Вы тут

Замест канькоў — ролікі. Насамрэч гэта не дзіцячая забава, а алімпійскі від спорту


Адной з самых папулярных актыўнасцяў зімой з'яўляецца катанне на каньках. Але што рабіць аматарам гэтага спорту з надыходам цеплыні? Адказ на пытанне дакладна ведае заснавальнік мінскай ролер-школы, майстар спорту, шматразовы чэмпіён Беларусі ў спідскейтынгу, пераможца чэмпіянатаў Расіі і Украіны, удзельнік кубкаў свету Сяргей Мінін.


— Любоў да ролікаў з'явілася ў мяне яшчэ ў самым дзяцінстве, але знаёмства з гэтым відам спорту пачалося менавіта з канькоў. Калі быў зусім малы, мяне прывялі на заняткі ў дзіцячую юнацкую канькабежную школу. І літаральна з першыха заняткаў галоўнай мэтай і марай было стаць класным прафесійным хакеістам. Але ўсё змянілася з надыходам цёплага надвор'я. Тады яшчэ не было крытых каткоў, і каб не спыняць трэніроўкі, выкладчык прынёс ролікі, і мы пачалі вучыцца тэхніцы катання і трукам.

Наш герой прызнаецца, што і сам не заўважыў, як ролер-спорт перайшоў са звычайнага дзіцячага захаплення ў прафесію. Усведамленне гэтага прыйшло, калі ён скончыў універсітэт фізічнай культуры і заключыў першыя спартыўныя кантракты.

Наш герой прыгадвае, што адной з самых складаных частак рэалізацыі задумы стала прыцягненне наведвальнікаў. Справа ў тым, што ў большасці краін СНД яшчэ існуе стэрэатып, быццам ролікавае катанне — гэта забава для дзяцей і падлеткаў. Таму Сяргею прыйшлося тлумачыць аўдыторыі, што ролікі — гэта не цацка або забава, а, у першую чаргу, спорт і здароўе. Гэтак жа, як бег або футбол, толькі менш распаўсюджаны ў нас, але такі ж карысны, а часам нават і больш экстрэмальны.

— Адкрыўшы сваю школу, я адразу зрабіў разнапланавыя гурткі не толькі па ўзроўні падрыхтоўкі, але і па ўзросце. Дарэчы, самыя першыя групы былі не дзіцячыя, а дарослыя. Працэнтаў восемдзясят складалі дзяўчаты і жанчыны і ўсяго дваццаць — хлопцы. Пазней зрабілі і дзіцячы набор. Бацькі часта задаюць пытанне, з якога ўзросту можна прыводзіць да нас сваіх сыноў і дачок, на што мы адказваем: у тры з паловай года. Гэта мінімальны парог для навучання ролікаваму спорту. Вядома, адна з галоўных умоў для зусім маленькіх дзяцей — каб яны ўжо ўпэўнена хадзілі. Што датычыцца дарослых, то канкрэтных узроставых крытэрыяў няма. Галоўнае — жаданне, а ўсяму астатняму мы навучым. Адзіны крытэрый — трэба абавязкова прынесці даведку аб стане здароўя, бо ёсць пэўныя захворванні, якія нельга сумяшчаць з экстрэмальнымі і цяжкімі фізічнымі нагрузкамі. Наогул, матывам для прыходу на заняткі служаць зусім розныя прычыны. Хтосьці проста хоча ўсебакова развіць сябе ці сваё дзіця, пахудзець... Але ёсць і тыя, хто прыходзіць з выразным жаданнем займацца гэтым прафесійна. У такім выпадку нашы выкладчыкі падрыхтоўваюць іх да розных марафонаў, а самых лепшых — да алімпійскіх спаборніцтваў.

Галоўнай складанасцю для людзей, якія хочуць пачаць развівацца ў гэтым кірунку, становіцца правільны выбар ролікаў. Наш герой раіць усім пачаткоўцам пачынаць навучанне з самых звычайных. Часцей за ўсё выбіраюць рассоўныя мадэлі, якіх хапае як правіла на чатыры-пяць гадоў. Аднак асабліва важная якасць інвентара, бо калі сэканоміць, то потым ідуць вялікія сумы на лячэнне ніжніх канечнасцяў. Могуць узнікнуць праблемы з суставамі, будзе парушацца хада і многае іншае.

— Разумеючы ўсю важнасць нашай справы, да падбору трэнерскага складу ў школе ставяцца з асаблівай увагай, — падкрэслівае Сяргей Мінін. — Усе з работнікаў альбо ўжо маюць вышэйшую адукацыю, альбо заканчваюць навучанне ў ВНУ. Пры вызначэнні чалавека на ролю выкладчыка ў якім-небудзь кірунку заняткаў улічваюцца яго рысы характару, досвед, узнагароды і, вядома ж, навык аказання першай медыцынскай дапамогі, бо ад падзенняў не застрахаваны нават самы дасведчаны ролер, не кажучы ўжо пра пачаткоўцаў.

Сяргей акцэнтуе: для таго, каб займацца гэтым відам спорту, не трэба нечага звышнатуральнага ў плане інфраструктуры.

— На мой погляд, у ролер-спорце наша краіна дастаткова развітая ў плане падрыхтоўкі спартсменаў. У Мінску ёсць ролер-трасы, але што лепей за ўсё, дык гэта наяўнасць праферыраванага трэка ў Салігорску. Гэта вельмі вялікі поспех і рух да сусветнага ўзроўню, бо такіх месцаў, якія пабудаваны па найбольш сучаснай тэхналогіі і парабалічнымі контрухіламі, у свеце ўсяго тры. І я ўпэўнены, што хутка туды будуць прыязджаць спартсмены з усіх краін і праводзіць разнастайныя турніры і спаборніцтвы. А пакуль вы можаце развіваць свае навыкі самастойна ў парках ці ў нашай ролер-школе, дзе вам заўжды будуць рады.

Ангеліна НОВІКАВА

Фота дадзена героем

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.