для разбурэння пухлінных клетак, чалавек без наркозу вытрымаць проста не зможа.

— Калі 39 яшчэ неяк церпіць, то 42 — гэта занадта. Высокая тэмпература вельмі таксічная для галаўнога мозгу, могуць быць сур’ёзныя наступствы. Таму спецыяльна падчас захворвання трымаць у сябе высокую тэмпературу не варта — яе трэба збіваць, — раіць урач. — Тым часам і высокая тэмпература, і той цытакінавы шторм пры каранавіруснай інфекцыі цалкам можа ўплываць на пухлінныя клеткі, знішчаючы іх, бо яны больш адчувальныя.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?