Вы тут

Вікторыя Вараб'ёва: Нам зноў удалося прывезці карону ў Беларусь


На ХХХ конкурсе прыгажосці і таленту «Каралева студэнцтва Саюзнай дзяржавы», які прайшоў у студзені ў Стаўрапалі, перамагла беларуска. Яе імя цяпер на слыху ў многіх. Яна — дзяўчына творчая. І акрамя таго, што вучыцца ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, яшчэ займаецца танцамі, наведвае народны ансамбль «Віцябчанка» і выкладае ўменне падаць сябе ў «Студэнцкім доме моды». Мы вырашылі распытаць Вікторыю пра закуліссе конкурсу, цану выбару і ўменне не губляць «балансу» па жыцці.


— Віка, віншую вас з перамогай. Раскажыце, што дае вам і да чаго абавязвае тытул «Каралева студэнцтва Саюзнай дзяржавы»?

— Мае абавязкі пакуль што яшчэ канкрэтна не акрэслілі. Але я лічу, што атрымаць такое званне — пачэсна і для мяне, і для краіны. Нам зноў за апошнія пяць гадоў удалося прывезці карону ў Беларусь. Я асабіста даўно марыла аб такой перамозе, таму магу сказаць, што здзейснілася мая маленькая запаветная мара.

— І якія ўражанні пакінуў конкурс?

— У мяне засталіся толькі самыя прыемныя. Я думала, што ў працэсе конкурсу і непасрэдна ў дзень фіналу будзе падтрымка расіянамі сваіх прадстаўнікоў. Гэта звычайная гісторыя на такіх спаборніцтвах, аднак кожная з нас адчувала каласальную падтрымку і за кулісамі, і падчас кожнага выхаду на сцэну. На конкурсе мы паспелі за кароткі час добра пасябраваць з іншымі канкурсанткамі, і таму кожная з нас хварэла за астатніх, нібыта за сябе. Зусім не адчувалася атмасферы барацьбы, саперніцтва, з якімі часта асацыіруюцца такія мерапрыемствы. Асобна хочацца падзякаваць людзям са Стаўрапаля за цёплы і гасцінны прыём.

— Сам горад удалося паглядзець?

— Бачылі, але мала. Пабывалі ў музеі, у цэнтры горада і крыху вывучылі раён, дзе знаходзіўся наш інтэрнат. А ўвесь астатні час мы знаходзіліся на рэпетыцыях. Калі рабіць высновы з таго, што ўсё ж змагла ўбачыць, то, думаю, з задавальненнем вярнулася б туды зноў для больш дэталёвага знаёмства. Атмасфера вельмі гэтаму спрыяе.

— У праграме фіналу былі розныя конкурсы. Якімі былі вашы адчуванні, у прыватнасці, калі прымяралі вясельныя сукенкі і нацыянальныя вобразы?

— Вясельную сукенку прымярала ўжо не першы раз. У нас і на абласным туры быў выхад у такіх строях. Таму, акрамя таго, што гэта неверагодна прыгожа (а я не з тых дзяўчат, хто марыць хутчэй прымераць гэтую сукенку ў жыцці), мне спадабалася, як выглядаю ў нязвыклым для сябе вобразе. А вось калі апранала нацыянальны строй, то адчувала гонар ад таго, што прадстаўляю сваю краіну, а не проста саму сябе, як бывае на многіх падобных конкурсах.

— На што рабілі акцэнт у апошнім вобразе?

— Там усё базіравалася на легендзе прамоўніцкага конкурсу, якую трэба было распавесці. Мая гісторыя была пра русалку, і менавіта ад вобраза гэтай гераіні мы і адштурхоўваліся пры стварэнні нацыянальнага касцюма.

— Акрамя прыгажосці, конкурс факусіраваўся на такіх паняццях, як сяброўства і лідарства... Што вы асабіста ўкладаеце ў іх?

— Сяброўства для мяне заўсёды стаіць на першым месцы. І мне пашчасціла мець найлепшую сяброўку, чалавека, з якім побач адчуваеш падтрымку, разуменне і блізкасць. Таму ў ланцужку сяброўства — лідарства першае для мяне мае большую вагу. Дарэчы, лідарам я сябе таксама не лічу, бо заўсёды ёсць да чаго імкнуцца. І ніколі не трэба спыняцца на дасягнутым.

— Але ж ці магчыма без лідарскіх задаткаў рэалізоўваць сябе настолькі разнабакова, як гэта робіце вы?

— З дзяцінства ў мяне прысутнічае імкненне заяўляць пра сябе, і таму па жыцці я выхоўваю ў сабе мэтанакіраванасць, якая і дапамагае рушыць наперад. Ведаеце, тыя ж конкурсы даюць стрыжань, не хочацца спыняцца. І такі настрой ужо застаецца з табой назаўсёды.

— Скажыце, ці назіраеце, як змяняюцца людзі вакол па меры дасягнення пастаўленых мэт і заваёўвання новых перамог?

— У мяне заўсёды было нешматлікае кола тых, з кім кантактую. Гісторыя пра дзесяць сябровак — не пра мяне. Я імкнуся падтрымліваць сувязі толькі з самымі блізкімі. Вядома, часам здараецца і так, што з кімсьці вашы шляхі ў жыцці разыходзяцца. Але ў асноўным усе, хто быў побач са мной ад самага пачатку, застаюцца на маім баку па сёння. Мне, мабыць, пашчасціла.

— Вашы творчыя задаткі з сям'і?

— Так, бо мама з дзяцінства спявала і ўсюды выступала, але прафесійна звязала свой лёс з іншай сферай і стала тавараведам. Я, можна сказаць, у абодвух напрамках пайшла па яе слядах, і дагэтуль мне ўдаецца сумяшчаць гэтыя шляхі.

— Зараз вы ўжо студэнтка чацвёртага курса. Чым прываблівае будучая прафесія тавараведа?

— Спачатку, калі я толькі паступіла на сваю спецыяльнасць, дапускала, што магу не звязаць жыццё з гэтым заняткам. З часам адкрыла для сябе, што мая прафесія вельмі рознабаковая і галоўнае — знайсці сваю нішу, дзе можна рэалізоўвацца і атрымліваць задавальненне. Пакуль мне ўсё падабаецца. Напрыклад, перад конкурсам здавала курсавую, у якой вывучала тэму экспертызы электранагравальных прыбораў, ацэнку якасці.

— А як пакупнік заўсёды адстойваеце свае правы?

— Так, не дарэмна ж вучуся ўжо чатыры гады! Калі бачу нейкія нюансы, якія ўказваюць на няякасны тавар, то іду і разбіраюся з праблемай. Я здольная адстаяць свой пункт гледжання.

— Раскажыце пра «Студэнцкі дом моды» пры ўніверсітэце, дзе зараз з'яўляецеся кіраўніком...

— У гэты калектыў я трапіла на першым курсе пасля дэбютнага свайго конкурсу прыгажосці. Студэнцкі дом моды з'яўляецца месцам, дзе любы ахвотны можа прайсці бясплатныя заняткі па дэфіле, расцяжцы, уменні трымацца на сцэне. Словам, спасцігнуць усё тое, што дазваляе лепш падаваць сябе. І я, як кіраўнік, на працягу года вучу гэтым сакрэтам іншых хлопцаў і дзяўчат. Бо тыя ж роўная спіна і прыгожая паходка ствараюць першае ўражанне пра нас, якое адыгрывае важную ролю.

— А як лічыце, ці можа прыгажосць быць ключом да поспеху ў жыцці?

— Усё залежыць ад таго, якую прыгажосць мы маем на ўвазе. Бывае, што знешне чалавек вельмі прывабны, але зусім неглыбокі. У маім разуменні прыгожымі нас робяць эмоцыі, уражанні і бляск у вачах.

— Вы адзначылі ў адным інтэрв'ю, што галоўнымі складнікамі ўласнага поспеху лічыце пастаянную працу над сабой і ўпэўненасць у сабе ў любой сітуацыі. Як гэта ўдаецца?

— Ад сваёй мамы я вучуся таму, каб быць цярплівай і ўседлівай. І часам, каб спасцігнуць нешта новае, здараюцца ў маім жыцці і бяссонныя ночы. Плаціць даводзіцца і тым, што менш часу, чым хацелася б, праводзіш дома з блізкімі людзьмі. І нейкія справы з прычыны загружанасці выпадаюць з ліку прыярытэтаў альбо адкладаюцца назаўсёды. Хацелася б, вядома, каб па-іншаму ўсё складвалася.

— Якія заняткі даюць магчымасць адпачыць і перазагрузіцца сярод будняў?

— З кожнай паездкі з задавальненнем вяртаюся ў свой родны Віцебск. І мне вельмі падабаецца прагульвацца па старым цэнтры горада, заходзіць ва Успенскі сабор. Для мяне там месца сілы, дзе я супакойваюся. Акрамя гэтага, падабаецца тэатр, але там выпадае бываць нячаста. А самае простае — гэта дома перад люстэркам патанцаваць ці зрабіць спартыўную трэніроўку. Тады атрымліваецца адключыць думкі і сканцэнтравацца на тым, што дае лёгкасць і бадзёрасць.

— Што сёння ў 20 гадоў сказалі б сабе 30-гадовай?

— Каб я заставалася такой жа маладой душою, а яшчэ пазітыўнай і жыццярадаснай. І няхай гэта не знікне ні з узростам, ні пад уплывам любых абставін.

Алена ДРАПКО

Фота дадзены гераіняй

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?