Вы тут

На Оперны форум, на продкаў зямлю


Для ўдзелу ў наймаштабным штогадовым праекце, які ладзіць Вялікі тэатр Беларусі, запрашаюцца і вядучыя салісты оперы з замежжа, якія маюць родавыя карані з Беларусі


Кацярына Семянчук

Хто не ў тэме – нагадаем, што Міжнародны Раждзественскі оперны форум праходзіў на гэты раз у Мінску з 14 па 22 снежня, і быў ён 11-м па ліку. Найгалоўнай падзеяй на форуме стала прэм’ера знакамітай оперы французкага кампазітара Каміля Сен-Санса “Самсон і Даліла”. Пастановачную групу ўзначалілі дырыжор Алег Лясун і рэжысёр Аксана Волкава – якая, да таго ж, і найпапулярная ў нашым часе салістка опернай сцэны Беларусі. Яна, спявачка і рэжысёр, на прэс-канферэнцыі напярэдадні форуму паведаміла, што выходзіла ўжо на сцэну ў вобразе Далілы: у Нацыянальным цэнтры выканальніцкіх мастацтваў у Пекіне, дзе ў 2014-2015 гадах прайшла серыя спектакляў з яе удзелам. Вось і атрымліваецца: шлях старабіблейскага, яўрэйскага сюжэту на беларускую сцэну быў праз Францыю ды… Кітай.

Прынята лічыць, што сінтэзуе ў сабе опера як высокі жанр мастацтва іншыя (музыку сімфанічную ды спевы, сцэнічнае дзеянне, і ўсё часцей таксама харэаграфію, візуальныя эфекты), да таго ж гэта нібыта жанр наднацыянальны. Аднак аматары оперы, а тым болей прафесіяналы, ведаюць: у аснове лібрэта практычна кожнай оперы ляжаць сюжэты з адметнай нацыянальнай афарбоўкай. А часта і створаныя паводле вядомых літаратурных, біблейскіх сюжэтаў. Скажам, у оперным рэпертуары Вялікага цяпер ёсць “Кармэн”, “Яўгеній Анегін”, “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Доктар Фаўст”, “Вяселле Фігара”, “Князь Ігар” ды і “Самсон і Даліла” – усе з таго шэрагу, дзе і ў назвах ёсць адсылка да “першакрыніц”.

Валянцін Елізар'еў, Этэль Іошпа і Стас Свістуновіч

Зямное з узвышаным у операх паяднанае. Нацыянальнае застаецца базавай матрыцай для сцэнічнай дзеі. Што цікава: пастаноўка оперы “Самсон і Даліла” прыцягнула ў сваё энергаполе творцаў з Расіі, для Беларусі не чужых. Скажам, на згаданай прэс-канферэнцыі Аксана Волкава знаёміла журналістаў з Іванам Гынгазавым, запрошаным салістам з Расіі: “Іван – выдатны тэнар, спявае па ўсім свеце. Сустрэліся з ім у оперы “Садко” Дзмітрыя Чарнякова ў кастрычніку. (А Дзмітрый Чарнякоў – вядомы рэжысёр, які паставіў оперу ў Вялікім тэатры Расіі. Летась 8 і 10 кастрычніка Іван выконваў у ёй партыю Садко, а “наша Аксана” – жонкі ягонай, Любавы Буслаеўны. – Аўт. ) І я вельмі рада, што ён удзельнічае ў пастаноўцы”. Сам жа Іван казаў, што “хоць і ўпершыню тут, але я на гэтай зямлі не чужы. У мяне ёсць і беларускія родавыя карані: я працэнтаў на 25 беларус па крыві. Бабуля мая, Валянціна Борціч, была родам з вёскі Неманіца Барысаўскага раёна (Мінская вобласць. – Аўт.). У 18 гадоў патрапіла ў Сібір, потым забрала туды і братоў. Я ж нарадзіўся ў 1987-м у Новасібірску. Сваякі ў Светлагорску, на Гомельшчыне жывуць”. Раней спяваў Іван партыю Самсона ў Дзяржаўным акадэмічным Марыінскім тэатры ў Санкт-Пецярбурзе. І вось паклікала зямля продкаў. Казаў Іван, што расійская актрыса Аляксандра Борціч яго сястра. У інтэрнэце: у 1994-м нарадзілася, у Светлагорску.

На прэс-канферэнцыі лагічна было задаць пытанне пра повязі з Беларуссю і Стасу Свістуновічу: прозвішча "наша". Стас крыху расказаў, як ішла праца над операй, потым прызнаўся: так, “часткова беларус”. Удакладніў: “Родзічы мае былі палякі, з Заходняй Беларусі, прычым за савецкім часам рэпрэсаваныя. А я жыву ў Санкт-­  Пецярбурзе. Раней жыў наш род у вёсцы Ятвезь, дзе храм нават мае дзед і бабуля збудавалі. Ёсць і фамільныя нашы могілкі там, і пяць пакаленняў роду там пахаваныя. Мы з бацькам туды ездзілі некалькі разоў”. Адзначым, што закончыў Стас у Піцеры Політэхнічны ўніверсітэт, потым Акадэмію тэатральнага мастацтва. Мастак па святле, ставіць спектаклі ў многіх тэатрах Расіі, лаўрэат прэміі “Золотая Маска”.

Іван Гынгазаў у ролі Самсона

Побач са Стасам заўсміхалася, пачуўшы маё пытанне, і мастачка-пастаноўшчыца з Масквы Этэль Іошпа. Пазней праз калегу з тэатра Алену Балабановіч дайшла інфармацыя ад Этэль: яна хоць і “100-працэнтная яўрэйка, ды дзядуля быў з Віцебска, бабуля – з Вільнюса”. Спрадвеку на зямлі Беларускай жывуць людзі розных нацыянальнасцяў, і яўрэі ў тым ліку, якія тут даўным-даўно не чужыя. Этэль можа смела казаць, што з Беларусі яе родавыя карані. А больш глыбокія? Навукоўцы пішуць: землі Вялікага Княства Літоўскага сталі родным домам для ашкеназкіх яўрэяў – субэтнічнай групы, сфарміраванай у Цэнтральнай Еўропе. Даўно тое было…

Дзяніс Клімук

Іван Гынгазаў трохі расказаў пра беларускія “прывязкі” ў інтэрв’ю БелТА. Значна больш вядома пра пародненасць з Мінскам Кацярыны Семянчук. На Оперным форуме 17 снежня ў Вялікім упершыню прайшоў сольны канцэрт зоркі сусветнай оперы, прымы Марыінскага тэатра. Пра Кацярыну ёсць інфармацыя на сайце https://bolshoibelarus.by/ . Яна з Мінска родам, і спяваць тут пачынала, паехала ў Піцер па адукацыю ды каля 25 гадоў жыве там. Спявае на сцэнах найбуйнейшых оперных тэатраў свету. Лаўрэатка, фіналістка шэрагу прэстыжных конкурсаў. Яе голас у нашым Вялікім гучаў упершыню гадоў сем таму: на канцэрце да Дня Саюзнай дзяржавы. Уладальніца раскошнага меца-сапрана “прыблізілася” да нас летась 25 красавіка: тады Надзея Кучар, Кацярына Семянчук, Павел Пятроў і Аляксандр Раславец выканалі “Рэквіем” Джузэпе Вердзі на сцэне Вялікага.

І вось – сольны канцэрт Кацярыны ў Мінску. З прэс-рэліза мы даведаліся, што тут улюбілася яна ў оперу. “Калі б з дзяцінства не было ў мяне мары спяваць на сцэне Вялікага тэатра Беларусі, то, напэўна, я цяпер і не была б тут, – прызналася спявачка. – З ранніх гадоў наведвала ўсе спектаклі нашага тэатра, ведала ўвесь яго рэпертуар: мае бабулі-дзядулі вельмі актыўна вадзілі мяне на оперу і балет. Выдатна памятаю і спектаклі, і артыстаў. У тыя гады ставілася і “Дзікае паляванне караля Стаха” Уладзіміра Солтана. Гэта вельмі важна. Жывучы ўдалечыні ад месца, дзе нарадзілася, вырасла і якое вельмі люблю, ніколі не губляла сувязі з маім горадам і краінай, беларускія карані трымаюць мяне вельмі моцна. Адчуваю беларускай сябе – заўсёды і ўсюды…”

Кацярына Семянчук спявала ў вялікім гала-канцэрце, калі завяршаўся Оперны форум. Пачулі мы і прыгожы барытон Уладзіслава Сулімскага, таксама з піцерскай Марыінкі – сусветна вядомага спевака, які родам з беларускага Маладзечна. У плыні форуму 18 снежня ішла опера “Фаўст” Шарля Гуно ў пастаноўцы Ганны Маторнай, і Уладзіслаў спяваў партыю Валянціна: упершыню ў сваёй опернай кар’еры.

Уладзіслаў Сулімскі ў ролі Рыгалета

Вялікі тэатр сістэмна працуе на тое, каб таленты, якія маюць повязі з Беларуссю, іх не парывалі – умацоўвалі. Землякі-супляменнікі сюды запрашаюцца. 19 студзеня ў балеце Сяргея Пракоф’ева “Рамэа і Джульета” (пастаноўка Валянціна Елізар’ева) партыю Тыбальда танцаваў Дзяніс Клімук – вядучы саліст Тэатра балета імя Леаніда Якабсона з Санкт-Пецярбурга. Родам Дзяніс з Брэста, і доўга жыў, асвойваў майстэрства ў Мінску: вучыўся ў Харэаграфічным каледжы, танцаваў у Вялікім. Журналісты згадалі цяпер, што і пасля ад’езду Дзяніс нібы не пакідаў Мінск. Ён стаў прататыпам для фігуры Апалона ў скульптурнай кампазіцыі, што вянчае будынак Вялікага: мастак Генадзь Буралкін у ім разгледзеў прыгажосць грэчаскага бога сонца, апекуна мастацтваў. “Мінск – мой дом, я тут вырас. Вялікі – мой тэатр. Танцаваць на гэтай сцэне было жаданаю марай, якая пераследвала мяне ў каледжы”. Што да партыі Тыбальда, то, кажа Дзяніс, “яе нельга забыць: яна ў мяне па гэты час у нагах”.

Зноў чакаем дома Уладзіслава Сулімскага. У лютым будзе ў ролі Томскага (опера Пятра Чайкоўскага “Пікавая дама”), Грыгорыя Гразнога ў оперы Мікалая Рымскага-Корсакава “Царская нявеста” ды Валянціна ў згаданай оперы “Фаўст”.

Іван Ждановіч

Фота: Павел Сушчонак, Міхаіл Несцераў і Наталля Баграцова

Нумар у фармаце PDF

Загаловак у газеце: На Оперны форум, на продкаў зямлю

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».