Чарговы дзень Алімпійскіх гульняў у Пекіне, на жаль, не прынёс беларускім спартсменам медалёў, хоць шанцы былі. Пакуль у беларускай скарбонцы толькі сярэбраны медаль Антона Смольскага, заваяваны ў індывідуальнай эстафеце. Але яшчэ не час адчайвацца.
Біятлон. У алімпійскім цэнтры Чжанцзякоў прайшла жаночая спрынтарская гонка на 7,5 кіламетра з двума агнявымі рубяжамі. Лідар беларускай каманды Дзінара Алімбекава выдатна выканала стральбу лежачы, але апошні выстрал на стойцы быў недакладным. Алімпійская чэмпіёнка 2018 года паказала толькі 15-ы вынік. Ад пераможца яна адстала на 1 хвіліну 28,5 секунды.
Алімпійскай чэмпіёнкай стала нарвежка Марце Олсбю Ройселан, яна пераадолела дыстанцыю за 20 хвілін 44,3 секунды. Серабро заваявала шведка Эльвіра Эберг (+30,9), а бронзу — італьянка Даратэя Вірэр (+37,2). Усе тры медалісткі абышліся без памылак на стрэльбішчы.
«Напэўна, я б паставіла сабе чацвёрку за тое, што не спяшалася на агнявых рубяжах і адпрацавала кожны стрэл. Але гэта ўсё, за што я магла б сябе сёння пахваліць. Я не ведаю, што здарылася з апошнім патронам, можа, я страціла на імгненне канцэнтрацыю. Вельмі злая на сябе. На трэніроўках не дапускаю такіх памылак, але проста не разумею, адкуль гэтыя недакладнасці з’яўляюцца. З першага круга дзейнічала па раскладцы трэнера: не ўключалася, не спяшалася. На першай адсечцы ўжо пачала саступаць лідарам, на другой — адставанне павялічылася. Недзе з сярэдзіны дыстанцыі вельмі стамілася і не разумела, як завяршыць гэты спрынт. Хоць дыстанцыя кароткая... Не скажу, што гэта акліматызацыя, добра сябе адчуваю. Проста сёння не мой дзень», — падвяла вынікі няўдалай гонкі Дзінара Алімбекава. Яе словы перадае прэс-служба НАК Беларусі.
Вынік Дзінары стаў лепшым сярод беларускіх біятланістак. Ганна Сола заняла 26-е месца, Ірына Лешчанка на 60-й пазіцыі, а Алена Кручынкіна — 70-я.
«Каментаваць асабліва няма чаго, як самі бачыце — вынік нездавальняючы і для нас, і для спартсменаў. Да Дзінары Алімбекавай прэтэнзій няма, яна адпрацавала вельмі годна эстафету, добра адпрацавала індывідуальную гонку. Зразумела, што эмацыйны фон забраў шмат сіл. Яна старалася, праўда, не зусім атрымаўся апошні стрэл. Як вынік — адзін штрафны круг і 15-я пазіцыя. У прынцыпе, месца само па сабе нядрэннае. Уражваюць вынікі пераможцы і прызёраў — разрывы вялікія. Гэта сведчыць аб фенаменальнай сіле нарвежскіх спартсменак на гэтай Алімпіядзе», — адзанчыў Алег Рыжанкоў, старэйшы трэнер жаночай каманды па біятлоне.
Наступным стартам для беларускіх біятланістак стане гонка пераследу ў нядзелю 13 лютага. А зжо заўтра, 12 лютага, спрынт прабягуць мужчыны.
Лыжныя гонкі. Адзіны прадстаўнік Беларусі ў лыжных гонках Ягор Шпунтаў заняў 68-е месца ў індывідуальнай класічнай гонцы на 15 кіламетраў. Беларус пераадолеў дыстанцыю за 44 хвіліны 05,2 секунды.
Алімпійскім чэмпіёнам стаў прадстаўнік Фінляндыі Ійво Нісканен. Яго вынік 37 хвілін 54,8 секунды. Гэта яго трэці залаты алімпійскі медаль. На Гульнях 2014 года ён стаў чэмпіёнам у камандным спрынце, у 2018 — у марафоне. Прыйшоў час перамагаць у індывідуальнай гонцы. На другім месцы расіянін Аляксандр Бальшуноў, чэмпіён Пекіна ў скіятлоне.Трэцім да фінішу прыехаў нарвежац Ёханэс Клэбо.
Канькабежны спорт. Чарговы камплект узнагрод разыгралі канькабежцы. Алімпійскім чэмпіёнам на самай доўгай дыстанцыі 10 000 метраў стаў Нільс ван дэр Пул. Яго вынік 12 хв. 30,74 секунды — гэта новы сусветны рэкорд. На першую прыступку п’дэстала ў Пекіне ён падымаецца ўжо другі раз. Да гэтага алімпіец быў найлепшым на дыстанцыі 5000 м, палепшыўшы алімпійскі рэкорд. Серабро сёння заваяваў нідэрландскі спартсмен Патрык Руст, які таксама быў другім на 5000 м. Бронзавы медаль выйграў італьянец Давідэ Г’ёта.
Снаўборд. Японец Аюму Хірана выйграў золата ў хафпайпе. Для 23-гадовага спартсмена гэтыя зімовыя гульні сталі ўжо трэцімі, на дзвюх мінулых алімпіядах ён станавіўся сярэбраным прызёрам. Другое месца заняў бронзавы прызёр Пхенчхана ў гэтай дысцыпліне аўстраліец Скоці Джэймс. На трэцяй пазіцыі размясціўся прадстаўнік Швейцарыі Ян Шэрэр (87,25). Легендарны амерыканскі снаўбардыст Шон Уайт, алімпійскі чэмпіён у хафпайпе 2006, 2010 і 2018 гадоў, застаўся чацвёртым.
Гарналыжны спорт. Алімпійскія медалі ў супергіганце знайшлі сваіх герояў. Золата павязе дадому швейцарская спартсменка Лара Гут-Бехрамі, чэмпіёнка свету ў гэтай дысцыпліне. Сярэбраны медаль дастаўся прадстаўніцы Аўстрыі Мір’ям Пухнер, якая ўступіла чэмпіёнцы 0,22 секунды. Бронза на рахунку яшчэ адной швейцаркі Мішэль Гізін.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота: БелТА
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.