Вы тут

Антон Смольскі заваяваў серабро Алімпійскіх гульняў


Беларускі біятланіст Антон Смольскі — сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў у Пекіне. Медаль ён заваяваў у індывідуальнай гонцы на 20 кіламетраў з чатырма агнявымі рубяжамі. Лідар беларускай каманды стартаваў 28-м, а да фінішу прыехаў праз 49 хв. 02.2 сек. На стрэльбішчы Антон не дапусціў ніводнага промаху. Алімпійскім чэмпіёнам стаў француз Кентэн Фіён Мае, яму Антон уступіў 14,8 секунд. Трэцяе месца ў нарвежца Ёханэса Бё. 


З паспяховым выступленнем Антона Смольскага павіншаваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. «У гэтым сезоне ты ўварваўся ў эліту сусветнага біятлона і ўзышоў на п’едэстал на галоўных стартах чатырохгоддзя. Алімпійскі медаль, здабыты ў бескампраміснай барацьбе з наймацнейшымі атлетамі планеты, — вялікі поспех і твой асабісты, і каманды, і ўсёй краіны», — гаворыцца ў віншаванні. Прэзідэнт пажадаў спартсмену моцнага здароўя, удачы і новых перамог.

Свае віншаванні накіраваў і прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка. «Сярэбраны медаль, заваяваны табой, стаў першым у скарбонцы алімпійскай зборнай на Гульнях у Пекіне, важным укладам у пераможныя традыцыі айчыннага спорту і сапраўдным падарункам для мільёнаў беларускіх балельшчыкаў», — сказана ў віншаванні. 

А міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук у сваім віншаванні падкрэсліў, што гэты медаль як ніколі быў патрэбны нашай краіне, нашым спартсменам, якія знаходзяцца ў Пекіне. «Сваёй перамогай Вы даставілі сапраўдную радасць шматтысячным аматарам спорту нашай краіны», — сказаў ён. 

Сам герой дня расказаў прэс-службе НАК Беларусі, што ён вельмі шчаслівы. «Шалёна шчаслівы дакладна правесці стральбу сёння, заваяваць медаль для краіны, для сваіх блізкіх. Падарыць ім масу радасных эмоцый. Удзячны сваёй камандзе. Гэта неверагодная праца трэнераў, тэхнічнага персанала. Наш план здзейсніўся», — падзяліўся Антон Смольскі. 

У інтэрв’ю тэлеканалу «Беларусь 1» ён раскрыў некаторыя дэталі сярэбранай гонкі. «Не мог адысці ад апошняга круга хвілін 5-10, таму што для мяне гэты круг, напэўна, быў самым цяжкім у жыцці, вялікая вышыня над узроўнем мора не дае выкласціся на максімуме, таму што скоўвае рух, цягліцы. Для мяне гэты дзень пакуль, можна сказаць, толькі пачаўся. Я яшчэ не да канца зразумеў, што адбылося. Але вельмі рады, што справіўся на ўсіх чатырох рубяжах чыста», — сказаў Антон Смольскі. 

Чыста адстраляцца на ўсіх чатырох рубяжах, сапраўды, было вельмі важна. Адзін промах, за які ў індывідуальнай гонцы налічваецца штрафная хвіліна, мае прынцыповае значэнне. Учора адзіны промах на апошнім агнявым рубяжы перашкодзіў Дзінары Алімбекавай заваяваць медаль, у выніку лідар жаночай каманды Беларусі заняла пятае месца. «Учора былі слёзы ад роспачы за свой вынік, а сёння слёзы шчасця ад медаля Антона. Пакуль цяжка нешта казаць, эмоцыі перапаўняюць... Віншую ўсю краіну!», — падзялілася эмоцыямі Дзінара Алімбекава. 

Дарэчы, серабро Антона Смольскага — першы алімпійскі медаль для мужчынскай зборнай Беларусі з 2010 году. Тады на Гульнях у Ванкуверы Сяргей Новікаў таксама стаў другім у індывідуальнай гонцы, раздзяліўшы серабро з легендарным Уле-Эйнарам Б’ёрндаленам. Сяргей Новікаў павіншаваў калегу, які паўтарыў яго поспех. «Зразумела, што цяжка бегчы, але і цяжка глядзець гонку. Глядзіш, перажываеш, бо разумееш усе нюансы, якія могуць быць на трасе, на стрэльбішчы. Разумееш, якія хвалюючыя пачуцці былі ў спартсменаў на заключным рубяжы. Вельмі рады за ўсю нашу каманду, што ўдалося падтрымаць традыцыі беларускага біятлону, на годным узроўні спартсмены паказваюць вынікі на працягу ўсяго сезона. І на Алімпіядзе ўжо ёсць медаль. Віншую Антона, малайчына, баец! Усю нашу каманду віншую», — перадае словы знакамітага спартсмена БелТА. 

Свае віншаванні Антону Смольскаму накіраваў і чатырохразовы алімпійскі чэмпіён па біятлоне Аляксандр Ціханаў. «Я яшчэ да Алімпіяды заяўляў, што Антон здольны змагацца за асабістыя ўзнагароды любой годнасці. Больш ні пра каго з беларусаў і расіян я так не гаварыў. І, як бачыце, не памыліўся — ёсць алімпійскі медаль, і гэта вялікі поспех. Думаю, далей ад Смольскага можна чакаць і золата, але гэта біятлон, ён славіцца сваёй інтрыгай і непрадказальнасцю», — цытуе яго БелТА. 

Па традыцыі у рамках праекту «Алімпійскі выбар» чэмпіёны і прызёры Алімпійскіх гульняў выбіраюць спецыялізаваную навучальна-спартыўнаю ўстанову, якой Прэзідэнцкі спартыўны клуб акажа бязвыплатную (спонсарскую) дапамогу. Антон Смольскі зрабіў свой выбар на карысць Капыльскай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву. Установа атрымае дапамогу ў памеры 20 тысяч рублёў ад Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.

Аднак, раслабляцца беларускім біятланістам пакуль рана. Наперадзе яшчэ некалькі гонак. Расклад астатніх алімпійскіх гонак біятланістаў:

  • 11 лютага — жаночы спрынт.
  • 12 лютага — мужчынскі спрынт.
  • 13 лютага — мужчынская гонка пераследу; жаночая гонка пераследу.
  • 15 лютага — мужчынская эстафета.
  • 16 лютага — жаночая эстафета.
  • 18 лютага — мужчынскі мас-старт.
  • 19 лютага — жаночы мас-старт

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.