Вы тут

Агляды часопісаў: Надрукавана ў «Маладосці»


У студзеньскім, за 2022-гі год, нумары «Маладосці» у жанры мастацкай прозы, паэзіі і публіцыстыкі прадстаўлены 12 аўтараў. Калі не лічыць добра вядомых чытачу Алены Брава, Міколы Маляўкі, Георгія Марчука, Ізяслава Катлярова, астатнія — моладзь. Праўда, і Маргарыта Латышкевіч сваімі вершамі і прозай таксама добра знаёмая чытачу, які сочыць за сучасным станам беларускай літаратуры. Які на крайні выпадак — чытае «Маладосць» на працягу апошніх гадоў.


Раман Казлоўскі (нарадзіўся ў 1997 годзе ў Гродна) выступае з «рэфлексіяй пасля прачытання Васіля Быкава» «Застацца чалавекам». Канстанцін Дзііулія (нарадзіўся ў 1986 годзе ў Магілёве) знаёміць чытача з «палескім паланэзам» «Водар бэзу». Цікава, што рэдакцыя прадстаўляе аўтараў і іх творы яшчэ і каментарыямі. У Канстанціна Дзііуліі вылучана такое сведчанне: «У юнацтве чытаў мала, бо хацелася бегчы на вуліцу гуляць.

Першая кніга, якую прачытаў усвядомлена, — пра Рабінзона Круза Даніэля Дэфо. У нашай сям’і заўсёды выпісвалі часопіс „Вясёлка“. Падабалася перачытваць зборнік „Беларускія народныя казкі“, асабліва казку „Ад крадзенага не пасыцееш“. І цяпер перавагу аддаю творам павучальным». Яраслава Федчанка (нарадзілася ў Мінску ў 2002 годзе) выступае з падборкай вершаў «Думаў крылы». Гэта з яе верша без назвы: «Без летуценнікаў зорам халодна/ і самотна на небе./ Днём і ноччу ніхто не ўзгадвае пра іх з захапленнем,/ Не просіць у іх кропляў любові, цуду./ Яны дрыжаць, гатовыя ўпасці ў любую секунду./ Ды толькі гэтага ніхто не чакае...» У Андрэя Дзічэнкі (нарадзіўся ў Калінінградзе ў 1988 годзе) жанр твора «Чатыры кілаграмы бактэрый» вызначаны як апавяданне. І жанру твор адпавядае напоўніцу. Дарэчы, Андрэй Дзічэнка займаецца і драматургіяй. Піша ў асноўным на рускай мове. Кандыдат філалагічных навук Наталля Анапрэенка (нарадзілася ў 1975 годзе ў Мінску) прапануе чытачу чатыры вершы, аб’яднаных у падборку агульнай назвай — «Я — адвечны вандроўнік». Вольга Шпакоўская (нарадзілася ў Магілёве ў 1999 годзе) выступае з двума празаічнымі творамі — «За намі падглядае неба» і «Філасофская рыба».

Ад часопіса па ранейшай традыцыі чытач чакае і твораў болей грунтоўнага аб’ёма, чым апавяданні, эсэ і вершы. І студзеньская «Маладосць» не падводзіць: прапануе гумарыстычную аповесць Андрэя Сідарэйкі (аўтар нарадзіўся ў 1985 годзе ў вёсцы Каравацічы Рэчыцкага раёна) «Непатрэбная рэч».

У студзеньскай «Маладосці» — успаміны Віктара Яраца пра Алеся Разанава («Шлях без адпачынку, або Нашчадак Праметэя»). Даволі цікавай падаецца гутарка з мастачкай Марынай Мароз («Паэзія ў адбітку гравюры». На тэму «Развіццё сучаснага беларускага рамана» разважаюць празаік Валер Гапееў, празаік, публіцыст Юльяна Пятрэнка, публіцыст Канстанцін Касяк. Думкі розныя, часам супярэчлівыя нават у межах разважэнняў аднаго ўдзельніка дыскусіі (не будзем у дадзеным выпадку акцэнтаваць, каму яны, гэтыя думкі, належаць): «Самы чытаемы літаратурны жанр у свеце — раман — безнадзейна састарэў»; «Насуперак даўнім разважанням літаратуразнаўцаў, у Беларусі і іншых краінах такі жанр, як раман, не зжыў сябе, ён развіваецца і працягвае прыносіць прыбытак выдавецтвам, ганарары аўтарам і задавальненне чытачам»; «...Праз самы кароткі час трыумфу „кароткай прозы“ раман выйшаў да чытача жаданым госцем».

Нагадваем: зараз выдаўцом часопіса Саюза пісьменнікаў Беларусі «Маладосць» з’яўляецца выдавецтва «Мастацкая літаратура».

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».