Вы тут

Алімпійскі дзённік. Час трэніраваць аптымізм


Алімпійскія Гульні ў Пекіне прайшлі праз свой экватар. І, на жаль, чарговы дзень зноў не прынёс беларускім спартсменам даўгачаканай узнароды. Хаця сёння шчасце было як ніколі блізка...


Фота: НАК Беларусі

Біятлон. Нядзеля — адзіны дезнь у алімпійскай праграмы з дзвюма гонкамі. Біятланісты выступалі ў гонках пераследу. Лепшы вынік у беларускай жаночай камандзе паказала Ганна Сола. На дыстанцыі 10 кіламетраў яна заняла чацвёртае месца. Беларуска стартавала 26-й, але двойчы прамахнулася на стральбе лежачы. У стральбе стоячы Ганна дапусціла адзін промах. Аднак гэта не перашкодзіла весці барацьбу за бронзу, дзе яна не змагла абысці саперніц.

«Выклалася ў гонцы пераследу на сто працэнтаў. Сіл не засталося, але агульнае самаадчуванне добрае. Тут няпростая вышыня: складана бегчы, але сёння парадавала стральба. Адкрылася другое дыханне. Настройваюся на наступныя гонкі, буду старацца паказаць максімум. Дзякуй вялікі нашым балельшчыкам. Вельмі прыемна, што яны за нас хварэюць і падтрымліваюць, нават калі ў нас нешта не атрымліваецца», — падзялілася Ганна Сола ў інтэрв’ю прэс-службе НАК Беларусі. 

Лідар беларускай каманды Дзінара Алімбекава выйшла на дыстанцыю 15-й. Стральбу лежачы яна выканала ідэальна. Але на першым агнявым рубяжы на стойцы атрымала тры штрафных круга. Апошні агнявы рубяж быў выдатным. У выніку — 19-е месца. Услед за Дзінарай да фінішу прыехала Ірына Лешчанка, якая выйшла на дыстанцыю 57-й. Яна дапусціла толькі два промахі на апошнім агнявым рубяжы і паднялася на 20-е месца. 
Чэмпіёнкай у гонцы пераследу стала Мартэ Ройселан, якая не закрыла толькі адну мішэнь, паказаўшы вынік 34 хв. 46,9 сек. На 1 хвіл. 36,5 сек. адстала шведка Эльвіра Эберг, бронзу заваявала яшчэ адна нарвежская біятланістка Цірыль Экхаф (+1 хв. 48,7 сек.).

Сваю ацэнку сённяшняй гонцы даў старэйшы трэнер жаночай каманды Беларусі Алег Рыжанкоў: «Умовы надвор’я былі вельмі жорсткімі для ўсіх спартсменак. Прыемна, што дзяўчаты паказалі той узровень, на якім яны могуць выступаць. Шкада, што не дацягнуліся да медалёў, але, стартуючы з далёкіх пазіцый, адыграць такія адрывы складана. Так, саперніцы і надвор’е, можна сказаць, нам сёння дапамагалі.Добры прарыў зрабіла Ганна Сола, вельмі добра адпрацавала.Трохі ёй не хапіла да медаляў.Вельмі парадавала Ірына Лешчанка, прарваўшыся з 60-га месца ў топ-20, такое даволі рэдка здараецца.У Ірыны быў выдатны лыжны ход — яна паказала восьмую хуткасць па ходзе ўсёй дыстанцыі. Дзінара і мы засмучаныя: не зладзілася на першай стойцы. Пагутарым з ёй, разбяром памылкі».

У гэтай жа гонцы разыгралі камплект медалёў і мужчыны. Лідар беларускай каманды Антон Смольскі стартаваў дзесятым, уступаючы пераможцу спрынту нарвежцу Ёханэсу Бё 1 хв. 13 сек. На двух агнявых рубяжах пры стральбе лежачы Антон зарабіў па адным штрафным крузе, на першай стойцы прамахнуўся яшчэ тройчы і страціў шанцы на яшчэ адзін алімпійскі медаль. На апошнім рубяжы ён яшчэ адзін раз прамахнуўся і да фінішу прыехаў 14-м з выніка 42 хв. 48.2 секунды. Яшчэ адзін беларус Мікіта Лабастаў пайшоў на дыстанцыю 57-м і падняўся на 45-е месца пры шасці штрафных кругах (45 хв. 42,0 сек.).

Пераможцам пасьюта стаў французскі біятланіст Кентэн Фіён Мае, які прабег 12,5 км за 39 хв. 07,5 сек., не дапусціўшы ніводнага промаху пры чатырох заходах на агнявую пазіцыю. Серабро заваяваў нарвежац Тар’ёй Бё (+28,6 сек.; 1 промах), бронзу выйграў расійскі спартсмен Эдуард Латыпаў (+35,3 сек.; 1 промах).
Фрыстайл. Сёння ў кваліфікацыі жаночага турніру па лыжнай акрабатыцы перамагло надвор’е. У Чжанцзякоў пачаўся моцны снегапад і моцны вецер. Арганізатары вырашылі перанесці спаборніцтвы на панядзелак. Старт першай кваліфікацыі запланаваны на 10.00 па беларускім часе. У гэты ж дзень адбудзецца і фінал, які мусіць пачацца ў 14.00.

У жаночым турніры па лыжнай акрабатыцы Беларусь прадставяць алімпійская чэмпіёнка Ганна Гуськова, а таксама Ганна Дзяруга і Анастасія Андрыянава.

Канькабежны спорт. Беларуска Ганна Ніфонтава заняла 19-е месца на дыстанцыі 500 м. Яна бегла ў 12-й пары і паказала час 38,30 сек. Яе вынік аказаўся 19-м сярод 30 удзельніц спаборніцтваў.

Алімпійскай чэмпіёнкай стала амерыканская спартсменка Эрын Джэксан — 37,04 сек. Сярэбраны медаль заваявала японка Міха Такагі (+0,08 сек.), на трэцім месцы расіянка Ангеліна Голікава (+0,17 сек.).
Шорт-трэк. Камплект узнагарод сёння разыгралі ў шорт-трэку. У спаборніцтвах мужчын на дыстанцыі 500 м залаты медаль заваяваў прадстаўнік Венгрыі Шааан Лю з вынікам 40,338 сек., другім фінішаваў расійскі спартсмен Канстанцін Іўліеў (40,431 сек.), бронзавым прызёрам стаў канадзец Стывен Дзюбуа. 
У жаночай эстафеце чэмпіёнскі тытул заваявала каманда Нідэрландаў, якая ўстанавіла новы алімпійскі рэкорд — 4 хв. 03,409 сек. На другой пазіцыі спартсменкі Рэспублікі Карэя (4 хв. 03,627 сек.). Бронза ў зборнай Кітая (4 хв. 03,863 сек.).

Лыжныя гонкі. Расійскія спартсмены сталі алімпійскімі чэмпіёнамі ў лыжнай эстафеце 4×10. Гэта першы эстфетны медаль расіян за апошнія 42 гады. Імёны новых алімпійскіх чэмпіёнаў — Аляксей Чарвоткін, Аляксандр Вястуноў, Дзяніс Спіцаў і Сяргей Усцюгаў. 

Сярэбраныя медалі дасталіся нарвежцам Эмілю Іверсену, Полу Гульбергу, Хансу Крыстэру Халуну і Ёханэсу Клеба, якія прайгралі расіянам 1 хв. 07,2 сек. Бронзу заваявалі прадстаўнікі Францыі Рышар Жув, Уга Лапалю, Клеман Парыс і Морыс Маніфіка, якія ўступілі нарвежцам 9,2 сек.

Гарналыжны спорт. Швейцарац Марка Одэрмат, лідар агульнага заліку Кубку свету, пацвердзіў статус галоўнага фаварыта спаборніцтваў і выйграў алімпійскае золата ў гіганцкім слаламе. Сярэбраны медаль заваяваў прадстаўнік Славеніі Жан Краньец. Бронзавы медаль дастаўся чэмпіёну свету ў гэтай дысцыпліне французу Мацье Февру.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.