Вы тут

Алімпійскі дзённік. «Хочацца лепш і больш»


Субота — дзень для адпачынку і для падтрымкі беларускіх алімпійцаў, якія пакуль адпачынку не ведаюць. А падтрымка ім цяпер неабходная як ніколі. Да закрыцця Алімпійскіх гульняў застаўся тыдзень, а ў беларусаў усё яшчэ адзін медаль.


Біятлон. Беларускія спартсмены выступілі ў спрынтарскай гонцы на 10 кіламетраў з двумя агнявымі рубяжамі. Лепшы вынік сярод беларусаў паказаў Антон Смольскі, які пераадолеў дыстанцыю за 25 хвілін 12,9 секунд. Гэты час прынёс яму толькі 10-е месца. Стральбу лежачы ён выканаў ідэальна. Але страляючы стоячы, дапусціў адзін промах. 

«Ацэньваю сваё выступленне на 8 з 10. Добра справіўся са стральбой лежачы, два першыя кругі таксама прайшоў з нядрэннай хуткасцю і ў добрым стане. Але не атрымалася стойка, штрафны круг перашкодзіў біцца за топ-6. Тым не менш стартавая пазіцыя ў гонцы пераследу вельмі добрая, спадзяюся заўтра пазмагацца», — адзначыў Антон Смольскі ў інтэрв’ю прэс-службе НАК Беларусі. 

Мікіта Лобастаў заняў 57-е месца, Максім Верабей прыехаў да фінішу 71-м, а Дзімтрый Лазоўскі заняў 78-е месца. 

Алімпійскае золата сёння заваяваў нарвежскі біятланіст Ёханэс Бё, які перамог з вынікам 24 мін. 00,4 сек. пры адным недакладным стрэле. Сярэбраным прызёрам стаў француз Кентэн Фіён Мае (+25,5 сек.; 1 промах), бронза ў актыве яшчэ аднаго нарвежца Тар’ёй Бё (+38,9; 1).

Старэйшы трэнер мужчынскай каманды Беларусі Андрэй Падзін у каментарыі прэс-службе НАК Беларусі адзначыў добры вынік Антона Смольскага і добры ход па дыстанцыі Мікіты Лабастава. «Вядома, стральба траіх нашых хлопцаў пакідае жадаць лепшага. Мы ведаем, што яны гэта могуць. Пасля заўтрашняга пасьюта мы засяродзім увагу на мужчынскай эстафеце. Трохі адпачнем, папрацуем і са свежай галавой падыдзем да гэтага старту», — сказаў трэнер.

Нядзеля, 13 лютага, — адзіны дзень у праграме Алімпійскіх гульняў з дзвюма біятлоннымі гонкамі. Мужчыны і жанчыны будуць удзельнічаць у гонках пераследу. Першымі на дыстанцыю працягласцю 10 км выйдуць жанчыны. Сярод 60 удзельніц тры прадстаўніцы Беларусі. Лідар беларускай каманды Дзінара Алімбекава стартуе 15-й, праз 1 хв. 29 сек. пасля лідара нарвежкі Марце Ройселан. Пад 26-м нумарам на лыжню выйдзе Ганна Сола (+1 мін. 52 сек.), апошняй стартуе Ірына Лешчанка (+2 мін. 48 сек.).

У мужчынскім пасьюце на 12,5 км сярэбраны прызёр алімпійскай індывідуальнай гонкі беларус Антон Смольскі адправіцца на дыстанцыю дзесятым, адстаючы ад пераможцы сённяшняга спрынту нарвежца Ёханэса Бё на 1 мін. 13 сек. У Мікіты Лабастава 57-я стартавая пазіцыя (+2 мін. 47 сек.).

Жанчыны стартуюць у 12.00, а мужчыны — у 13.45 па беларускім часе.

Канькабежны спорт. Міма п’дэстала сёння праехаў Ігнат Галавацюк. На дыстанцыі 500 метраў ён заняў 30-е месца. Дыстанцыю ён прабег за 37,05 сек. Чэмпіёнам на спрынтарскай дыстанцыі сёння стаў кітайскі спартсмен Гаа Цінью, які ўстанавіў новы алімпійскі рэкорд — 34,32 сек. Серабро дасталася паўднёвакарэйскаму канькабежцу Чха Мін Ке (+0,07 сек.), бронзавы медаль заваяваў японец Ватару Морысігэ (+0,17 сек.).

Жаночая каманда Беларусі ў гонцы пераследу паказала 8-ы час сярод васьмі каманд, за выніковую сёмую пазіцыю дзяўчаты паспрачаюцца з полькамі 15 лютага.

«Няпросты дзень для мяне як для трэнера. Заўсёды хочацца лепш і больш. Жаночая камандная гонка пераследу, на мой погляд, склалася нядрэнна. Мы змагаліся з вядучымі канькабежкамі свету. Дзяўчаты ўстанавілі свой раўнінны рэкорд — 3 хв. 02 сек. Не схаваю, калі б падцягнуць Жэню Вараб’ёву, то мы маглі б паказваць яшчэ больш высокія секунды. У любым выпадку, усе малайцы. Што да Ігната Галавацюка, то ён бег у адным забегу з чэмпіёнам Еўропы Пятром Міхальскім і ні ў чым яму не саступаў аж да апошняга віражу. Сам Галавацюк адзначыў, што ніколі такіх памылак не здзяйсняў», — ахарактарызваў выступленне сваёй каманды галоўны трэнер Сяргей Мінін. 

Заўтра ў алімпійскай праграме беларускіх канькабежцаў жаночая гонка на 500 метраў. У нядзелю на «Ледзяную стужку» ўпершыню выйдзе Ганна Ніфантава. 

Таксама на свае старты выйдуць беларускія фрыстайлісткі. Ганна Гуськова, Ганна Дзяруга і Анастасія Андрыянава будуць выступаць у кваліфікацыі. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?