Вы тут

«Існасць» і «Слова мітрапаліта» святкуюць 30-годдзе


Духоўна-асветніцкія праекты Белтэлерадыёкампаніі «Існасць» і «Слова мітрапаліта» сёлета адзначаюць 30-гадовы юбілей. Гэтыя тэлепраграмы (выходзяць на «Беларусь 1») і сёння далучаюць аўдыторыю да высокамаральных аспектаў хрысціянства, знаёмяць з традыцыямі і таінствамі рэлігіі, якая гістарычна склалася на беларускай зямлі.


Тэма духоўнага жыцця і хрысціянства на беларускім тэлебачанні бярэ адлік з пачатку 1990-х гадоў. А ў 1992 годзе па ініцыятыве і блаславенні Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі мітрапаліта Філарэта ўпершыню выйшла ў эфір праграма з арыгінальнай назвай «Існасць».

Сёння ў цыкле штотыднёвых 26-хвілінных перадач на канале «Беларусь 1» аўтары праграмы працягваюць весці тэлевізійную хроніку жыцця хрысціян у Беларусі, папаўняючы калекцыю новымі натхняльнымі аповедамі. Разам са святарамі і вернікамі разважаюць пра рэлігію і філасофію, хрысціянскія каштоўнасці і дабрадзейнасці. А з дапамогай падарожжаў па святых мясцінах краіны тут паказваюць, што ці хто дапамагае беларусам сцвярджацца ў веры і пераадольваць любыя цяжкасці, жыць у міры і згодзе. Дзякуючы праграме «Слова мітрапаліта» не адно з найважнейшых свят царкоўнага календара не абыходзіцца без сказанага на дарогу звароту да вернікаў ад кіраўнікоў праваслаўнай і каталіцкай канфесій.

А кіруе праектамі тэлевядучая і аўтар праграмы «Існасць» Інга Бялова. Адметна і тое, што за тры дзясяткі свайго існавання праграму неаднаразова адзначалі прэстыжнымі прэміямі, у тым ліку і «За духоўнае адраджэнне», яна станавілася прызёрам розных хрысціянскіх фестываляў і форумаў.

— Стварэннем духоўна-асветніцкіх праграм я займаюся амаль 20 гадоў і лічу гэтую дзейнасць галоўнай справай свайго жыцця. Адкрываючы для сябе Бога, мы разам з тым знаходзім бясконцую радасць, новыя сэнсы існавання, і ўсё наша жыццё азараецца святлом, якое мы павінны несці астатнім. Зусім нядаўна я зразумела, што найлепшы спосаб гаварыць пра сваю веру — гэта... жыць, арыентуючыся на яе правілы па меры сіл. А таксама дзяліцца сваім разуменнем максімальна шчыра і праўдзіва. І ўсе нашы праграмы аўтарскія і ўдумлівыя. Над імі працуе цэлая каманда журналістаў і рэжысёраў, і выпадковых людзей у нас няма. Каб стаць часткай нашай каманды, неабавязкова быць вернікам, бо вера — справа асабістая, аднак вельмі важна разумець, што мы працуем над тым, каб распавядаць пра чалавечыя каштоўнасці, дзе любоў да бліжняга, да Радзімы, добрасумленнасць выступаюць асновай усяго, — распавядае тэлевядучая, кіраўнік духоўна-асветніцкіх праграм Белтэлерадыёкампаніі Інга БЯЛОВА. — На тэлебачанні, вядома, улічваюцца і рэйтынгі, якія паказваюць цікавасць аўдыторыі. І ў праграмы «Існасць», напрыклад, яны нязменна высокія. А зваротная сувязь з гледачамі (нам пішуць і тэлефануюць), калі прапануюць дапамогу альбо запрашаюць у госці, таксама дарагога вартая. Дарэчы, адзначу, што наш глядач памаладзеў. Калі яшчэ гадоў дзесяць таму гэта былі людзі старэйшага ўзросту, то цяпер сярод нашай аўдыторыі ўсё больш маладых і прагрэсіўных. Разам з тым, як мяняецца глядач, наша праграма імкнецца закранаць актуальныя і сучасныя тэмы. А прадстаўнікі каталіцкай і праваслаўнай царквы (у прыватнасці мітрапаліт Веніямін) актыўна дапамагаць у гэтым.

З нагоды юбілейнай даты віншаванне ў адрас Белтэлерадыёкампаніі накіраваў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усёй Беларусі, дзе адзначана: «...Зварот да духоўнага складніка аб'ядноўвае людзей, дапамагае абнавіць гістарычную памяць і ўспрыняць адказнасць за нашу агульную будучыню».

Увогуле, з моманту стварэння першай хрысціянскай праграмы ў эфіры беларускага тэлебачання сегмент духоўнага кантэнту медыяхолдынга значна пашырыўся. І сёння выходзяць для вернікаў таксама такія праекты, як «Размовы пра духоўнае», «Святыні Беларусі» і «Сіла веры» на «Беларусь 3», а ў эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё вернікі маюць магчымасць чуць Слова Божае ў праграмах «Святло душы», «Духоўнае слова» і ў пропаведзях. Дарэчы, як мы ўжо пісалі, у 2022 годзе радыёканал «Культура» прадставіў у эфіры сумесны праект з расійскім радыё «Вера» і Экзархатам Беларускай праваслаўнай царквы — праект выхаднога дня. Арганізоўваюцца для вернікаў кожны год таксама прамыя тэле- і радыётрансляцыі святочных богаслужэнняў.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».