Вы тут

Маленькая гаспадыня вялікага дома


Калісьці вёска Хваенск, што на Палессі ў Жыткавіцкім раёне, поўнілася звонкім дзіцячым смехам ды мыканнем рагуль, якія вярталіся з пашы. У лепшыя гады тут жыло больш за 800 жыхароў. Сёння ж у вёсцы зімуе ад сілы чалавек 50. Новае жыццё і надзею на адраджэнне ўдыхнула ў гэты каларытны палескі куточак Настуся. «Наша Дзюймовачка» (так з-за невялічкага росту з любоўю называюць дзяўчыну мясцовыя бабулі) разам з цяпер ужо былым мужам пераехала з горада ў вёску і ператварыла закінуты будынак клуба на вуліцы Сонечнай у самабытную этнааграсядзібу. Дзверы туды адчыненыя не толькі для гасцей, якія хочуць адпачыць ад гарадскога тлуму. Тутэйшыя пенсіянеры таксама знаходзяць там сапраўдную аддушыну: ходзяць да Настусі, каб дапамагчы, павязаць, паткаць, паспяваць, падзяліцца навінамі ды жыццёвым досведам за кубачкам гарбаты. Гаспадыня аграсядзібы з бясконцымі ідэямі і невычэпнай энергіяй для іх сёння, як яны самі кажуць — «святло ў акне».


Пра людзей на балоце, Папоўскае возера ды «ўсё перамелецца»

Вёска прыняла мяне далёка не адразу. Калі ты выхоўваўся ў горадзе, у цябе датычна многіх рэчаў гарадское мысленне. Таму па першым часе палешукі глядзелі на мяне як на дзівачку: калі я вядро некалькі разоў утапіла ў калодзежы, ці як няўмела складала дровы. Ды і нарыхтоўваць іх я спачатку не ўмела. Як сані рыхтуюць летам, так і дровы, аказваецца, замаўляць трэба не зімой, а з вясны, каб яны за год паспелі прасохнуць. Лепш зразумець вясковага чалавека мне дапамагла беларуская літаратура, у прыватнасці, мележаўскія «Людзі на балоце».

Настасся ЦЯСЛЮК, гаспадыня этнааграсядзібы «Прыродазнаўства», вёска Хваенск, Гомельская вобласць.

Гады два таму я ў чарговы раз ладзіла свята для мясцовых жыхароў — з песнямі ды пірагамі. І паклікала на Дзень маці сваіх маму і бабулю. Аднавяскоўцы ўпершыню сядзелі за адным сталом разам з маімі сваякамі. На канцэрт у той дзень яны прыйшлі з кветкамі, каб падзякаваць маім блізкім за тое, што я ёсць у іх жыцці. Сказалі: «Настусю нам не інакш як Бог паслаў!» І толькі тады я выдыхнула з палёгкай: «Усё, нарэшце, можна расслабіцца — я свая» (смяецца). За маімі плячыма сёння стаіць не толькі сям'я, а яшчэ і цэлая
вёска.

Маё месца сілы — на лавачцы на беразе Папоўскага возера з відам на хутар бабы Мані. Баба Маня — знахарка, адна з першых, з кім я пазнаёмілася ў вёсцы. Паколькі мая радня даволі далёка, яна была для мяне «штатнай» бабуляй. У яе на лавачцы мы вялі доўгія размовы пра жыццё, я з ёй раілася пра многае, яна вучыла мяне збіраць лекавыя зёлкі. Бабулі ўжо няма з намі. Але на тую лавачку я ўсё адно прыходжу пасядзець—падумаць. Гэтае месца для мяне — як сімвал падтрымкі і клопату.

«Настуся, усё, што табе патрэбна, ужо ў цябе ёсць», — казала баба Маня, — «Ты проста жыві, людзям дапамагай, на зямлі працуй. Сумна — падлогу памый. Хочацца плакаць — мый посуд. Паступілі з табой несправядліва — плюнь і ідзі капай зямлю ці грабі свой двор. Нічога не бойся. Усё перамелецца... Яна і сваім прыкладам паказвала, што шчасце — ад слова «соучастие», мы шчаслівыя, калі можам дапамагчы іншаму. Усе суседзі былі пад яе апекай, яна ведала, хто хварэе ці хто не паспявае ўбраць агарод перад зімой, і ішла дапамагаць. Хоць у самой было 40 «сотак» агарода. І гэта ў 86 гадоў. Яна навучыла ўсю вёску дапамагаць адзін аднаму і не пакідаць у бядзе і трывогах суседа. Баба Маня мне часам сніцца, чую яе голас: «Настуся, усё перамелецца».

Вясковыя бабулькі — гэта наша золата, самародкі. Яны адкрытыя, шчырыя і сапраўдныя. Яны — скарбніца мудрасці, карыснай і вельмі жыццяздольнай інфармацыі. Мне вельмі падабаецца за імі назіраць. Дагэтуль для мяне загадка — баба Тома. Гэта вельмі сціплая і добрая бабуля. У яе трое сыноў. Калі прыйшоў час забіраць яе да сябе на зіму, дык яны паміж сабой сварыліся за маму. Не таму, што перакідвалі яе паміж сабой, як непатрэбную рэч. Не, наадварот, кожны хацеў яе забраць жыць да сябе. Для мяне гэта прыклад правільна пражытага жыцця.

Баба Маня.

Больш за ўсё ў жыцці баюся не паспець. Не паспець нагаварыцца з чалавекам. Не паспець пакінуць пасля сябе дастойны след. Дамы разбураюцца, грошы маюць асаблівасць траціцца. Адна з маіх унутраных місій у вёсцы — захаваць яе разам з традыцыямі і рэцэптамі. У Хваенску залатыя людзі і багатая гісторыя, якая не павінна перарвацца. Хачу адрадзіць гэты прыгожы куток Палесся, каб тут, як і раней, сяліліся маладыя сем'і.

Я, як Сакрат, ведаю, што я нічога не ведаю. Таму вельмі шмат вучуся і стараюся не спыняцца. Калі ты спыніўся ў сваім развіцці, гэта шлях назад, да дэградацыі. Калі ты пастаянна штосьці чытаеш, даведваешся нешта новае, то і Альцгеймер табе не страшны, і ў цябе заўсёды ёсць занятак. Табе не сумна з самім сабой.

Я выбрала для сябе шлях трох С — самарэалізацыя, самаразвіццё, самадастатковасць.

  • Кніга, якую цяпер чытаеце?

Карл Цымер «Яна смяецца, як маці. Магутнасць і дзівацтвы спадчыннасці»

  • Фільм, які варта паглядзець кожнаму?

«Заплаці іншаму»

Пра тапінамбур, снітку і тушаную капусту

У мяне ёсць мара, каб больш жанчын пякло хлеб дома. Таму я і пачала ладзіць майстар-класы, на якіх вучу рабіць традыцыйны беларускі жытні хлеб на рошчыне. А таксама рыхтую гатовыя хлебныя наборы, з якімі нават навічок можа сам спячы духмяны бохан. Я пяку хлеб па рэцэпце сваёй прабабулі Ганны, на капусным лісце, каб ніжняя корка не прыгарала. У беларусаў хлеб заўжды быў сакральнай ежай, якая сімвалізавала і дабрабыт, і багацце, і здароўе, і спакой, і любоў. Сёння ў Беларусі вельмі шмат разводаў. Я і сама ў гэтай статыстыцы. Вядома, хацелася б, каб іх было менш, каб сем'і былі мацнейшыя. Пры дапамозе ежы (хлеба ў тым ліку) жанчына можа прынесці мір у сваю сям'ю. Толькі пасля таго, як сама пачала пячы хлеб, зразумела, як пахне ўтульны дом.

Я назвала свой рэстаран «адукацыйным», бо хачу, каб людзі больш гатавалі страў беларускай кухні. У мяне валасы варушацца на галаве, калі бачу, як некаторыя, папулярызуючы традыцыйную ежу, прымяняюць прадукты, нехарактэрныя для беларусаў. Замест прасяной каўбасы прапаноўваюць зрабіць канверцікі з рысавай паперы, з проса. Рысавая папера — гэта не пра нас. У нас хапае сваіх лакальных прадуктаў. Калі цяпер сезон рэдзькі ці рэпкі, дык давайце будзем гатаваць з гэтых караняплодаў. Калі кажам, што беларусы — бульбашы, дык давайце згадаем, што такое бульба ў беларусаў. Гэта тапінамбур, які расце паўсюль, яго нават вельмі складана вывесці з участка. Мой рэстаран створаны, каб папулярызаваць простую беларускую ежу. Бо кожны можа прыгатаваць пасту баланьезэ, але не кожны зможа прыгатаваць кулеш. Бо мала хто ведае, што такое кулеш (гэта прасяная каша з цыбуляй і салам). Ад фармату «селі-паелі» многія ўжо стаміліся. А вось навучыўся, а потым яшчэ і з'еў тое, што прыгатаваў, — гэта супер. Мне так больш падабаецца.

З усіх зёлак я найбольш шаную снітку, лебяду і крапіву. Салаты з іх вельмі карысныя. Снітку можна квасіць, сушыць і выкарыстоўваць як спецыю. Сок крапівы дапамог мне ў свой час вылечыць анемію. Лебяду дадаюць у хлеб, каб ён даўжэй не чарсцвеў. Модныя крупы кіноа, якія індзейцы ўжываюць у ежу, гэта ж наша насенне лебяды. Яны каштуюць нятанна, а па сутнасці растуць у кожнага ў агародзе. У нас тут у Хваенску раней жыла знахарка, яна ўсіх вяскоўцаў забяспечвала травянымі зборамі ад розных хвароб. Палешукі і дагэтуль лечацца зёлкамі. Калі таблетка, то гэта ўжо экстранны выпадак. Акрамя таго, палешукі змешваюць сем зёлак для лазні з соллю і націраюцца. Вераць, што гэта ачышчае ад благіх слоў, сказаных у твой адрас.

З найбольшым задавальненнем гатую... Проста гатую. Мне падабаецца сам працэс. Псіхолаг Гэры Чэпмен выдзяляў пяць моў любові: словы, дотыкі, час, падарункі, дапамога. Я ж люблю гатаваць і дарыць сваю любоў праз ежу. Накарміць дарагога чалавека для мяне — гэта святое.

Для мяне няма нічога смачнейшага за тушаную капусту. Калі еду дадому, прашу маму, каб стушыла мне капусткі. Калі ёсць грыбы-зялёнкі, то з зялёнкамі. Бабуля ж смачна тушыць квашаную капусту.

Пра рыцара, кіслародную маску ды Біла Гейтса

Не па чутках ведаю, што такое дэпрэсія. Была ў барацьбе з сабой больш як два гады. Пачала шукаць дапамогу пасля таго, як аднойчы раніцай прачнулася з дзікім болем ступняў. І не змагла ўстаць з ложка. І стала страшна. Я зразумела, што арганізм самаліквідуецца, калі няма жадання жыць і не тужыць. Па рэкамендацыі сяброў прыйшла да псіхолага, якая вярнула мне сябе. Таму хачу сказаць: людзі, прасіце дапамогі, не чакайце.

Для жанчыны вельмі важна не забываць пра сябе. Каб быў баланс. Любі блізкага, як самога сябе. З 20 да 29 гадоў у маёй галаве была толькі першая палова фразы. З 30 пачынаю вучыць другую. Важна клапаціцца пра сябе, бо нават у самалёце кажуць «адразу надзеньце кіслародную маску на сябе». Мой шлюб разваліўся, бо там не было мяне, пра сябе я пастаянна забавала.

Я ўдзячная былому мужу за свой духоўны рост. Вельмі часта актыўны, плённы, сапраўдны духоўны рост магчымы толькі праз боль.

Часам, страціўшы штосьці, мы доўга пакутуем, хоць тое, што сыходзіць, адкрывае цэлы свет, раней нязведаны. Не бойцеся страху — ідзіце на страх.

Разуменне «што асабіста для мяне шчасце» прыйшло менавіта на Палессі. Тут я зрабіла шмат адкрыццяў пра сябе, якія перавярнулі маё жыццё, змянілі яго ў лепшы бок. Калі ты разумееш сябе, што для цябе добра, а што дрэнна, то і сваю мадэль шчасця выбудаваць зусім не складана.

Мая ўнутраная апора — каштоўнасці, якія я атрымала ў бацькоўскім доме. Мы ўсе сатканыя са сваіх продкаў. Ведай сваіх, і жыць будзе больш зразумела. Гэта не значыць лягчэй, больш зразумела. Адарваўшыся ад каранёў, мы страцілі нешта важнае.

Апошнім часам многія капаюцца ў радавых негатыўных сцэнарыях. А калі паглядзець са станоўчага боку, што добрага і ўнікальнага было ў родзе? Адказ на гэтае пытане я шукала ў сваёй бабулі. «Бабуля, што лепш за ўсё рабіла твая мама?» — «Пякла хлеб». — «Бабуля, а што лепш за ўсё ў цябе атрымліваецца і ад чаго ты атрымліваеш задавальненне?» — Калі пяку хлеб, мне вельмі добра». Цяпер я зразумела, чаму хлебапячэнне так радасна ўвайшло ў маё жыццё.

Не трэба мне зайздросціць. «Зависть» — гэта значыць «завіснуць» у адносінах да кагосьці. Калі ты, дапусцім, пазайздросціў новым туфлям сяброўкі ці нейкай прыгожай страве, якую хтосьці прыгатаваў, то чаму ты іх сама сабе не купіш ці не навучышся гатаваць? Зайздрасць — гэта званочак, каб павярнуцца да сябе і задаць сабе важныя пытанні. Можна і Біл Гейтсу зайздросціць. Але ж хто ведае, колькі яму прыйшлося працаваць, каб зарабіць тыя грошы, якія ў яго ёсць? І ці шчаслівы ён з усімі тымі грашыма? Ніхто не задаваў яму такіх пытанняў. Больш за тое, не факт, што калі табе даць усе грошы свету, дык ты станеш шчаслівы.

Можна быць багатым, не маючы грошай. Гэтаксама як можна мець шмат грошай, але пры гэтым быць бедным.

Я навучылася быць радаснай ад усяго, што прыходзіць і сыходзіць у жыцці. Свет поўны дабра, калі ты пакорлівы да ўсіх абставін.

Часта госці маёй сядзібы кажуць: «Настуся, а як у цябе ўсё атрымліваецца?» Сакрэт у тым, што многае не атрымліваецца. І ў гэты правальны момант я кажу: «Ой, як жа цікава атрымалася». Усё залежыць ад таго, як мы думаем. Наш розум — злы геній. Думаеш — «О, што можа быць горш?» Ён і паказвае, што бывае горш. А паспрабуйце нават у самай складанай і тупіковай сітуацыі думаць пазітыўна.

Аднойчы каля паліклінікі ўбачыла парачку ў сталым узросце. Бабуля павольна ішла, і, па адчуваннях, ёй балела спіна. У яе развязаўся шнурок. Дзядуля, як рыцар Тэўтонскага ордэна, устаў на калена, хоць нагнуцца яму, відаць, было цяжкавата, завязаў ёй шнурок з фразай: «Люба, выдатны момант зрабіць табе прапанову рукі і сэрца яшчэ раз». Яны так звонка і цёпла смяяліся. Тады я ў чарговы раз пераканалася, што свет поўны любові.

Памятаю, калі ў маёй бабулі узнікаў канфлікт з дзядулем, яна, каб выказаць мужу сваё абурэнне, ды проста ў твар, уставала на табурэтку (бабуля была невялікага росту, а дзядуля быў памерам з шафу). І ўсе пачыналі смяяцца, тым самым канфлікт быў вычарпаны.

Бабуля Броня ў дзяцінстве называла мяне маяком. Бо я заўсёды прыцягвала да сябе добрых людзей і добрыя абставіны.

Калі 13 гадоў таму я з'язджала з дому, дзядуля мне сказаў: «Настуся, у любой сітуацыі жыві сумленна і заставайся чалавекам. Заўсёды. Бо высцебу. Так і жыву — сумленна.

Адзін у полі воін. Але ненадоўга. У любой справе важная падтрымка людзей, з якімі ты глядзіш у адзін бок. Свае людзі, сваё кола — патрэбныя заўсёды. Ды і сваім чалавекам для іншых таксама трэба быць і рабіць так, як вучыў мой дзед, тады і спацца будзе лепш.

«БЛІЦ»

— Больш за ўсё на свеце люблю...

— Любіць.

— Найлепшы адпачынак для мяне...

— Сон, ежа, лес і кніга.

— Я вельмі хацела б...

— Каб вёскі не выміралі.

— У чым сіла?

— Сіла ў табе самім.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота Максіма РУДАКОВА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.