Вы тут

«Звязда» падпольная. У рэдакцыю трапіў сапраўдны музейны экспанат


Калекцыянер, кніжнік, дасведчаны ў беларускай гісторыі руплівец, Зміцер Цехановіч прынёс у рэдакцыю «Звязды» два рарытэтных экзэмпляры перыядычных выданняў часін Вялікай Айчыннай вайны. Адзін асобнік — фотакопія першага нумар падпольнай «Звязды», які выйшаў у Мінску ў чэрвені 1942 года. 


Пад фотакопіяй маецца на ўвазе растыражаваны ў Маскве экзэмпляр. Відавочна, калі арыгінал газетнага нумара (так і пазначана ў шапцы «Звязды» — як органа Мінскага Гаркома КП (б) Б — «N 1 чэрвень 1942 г.») выйшаў у акупіраваным фашыстамі Мінску, і патрапіў у Маскву, у Цэнтральным штабе партызанскага руху было прынята рашэнне раздрукаваць газету масавым накладам. Вось такі «маскоўскі» асобнік, копія мінскага экзэмпляра, і «вярнуўся» да нас, у «Звязду». Доўгі час (ці не семдзесят і болей гадоў?!) экзэмпляр захоўваўся ў хатнім архіве аднаго з былых партыйных работнікаў, паплечнікаў П. Панамарэнкі ў час вайны. 

Чытаем зварот ад Рэдкалегіі: «Таварышы! З сённяшняга дня Мінскі Гарком КП(б)Б аднаўляе выданне свайго органа — газеты „ЗВЯЗДА“. Пішыце ў газэту аб жыцці партызанскіх атрадаў, аб баявой іх дзейнасці, аб паасобных партызанах, праявіўшых сябе ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі акупантамі». 

«Шапка» першай старонкі, першай газетнай паласы фармата А4 (а ўсяго старонак — дзве): «1942 год павінен быць годам поўнага разгрома ворага! Смерць нямецкім акупантам!» Рэдакцыйны артыкул — «Шырэй партызанскую барацьбу!» У цэнтры — «Блізкі час аслаблення», зварот сакратара ЦК КП (б) Б. Ніжэй — інармацыя «Устанаўленне новага баявога ордэна — ордэна Айчыннай вайны». Справа — «Весткі з франтоў Айчыннай вайны». 

На другой старонцы — слова Якуба Коласа «Зара вызвалення займаецца над Беларуссю» «Беларусь, родная Совецкая зямля! Ты зноў чуеш громы грознай навальніцы. Зноў садрыгаюцца лясы і прасторы тваіх палёў ад гуду гармат, ад грукату танкаў і рэву самалётаў. Вялікія бітвы началіся і кончацца на табе, беларуская зямля. Але не з цёмнага фашысцкага захаду, а з ясных усходніх далячынь грыміць сёння пераможнае водгулле вайны і плыве, усё далей і далей на захад, як голас прадвесня, як весць свайго вызвалення...»

Яшчэ ў нумары — пад рубрыкай «Партызанскія навіны» артыкул «2000 супроць... аднаго». Пра тое, як карацельны атрад фашыстаў колькасцю каля 2000 немцаў рушыў у паход на партызан. «Але храбрасць нямецкіх ваяк выявілася перад лесам. Яны нават свой нос пабаяліся туды пасунуць. Пастралялі, пагрукалі па хмызьняку і... вярнуліся назад. <...> Каб не ўдарыць тварам у гразь, яны арыштавалі ні чым непавіннага лясніка С. Ня дзіва, што пасля гэткіх «аперацыяў» у ваенных паведамленнях фашысцкіх брахуноў вымушаны з’яўляцца поўныя пахвальбы словы аб знішчэнні «дужэйшых партызанскіх груп і аддзелаў»... 

У кнізе М. Дастанкі «Газета „Звязда“ ў гады Вялікай Айчыннай вайны» (Мінск, 1970) чытаем: «У нядзелю, 20 верасня, выйшаў чацвёрты нумар падпольнай „Звязды“. <...> Гэта быў апошні нумар падпольнай „Звязды“ які ўдалося выпусціць. Пяты нумар яе, падрыхтаваны да друку, не ўбачыў свету. У ноч на 26 верасня 1942 г. гестапаўцы арыштавалі 21 падпольшчыка. У фашысцкія засценкі былі кінуты ўсе члены Мінскага падпольнага камітэта і сакратары гардскіх райкомаў партыі. 

Мужна і стойка пераносілі патрыёты нечалавечыя катаванні. Многія ўдзельнікі падполля загінулі ў страшэнных пакутах у душагубках, на шыбеніцах або ад варожай кулі ля турэмнай сцяны». 

Другі падарунак-напамін Зміцера Цехановіча пра цяжкія гады — арыгінальны нумар рудзенскай падпольнай, партызанскай газеты «Большэвіцкі сцяг» (экзэмпляр захоўваўся ў сям’і нашчадкаў пісьменніка і журналіста-«звяздоўца» Макара Паслядовіча) за ліпень 1943 г. Адну газетную заметку прывяду цалкам: «Гэтымі днямі нямецка-фашысцкія бандыты, адчуваючы сваю пэўную гібель, утварылі некалькі актаў новых зверстваў над мірнымі жыхарамі вёсак. 

Два разы фашысцкія самалёты бамбілі, раней спаленую і разбамбёную вёску Гарэлец. Апошні раз фашысты бамбілі землянкі жыхароў вёскі, ў якіх яны жылі замест спаленых хат. Ёсць тры жыхары раненыя, сярод іх 2 жанчыны. 

Некалькі дзён падрад па 5-6 бамбардыроўшчыкаў бамбілі вёскі Азярычын, Пяскі, Баркі і рад другіх вёсак Рудзенскага раёна. Ёсць забітыя дзеці, старыкі, жанчыны. Спалена шмат дамоў.

У вёсцы Караваева фашысцкія бандыты спалілі каля 30 хат. 

Так гітлераўскія галаварэзы будуюць свой „новы парадак“ у Беларусі». 

Народ Беларусі і вытрываў у жудасным полымі выпрабаванняў, і перамог. У гэтым змаганні не апошнюю ролю адыгрываў і партызанскі, падпольны антыфашысцкі перыядычны друк. 

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».