Вы тут

Біятлонныя драмы, хакейныя дзівацтвы, канькабежныя рэкорды — чым запомніцца першы тыдзень Гульняў


Алімпійскія гульні ў Пекіне за тыдзень прынеслі ўсяму свету мноства самых розных эмоцый ад шчырай радасці да горкага расчаравання. Але тым і цікавы спорт. Спартыўныя драмы — гэта не проста выпадак з жыцця аднага чалавека. Яны аб’ядноўваюць мноства лёсаў, могуць працягвацца дзесяткі гадоў і нават уплываюць на ўсю краіну. І алімпіяда — квінтэсенцыя эмоцый і пачуццяў. Асабліва ў наш такі непрадказальны час. 


Падчас зімовых гульняў для Беларусі галоўным спортам становіцца біятлон. Фенаменальныя перамогі Дар’і Домрачавай на алімпіядах і багатыя медальныя традыцыі на іншых стартах навучылі ўсю краіну чакаць вынікаў ад страляючых лыжнікаў і з хваляваннем глядзець іх выступленні. Гульні ў Пекіне таксама суправаджаюцца хваляваннем беларускіх аматраў. Сярэбраны медаль Антона Смольскага ў цяжкай індывідуальнай гонцы на 20 кіламетраў яго апраўдаў. Але і так прычын для хвалявання хапае. Для беларускіх біятланістаў алімпіяда пачалася з пятага месца Дзінары Алімбекавай у індывідуальнай гонцы. А перашкодзіў трапіць у прызёры адзін промах на апошнім агнявым рубяжы. Сітуацыя паўтарылася і ў спрынтарскай гонцы. Адна незакрытая мішэнь падчас апошняй стральбы апусціла Дзінару на 15-е месца. Некаторыя спартсмены кажуць, што самае крыўднае месца — чацвёртае. На сабе гэта праверыла і Ганна Сола падчас гонкі пераследу. Пакуль беларускія біятланісты ходзяць вакол п’дэстала, не падымаючыся на яго, нервовае напружанне аматараў зашкальвае. 

Аднак, на шчасце, беларускія біятланісты ўсе здаровыя. Біятлонны цэнтр Чжанцязкоў размешчаны ў гарах, гонкі праходзяць пры нізкай тэмпературы, часам з моцным ветрам. Такія складаныя ўмовы пераносяць не ўсе.

Нарвежскую біятланістку Інгрыд Тандрэвольд з фінішу гонкі пераследу вынеслі на руках. Спартсменка не справілася з вышынёй 1600 метраў над узроўнем мора. З апошняга рубяжа яна ішла трэцім, мела камфортны запас ад ад бліжэйшых праследавацельніц. Але ўжо на фінішы прапусціла наперад 11 саперніц, у тым ліку і Ганну Солу. Ледзь Інгрыд перасякла фінішную рысу, яна ўпала на снег. Да яе адразу падбеглі іншыя біятланісткі, адчапілі лыжы. Але нарвежка ні на што не рэагавала, пакуль не падаспела медыцынская дапамога. Гэта не першы раз, калі Інгрыд дрэнна сябе адчувае падчас гонкі.

Дробязі правяць баль 

На біятланістаў уплывае надвор’е, а на хакеістаў — каранавірус. Усяму свету ўжо добра вядомыя строгія эпідэміялагічныя меры на Гульнях, грэбаванне якімі сур’ёзна караецца. Праўда, толькі ў выпадку, калі імі грэбуюць спартсмены ці трэнеры, а не арганізатары. Журналісты, якія працуюць на Гульнях, нават звярнуліся да старшыні арганізацыйнага камітэта, з просьбай вырашыць транспартную праблему. На Гульнях працуе больш за 2000 тысячы журналістаў, спаборніцтвы праходзяць у трох кластарах. Але транспарта катастрафічна не хапае і ходзіць ён рэдка. Лагічна, што аўтобусы аказваюцца бітком набітыя людзьмі і аб сацыяльнай дыстанцыі не можа ісці гаворка. Аднак не аб гэтым, а аб хакеі. 

Каранавірус унёс свае карэктывы ў рэгламент турніру. На алімпіядзе ў Пекіне каманды могуць у любы момант замяняць хворых на каго-небудзь з запасных. Гэта пры тым, што не ўсе каманды выбралі поўную квоту рэзервістаў. А мінімальная колькасць ігракоў, якую павінна выставіць краіна, — 13 палявых, інакш прысудзяць тэхнічнае паражэнне. Была нават і дзіўная ідэя аб прысуджэнні двух залатых або двух бронзавых узнагарод, калі галоўны і бронзавы фінал не змогуць быць праведзены з-за станоўчага тэсту абедзвюх каманд. 

Каранавірус нават дазволіў мяняць рэгламент правядзення спаборніцтваў непасрэдна на саміх спаборніцтвах.

А яшчэ ўнёс дапаўненні ў спартыўную экіпіроўку. Жаночыя хакейныя каманды Расіі і Канады выйшлі на гульню ў медыцынскіх масках. Усяму віной — блытаніца ў правілах. Міжнародная федэрацыя хакея запатрабавала ад удзельнікаў ранішаніх гульняў здаваць ПЛР-тэсты ў пяць гадзін раніцы. А расіянкі выканалі патрабаванні Міжнароднага алімпійскага камітэта і аргкамітэта Гульняў і здалі тэсты ў восем гадзін раніцы. Перад пачаткам матчу тэсты расіянак былі не гатовыя. Канадкі адмовіліся выходзіць на лёд, матч перанеслі на гадзіну пазней. Потым канадкі запатрабавалі гуляць у масках, можна толькі ўявіць, як гэта няпроста. Аднак умяшаўся МАК і заявіў, што адзіны правільны рэгламент распрацаваны аргкамітэтам Гульняў, а не федэрацыяй хакея. Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што хваляванні былі не марнымі, у канадак быў адзін станоўчы тэст, а ў расіянак — два. 

Некаторыя дзіўныя рэчы ў правілах правядзення спаборніцтваў прапісаны абсалютна афіцыйна і нават каранавірус тут не пры чым. У фінале камандных спаборніцтваў па скачках з трампліна суддзі анулявалі спробу лідара японскай каманды Сары Таканасі. Затым не залічылі спробу Даніэлы Ірашко-Штольц з Аўстрыі. Сітуацыя паўтарылася з прадстаўніцай Германіі Катарыны Альтхаўс. Зразумела, што незалічная спроба моцна ўплывае на вынік. 

Асноўная версія такіх судзейскіх рашэнняў — праблемы з касцюмамі. У правілах FIS ёсць спецыяльны пункт на гэты конт: «Дапаможныя сродкі, якія ўплываюць на выступленне ўдзельнікаў спаборніцтваў і / або ўяўляюць сабой тэхнічную карэкціроўку параметраў, павінны выключацца». Касцюмы для скачкоў з трампліна павінен быць не менш 1 см і не больш 3 см ад цела спартсмена. Калі гэтыя паказчыкі перавышаны, скачок не залічваецца. Перад стартам гэта правярае незалежны кантралёр. Тлумачыць такое дзівацтва фізіка — чым шырэй касцюм, тым ён больш падобны на ветразь і стварае дадатковую перавагу пры палёце.
Запомніліся тыя спаборніцтвы і перамогай расійскіх спартсменаў — Даніла Садрэева, Яўгена Клімава, Ірмы Махіня і Ірыны Авакумавай. Алімпійскіх медалёў у Расіі ў скачках з трампліна не было больш за 50 гадоў. 

Цікавае неверагоднае 

Лідарамі агульнага заліку па колькасці ўсталяваных у Пекіне алімпійскіх рэкордаў можна лічыць канькабежцаў. Пальму першынства тут нязменна трымаюць галандцы, да іх падцягваюцца і новыя маладыя імёны. На дыстанцыі 5 тысяч метраў 25-гадовы швед Нільс ван дэр Пул паказаў вынік 6 хв. 8.84 сек. Гэта сусветны і алімпійскі рэкорды і, зразумела, залаты медаль. А яшчэ перамога над легендарным Свенам Крамерам.

Прычым алімпіяды ў Нільса магло і не быць. Некалькі гадоў таму ён кінуў спорт і вяртацца не зібраўся, але яго раптоўна вярнуў біятлонны спецыяліст Вольфганг Піхлер, заўважыўшы ў хлопцы талент. 

Галандская спартсменка Ірэн Схаўтэн стала пераможцай на дыстанцыях 3000 і 5000 метраў. І кожны раз перамагала з алімпійскім рэкордам. Усяго на алімпійскіх гульнях у Нідэрландах галандцы ўстанавілі пяць алімпійскіх рэкордаў. 

Хапае сенсацый і ў гарналыжным спорце. Ёханес Штрольц з Аўстрыі стаў алімпійскім чэмпіёнам у суперкамбінацыі. Здаецца, нічога дзіўнага. Але спартсмен паўтарыў дасягенне свайго бацькі, які стаў алімпійскім чэмпіёнам у гэтай дысцыпліне 34 гады таму. А француз Ёхан Клары заваяваў серабро ў хуткасным спуску і статус самага старэйшага алімпійскага прызёра ў гарналыжынм спорце. На момант выступлення яму споўніўся 41 год і 30 дзён. Яго папярэдніку амерыканцу Бодэ Мілэра было 36 гадоў і 127 дзён. 

Алімпійскія гульні ў Пекіне будуць радаваць і хваляваць свет яшчэ тыдзень. А значыць, наперадзе мноства цікавых рэкордаў, перамог і дзіўных выпадкаў. Інакш на алімпіядзе немагчыма. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.