Вы тут

«У дарозе»: аўтаспын у гады хрушчоўскай «адлігі»


У перыяд хрушчоўскай «адлігі» беларускае савецкае грамадства перажывала глыбокія змены ў сацыяльна-эканамічнай, палітычнай і духоўнай сферах. Паскораная ўрбанізацыя, паляпшэнне матэрыяльнага стану працоўных, пераход на 7-гадзінны працоўны дзень і на 5-дзённы працоўны тыдзень, а таксама паслабленне кантролю над асабістым жыццём людзей адбілася на развіцці іх вольнага часу. Неад’емным кампанентам адпачынку стаў турызм, масавасць якога падтрымлівалася патэрналісцкай сацыяльнай палітыкай, а таксама рэгулярнымі датацыямі, што паступалі з бюджэтаў прафсаюзаў, а таксама ведамасных і сацыяльных фондаў.


Чырвоная змена. 1963. 21 вер. № 186. С. 4.

Вялікае значэнне ў фарміраванні масавага турызму ў часы «адлігі» меў яго прапагандысцкі складнік, які не проста дамінаваў, але з’яўляўся яго стрыжнем. Так, у якасці сваёй асноўнай задачы створанае ў красавіку 1959 года Беларускае рэспубліканскае турысцкае ўпраўленне ВЦСПС вызначыла «...ажыццяўленне на тэрыторыі БССР турысцка-экскурсійнай работы з мэтай прапаганды сацыялістычнага будаўніцтва і азнаямлення працоўных з эканомікай, геаграфіяй, прыроднымі багаццямі краіны, гісторыяй і культурай народаў СССР, героікай грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў, а таксама садзейнічання развіццю масавага турызму і экскурсій як сродку выхавання савецкага патрыятызму і арганізацыі культурнага адпачынку працоўных».

Брызентавая штармоўка, «абалакаўскі» заплечнік

Вялікія надзеі ўскладаліся на развіццё самадзейнага турызму, як найменш выдатковай для дзяржавы формы забеспячэння гарантаванага савецкім грамадзянам права на адпачынак. Менавіта задачу развіцця самадзейнага турызму, у якасці галоўнай у 1959 годзе ставіў перад камсамольскім актывам рэспублікі вайскова-фізкультурны аддзел ЦК ЛКСМБ.

Жыхары БССР, асабліва інтэлігенцыя і моладзь, з энтузіязмам адгукнуліся на заклікі прафсаюзнага і камсамольскага кіраўніцтва. Амаль на кожным буйным прадпрыемстве, у арганізацыі, установе, навучальнай установе былі створаны клубы турыстаў альбо секцыі турызму. Адзін з першых у 1958 годзе распачаў працу клуб турыстаў-альпіністаў БДУ пад кіраўніцтвам дацэнта Федэнкі. Найбольш актыўныя клубы і секцыі дзейнічалі на МАЗе, Мінскім гадзіннікавым заводзе, Віцебскім заводзе радыёдэталяў, у Мінскім акруговым доме афіцэраў, Інстытуце «Белдзяржпраект», Мінскім медыцынскім інстытуце, Мінскім педінстытуце імя М. Горкага і інш.

Дзейнічаючы па прынцыпах самазабеспячэння і самаабслугоўвання, групы самадзейных турыстаў ішлі ў паходы па самастойна распрацаваных маршрутах рознай складанасці. У 1957 годзе вучні 32-й сталічнай школы на чале з настаўнікам сплавіліся на чоўнах з Мінска да Кіева. У 1959 годзе героямі Баранавічаў сталі маладзёны Грабянюк, Буланенка і Сцяпанаў, якія за 13 дзён даехалі на 42 роварах з роднага горада ў Крым. Актыўна падарожнічалі па ўсёй еўрапейскай частцы СССР сябры секцыі турызму Цэнтральнага аўтамотаклуба БССР. Пра запатрабаванасць самастойнай формы арганізацыі падарожжаў сведчаць наступныя лічбы: у 1960 годзе па турысцкіх пуцёўках адпачывала больш за 7 тысяч жыхароў рэспублікі, у той час як у самадзейных паходах узяло ўдзел каля 150 тысяч чалавек. У 1964 годзе гэтыя суадносіны выглядалі яшчэ больш кантрасна: на 11 тысяч планавых турыстаў прыпадала 500 тысяч самадзейных.

Значак Аўтаспыну.

Масавасць самадзейнага турызму спарадзіла на мяжы 1950–1960-х гг. неафіцыйную субкультуру з уласнымі каштоўнасцямі, сэнсамі, рытуаламі, атрыбутыкай, мовай. Звычайным адзеннем інтэлігента таго часу зрабілася брызентавая штармоўка, а вялікі «абалакаўскі» заплечнік – атрыбутам праўдзівага рамантыка. Абавязковымі пасажырамі амаль кожнай суботняй і нядзельнай мінскай прыгараднай электрычкі сталі хлопцы і дзяўчаты з заплечнікамі і гітарамі. 1960-я гады стварылі прынцыпова новы вобраз рамантычнага героя – малодшага навуковага супрацоўніка, інжынера ці аспіранта, альтруіста і вандроўніка, які спявае пад гітару. У Савецкай Беларусі падобным героем стаў інжынер Мінскага завода імя С. І. Вавілава, альпініст, бард, старшыня першага мінскага клуба самадзейнай песні «Свіцязь» Арык Круп. 

Рамантыка вандровак, культ дарогі і разуменне руху як ладу жыцця мелі ўніверсальны характар і падзяляліся «людзьмі з заплечнікамі» як у СССР, краінах сацыялістычнай садружнасці, так і на Захадзе. Для новых рамантыкаў нацыянальная прыналежнасць, месца сталага жыхарства, праца мелі другаснае значэнне. Народжаная ўнутры афіцыйнай культуры з дазволу партыі і камсамолу, беларуская савецкая субкультура самадзейнага турызму ў рэальнасці супрацьстаяла ўладнаму ідэялагічнаму дыскурсу, з’яўлялася формай эскапізму, маніфеставала імкненне да прыроды, сапраўдных пачуццяў і шчырых стасункаў. Нефармальная турыстычная субкультура нарадзіла «самадзейную песню». Напісаная ў 1965 годзе на замову міністэрства культуры Вагнэрам і Алтуховым песня «Светят звезды. Туристская лирическая» не мела ніякіх шанцаў заваяваць сэрцы рамантыкаў, якія спявалі народжаны Арыкам Крупам ля вогнішча нефармальны турыстычны гімн «Всё леса, всё леса Белоруссии».

З раманам Керуака і маршрутнай кніжкай

З развіццём у СССР аўтамабільнага транспарту, у 1960-я гады набыў папулярнасць новы тып самадзейнага турызму, калі турысты, са згоды кіроўцаў, рухаліся на спадарожных аўто. Людзі, не меўшыя ўласнага аўтатранспарту, звярталіся да кіроўцаў з просьбамі «падвесці» і раней. Але пасля з’яўлення рамана Керуака «У дарозе» (1957), падобны спосаб перасоўвання ў прасторы набыў не толькі вялікую папулярнасць сярод моладзі, але таксама філасофскі сэнс, які вызначыў лад жыцця новай моладзевай субкультуры – бітнікаў. Неўзабаве пра гэтую субкультуру даведаліся ў СССР, дзе са скарачэннямі быў надрукаваны культавы раман Керуака. Уласцівыя яго героям схільнасць да «дрэнных звычак», апалітычнасць, дух свабоды, што найбольш красамоўна выяўлялася ў вандроўным ладзе жыцця, адразу выклікалі занепакоенасць у партыйных ідэёлагаў. Было вырашана ўзяць вандроўкі на спадарожных аўто пад кантроль, запазычыўшы дзеючую ў Польскай народнай рэспубліцы з 1958 года сістэму іх арганізацыі пад назвай «Аўтаспын».

У 1961 годзе эксперыментальнай базай для стварэння клубаў «Аўтаспын» зрабіліся найбольш вестэрнізаваныя і аўтамабілезаваныя прыбалтыйскія рэспублікі, а таксама Ленінградская вобласць. Летам наступнага года, пасля таго, як Рэспубліканскае турысцка-экскурсійнае ўпраўленне Белсавпрафа распрацавала ўласнае «Палажэнне аб перавозцы турыстаў у БССР спадарожным аўтатранспартам (па сістэме “Аўтаспын”)» і выпусціла маршрутныя кніжкі, скарыстацца імі было прапанавана жыхарам БССР. Ажыццявіць падарожжа аўтаспынам можна было наступным чынам. Спачатку ў мясцовых турыстычных, спартыўных ці прафсаюзных арганізацыях (пазней – у шапіках «Саюздрука») падарожнік павінен быў за 2 рублі набыць маршрутную кнiжку, у якой мелася некалькі старонак з адрыўнымі талонамі на дзве тысячы кіламетраў. Затым ён выходзіў на дарогу і ўздымаў руку з кніжкай, на вокладцы якой было надрукаванае бачнае здалёк чырвонае кола на жоўтым фоне. Па гэтым знаку кіроўца разумеў, што на ўзбочыне знаходзіцца сябра клуба «Аўтаспын», які па завяршэнні паездкі пакіне запоўнены (марка машыны, прозвішча кіроўцы, маршрут, дата) талон на адпаведную колькасць кіламетраў (10, 15, 20, 25, 50, 100).

Беларусь. 1965. № 4. уклейка.

На турыстаў, якія перасоўваліся на спадарожных машынах, распаўсюджваліся правілы і прывілеі, распрацаваныя для іншых відаў турызму. Напрыклад, падчас перамяшчэння групай, яны былі абавязны скласці маршрутны аркуш паходу, зацверджаны кіраўніком мясцовай турыстычнай арганізацыі. Гэты аркуш разам з маршрутнымі кніжкамі даваў права на адпачынак на турбазах і турстаянках, а таксама на дапамогу мясцовых органаў улады і работнікаў ДАІ. Сябры клуба «Аўтаспын», куды прымаліся асобы старэйшыя за 16 гадоў, павінны былі выконваць правілы дарожнага руху. Ім забаранялася перасоўвацца ўначы, паліць у кабіне, адцягваць увагу кіроўцаў размовамі, а таксама спыняць машыну на адлегласць менш за 5 кіламетраў. Падарожнікі былі павінны весці барацьбу з браканьерствам, самагонаварэннем і «паведамляць аб усім добрым, убачаным на шляху, у рэдакцыі рэспубліканскіх газет». Кіроўцам, якія неслі адказнасць за бяспеку пасажыраў, забаранялася адхіляцца ад вызначанага транспартнай арганізацыяй маршруту, а таксама самастойна арганізоўваць групы турыстаў з мэтай атрымаць ад іх больш запоўненых талонаў.

Па заканчэнні сезона «Аўтаспыну», які ў 1962 годзе цягнуўся з 15 чэрвеня па 15 кастрычніка, кіроўцы адсылалі назапашаныя талоны ў мясцовае аддзяленне клуба, дзе па іх ладзіліся розыгрышы каштоўных падарункаў – гадзіннікаў, фотаапаратаў, веласіпедаў і інш. Галоўны прыз першага сезона 1962 года – мапед атрымаў кіроўца мінскай аўтакалоны 24–14 Янушкевіч. У той год таксама адзначылі найбольш актыўнага ўдзельніка клуба «Аўтаспын» – рабочага Мінскага гадзіннікавага завода Чуланава, які праехаў за сезон 1962 года больш за 15 тысяч кіламетраў. У цэлым жа вынікі першага сезона «Аўтаспыну» ў БССР былі даволі сціплыя. З 15 тысяч надрукаваных у рэспубліцы кніжак рэалізавана было крыху больш за 1,5 тысячы. Кіроўцы, прызвычаіўшыся да «наяўных», таксама не праяўлялі вялікага энтузіязму, бачучы людзей на ўзбочыне з узнятымі кніжкамі.

Адам Мальдзіс у якасці аўтаспыншчыка

З мэтай папулярызацыі новага спосабу падарожжаў сярод насельніцтва, перш за ўсё – моладзі, ЦК ЛКСМБ абвясціў конкурс на лепшае апісанне пройдзенага маршруту. Творы пераможцаў друкаваліся ў моладзевым друку, іх аўтары атрымлівалі прызы. Адным з першых пераможцаў гэтага конкурсу стаў энтузіяст «Аўтаспыну», малады супрацоўнік Інстытута літаратуры АН БССР Адам Мальдзіс. Летам 1965 года ён разам з двума сябрамі накіраваўся ў краязнаўчую вандроўку па маршруце Радашковічы – Вілейка – Свір – Астравец – Гудагай – Ашмяны – Ліда – Навагрудак – Мір – Нясвіж. Рамантычнай аўры вандроўкі, якая паўстала дзякуючы маляўнічым прыродным краявідам, велічным помнікам архітэктуры і шчырым размовам ля вогнішча, адпавядаў вусны часопіс «Аб міжнародным значэнні беларускай літаратуры», з якім вандроўнікі, па ўзгадненні з партыйнымі органамі, выступалі ва ўсіх населеных пунктах. Тым не менш народжаны дарогай дух свабоды правакаваў шчырыя размовы пра неразвітасць турыстычнай інфраструктуры, занядбанасць культурнай спадчыны і, канешне, лёс беларускай мовы.

У сярэдзіне 1960-х гадоў саюзнае кіраўніцтва турыстычнай галіны прызнала рэгіянальныя эксперыменты з «Аўтаспынам» паспяховымі – толькі ў БССР колькасць кіроўцаў, якія ў ім удзельнічалі з 1962 па 1964 гады павялічылася ўдвая. Таму было вырашана распаўсюдзіць станоўчы вопыт на ўсю тэрыторыю краіны. Сезон вандровак на спадарожных аўто быў афіцыйна падоўжаны да 9 месяцаў на год. У чэрвені 1965 года Беларускі савет па турызме і экскурсіям сумесна з Міністэрствам аўтамабільнага транспарту БССР прынялі пастанову «Аб арганізацыі перавозак турыстаў у БССР спадарожным аўтатранспартам паводле сістэмы “Аўтаспын”», якой кіроўцы абавязваліся дапамагаць турыстам. Прадпрыемствы мясцовай прамысловасці распачалі выраб значкоў з эмблемай клуба.

На беларускіх дарогах з’явіліся вандроўнікі з іншых савецкіх рэспублік. Летам 1963 года беларускія журналісты заўважылі ў Белавежскай пушчы студэнтаў Ленінградскага электратэхнічнага інстытута, якія рухаліся аўтаспынам па маршруце Адэса – Херсон – Сімферопаль – Кіеў – Мінск – Вільнюс – Рыга – Ленінград. Тады ж беларуская маладзёжная газета распавяла пра студэнтаў Вільнюскага ўніверсітэта, якія вярталіся праз Мінск з падарожжа ў Карпаты. Са свайго боку, першыя сябры беларускіх клубаў выправіліся ў далёкія вандроўкі за межы рэспублікі. Рабілі яны гэта з дапамогай падаражэлых у два разы «саюзных» кніжак, на вокладках якіх змяшчалася выява знака «рух без спынення забаронены» у выглядзе чырвонага трохкутніка ў коле на жоўтым фоне. Увогуле, паводле словаў старшыні Рэспубліканскага савета па турызме Чарнова, у разгар сезона 1966 года з падобнымі кніжкамі па СССР вандравалі каля 20 тысяч беларускіх турыстаў, рыбаловаў і паляўнічых.

Аўтаспынам падарожнічала не толькі моладзь, але таксама людзі салідных прафесій, некаторыя нават з дзецьмі. Так, увесну 1965 года ў вандроўку на спадарожных аўто па Рускай Поўначы (Пскоў, Ноўгарад, Ленінград, Кіжы) выправіўся намеснік рэдактара мінскай раённай газеты «Шлях камунізму» Левін разам з сынам. Паспяхова прайсці гэты маршрут журналісту дапамог назапашаны ў папярэднія гады вопыт падарожжаў аўтаспынам па Залатым коле Расіі і Паўднёвым Урале.

Да канца 1960-х гадах ва ўмовах далейшага адзяржаўлівання і ідэялагізацыі турысцкай галіны яе кіраўнікі згубілі цікавасць да экзатычных спосабаў перамяшчэння ў прасторы і фактычна спынілі арганізацыйна-тэхнічную падтрымку «Аўтаспыну». Тым не менш, частка савецкай моладзі працягнула падарожнічаць аўтаспынам нефармальна – без кніжак, талонаў і ўзгодненых у парткамах «вусных часопісаў», але з раманам Керуака ў заплечніку.

Аляксандр ГУЖАЛОЎСКІ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.