Вы тут

Лукашэнка: Ад суда чакаюць вывераных, справядлівых і законных прававых рашэнняў


Прэзідэнт Беларусі правёў нараду па праекце закона «Аб змяненні Крымінальна-працэсуальнага кодэксу».


«Эфектыўнасці працы судовай сістэмы ў нашай краіне заўсёды надавалася павышаная ўвага. Тэма сённяшняй нашай размовы — судовае пасяджэнне. Асабліва па крымінальных справах», — акрэсліў нагоду сустрэчы Аляксандр Лукашэнка.

Па яго словах, у краіне існуе сістэма абскарджання рашэнняў суда, але пэўны час таму вырашылі яе ўдасканаліць на карысць людзям. У суд у канчатковым выніку можа звярнуцца кожны па абарону сваіх парушаных правоў, працягнуў Прэзідэнт.

«Менавіта ад суда чакаюць вывераных, справядлівых і законных прававых рашэнняў. Крымінальнае судаводства тут на асаблівым рахунку. Сур’ёзнасць пытанняў, якія разглядаюцца, і наступстваў судовых пастаноў патрабуе вельмі ўзважанага падыходу да рэфармавання гэтай сферы. Тым больш калі справа датычыцца такога адчувальнага для людзей моманту, як абскарджанне рашэнняў суда», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

На жаль, заўважае ён, нават самы дасведчаны суддзя або пракурор у сваёй працы не застрахаваны ад памылак і не толькі дробных, тэхнічных. 

«Часам яны могуць прывесці і да асуджэння невінаватага. Магчымасць выправіць такія памылкі павінна быць безумоўна гарантавана», — падкрэслівае Прэзідэнт.

У гэтых мэтах у 2016 годзе судовая сістэма перайшла ў крымінальным працэсе ад касацыйнага да апеляцыйнага парадку абскарджання, які дазваляе больш поўна даследаваць акалічнасці справы ў судзе другой інстанцыі. У 2019 годзе Прэзідэнт даручыў Вярхоўнаму Суду ўнесці прапановы аб далейшым удасканаленні парадку абскарджання судовых пастаноў па крымінальных справах. 

«Калі чалавек незадаволены, ён мае права звярнуцца са скаргай. І ў 2019 годзе мы вырашылі, што мы ўдасканалім гэты парадак. У канцы мінулага года Вярхоўны Суд прадставіў адпаведны праект Закона. З аднаго боку, гэты праект прадугледжвае аптымізацыю існуючага парадку перагляду судовых рашэнняў, каб не было валакіты, бюракратыі і заарганізаванасці, а было без залішніх інстанцый. З іншага боку, у гэтым праекце закона прапануецца ўвесці дадатковую стадыю судаводства — касацыйную», — пералічыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён просіць распрацоўшчыкаў і зацікаўленых дакладна растлумачыць: для чаго патрэбнае вяртанне ў крымінальны працэс касацыі, бо і апеляцыйная вытворчасць захоўваецца. 

Заўважае Прэзідэнт, што абгрунтаваць сутнасць новаўвядзенняў неабходна і грамадзянам, і нагадаў: у яго прафесійным жыцці быў этап, калі працаваў на адным прадпрыемстве з асуджанымі. Па словах Прэзідэнта, кожны з іх запэўніваў у асабістых размовах, што не вінаваты.

«З тых часоў у мяне засталося пачуццё сумленнасці. Ёсць сярод такіх і супер таленавітыя людзі, што ўсё могуць рабіць, але трапілі туды. А можа, сапраўды, памыліліся (суды. — „Зв.“) тады і цяпер? Таму для людзей такіх і іх родных вельмі важна, каб судаводства наша было як магчыма больш сумленным», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. 

На нарадзе Прэзідэнт просіць патлумачыць таксама, у чым будуць заключацца ключавыя адрозненні паміж апеляцыяй і касацыяй, і як новаўвядзенні паўплываюць на эканамічнасць і аператыўнасць правасуддзя.

«Неабходна не забюракратызаваць правасуддзе. І канечне, не павінна быць падаражання. Акрамя таго, паводле прадстаўленых матэрыялаў, зацікаўленыя органы не выказалі заўваг па праекце закона. Усе згадзіліся. Але ці ўсё ў гэтым праекце закона так бездакорна? Калі ж мы ідзём на змены заканадаўства, неабходна зрабіць яго найбольш аптымальным», — акцэнтуе кіраўнік дзяржавы.

Ён настройвае на сумленнае і шчырае абмеркаванне праекта закона: ці ёсць падводныя камяні, ці ўсе ўлічана, ці сапраўды праект гатовы да разгляду ў парламенце.

«Ну, і самае галоўнае — у чым карысць гэтага праекта не толькі для праваахоўнай і судовай сістэм, але, галоўнае, для грамадзян?» — задае пытанне Прэзідэнт.

Адказваць на яго давялося першаму дакладчыку, галоўнаму распрацоўшчыку праекта закона «Аб змяненні Крымінальна-працэсуальнага кодэксу», старшыні Вярхоўнага суда Валянціну Сукалу.

Ён расказаў, што структурна заканапраект складаецца з дзвюх частак. Першая — завяршэнне ўвядзення апеляцыі ў суды ўсіх узроўняў, другая — увядзенне новых інстытутаў судаводства і атрыманне наступных стадый (судовага надзору).

Старшыня Вярхоўнага суда заўважыў, што апошнія дзесяць гадоў паслядоўна і ўважліва ўводзілі ў крымінальнае судаводства інстытут апеляцыі. «Інстытут апеляцыі — гэта праверка законнасці судовых рашэнняў, не ўступіўшых у законную сілу. Як правіла, у такім рэжыме ў нас абскарджваецца кожны пяты прысуд, але 80 % прысудаў застаецца фактычна па-за полем увагі апеляцыйнай праверкі. Для гэтага патрабуюцца наступныя стадыі праверкі законнасці ўжо ўступіўшых у сілу прысудаў», — сказаў ён.

Валянцін Сукала патлумачыў адрозненні апеляцыі і касацыі. То-бок, апеляцыя правярае законнасць не ўступіўшых у законную сілу прысудаў, а касацыя правярае судовае рашэнне, якое ўжо ўступіла ў законную сілу.

Па словах Валянціна Сукалы, апеляцыйны парадак прадугледжвае шырокія магчымасці для суда карэктаваць рашэнні, якія яшчэ не ўступілі ў сілу, без накіравання іх на новы разгляд.

«У гэтым прынцыповае адрозненне. І нам за гэты перыяд часу ўжо ўдалося скараціць колькасць паўторных судовых пасяджэнняў. З 7500 спраў, што разгледжаны ў апеляцыйным парадку ў мінулым годзе, на новы судовы разгляд у раённыя суды было накіравана толькі 45», — прывёў лічбы Валянцін Сукала.

Ён дадаў, што інстытут апеляцыі мяркуюць распаўсюдзіць і на рашэнні Вярхоўнага суда, якія да гэтага часу лічацца канчатковымі і не падпадаюць пад абскарджанне. Першая частка абмяркоўваемага заканапраекта, дарэчы, і дае такую магчымасць. Для гэтага ў Вярхоўным судзе створаць адпаведную інстанцыю.

Прэзідэнт у дыялогу з распрацоўшчыкам заўважыў: па сутнасці атрымаецца, што Вярхоўны суд будзе правяраць свае ж прысуды?

Валянцін Сукала не згаджаецца і кажа, што будзе створана адмысловая калегія для разгляду апеляцыйных спраў з найбольш вопытных суддзяў, членаў Прэзідыума Вярхоўнага суда.

«Людзі кажуць: рука руку мые», — акцэнтуе ў адказ кіраўнік краіны.

«Іншай структуры пры наяўнасці кампетэнцый Вярхоўнага суда прадугледзіць немагчыма. Яе няма. Таму гэтая структура найбольш эфектыўная. Такая сістэма ў пяці краін СНД», — сказаў старшыня Вярхоўнага суда.

Прэзідэнт пытаецца, ці магчыма нешта прыдумаць, каб апеляцыі на рашэнні Вярхоўнага суда разглядалі іншыя суды?

Па словах Валянціна Сукалы, выхад адзін — пазбавіць Вярхоўны суд кампетэнцыі разгляду спраў па першай інстанцыі па прыкладзе Расійскай Федэрацыі і зрабіць яго толькі апеляцыйнай інстанцыяй для ўсіх іншых судоў.

У тэму

Ужо ў размове з журналістамі Валянцін Сукала звярнуў увагу, што доўга абмяркоўвалася навацыя наконт абскарджання рашэнняў Вярхоўнага суда ў апеляцыйным парадку. Для гэтага ў Вярхоўным судзе меркавалі стварыць адпаведную інстанцыю з найбольш прафесійных суддзяў.

«Вось тут узнікла дыскусія, якой павінна быць структура гэтага судовага органа, які можа пераглядаць рашэнні самаго Вярхоўнага суда ў апеляцыйным парадку. У дыскусіі казалі, што неабходна пашырыць склад гэтай калегіі, увесці туды прадстаўнікоў грамадскасці», — расказаў журналістам Валянцін Сукала.

У цэлым, кіраўнік дзяржавы праект ухваліў, і пасля дапрацоўкі ён будзе прадстаўлены ў парламент.

Другая частка заканапраекта, расказаў старшыня Вярхоўнага суда, накіравана на ўдасканаленне наступных стадый судаводства — касацыі і нагляду.

«На гэтых дзвюх стадыях правяраюцца прысуды, што ўступілі ў законную сілу і выконваюцца праз працяглы час. Тут нам неабходна адаптаваць наша нацыянальнае заканадаўства да працэдур, што існуюць на постсавецкай прасторы. Праект прадугледжвае скарачэнне наглядных інстанцый з чатырох да дзвюх. Сама працэдура праверкі будзе больш якаснай і сучаснай», — паведаміў Валянцін Сукала.

Як дадаў генеральны пракурор Андрэй Швед, важнае патрабаванне Прэзідэнта на выніках нарады — уключэнне грамадзян ва ажыццяўленне правасуддзя. Генеральная пракуратура, Вярхоўны суд будуць думаць, як магчыма прыцягнуць грамадства да ацэнкі судовых рашэнняў. Размова ідзе аб узмацненні інстытута народных засядальнікаў і прапрацоўцы механізму, каб і ў апеляцыйным працэсе з’явіліся людзі такога кшталту. Іх удзел у працэсе будзе падкрэсліваць сумленнасць правасуддзя.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.