Вы тут

Што зменіцца ў судовай сістэме, абранні суддзяў і зваротах грамадзян


Перадача некаторых паўнамоцтваў, датычных да судовай улады, Усебеларускаму народнаму сходу (УНС), з'яўленне асобнага артыкула па Канстытуцыйным судзе і іншыя змяненні ў судовай сістэме прадугледжаныя ў праекце Канстытуцыі, што выносіцца на рэферэндум. На першы погляд, некаторыя з меркаваных і, здавалася б, неабавязковых паправак, маюць рэдакцыйны ці, як кажуць юрысты, юрыдыка-тэхнічны характар, аднак усё не так проста. Маштабныя змяненні ў Канстытуцыю маюць пад сабой вельмі моцнае абгрунтаванне. Па-першае, заканадаўчыя правілы, па якіх жыве краіна, павінны быць актуальнымі, то-бок адпавядаць патрабаванням часу, ступені сацыяльнага, эканамічнага і палітычнага развіцця грамадства, стымуляваць пазітыўныя працэсы развіцця. Па-другое, галоўны дакумент краіны павінен быць дакладным і не дапускаць двухсэнсавасцяў, а тым больш унутраных супярэчнасцяў, лічыць Валерый КАЛІНКОВІЧ, першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда, які растлумачыў найбольш важкія з абазначаных новаўвядзенняў.


Прымусовая праца і магчымасць паскардзіцца

— У існуючай рэдакцыі Канстытуцыі напісана, што «судовая ўлада ў Рэспубліцы Беларусь належыць судам» (Артыкул 109). Яе прапануецца замяніць фразай «судовая ўлада ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца судамі». Як адаб'ецца на дзейнасці суда замена аднаго слова, якое фактычна адбірае ў суда валоданне адной з галін улады? І што дасць дабаўленне слова «Канстытуцыя» у планаваным выразе «Судовы лад у Рэспубліцы Беларусь вызначаецца Канстытуцыяй і законам»?

— Улада ў краіне наогул належыць народу, і ён жа з'яўляецца адзінай крыніцай улады, таму яна не можа належаць нікому іншаму. Улады толькі ажыццяўляюць паўнамоцтвы, якія на іх ускладзены Канстытуцыяй і законамі. На маю думку, аўтарам папярэдніх тэкстаў канстытуцый трэба было вырашаць значна большыя пытанні адносна формаў улады ў краіне ў прынцыпе, а таксама іх паўнамоцтваў. Аднак цяпер нарматворчы працэс развіўся да іншага ўзроўню, і суды сапраўды цяпер менавіта ажыццяўляюць законы.

У Канстытуцыі замацаваны асноўныя прынцыпы будаўніцтва судовай сістэмы: тэрытарыяльнасць і спецыялізацыя. У Канстытуцыі прадугледжаны асноўныя палажэнні, датычныя вышэйшых айчынных судоў. Вось і атрымліваецца, што судовы лад у краіне па шэрагу момантаў вызначаецца найперш Канстытуцыяй, а ўжо далейшае нарматыўнае рэгуляванне гэтых пытанняў аддаецца на ўзровень іншага заканадаўства.

— Канстытуцыяй забараняецца прымусовая праца, акрамя работы або службы, вызначанай прысудам суда (Артыкул 41). У змененым варыянце гэта фармулёўка будзе гучаць так: «прымусовая праца забараняецца, акрамя работы або службы на падставе судовай пастановы». Што будзе азначаць такая замена?

— Сапраўды, прымусовая праца дапускалася па законе толькі на падставе судовага прысуду. Гэта мела месца пры асуджэнні да пазбаўлення волі або пры такой меры крымінальнай адказнасці як умоўнае асуджэнне да пазбаўлення волі з прыцягненнем да працы. Сённяшняе заканадаўства ўтрымлівае ў сабе значна больш палажэнняў, якія дазваляюць прыцягваць чалавека да працы на падставе судовай пастановы. Дарэчы, ёсць новае адміністрацыйнае спагнанне — грамадскія работы, якія накладваюцца судом на аснове не прысуду, а пастановы суда. Згодна з Дэкрэтам № 18 нядбайныя бацькі павінны прымусова працаваць, каб выплачваць дзяржаве сродкі за ўтрыманне сваіх непаўналетніх дзяцей. Від судовай пастановы пры гэтым залежыць ад віду судаводства, у якім такія рашэнні прымаюцца, таму і прапануецца ўвесці абагульняючы тэрмін «судовая пастанова». Гэта той выпадак, калі палажэнні закона адаптуюцца да сучасных рэалій.

— Артыкул 60 прапануецца дапоўніць цікавай фразай «рашэнні і дзеянні (бяздзеянне) дзяржаўных органаў і службовых асоб, якія ўшчамляюць правы і свабоды, могуць быць абскарджаны ў суд». Ці зробіць такое дапаўненне сістэму менш бюракратычнай, а службовых асоб — больш кемнымі?

— Абскардзіць рашэнне можна і цяпер. Мяркуецца, што наданне такой магчымасці статусу канстытуцыйнага права зробіць больш аб'ектыўнай работу дзяржорганаў і службовых асоб па задавальненні жыццёвых пытанняў і патрэб насельніцтва. А таксама дапоўніць шэраг канстытуцыйных нормаў, якія забяспечваюць баланс і раздзяленне ўладаў, што станоўча паўплывае на стабільнасць дзяржавы ў цэлым. Разгляд падобных скаргаў — своеасаблівая магчымасць судовага кантролю за дзеяннямі іншай галіны ўлады. Тым больш што судовы кантроль прысутнічае не толькі ў грамадзянскім праваабароце — сёння ў суд можна падаць скаргу, напрыклад, на ўзяцце пад варту ці хатні арышт.

Кампетэнтнасць, эканамічнасць, аператыўнасць

— Навошта прапануецца да ўнясення ў Канстытуцыю асобны Артыкул 1121 «Вярхоўны суд узначальвае сістэму судоў агульнай юрысдыкцыі і з'яўляецца найвышэйшым судовым органам, які ажыццяўляе правасуддзе праз грамадзянскае, крымінальнае і іншыя формы судаводства, прадугледжаныя законам»?

— У артыкулах, якія сёння датычацца судовай улады, існуюць асобныя нормы пра Канстытуцыйны суд, аднак няма нічога пра Вярхоўны суд. Ёсць толькі палажэнні пра суды ў агульным сэнсе. Калі дзеючая версія Канстытуцыі прымалася, большую частку пытанняў матэрыяльна-тэхнічнага і кадравага забеспячэння большай часткі судовай сістэмы ўвогуле вырашала Міністэрства юстыцыі. Гэта была савецкая мадэль арганізацыі работы правасуддзя. Аднак у выніку рэформы 2013 года ў краіне створана адзіная сістэма судоў агульнай юрысдыкцыі на чале з Вярхоўным судом, у межах якой мы вырашаем усе судовыя пытанні. Правая сітуацыя з тых часоў значна змянілася, і калі ў Канстытуцыі азначаецца прававы статус усіх вышэйшых дзяржустаноў і службовых асоб, то відавочна, што ў яе трэба ўключыць нормы пра базавы статус вышэйшых судовых інстанцый.

— Яшчэ адно прапанаванае змяненне датычыцца фразы Артыкула 113 «справы ў судах разглядаюцца суддзямі калегіяльна, а ў прадугледжаных законам выпадках — аднаасобна». Яе мяркуецца перарабіць на «справы ў судах разглядаюцца суддзямі аднаасобна, а ў прадугледжаных законам выпадках — калегіяльна». Навошта мяняць месцамі гэтыя паняцці?

— Раней практычна ўсе судовыя справы разглядаліся калегіяльна (не менш за трох чалавек). Гэта былі і разводы, і справы аб выхаванні непаўналетніх, і далёка не ўсе людзі былі гатовыя казаць пра свае праблемы ў такім публічным фармаце. Нацыянальная мадэль судовага працэсу з тых часоў развілася ў бок прафесіяналізацыі суда і разумнай эканоміі фінансаў і часу на ажыццяўленне правасуддзя. Цяпер большасць спраў разглядаецца судамі першай інстанцыі ў складзе аднаго прафесійнага суддзі. Гэта амаль усе грамадзянскія справы, адміністрацыйныя правапарушэнні, каля дзвюх трацін — крымінальных. Калегіяльнаму разгляду падлягаюць некаторыя найбольш складаныя катэгорыі крымінальных і грамадзянскіх спраў, а таксама скаргі на судовыя пастановы ў вышэйстаячых судах. У спецыялізаванай судовай калегіі Вярхоўнага суда аб справах інтэлектуальнай уласнасці некаторыя катэгорыі спраў таксама разглядаюцца трыма прафесійнымі суддзямі як судом першай інстанцыі, настолькі яны складаныя. Таму меркаваная папраўка проста адлюстроўвае гістарычную рэчаіснасць і закладвае ў Асноўны Закон існуючы стан рэчаў. У аснове ўсіх міжнародных судовых рэформаў, што я ведаю, закладзена ідэалагічная трыяда: кампетэнтнасць, эканамічнасць, аператыўнасць.

Абранне суддзяў, роля УНС і сумненні ў канстытуцыйнасці

— Цэлы блок паправак прысвечаны функцыям УНС і Канстытуцыйнаму суду. Між іншым, прадугледжваецца, што «старшыня і суддзі Вярхоўнага суда выбіраюцца і вызваляюцца ад пасады Усебеларускім народным сходам». Чым абгрунтавана перадача паўнамоцтваў па выбары суддзяў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў і вызваленні іх ад пасады УНС?

— Калі пытанне абрання суддзяў перадаецца найвышэйшаму органу народаўладдзя (УНС), гэта, па-першае, павышэнне адказнасці за выбіраемых людзей перад грамадствам. Па-другое, гэта ўмацоўвае гарантыі незалежнасці суддзяў пры ажыццяўленні правасуддзя. Па-трэцяе, гэта нязменнасць адвольнага складу судоў, таму што абранне будзе публічнай працэдурай. Па-чацвёртае, на УНС, акрамя іншых паўнамоцтваў, ускладзена функцыя гэткага кансалідуючага органа ў сітуацыях, калі беларускае грамадства будзе сутыкацца са знешнімі ці ўнутранымі складанасцямі, у тым ліку з палітычнай нестабільнасцю, таму абранне суддзяў вышэйшых судоў менавіта гэтым органам у няпростай сітуацыі, якая можа скласціся ў краіне, дае дадатковую гарантыю стабільнай работы судовай сістэмы. Гэта асабліва важна ў вострыя перыяды. Нагадаю, што сістэма судоў агульнай юрысдыкцыі штодня выносіць некалькі тысяч розных рашэнняў па канкрэтных справах.

— Калі пры разглядзе справы «у суда ўзнікнуць сумненні ў канстытуцыйнасці нарматыўнага прававога акта, які падлягае прымяненню, суд да прыняцця пастановы ставіць перад Канстытуцыйным судом пытанне аб праверцы канстытуцыйнасці ўказанага нарматыўнага прававога акта». Навошта такое дапаўненне мяркуюць уключыць у Канстытуцыю? Раней не было сумненняў у адпаведнасці прававых актаў Канстытуцыі?

— Згодна з Канстытуцыяй, менавіта Канстытуцыйны суд упаўнаважаны на афіцыйнае тлумачэнне Асноўнага Закона. На маю думку, менавіта з гэтых пазіцый праектам пашыраюцца магчымасці канстытуцыйнага кантролю. Пры гэтым больш дакладна размяжоўваюцца кампетэнцыі судоў агульнай кампетэнцыі і Канстытуцыйнага суда. Сэнс змены адносна дапаўнення, што ўносіцца, у тым, што суд агульнай юрысдыкцыі не будзе, як цяпер, самастойна інтэрпрэтаваць, ці суадносіцца закон, які павінен прымяняцца ў разглядаемай справе, з Канстытуцыяй. Цяпер, калі суд лічыць, што закон з Канстытуцыяй не суадносіцца, ён абавязаны вынесці рашэнне адпаведна з Канстытуцыяй, і толькі потым ініцыіраваць праверку канстытуцыйнасці гэтага закона. Новая рэдакцыя прапануе, каб суд, сутыкнуўшыся з такой сітуацыяй, спыніў разгляд справы і звярнуўся з канстытуцыйным запытам у Канстытуцыйны суд. У залежнасці ад рашэння апошняга будзе вырашаны далейшы лёс разглядаемай справы. У Вярхоўнага суда, зрэшты, доўгія гады не было падстаў для сумнення ў канстытуцыйнасці законаў.

— Яшчэ адна навела, якая прапісана ў Артыкуле 1161, датычыцца ўвядзення канстытуцыйнай скаргі. «Канстытуцыйны суд у парадку, устаноўленым законам, выносіць рашэнні: па скаргах грамадзян на парушэнні іх канстытуцыйных правоў і свабод, правяраючы канстытуцыйнасць законаў, ужытых у канкрэтнай справе, калі вычарпаны ўсе іншыя сродкі судовай абароны». Мяркуецца, што Канстытуцыйны суд цяпер будзе найгалоўнейшым?

— Увядзенне такога інстытута ўпершыню ў гісторыі нашай дзяржавы дазволіць грамадзянам непасрэдна звяртацца ў Канстытуцыйны суд. Аднак няма падстаў лічыць, што нейкі з найвышэйшых судоў будзе галоўным — яны абодва роўныя. У Канстытуцыі грунтоўна размяжоўваюцца кампетэнцыі Вярхоўнага і Канстытуцыйнага судоў. Суды агульнай юрысдыкцыі не даюць ацэнку заканадаўству на яго адпаведнасць Канстытуцыі, а толькі ініцыіруюць такую праверку. А Канстытуцыйны суд пры разглядзе скаргаў і канстытуцыйнай адпаведнасці не праводзіць рэвізію пастановы суда агульнай юрысдыкцыі па канкрэтнай справе, таму што высвятленне фактычных абставін судовай справы, прымяненне нормаў права да спрэчкі, вынясенне і абгрунтаванне судовага рашэння — не яго справа. А вось калі судовая справа прайшла ўсе інстанцыі і чалавек звярнуўся па праверку канстытуцыйнасці законаў, якія прымяняліся ў канкрэтнай справе, то дадзенае пытанне Канстытуцыйны суд і будзе вырашаць. Калі будзе знойдзена неадпаведнасць — гэта стане падставай для перагляду справы. Увогуле, усе прапанаваныя змяненні маюць на мэце забяспечыць баланс у галіне дзяржулады, каб яна магла эфектыўна працаваць.

Ірына СІДАРОК


Поўны тэкст Канстытуцыі чытайце тут

Загаловак у газеце: Вярхоўны і Канстытуцыйны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».