Вы тут

Што выклікае рак і як яго пазбегнуць?


Паводле анкалагічнай базы даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у 2020 годзе ў свеце на рак захварэла 19,3 мільёна чалавек і амаль 10 мільёнаў загінулі. Ужо ў 2015 годзе ў 91 краіне са 172 у людзей ва ўзросце ад 18 да 70 гадоў рак быў на першым ці другім месцы сярод прычын смерці, і сёння такая тэндэнцыя захоўваецца. Нягледзячы на тое, што з’яўляюцца новыя лекі і падыходы ў лячэнні, чакаецца, што ў 2040 годзе ў свеце будзе дыягнаставана каля 28 мільёнаў выпадкаў раку — у кожнага пятага мужчыны і жанчыны ва ўзросце да 75 гадоў. У кожнага восьмага мужчыны і 11-й жанчыны хвароба акажацца смяротнай.


Фота: pexels.com

Беларускія анколагі адзначаюць зніжэнне захваральнасці

У Беларусі ў апошнія два гады адбылося рэзкае зніжэнне анкалагічнай захваральнасці, у 2020-м, напрыклад, адразу на 25 %. Тады беларускія анколагі выявілі каля 43 тысяч новых выпадкаў раку пры тым, што ў 2019-м было 54,5 тысячы ўпершыню захварэлых, і ў 2020-м адпаведна чакалася 55-56 тысяч новых выпадкаў.

— Гэта экстраардынарная сітуацыя, бо раней на працягу усяго перыяду назіранняў (больш за 50 гадоў) адзначаўся толькі рост, — кажа намеснік дырэктара па навуковай рабоце РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, доктар медыцынскіх навук, прафесар, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Сяргей Красны. — Мы вырашылі, што падчас пандэміі людзі проста не звяртаюцца па медыцынскую дапамогу. Таму, натуральна, у 2021 годзе чакалі рэзкага ўсплёску анкалагічнай захваральнасці, пацыентаў з запушчанымі пухлінамі.

Аднак і ў 2021 годзе росту не адбылося. Згодна з папярэднімі данымі, летась быў дакладна такі ж узровень захваральнасці, як у 2020-м. Сумарна за два гады колькасць новых выпадкаў раку знізілася на 25 тысяч.

— Мы прааналізавалі сітуацыю па стадыях хваробы — аказалася, што адбылося раўнамернае зніжэнне. На 1 % знізілася выяўленне на першай стадыі, на столькі ж павялічылася на чацвёртай. Звязана гэта хутчэй за ўсё з некаторым змяншэннем праграм скрынінгу, падчас якога і выяўляецца першая стадыя. Рэзкага павелічэння чацвёртай стадыі няма, — кажа Сяргей Красны. — Хутчэй за ўсё сама каранавірусная інфекцыя ўплывае на анкалагічную захваральнасць. Мы такую гіпотэзу выказалі, але для яе пацвярджэння неабходна некалькі гадоў. Мяркую, што адказ атрымаем гады праз два.

Смяротнасць ад злаяканых новаўтварэнняў сёлета таксама знізілася. На працягу апошніх дзесяці гадоў яна трымалася прыкладна на адным узроўні, вагаючыся ў межах 1 %, што на фоне штогадовага росту захваральнасці было вельмі добрым паказчыкам. У 2021 годзе смяротнасць ад злаякасных пухлін знізілася адразу на 3 %, а гэта каля 600 чалавек. У наступныя гады, паводле меркавання анколагаў, смяротнасць мусіць знізіцца яшчэ больш.

Фактары рызыкі, якіх можна пазбегнуць

— Расслабляцца асабліва не трэба, бо прычыны зніжэння захваральнасці яшчэ будуць высвятляцца. Паводле анкалагічнай базы даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у развітых краінах захваральнасць расце і будзе расці, — адзначае загадчык кафедры анкалогіі БелМАПА, кандыдыт медыцынскіх навук, дацэнт Аляксандр ЖУКАВЕЦ. — Таму важная пярвічная прафілактыка раку, асноўная мэта якой — зніжэнне захваральнасці. Спецыяльных супрацьракавых дыет ці практыкаванняў няма. Але ёсць фактары, пра якія добра вядома, і іх выключэнне з нашага жыцця дазволіць знізіць захваральнасць. Прыкладна да 30 % злаякасных захворванняў можна пазбегнуть. Іншая справа, што прафілактыка — справа доўгая, па сутнасці, гэта ўсё жыццё, патрабуе ўнутранага напружання, а мы гэтага не любім.

Паводле амерыканскіх даследчыкаў, прыкладна 42 % злаякасных захворванняў звязана з фактарамі рызыкі.

На першым месцы сярод іх курэнне, з ім звязаны шэраг пухлін. Гэта рак лёгкага (каля 60 %), гартані, слізістай поласці рота, мачавога пузыра, ныркі. 

З курэннем звязана каля 40 % выпадкаў смерцяў ад раку, бо ў такіх новаўтварэнняў, на жаль, вельмі дрэнны прагноз. Злоўжыванне ўльтрафіялетавым выпраменьваннем, або загарам, вінаватае ў 6 %  злаякасных выпадкаў, найперш меланомы.

З лішняй вагой асацыіравана каля 5 % раку. Гэта 5 % злаякасных утварэнняў у мужчын і 11 % усіх новаўтварэнняў у жанчын. Лішнія кілаграмы з’яўляюцца прычынай каля 30 % раку стрававода, 15 % раку малочнай залозы, 60 % раку цела маткі, да 30 % раку ныркі і да 40 % раку тоўстай кішкі. Каля 5 % злаякасных пухлін звязана з ужываннем алкаголю: доза, якая перавышае 40 грам у суткі, з’яўляецца канцэрагеннай.

Анкалогію выклікае і шэраг інфекцый. У прыватнасці, каля 30 % раку страўніка звязана з бактэрыяй «хелікабактар пілары». Цяпер захворванне на рак страўніка ў нашай краіне, як і ва ўсім свеце зніжаецца, бо змяніліся стэрэатыпы паводзін: людзі сталі выкарыстоўваць больш свежыя прадукты, ужываць больш гародніны і фруктаў. Яшчэ адна інфекцыя — вірус папіломы чалавека анкагенных штамаў — з’яўляецца прычынай раку шыйкі маткі ў 85 % выпадкаў.

Таму асноўная прафілактыка — адмова ад тытуню, алкаголю, лячэнне інфекцый, зніжэнне вагі і фізічная актыўнасць.

— У значнай колькасці пацыентак можна пазбегнуць развіцця раку шыйкі маткі, калі яны будуць вакцынаваны адпаведнай вакцынай. Па раку печані прыкладна палова выпадкаў звязана з наступствамі гепатыту В і С. Ад гепатыту В ёсць прышчэпкі, ад С — пакуль няма, але ёсць адэкватнае лячэнне. Па харчаванні таксама добра вядомы фактары, якія ўплываюць на развіццё злаякасных новаўтварэнняў. Гэта частае ўжыванне чырвонага мяса (свініна, бараніна, ялавічына), няважна, у якім выглядзе. Гэта не значыць, што мяснымі прадуктамі харчавацца не трэба, але мы імі крыху злоўжываем, — адзначае Аляксандр Жукавец.

Ёсць сувязь паміж ракам малочнай залозы, які ў структуры жаночай захваральнасці займае першае месца, і нараджэннем дзяцей. Адно дзіця, якое жанчына нарадзіла да 30 гадоў, зніжае рызыку развіцця раку малочнай залозы на 7 %, грудное кармленне — яшчэ на 4 %.

У агульнай анкалагічнай захваральнасці (сярод мужчын і жанчын) на першае месца ў нашай краіне выйшаў рак тоўстай кішкі, і гэтым Беларусь адрозніваецца ад усіх суседніх краін. Гэта звязана з няправільным харчаваннем: мы ўжываем вельмі мала гародніны і фруктаў, што адразу адбіваецца на функцыі кішэчніка. Акрамя таго, гэта звязана і з нізкім узроўнем прафілактыкі раку тоўстай кішкі — беларусы рэдка робяць прафілактычную скрынінгавую каланаскапію.

— Падчас каланаскапіі выяўляюцца паліпы, з якіх у будучыні можа развіцца рак, і яны выдаляюцца. З дапамогай такой каланаскапіі можна папярэдзіць 80 % выпадкаў раку тоўстай кішкі. Яе дастаткова праходзіць адзін раз на 10 гадоў, пачынаючы з 50. Калі ёсць блізкія сваякі, у якіх быў рак тоўстай кішкі, пачынаць варта ў 40–45 гадоў, — раіць Сяргей Красны.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?