Вы тут

Наталля Качанава: Мала ўважліва слухаць людзей - трэба быць кампетэнтным у пытаннях, па якіх даеш адказ


Як паведамілі ў прэс-службе верхняй палаты парламента, яшчэ да пачатку прамой тэлефоннай лініі грамадзяне выказалі жаданне звязацца са спікерам. У прыватнасці, з 9.00 да 10.00 было выканана больш за 2400 спробаў дазвону, а за першую гадзіну работы — з 10.00 да 11.00 — больш за 41 700.


Першым да спікера верхняй палаты парламента дазваніўся пенсіянер з Брэста. Уладзімір Андрэевіч расказаў, што пазычыў калісьці знаёмаму грошы на куплю кватэры, але той не спяшаўся вяртаць доўг. Мужчына звярнуўся у суд, і згодна яго рашэнню, яму спаганяецца пэўная сума, аднак, яна невялікая, лічыць ён і просіць пасадзейнічаць у вырашэнні яго пытання. 

Наталля Качанава пагадзілася, што праблема, сапраўды, існуе і паабяцала на прыкладзе справы пенсіянера больш дасканала вывучыць, якія існуюць заканадаўчыя механізмы спагнання даўгоў у такіх выпадках. 

Пенсіянер Аляксандр Васільевіч з Пухавіцкага раёна звярнуў увагу спікера на тое, што ў цяперашні момант фізічныя асобы не могуць звяртацца са сваімі пытаннямі ў Канстытуцыйны суд, на што Наталля Качанава заўважыла, што праект зменаў і дапаўненняў у Канстытуцыю, вынесеную на рэспубліканскі рэферэндум 27 лютага, якраз і прадугледжвае такую форму стасункаў з заяўнікамі. Калі праект будзе адобраны грамадзянамі нашай краіны, усе пытанні ад фізічных асоб будуць разглядацца ў адпаведным парадку. 

Таксама мужчына прапанаваў замацаваць на ўзроўні Асноўнага Закона магчымасць парам, якія па пэўных прычынах пакуль не могуць мець дзяцей, вырабляць ЭКА тройчы, а не адзін раз, як гэта зараз замацавана на заканадаўчым узроўні. 

Спікер верхняй палаты парламента адзначыла, што ўсе нюансы прапісваць у Канстытуцыі няма сэнсу — для гэтага ёсць законы і падзаконныя нарматыўныя прававыя акты. Калі будзе такая неабходнасць, безумоўна, гэтая прапанова будзе ўлічана, а пакуль яе разгледзяць разам з профільным міністэрствам. 

Дзве жанчыны (літаральна адна за адной) узнялі жыллёвыя пытанні. Жанна Валер’еўна з Гомельшчыны агучыла праблему з прыватызацыяй бацькоўскай кватэры, у якой зарэгістраваны сужыцель маці. А Людміла Рыгораўна з Бабруйска — аб складанасці з правядзеннем абследавання жылога дома. Старшыня Савета Рэспублікі запэўніла заяўніц, што ў бліжэйшы час іх пытаннямі зоймуцца спецыялісты. 

Ваенны пенсіянер з Мінска паскардзіўся Наталлі Качанавай на тое, што другі месяц запар не можа атрымаць пенсію ў адным з банкаў з-за пратэрмінаванай дамовы. Аднак, нагадвае заяўнік, у краіне дзейнічае адпаведны указ прэзідэнта, які прадугледжвае падаўжэнне некаторых працэдурных момантаў на тэрмін да 6 месяцаў без фізічнай наяўнасці атрымальніка пенсіі. Наталля Качанава пагадзілася з тым, што Вадзім Маратавіч мае рацыю і даручыла профільнай камісіі Савета Рэспублікі тэрмінова разабрацца па сутнасці пытання з улікам усіх заканадаўчых патрабаванняў. 

Адзначым таксама, што пытанне, з якім мужчына звярнуўся да Старшыні Савета Рэспублікі, было вырашана ў той жа дзень. 

Дарэчы, па выніках правядзення прамой лініі было зафіксавана 132 133 спробаў дазвону. Прынятыя звароты ад 37 грамадзян. 

— Прамыя тэлефонныя лініі заўсёды выклікаюць цікавасць у нашых людзей, — адзначыла ў гутарцы з журналістамі Наталля Качанава. 

Яна звярнула ўвагу, што па выніках правядзення гэтай прамой лініі вылучыць нейкую адну тэматыку складана, бо пытанні, па якіх звярталіся людзі, абсалютна разнапланавыя. 

— Гэта пытанні, якія тычацца Канстытуцыі (і іх было дастаткова шмат), жыллёва-камунальнай гаспадаркі, пенсійнага забеспячэння і шэраг іншых, — кажа спікер. 

Наталля Качанава акцэнтуе ўвагу на тым, што пры правядзенні гэтай тэлефоннай лініі — як і ў папярэдніх — тэматыка зваротаў адносіцца да кампетэнцыі спецыялістаў на месцах. 

— Вядома, і мясцовыя органы ўлады, і кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў — яны ўсё праводзяць прыёмы па асабістых пытаннях, — нагадвае Старшыня Савета Рэспублікі. — Як правіла, да нас звяртаюцца тыя, хто ўжо звярталіся ў розныя інстанцыі і там не знайшоў дапамогі і падтрымкі. Таму людзі вымушаныя тэлефанаваць на прамую тэлефонную лінію кіраўнікам, у прыватнасці ў Савет Рэспублікі.

Наталля Качанава переканана: 

— Мала таго, што трэба ўважліва слухаць людзей (тое, пра што заўсёды гаворыць Прэзідэнт нашай краіны), яшчэ трэба быць кампетэнтнымі ў тых пытаннях, па якіх даеш адказ людзям. 

Яна тлумачыць: здараецца так, што спецыяліст на месцы завязвае такі «вузел», які пазней разблытаць дастаткова складана:

— Дзесьці няправільна пракансультавалі нашых людзей: ці па пастаноўцы на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў альбо па налічэнні пенсій.

— Таму, калі мы разбіраемся па зваротах, то ўважліва вывучаем дзеючае заканадаўства, — звяртае ўвагу Наталля Качанава. — Трэба ўважліва паглядзець, якія нарматыўныя прававыя акты дзейнічаюць у нашай краіне для таго, каб прыняць абсалютна правільныя рашэнні і дапамагчы чалавеку.

Адказваючы на пытанне па практыцы разгляду зваротаў у Савет Рэспублікі, спікер патлумачыла падыходы:

— Калі звяртаюцца людзі, трэба працаваць па гарачых слядах. Мы разумеем, што ў нас для разгляду зваротаў ёсць месяц, але гэта тады, калі сапраўды трэба выехаць на месца, паглядзець, — канстатуе яна. — Аднак ёсць пытанні, якія можна вырашыць вельмі хутка, напрыклад, якія тычацца жыллёва-камунальнай гаспадаркі (трэба ачысціць або асушыць падвал) або налічэння пенсій. 

У такім разе, адзначае Старшыня Савета Рэспублікі, дастаткова звярнуць увагу органаў і структур, якія кампетэнтныя ў вырашэнні гэтых пытанняў. 

— Калі ж пытанне немагчыма дазволіць у рамках закона, тады тут ўключаемся мы — працуючы над законапраектамі, мы разумеем вузкія месцы, з якімі звяртаюцца да нас людзі, — тлумачыць Наталля Качанава механізм дзеянняў. — Для далейшага іх вырашэння мы ўключаемся ў плане ўнясення дапаўненняў і змяненняў у дзеючае заканадаўства, калі гэта неабходна ці таго патрабуе сітуацыя.

Наталля Качанава падкрэслівае: пад кожнага чалавека закон прапісаць немагчыма, але разам з тым ёсць канцэптуальныя пытанні, якія трэба вырашаць. 

— Таму для нас гэта вельмі добрая форма работы, калі, разглядаючы тыя ці іншыя пытанні ў сферы жыллёвага заканадаўства, будаўніцтва жылля, сацыяльных гарантый нашых грамадзян, мы ўлічваем звароты, якія паступаюць да нас, абагульняем іх і разглядаем у далейшым у сваёй дзейнасці, — рэзюмавала спікер верхняй палаты парламента. 

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?