Вы тут

У Нацыянальнай бібліятэцы адкрылася выстаўка «Скрозь стагоддзі»


У Нацыянальнай бібліятэцы адкрылася выстаўка «Скрозь стагоддзі», прысвечаная 500-годдзю «Малой падарожнай кніжкі». Яна арганізавана сумесна з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў і прадстаўляе работы студэнтаў, магістрантаў і мастакоў-выкладчыкаў факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Аўтары паспрабавалі зрабіць рэканструкцыю тытульнага ліста «Малой падарожнай кніжкі», які, на жаль, да нашага часу не дайшоў.


Першая кніга, надрукаваная на землях Вялікага Княства Літоўскага, у першай тутэйшай друкарні, пакінула багата загадак. Адна з іх — якая ж была яе назва. Даследчыкі падгледзелі ў тэксце выраз «у гэтай малой падарожнай кніжцы» і вырашылі яго выкарыстаць як назву — лепш, чым выданне без імя. Шмат спрэчак было і наконт года яе з'яўлення на свет. З афармленнем кнігі таксама не ўсё проста — высветлілася, што частка гравюр у ёй запазычана з найлепшых, найпрыгажэйшых выданняў ХV стагоддзя. Даследчыкі да гэтага часу спрачаюцца наконт паслядоўнасці частак, з якіх яна складаецца.

Але, бяспрэчна, менавіта з кніг Скарыны пачалася на нашых землях выдавецкая справа і была закладзена кніжная культура.

Праца першадрукара працягвае натхняць і сучасных мастакоў. Яны шчыруюць над шрыфтамі і малюнкамі Скарыны і на іх аснове спрабуюць ствараць новыя. Сучасныя тэхналогіі, магчымасці камп'ютарнай графікі і лічбавага друку дазваляюць выдаваць сапраўды ўнікальныя рэчы.

Дэкан факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Усевалад Свентахоўскі, чые работы таксама прадстаўлены на выстаўцы, у лічбавым фармаце аднавіў скарынінскія шрыфты, а таксама стварыў уласныя наборы драўляных літар для высокага друку фарбамі.

Прарэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Андрэй Васілеўскі стварае самаробную паперу (метадам ручнога чэрпання) і робіць факсмімільныя адбіткі тытульных старонак выданняў ХVІ стагоддзя.

Экспазіцыя знаёміць з серыяй работ, выкананых у тэхніцы высокага друку і камп'ютарнай графікі, з эксперыментамі сучасных мастакоў, якія працуюць у межах традыцыйных формаў шрыфтавой графікі і натхняюцца эстэтыкай старажытнай першакрыніцы.

У экспазіцыі можна ўбачыць фрагменты тэкстаў, цытаты з «Малой падарожнай кніжкі», кампазіцыі, створаныя на падставе ўзораў, пакінутых Скарынам, эксперыменты сучаснікаў, натхнёных старажытнай спадчынай.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?