Вы тут

Спыталі ў нутрыцыёлага, як перамагчы «зімовую хандру»


Устойлівы выраз «агульная млявасць і абыякавасць да жыцця» ідэальна апісвае звычайны для многіх людзей, якія пражываюць у нашай кліматычнай зоне, стан канца зімы — пачатку вясны. Сувязь паміж зніжэннем настрою, з'яўленнем апатыі і зменай сезонаў была апісана яшчэ ў пачатку 1980-х. У 1984 годзе пра яе ўпершыню загаварыў псіхолаг Норман Разенталь. З тых часоў мноства даследаванняў пацвердзіла ўзмацненне дэпрэсіўных станаў у мільёнаў людзей, якое ўзнікае ў пэўны адрэзак года (як правіла, у канцы зімы).


Фота: pexels.com

Да нашых дзён у экспертаў няма вычарпальнага апісання механізмаў узнікнення так званай зімовай апатыі. Але навукоўцы кажуць аб тым, што наш эмацыянальны стан — гэта псіхафізіялагічны працэс: не толькі перажыванні, якія мы адчуваем у адказ на нейкую з'яву ці падзею, але і іх «фізіялагічны бок» — тое, што адбываецца ў арганізме ў гэты момант. І паколькі паўплываць на многія вонкавыя фактары (напрыклад, дадаць беларускай зіме сонечных дзянькоў) мы не ў стане, то, прынамсі, можам «падкарміць» арганізм вітамінамі або дадаць у рацыён прадукты харчавання, якія дапамогуць больш аптымістычна зірнуць на навакольную рэчаіснасць. Пра тое, як змяніць рацыён у канцы зімы — пачатку вясны, каб вярнуць добры настрой, мы спыталі ў навуковага супрацоўніка аддзела харчавання Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаванні Ганны Журні.

Калі не хапае... шчасця

— Люты ў нашых шыротах — гэта авітаміноз і дэпрэсія. Адно вынікае з другога? Ці можна перамагчы дрэнны настрой пры дапамозе перагляду рацыёну?

— Паміж авітамінозам і дэпрэсіяй, несумненна, ёсць сувязь. Але авітаміноз — гэта цяжкі стан, які ў цяперашні час у нашай краіне сустракаецца не так часта. Больш правільна будзе казаць пра сезонны гіпавітаміноз, які назіраецца зімой і вясной. Як правіла, пры збалансаваным і разнастайным харчаванні гіпавітамінозу атрымліваецца пазбегнуць. Аднак большасць насельніцтва нашай краіны ўсё ж мае дэфіцыт не толькі вітамінаў, але і мінералаў. Найбольш частыя парушэнні — гэта дэфіцыт вітамінаў групы В, D і С, з мінералаў — жалеза. Таксама наша паласа эндэмічная па дэфіцыце ёду.

Дэпрэсія часта звязана з недахопам сератаніну — так званага гармону шчасця, ён сінтэзуецца пад уздзеяннем ультрафіялетавых прамянёў. І прычынай зімовай дэпрэсіі найчасцей становіцца менавіта дэфіцыт сератаніну, што звязана з кароткім светлавым днём. Павялічыць колькасць сератаніну можна пры дапамозе прадуктаў харчавання, багатых на трыптафан — папярэднік сератаніну. Гэта яйкі, сыр і малочныя прадукты, ласось і іншая тлустая рыба, індычка і курыца, арэхі і семачкі, бабовыя, ананас і фінікі, а таксама какава і горкі шакалад.

— Калі не хапае энергіі, відавочна, варта перагледзець рацыён, а таксама харчовыя звычкі. У сучасным уяўленні прадукты «для бадзёрасці» — гэта кава і шакалад. Ці могуць яны дапамагчы?

— Прычынай недахопу энергіі часцей за ўсё служаць дэфіцыты вітамінаў і мінералаў, стрэсы і недахоп сну. Натуральна, усімі любімыя кава і шакалад могуць стаць толькі кароткачасовымі крыніцамі зараду бадзёрасці. Так, сапраўды, кава з'яўляецца псіхастымулятарам, яна дазваляе прачнуцца і зарадзіцца дозай энергіі, але не ліквідуе прычыну стомленасці. Шакалад спрыяе павышэнню дафаміну і глюкозы, што таксама дапаможа вам падсілкавацца, але гэта небяспечна тым, што ўзроўні дафаміну і глюкозы хутка падаюць, зноў з'яўляецца стомленасць, а ў далейшым — і залежнасць ад салодкага.

Пры з'яўленні дэфіцыту энергіі варта звярнуцца да спецыялістаў, бо адчуванне стомленасці — вынік не толькі дэфіцытаў мінералаў і вітамінаў, але і многіх захворванняў. Урачы могуць парэкамендаваць здаць аналізы на вітамін D, жалеза, ферыцін, гармоны шчытападобнай залозы.

— Якія прадукты ўключыць у рацыён на доўгачасовай аснове, калі адольвае стомленасць? І якія прадукты могуць быць «хуткай дапамогай» у барацьбе з пастаяннай дрымотнасцю (замест кавы і «хуткіх» вугляводаў)?

— У барацьбе з хранічнай стомленасцю на дапамогу могуць прыйсці прадукты, багатыя на карысныя тлушчы, — гэта так званыя суперфуды: арэхі і семачкі, прадуктыі з вітамінам D і поліненасычанымі тлустымі кіслотамі — ласось, іншая тлустая рыба, печань траскі; прадукты, багатыя на жалеза, — чырвонае мяса, печань, шпінат, малюскі. Не варта забываць і аб агародніне ды садавіне, якія з'яўляюцца каштоўнымі крыніцамі вітамінаў і клятчаткі.

Індычка супраць дрэннага настрою

— Калі казаць пра мяса: якому аддаць перавагу, каб павялічыць свае псіхалагічныя, разумовыя і фізічныя рэсурсы ў зімовы перыяд?

— Мяса індычкі — адно з самых карысных па біяхімічным складзе, гэта добрая крыніца лёгказасваяльнага бялку, мінералаў і вітамінаў. Акрамя таго, мяса індычкі багатае на трыптафан — амінакіслату, з якой сінтэзуецца сератанін, таму яго ўжыванне зніжае рызыку дэпрэсіі. Пры недахопе жалеза на першае месца выходзіць ялавічына. А вось свініна — няхай не самае карыснае мяса, але вельмі энергаёмістае, багатае на бялкі, тлушчы і вітаміны групы В. Яно добра падыдзе людзям з павышанымі фізічнымі нагрузкамі і тым, хто працуе на холадзе.

— Павялічыць або скараціць колькасць «павольных» вугляводаў — каш, вырабаў з цвёрдых сартоў пшаніцы?

— Вугляводы ў здаровага чалавека павінны складаць прыкладна палову рацыёну. Зразумела, гэта павінны быць «павольныя» вугляводы, такія як крупы, злакі і гародніна. Злакі — выдатная крыніца не толькі энергіі, але і раслінных бялкоў, тлушчаў, вітамінаў і мінералаў. Таму скарачаць іх у рацыёне не варта, аднак ёсць некаторыя правілы іх ужывання. Многія кашы ўтрымліваюць фіцінавую кіслату, якая перашкаджае засваенню карысных мінералаў (кальцыю, жалеза, магнію і цынку). Замочванне і прарошчванне дазваляюць паменшыць утрыманне фіцінавай кіслаты і актывізаваць фітазу — фермент, што нейтралізуе фіцінавую кіслату.

Адкуль браць вітаміны

— «Зімовая» садавіна — ці будзе ад яе толк?

— На прылаўках крам можна знайсці шмат замежнай «зімовай» садавіны. Часцей за ўсё пакупнік выбірае апельсіны, мандарыны, ківі, бананы. Сапраўды, яны могуць служыць добрай крыніцай вітаміну С і клятчаткі. «Зімовыя» яблыкі, якія могуць захоўвацца яшчэ з восеньскага ўраджаю, вядома, прайграюць свежым па ўтрыманні вітамінаў.

Таксама хочацца сказаць і аб замарожаных ягадах, у якіх пры правільнай замарозцы можа захавацца да 2/3 карысных рэчываў. Напрыклад, аскарбінавая кіслата, адзін з самых няўстойлівых вітамінаў, лепш захоўваецца ў замарожаных прадуктах, чым пры пакаёвай тэмпературы. Таксама добра захоўваюцца пры замарозцы і антыаксіданты.

— Гародніна і зяленіва, вырашчаныя «на гідрапоніцы»: ці змогуць яны паставіць у арганізм хоць нейкія вітаміны?

— Гародніну і зяленіва, што былі вырашчаныя «на гідрапоніцы», нельга назваць абсалютна беднымі па вітамінна-мінеральным складзе. Расліны пры дадзеным спосабе вырошчвання сілкуюцца растворам, добра насычаным мінеральнымі рэчывамі. Аднак хімікаты, якія выкарыстоўваюцца пры гідрапоніцы, могуць быць шкодныя. Гэта нітраты, цяжкія металы, яны назапашваюцца ў арганізме. Таму замест «зімовых» зяленіва і гародніны лепш аддаць перавагу сезоннай гародніне — квашанай капусце, рэдзьцы, рэпе, моркве і дайкону.

— Ці можна абысціся зімой без вітамінных комплексаў гараджаніну, які купляе гародніну і садавіну ў краме?

— Пры разумна складзеным рацыёне без дадатковых вітамінных комплексаў можна абысціся. Дастаткова дадаць у рацыён усе групы прадуктаў: збожжавыя, бабовыя, гародніну, садавіну, мяса, рыбу, морапрадукты, малочныя і кісламалочныя прадукты, раслінныя алеі. Па даных розных даследаванняў, у 70-80 % жыхароў нашай паласы выяўляюцца дэфіцыты трох і нават больш важных для жыццядзейнасці вітамінаў і мікраэлементаў. Таму не заўсёды прыём полівітамінных комплексаў — гэта панацэя. Бо мы ведаем, што многія мінералы канкурыруюць у таблетцы за ўсмоктванне, многія вітаміны разбураюцца. Найлепшы спосаб — гэта кантраляваць важныя элементы і вітаміны ў арганізме, сачыць за сімптомамі і пры наяўнасці скаргаў звяртацца да ўрача.

— Ганна Аляксандраўна, ці можна скласці пералік з некалькіх прадуктаў, якія трэба ўключыць у рацыён зімой, каб падтрымаць арганізм і не дапусціць традыцыйнага для лютага-сакавіка заняпаду сіл?

— Так, можна скласці спіс прадуктаў, якія трэба есці зімой. Пра многія з іх мы казалі вышэй.

  • Гэта цэльныя злакі для энергіі: «Геркулес», грэчка, проса, карычневы рыс.
  • Бабовыя: фасоля, сачавіца, гарох, нут.
  • Гародніна: бульба, морква, буракі, капуста, гарбуз, квашаная капуста, замарожаная гародніна (брокалі, цвятная капуста, спаржавая фасоля), сельдэрэй, рэдзька.
  • Арэхі і насенне: тут падыдуць любыя арэхі і насенне чыа.
  • Садавіна і замарожаныя ягады: апельсіны, мандарыны, гранаты, ківі, лімоны, авакада, хурма, брусніцы, журавіны.
  • Алей.
  • Тлустая рыба.
  • Малочныя і кісламалочныя прадукты.
  • Мяса і субпрадукты.
  • Спецыі для бадзёрасці: карыца, перац, куркума, кардамон, бадзян.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».