Вы тут

Чатыры стагоддзі беларускага буквара


Сёння буквар стаў беларускім брэндам. Больш за 400 гадоў таму надрукаваны на беларускіх землях, ён паспеў заваяваць дзясяткі краін свету, на ім навучаюцца мільёны дзяцей. Нават само слова «буквар» можна знайсці ў рускай, украінскай, балгарскай, баснійскай, сербскай, харвацкай, чувашскай, дагестанскай і іншых мовах.


Доўгі час пра гэта дасягненне айчыннай асветніцкай думкі мы амаль нічога не ведалі. Вывучэнне гісторыі буквара ўскладнялася і тым, што мала старажытных кніг захавалася — імі актыўна карысталіся. Некаторыя выданні маюцца толькі ў адным, радзей двух экзэмплярах, і тое знаходзяцца далёка за нашымі межамі.

Беларускі брэнд

Дзякуючы намаганням кнігазнаўцы, культуролага, намесніка генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аляксандра Сушы ў 2012 годзе быў перавыдадзены найбольш старажытны айчынны буквар з тых, што на сёння захоўваюцца ў Беларусі. Менавіта тады даследчык задумаў узяцца за гісторыю кнігі, па якой вучыліся нашы продкі. На пошукі пайшло каля 10 гадоў. Звесткі па крупінках ён збіраў па ўсім свеце: у бібліятэках, музеях, архівах, прыватных калекцыях. Яму ўдалося адшукаць самую першую ў свеце кнігу пад назвай «Буквар», і ў нашай краіне ўжо святкавалася 400-годдзе з дня яе выхаду ў свет.

Былі знойдзены і іншыя невядомыя і рэдкія выданні, сабрана інфармацыя, якая пацвярджае, што беларусы маюць сапраўдны культурны скарб. Пры гэтым нашы продкі мелі дачыненне да таго, што гэты культурны феномен стаў сусветнай з'явай — беларусы ці ўраджэнцы нашых земляў спрычыніліся да выхаду падобных кніг на іншых мовах і ў замежных краінах.

Вынікам даследчыцкай дзесяцігодкі стала грунтоўнае выданне «Беларускі Буквар у нацыянальнай і сусветнай прасторы», прэзентацыя якога адбылася ў Нацыянальнай бібліятэцы і сабрала гасцей з выдавецтваў, музеяў, навучальных і навуковых устаноў. Пры рабоце над кнігай было выкарыстана больш за тысячу архіўных і апублікаваных крыніц. Сабрана каля сямі соцень здымкаў з фондаў 68 устаноў і прыватных калекцый розных краін.

— Такой фундаментальнай навуковай працы ў гісторыі букварыстыкі, ні айчыннай, ні блізкага замежжа, яшчэ не было. Гэта цудоўная крыніца для кнігазнаўцаў, педагогаў, сучасных аўтараў і тых, якім трэба будзе пісаць новыя падручнікі, — заўважыла вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі пачатковай адукацыі і навукова-даследчага цэнтра Нацыянальнага інстытута адукацыі Міністэрства адукацыі, кандыдат педагагічных навук, аўтар сучаснага Буквара Вольга Цірынава.

Таксама выйшла кніга Аляксандра Сушы ў серыі «Беларуская дзіцячая энцыклапедыя» «Вынаходніцтва буквара ў Беларусі», адаптаванае пад сярэдніх і старшых школьнікаў.

Намеснік дырэктара выдавецтва «Беларусь» Вольга Ваніна прызнала сімвалічным тое, што прэзентацыя такіх выданняў праходзіць у Год гістарычнай памяці. Гэта выдатная магчымасць прасачыць гістарычны шлях Буквара ад першых рукапісных выданняў да сучаснасці.

Дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Вадзім Лакіза выхад выдання назваў падзеяй у гісторыі беларускай дзяржаўнасці і выказаў згадку, што, магчыма, без буквара мы б не мелі гонару звацца беларусамі.

Скарбніца

Нам сапраўды ёсць чым ганарыцца. Буквар не стаў выключна падручнікам для навучання чытанню. Аляксандр Суша нават параўнаў яго з Канстытуцыяй:

— Праз яго любы чалавек сёння ўваходзіць у свет ведаў і каштоўнасцяў той краіны, у якой жыве. Адкрыйце сучасны беларускі буквар альбо старажытны — там заўжды ёсць галоўныя дзяржаўныя сімвалы, веды пра краіну, яе гарады, прыроду, гістарычных асоб. Нават у старажытных букварах ХVІІ стагоддзя былі дакладна, дэталёва прапісаны хрысціянскія каштоўнасці. Буквар у нейкім сэнсе — гэта кніга, якая фарміруе нацыю, адзінства, цэласнасць.

Для чалавека, які яшчэ не прачытаў ніводнай кнігі, адкрываецца сапраўдная скарбніца. Дзіця мусіць зразумець, у якой краіне жыве, да якога народа мае дачыненне і якой культурай можа ганарыцца. Гэта адчувалі вядучыя дзеячы беларускага Адраджэння. Працавалі над букваром Максім Багдановіч і Якуб Колас, Карусь Каганец і Цётка, буквары стваралі кіраўнікі Акадэміі навук. Так, кіраўнік Інбелкульта Сцяпан Некрашэвіч быў аўтарам першага беларускага савецкага буквара. Уявіце: акадэмік шчыруе над падручнікам для навучання пісьменнасці. Але вучоны разумеў, што стварэнне такой кнігі — выключна важная справа, трэба было папулярызаваць маральныя, грамадскія, дзяржаўныя арыенціры, і гэта рабілася праз буквар.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.