Вы тут

Рыгор Шырма: Хто не любіць народную песню, той няшчасны, са скалечанай душой


«Я памятаю, як першы раз убачыў яго. На нарадзе маладых пісьменнікаў у 1955-м, здаецца, годзе. Выйшаў невысокі, сівы, як адуванчык, чалавек з абліччам ці то настаўніка, ці то гэткага беларускага Дон Кіхота і загаварыў прыемным глухаватым голасам, з гэткім мяккім пружанскім акцэнтам «гэ-то-го», «за-мно-го». Загаварыў у віслыя вусы і сівую эспаньёлку рэчы, якія адразу зачаравалі нас. І адразу выяснілася, якая велічная рэч наша песня, колькіх кампазітараў, ад Манюшкі да Рымскага-Корсакава, яна натхняла. І загучала арыя з «Галькі», заснаваная на мелодыі нашай песні, і «Песня Леля», якой на самай справе з'яўляецца наша «Ой, ляцеў арлішча». І цяпер з усведамлення яе велічы нас не саб'е ніхто».


Так успамінаў пра знаёмства з легендарным дырыжорам, фалькларыстам, хормайстрам Рыгорам Шырмам Уладзімір Караткевіч.

Мала хто столькі зрабіў для беларускай культуры, мае столькі ўзнагарод і здзейсненых праектаў, як гэты чалавек, які нарадзіўся 130 гадоў таму ў вёсцы Шакуны Пружанскага павета ў простай сялянскай сям'і.

Давайце паспрабуем знайсці пра яго штось цікавае ў матэрыялах Беларускага дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтва.

«За вашымі пышнымі судзейскімі тогамі я бачу свае паляшуцкія світкі»

Асобнага фонду Рыгоры Шырмы, на маё здзіўленне, няма — здаецца, таму, што не перададзены хатні архіў. Але таго, што датычыцца знакамітага музыкі, можна знайсці дастаткова ў іншых фондах.

Напрыклад, вось алічбаваны дакумент — копіі матэрыялаў камендатуры польскай паліцыі аб дзейнасці беларускіх арганізацый у Польшы 1926 г. Справаздача на сотню з лішнім старонак... Сярод іншага чытаем:

«У дні 1 снежня адбыўся ў Вільні сход чальцоў Таварыства школы беларускай з мэтай стварэння гуртка ў цэнтры горада. У склад новага гуртка ўвайшлі...» І першым стаіць прозвішча Шырма .

Так, Рыгор Шырма ў Заходняй Беларусі быў асобай небяспечнай для тых, хто хацеў, каб беларусаў не існавала. Ён адмаўляўся запісвацца палякам — і не мог уладкавацца на працу, нават пашпарт атрымаць. Даводзілася нават працаваць лесарубам... У архіве знаходзім яго ліст да Браніслава Тарашкевіча ад 15.09.1922 г.:

«Шаноўны пане Тарашкевіч!

Давно ожидаю от Белорусского Национального Комитета предвыборную литературу и инструкции...

А теперь еще раз позволю себе обратиться к Вам с самой горячей и убедительной просьбой предоставить мне место учителя, где найдете возможным. Даю Вам слово, что буду весьма полезен, как учитель и, следовательно, как работник по возрождению Белоруссии. Жить до крайности тяжело. До сих пор ютился с семьей в хлебном сарае. Вся надежда только на Беларускі комитет и в частности на вас.

Григорий Ширма».

Дарэчы, калі віленскі ваявода Бацянскі прапанаваў Шырму купіць яго фальклорныя запісы, каб іх пераклалі і выдалі як польскія, Рыгор Шырма адказаў: «Каб перакласці народныя песні, трэба геній Адама Міцкевіча, а так як у вас яго няма, то гэта будзе тое самае, што абліць гэты белы абрус атрамантам!»

Рыгора Шырму арыштоўвалі некалькі разоў. Вось што ён сказаў на апошнім судзе: «За вашымі пышнымі судзейскімі тогамі я бачу свае паляшуцкія світкі, дзеля асветы якіх мы працуем, і з гэтага кірунку нас не саб'е ніхто і ніколі».

Заўважце, як апошнія словы перагукаюцца са словамі Караткевіча пра Шырму!

Важны дакумент, які захоўваецца ў архіве, — асабістая справа Рыгора Шырмы, заведзеная на яго ў Саюзе кампазітараў БССР 5 студзеня 1949 года.

У адной з анкет пра свой побыт у Заходняй Беларусі Шырма апавядае, што, нягледзячы на цяжкасці, «было дано более 200 лекций о литературе, музыке и белорусском народном творчестве. Записано и положено на ноты до 2-х тысяч белорусских народных мелодий. За свою работу подвергался репрессиям со стороны польских панов: два раза сидел в Лукишской тюрьме, несколько раз бывал под арестом, произведено в моей квартире несколько десятков полицейских обысков».

Невядомая п'еса

У архіве захоўваецца шэраг лістоў Рыгора Шырмы да перакладчыка з Масквы Яўгенія Мазалькова. Вось ліст ад 12 жніўня 1951 г.:

«Дорогой Евгений Семенович!

Помню, когда-то при встрече со мною вы дали согласие на то, чтобы я прислал вам для отзыва первое написанное мною произведение.

У меня получилась 4-х-актная пьеса — «Сонца глянула з Усходу». Я ее в нашем Союзе еще не показывал. Если вы согласны прочитать ее и сделать свои замечания, я охотно Вам один экземпляр вышлю. Мне осталось только чисто перепечатать на машинке. Содержание пьесы — борьба с панской оккупацией и момент освобождения. Эта тема никем в Советской литературе не затронута.

Собрал много интересного материала для задуманной прозы. Стоит ли приступать? Буду ждать Вашего ответа».

А 20 кастрычніка да Мазалькова трапляе згаданая п'еса разам з суправаджальным лістом:

«Дорогой Евгений Семенович!

Много всяких дел у меня с моим хором, поэтому еле кончил перепечатывать свою пьесу. Раньше я назвал было ее «Заглянула сонца і ў наша ваконца», но заглавие показалось мне длинным, и я переменил на другое — «Сонца глянула з Усходу».

Может, мне и не следовало связываться с писательским делом, но другой раз досада берет, что у нас так мало внимания уделяется освободительному движению в Западной Белоруссии: два-три произведения и обчелся.

Какое впечатление произведет на Вас «Сонца глянула з Усходу» — даже не могу себе представить. Видимо, сценические недотяжки будут большие, но литературный матерьял быть может и покажется не лишенным интереса.

Для новых сочинений много матерьяла накопилось еще со времен Великой Отечественной войны. Темы и герои ходят неотступно за мною, но приступить к работе нет времени.

Ваше мнение для меня очень дорого. Если найдете пьесу заслуживающей внимания, разрешите Ваш отзыв о ней показать Горбунову Тимофею Сазоновичу. Он по-настоящему интересуется вопросом воссоединения Белоруссии, да и в самой пьесе есть моменты политического порядка, о которых мне нужно будет с ним посоветоваться.

Песня в пьесе должна быть одним из главных действующих лиц, поэтому не удивляйтесь, что их так много. Песня была одним из сильнейших средств агитационной борьбы с панской оккупацией.

Мой искренний привет Вам с пожеланием доброго здоровья.

С большим нетерпением буду ждать Вашего письма.

Душевно преданный Вам

Ваш Г.Ширма.

20.10.51, Гродно».

Адразу заўважым, што змена назвы п'есы была невыпадковай. «Загляне сонца і ў наша ваконца» — беларуская выдавецкая суполка, якая існавала ў Пецярбургу ў 1904—1914 гадах, сярод яе кіраўнікоў былі тыя, хто ў 1951 годзе лічыўся ворагам народа.

І вось перад намі стос пажаўцелых аркушаў, на першым з якіх напісана: «Сонца глянула з Усходу». П'еса ў 4-х актах, 8-мі карцінах. 1951 год».

Сярод дзеючых асоб — Астап Бондар 80 гадоў, яго ўнучка Алёнка, Васілёк Русін — 22-гадовы студэнт, Захвея, яго матка, Пархвен Кіпцюр, сельскі кулак, абшарнік, урадавы саветнік Дыхавіцкі, давераны пана Дыхавіцкага Галганскі, ксёндз — малады фанатык, польскі настаўнік... Як сведчыць рэмарка да першай карціны, «дзея адбываецца ў Заходняй Беларусі ў часы панскай акупацыі».

У п'есе шмат біяграфічнага, Васілёк — гэта і сам Шырма, і паэт Міхась Васілёк, якім Шырма захапляўся і чый дэбютны зборнік «Шум баравы» выдаў на свае грошы, пакуль аўтар сядзеў у Лукішках. Маці героя п'есы Васілька Захвея — ці не любімая цётка Шырмы Захвея Васільеўна, ад якой Рыгор Шырма запісаў дзве сотні песень? А дзед Астап Бондар, у вусны якога ўкладзена шмат мудрасці, ці не дзед Рыгора Шырмы, па мянушцы Майстровіч?

Паколькі наўрад вы дзе прачытаеце тэкст гэтай п'есы, перакажу яе вам.

На пачатку адразу ж сустракаемся з галоўным героем — беларускай песняй, якая далятае праз адчыненае акно ў пакоі пана Дыхавецкага:

Чырвоная каліначка,

Чаго ў лузе схілілася?

Маладая дзяўчыначка,

Чаго яна журылася?

— Ой, таму я журылася,

Што ад роду адбілася.

Адбілася ад радочку,

Цяжка майму галасочку.

Песня абрана зусім невыпадкова. Хоць сэнс яе — туга маладой нявесткі па роднай сям'і, аўтар п'есы відавочна укладаў у яе ідэю, якая вярэдзіла яго ўсё жыццё: чалавеку нельга «адбівацца ад роду», слухаць тых, хто сцвярджае, што беларуская песня — халопская, нявартая.

Першая з'ява пачынаецца рэплікай ксяндза — «Спяваюць хамы». І далей ён разважае: «Няхай іх д'яблі разнясуць з іхнімі спевамі. Цяпер спяваюць «Чырвоную каліну», бо мы праз адчыненае вакно слухаем, а тады, калі мы не чуемо, заводзяць комуністычны інтэрнацыянал. Іхняя песня — гэта плашчык, пад каторым камуна нясе сваю прапаганду: спеваюць песні, а з-пад палы сыплюць адозвы. Лемантуюць, што хочуць развіваць сваю народную культуру, а нас завуць акупантамі».

Ксяндза падтрымлівае польскі настаўнік:

«Так, проша ксендза, пашаны да нас не вельмі многа нават у дзяцей. Адзін раз у класе пытаюцца ў мяне, калі будзе беларуская школа. Я толькі адказаў: — тады будзе, як рак засвішча, — як раптам чую, адзін шубравец, уткнуўшы пальцы ў рот, аглушыў мяне свістам. Усе пачалі рагатаць і крычаць: — Рак свішча, давай, пане, школу беларускую!»

Далей мы даведваемся, што перад намі — засяданне Абароны Крэсаў Усходніх, члены якога абмяркоўваюць, як апалячыць Заходнюю Беларусь і вынішчыць камуністычныя павевы. А беларуская песня — самы моцны сродак супраціву беларусаў. Дыхавецкі прапануе стратэгію: «Нам трэба падзяліць вёску, знайсці прыхільнікаў сабе». Гэта значыць — каго купіць, каго запалохаць, каго і зусім ліквідаваць.

Потым бачым сцэну, у якой польскі паліцыянт прыходзіць на песню вясковых дзяўчат і патрабуе, каб тыя спявалі па-польску, бо Беларусь — бальшавіцкая выдумка, а «з вашай хамскай мовай да Смаргоні не даедзеш».

І гэта Шырма не раз чуў.

А вось цікавая сцэна, у аснове якой рэальны выпадак: паліцыянт прыходзіць у хату да Васілька, бачыць партрэты Пушкіна, Талстога, Купалы і Коласа і нападае на Захвею:

«А то цо за божышча? То ж Кароль Маркс, святовэй славы комуніста! За того достане твуй сынэк кілька лет вянзеня».

Але ўмешваецца сяброўка Васілька Алёнка.

«Пакажы, пакажы, паночку!.. Як жа пану не сорамна! Вось табе і паляк! Гэта ж ваш польскі мастак, Ян Матэйка, які намаляваў абраз «Бітва пад Грунвальдам», як усе славяне і ліцівіны разам пакалашмацілі нямецкіх рыцараў аж у 1410 годзе...»

У п'есе шмат разважанняў пра моц народнай песні. Кулак Пархвен называе яе «забаўка, цацачка». Дзед Астап пярэчыць:

«Хто не любіць народную песню, хто не адчувае радасці, якую яна ўлівае ў душу чалавека, той няшчасны, пакрыўджаны богам калечанаю душою.»

Васілька спакушаюць звярнуцца па пасаду да польскіх улад, але ён сустракаецца з іншымі падпольшчыкамі. Вось ягоны таварыш Міхась дакладае:

«У Баруны прыехала цэлая місія каталіцкая на чале з біскупам. Адзін ксёндз крычаў цэлы дзень, што вяра каталіцкая з'яўляецца мурам проці бальшавізма, што ад грахоў будзе звольнены той, хто змагаецца з камунаю, хто выдае і даносіць. А нашы хлопцы праскідалі адозвы ля касцёла, пад аркаю, якую збудавалі на спатканне біскупа, і нават на алтар ухітрыліся пакласці».

Думаецца, і гэта невыпадковы і нявыдуманы эпізод. У Барунах, побач з касцёлам, у памяшканні былой базыльянскай школы, у 1920 годзе была адчынена Беларуская настаўніцкая семінарыя, а ў 1921-м польскімі ўладамі зачынена, нягледзячы на пратэсты, і там пачала працаваць польская настаўніцкая семінарыя.

Між тым у вёсцы ўзнікае канфлікт за зямлю — пан Дыхавіцкі хоча прадаць яе мужыкам задорага, Васілёк раіць проста забраць. Дзед Астап таксама гаворыць палымяную прамову, і моладзь нясе яго на руках пад песню на верш Паўлюка Труса, прысвечаны змагарам Заходняй Беларусі:

Арлы маладыя — няволі сыны,

Ўзнімайце халодныя крыллі.

Хоць рукі закованы

ў сталь-кайданы,

І сілу рыхтуйце вы сіле.

Моладзь вёскі ладзіць вечарыну, на якой у масках чытаюць забароненыя вершы: «Мы будзем змагацца за лепшую, светлую долю для роднага беднага брата» Змітрака Бядулі, «Будзь смелым. Магутна ярмо друзгачы» Янкі Купалы. Між тым Пархвен з Галганскім дамаўляюцца, як загубіць Васілька: трэба падкінуць яму да хаты чырвоны штандар і адозвы. Нягледзячы на абурэнне сялян, Васілька закавалі ў кайданы і зводзяць. Але ў хуткім часе прыходзіць Чырвоная Армія.

«На раздарожжу за ваколіцай сабралась цэлая вёска. Стаяць сталы накрытыя кілімамі. На сталах хлеб-соль. Дзеці і моладзь з кветкамі. Грае музыка. Чуваць, як па дарозе праходзіць Армія».

Вяртаецца з няволі Васілёк. Дзед Астап гаворыць узнёслую прамову пра тое, што «Занясу падзяку ў Крэмль Роднаму і Добраму Бацьку Сталіну», і ўсе пяюць інтэрнацыянал.

«Рука тянется к перу, но обстановка для работы пока неподходящая».

П'еса Рыгора Шырмы, вядома, не шэдэўральная, хаця тут ёсць жывыя кавалкі, і выдатны галоўны герой — беларуская песня.

Давайце ўвойдзем у кантэкст стварэння «Сонца глянула з Усходу».

Вызваленне Заходняй Беларусі Рыгор Шырма, вядома, вітаў з радасцю. І ўсё нібыта складаецца добра: славутаму дырыжору даручаюць стварыць Беларускі ансамбль песні і танца. Ён натхнёна працуе... Але пачынаецца вайна. Шырма эвакуіраваўся ў Сібір. Тут ён працягвае працаваць, кіруе хорам. Але ў 1942-м яго арыштоўваюць, нават перасылаюць на Лубянку — вядома ж, ён быў знаёмы з многімі падазронымі беларускімі дзеячамі.

Шырму саслалі ў Паўночны Казахстан... Яго выручыў Якуб Колас, які жыў у эвакуацыі ў Ташкенце. Аднойчы да яго прыйшлі артысты хору Шырмы, просячы выратаваць іх кіраўніка, Колас звярнуўся да Панцеляймона Панамарэнкі.

Пасля вайны Шырму давялося пасяліцца ў Гродне. Трэба было рэабілітавацца, даводзіць сваю прыхільнасць савецкай ідэалогіі. Адсюль у п'есе ўвесьчаснае падкрэсліванне, што народная песня нясе не толькі беларускасць, але і бальшавізм, дабраверныя выказванні пра Крэмль і Сталіна... Многія падобныя рэчы выглядаюць устаўкамі. Бо яшчэ ў 1939-м Рыгор Шырма піша Мазалькову: «Имею дерзкое намерение прислать Вам в недалёком будущем для консультации одну вещь. Что Вы мне на это скажете? Гневаться не будете?»

У тым жа лісце ён згадвае: «О Васильке нет никаких известий. Это наш поэт-мученик. Сколько пыток моральных и физических претерпел он от панских жандармов».

Вельмі верагодна, што гаворка ідзе пра п'есу, якая тады называлася «Загляне сонца і ў наша ваконца», з героем, правобразам якога быў паэт Васілёк, пра лёс якога аўтар клапаціўся і пра якога, як паведамляе ў тым жа лісце, збіраўся пісаць літаратурна-біяграфічны артыкул.

У лісце да Мазалькова ад 25.01.1940, дасланым з Беластока, які тады быў на тэрыторыі БССР, Шырма піша: «Рука тянется к перу, но обстановка для работы пока неподходящая. Нет времени, я люблю работать спокойно и много переделывать. Сырья для обработки имею порядочно, в случае грех попутает можно ли будет прислать вам?»

Магчыма, зноў гаворка пра тую ж п'есу, якую ў 1951-м перарабіў.

А вось і яшчэ важная прычына, чаму Шырма ўзяўся за давядзенне да ладу п'есы. У 1951 годзе ён далучаны да падрыхтоўкі Другой дэкады беларускага мастацтва і літаратуры ў Маскве, якая адбудзецца ў 1955 годзе. У Першай дэкадзе, у маі 1941-га, Шырма прымаў удзел разам са сваім ансамблем песні і танца і меў вялізны поспех. Ашаламляльны поспех мелі і спектаклі беларускіх тэатраў, напрыклад, оперы «Кветка шчасця», заснаваная на беларускім фальклоры, і «У пушчах Палесся», па аповесці Якуба Коласа «Дрыгва», зноў жа — пра барацьбу беларусаў супраць польскіх акупантаў. Думаю, гіпотэза, што Шырма меркаваў прасунуць сваю п'есу для пастаноўкі падчас Другой дэкады беларускага мастацтва ў Маскве, дастаткова праўдападобная. Для таго яму і патрэбны водгук Мазалькова для сакратара ЦК КПБ Гарбунова.

Але Мазалькоў маўчыць. Часы памяняліся, тэма беларускай культурнай самабытнасці не такая актуальная на фоне барацьбы з нацдэмамі, якія былі вынадзейны і сярод удзельнікаў Першай дэкады.

28 снежня 1951 года з Гродна Шырма зноў піша Мазалькову:

«Послал вам машинную рукопись пьесы «Сонца глянула з Усходу», боюсь, что она пропала, и Вы ее не получили. А быть может и прочитать не хватает терпения? Если найдете чуточку времени, не откажите черкнуть хоть пару слов».

Але, падобна, Мазалькоў так і не паспрыяў таму, каб п'еса Рыгора Шырмы была пастаўлена ці надрукавана. І яна засталася проста цікавым артэфактам эпохі. А вось Шырма са сваім ансамблем зноў выступіў на Дэкадзе бліскуча і пасля гэтага атрымаў званне народнага артыста СССР, а ансамбль — статус Дзяржаўнай харавой капэлы.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.