Вы тут

33 гады таму завяршыўся вывад савецкіх войскаў з Афганістана


15 лютага 1989-га апошні савецкі салдат перайшоў мост пагранічнай ракі Амудар'я пад Тэрмезам. Афганская вайна, якая цягнулася доўгія дзесяць гадоў, яшчэ ў памяці многіх беларусаў-удзельнікаў тых падзей. На чужой зямлі абарваліся жыцці 771 нашага земляка, 870 беларусаў сталі інвалідамі, лёс 12 чалавек невядомы дагэтуль...


Воін-інтэрнацыяналіст Уладзімір Кутас.

Штогод, напярэдадні і ў сам Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, які адзначаецца сёння, ветэраны вайны ў Афганістане наведваюць калектывы, сустракаюцца з саслужыўцамі. І не толькі таму, каб згадаць незабыўнае, ушанаваць памяць тых, хто не дажыў да завяршэння сваёй інтэрнацыянальнай місіі, не дачакаўся сённяшняга дня, а і расказаць падрастаючаму пакаленню, што такое вайна і чаму мір — гэта найважнейшая каштоўнасць чалавецтва.

Было цікава назіраць, з якім настроем аповеды воінаў-інтэрнацыяналістаў слухалі вучні Маякскай сярэдняй школы са Слуцкага раёна. Сустрэча ветэранаў з маладым пакаленнем адбылася ў Слуцкім краязнаўчым музеі. Перад гэтым навуковы супрацоўнік Васіль Цішкевіч расказаў вучням пра іх землякоў, якія загінулі ў Афганістане, зачытаў ліст аднаго з іх да сваёй маці, паказаў рэчы воінаў-інтэрнацыяналістаў, якім пашчасціла вярнуцца дамоў. Пасля школьнікі падрабязна пазнаёміліся з экспазіцыяй на афганскую тэму, створанай у музеі.

«Нельга прывыкнуць да смерці»

Падчас сустрэчы з вучнямі Маякскай сярэдняй школы.

Найбольш сённяшніх дзяцей захапілі аповеды непасрэдных удзельнікаў тых падзей. Уладзімір Кутас і Генадзь Грыцкевіч былі ў Афганістане ў розны час, займалі там розныя пасады, аднак калі побач гінулі людзі, ім абодвум было аднолькава страшна.

Уладзімір Кутас трапіў у Афганістан у 1981 годзе кадравым вайскоўцам. Пасля заканчэння школы ён, ураджэнец Стаўбцоўскага раёна, скончыў Ленінградскае артылерыйскае ваеннае вучылішча. Пасля служыў у Туркестанскай ваеннай акрузе, у Ашхабадзе. У Афганістан папрасіўся сам.

— Толькі выйшлі з самалёта ў Кабуле, як нас пачало здуваць ветрам, які мясцовыя жыхары назвалі «афганцам», — успамінае Уладзімір Антонавіч. — Клімат там вельмі дрэнны. Наша падраздзяленне знаходзілася на вышыні 1,5 тысячы кіламетраў над узроўнем мора. Практычна горная мясцовасць, але, пачынаючы ўжо з канца студзеня, паветра награвалася да 25—30 градусаў, летам даходзіла да 55 градусаў цяпла.

Па першым часе вайсковае падраздзяленне, якім камандаваў капітан Кутас, устанаўлівала ў Афганістане дызельныя электрастанцыі, будавала першую ў краіне чыгунку, ахоўвала дарогі, вялікія прадпрыемствы. Затым пачаліся сур'ёзныя баявыя дзеянні. «Аналізуючы мінулыя падзеі, сёння з упэўненасцю можна сказаць, што за гэтыя 10 гадоў, якія ў Афганістане знаходзіліся савецкія войскі, мы там больш будавалі, чым знішчалі, — перакананы воін-інтэрнацыяналіст. — Дагэтуль жыхары Афганістана, якія памятаюць нас, параўноўваючы савецкія войскі з амерыканскімі, кажуць, што гэта неба і зямля. За апошнія гады амерыканцы зноў зрабілі гэтую краіну нарказалежнай, паток наркотыкаў адтуль павялічыўся ў дзясяткі разоў».

Уладзімір Кутас дагэтуль памятае, як па-добраму да іх ставіліся мясцовыя жыхары. Калі савецкім ваеннаслужачым патрэбна было пагутарыць з імі, прасілі дапамогі ў дзяцей. Крыху больш чым год прайшоў пасля таго, як савецкія войскі ўвайшлі ў Афганістан, а маленькія мясцовыя жыхары выдатна валодалі рускай мовай.

Рознае было ў тыя два з паловай года, пакуль Уладзімір Антонавіч знаходзіўся ў Афганістане. Аднак нашы людзі прывыкалі да многага: да спёкі, шматлікіх абмежаванняў, недахопу ежы, стральбы... Адзінае, да чаго немагчыма было прывыкнуць, — гэта гібель саслужыўцаў. «За час майго знаходжання на чужыне я страціў чацвярых сваіх падначаленых, — расказвае ветэран вайны ў Афганістане. — Старшы афіцэр батарэі, ленінградзец, добрым хлопцам быў. Акурат прыехаў з адпачынку. Шчаслівы такі: сказаў, што хутка жэніцца. Праз два месяцы яго не стала...»

Як дбайны гаспадар, Уладзімір Кутас клапаціўся пра тое, каб яго салдаты не галадалі. Памятае, як ездзіў атрымліваць на ўвесь дывізіён бульбу, як грузіў усе 29 тон у невялікія машыны. «Аднойчы падчас баявой аперацыі пад абстрэл трапіла карова, — расказвае воін-інтэрнацыяналіст. — Не прападаць жа дабру. Стала пытанне: як захаваць? Мяса шмат, а спёка якая! Палову мяса завэндзілі, другую — схавалі ў склепе, які выкапалі. Потым свежае мяса елі доўга».

За свае дзеянні ў Афганістане Уладзімір Кутас быў прадстаўлены да медаля «За адвагу». Аднак узнагароду так і не атрымаў. Спачатку медаль быў страчаны, затым перашкодзіў развал Савецкага Саюза. Аднак тое, як лічыць былы вайсковец, сёння ўжо не мае значэння. «Важна ўмець абараняць сваю краіну — гэта запісана і ў нашай Канстытуцыі, — кажа ён, звяртаючыся да вучняў Маякскай школы, ён. — Гэта святы абавязак кожнага мужчыны, ад якога не трэба ўхіляцца».

«Падмена прыйшла нечакана»

Воін-інтэрнацыяналіст Генадзь Грыцкевіч.

Генадзь Грыцкевіч родам са Слуцкага раёна. Толькі ён скончыў вучылішча, як прыйшла павестка ў армію. Пра Афганістан там не было ні слова. Хоць многія ведалі, што там ідзе вайна, на якую адпраўляюць нашых хлопцаў.

— Селі ў вагоны, сказалі, што едзем служыць у Германію, — успамінае Генадзь Грыцкевіч. — Дзень едзем, два, тры — глядзім, а за акном вярблюды ходзяць! Стала зразумела, дзе мы будзем знаходзіцца найбліжэйшыя два гады.

У Афганістане воін-інтэрнацыяналіст быў артылерыстам-наводчыкам, заўсёды на перадавой. Справа вельмі небяспечная: неабходна беспамылкова вызначыць адлегласць да цэлі, дакладна навесці на яе прыладу, правесці агонь. Артылерысты суправаджалі калоны з людзьмі і тэхнікай, падтрымлівалі пехацінцаў.

— Калі пайшлі на першае заданне, узялі з сабой дваіх праваднікоў, якія нас прывялі ў засаду, — кажа ўдзельнік тых падзей. — Тады я ўпершыню ўбачыў, як гінуць людзі... Потым смерці былі адна за другой. Пасля баёў мы павінны былі даставіць целы ў падраздзяленне, каб на радзіме чалавека маглі пахаваць. Нельга было дапусціць, каб забіты знаходзіўся на тэрыторыі душманаў. Гэта было самае горшае, бо з трупамі савецкіх салдат чынілі здзекі.

Для Генадзя Грыцкевіча вайна ў Афганістане скончылася ў лютым 1985 года. Прабыў там больш чым два гады. Ніхто не ведаў, калі прыйдзе падмена, і яны змогуць вярнуцца на радзіму. Такая навіна была заўсёды нечаканай і радаснай для кожнага. Дадому воін-інтэрнацыяналіст вярнуўся з медалём «За баявыя заслугі», якім яго ўзнагародзілі за добрасумленную службу.

Вераніка КАНЮТА

Фота аўтара

Слуцкі раён

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Дзмітрый Рабаў: У ліпені чакаем ідэальнае беларускае лета!

Дзмітрый Рабаў: У ліпені чакаем ідэальнае беларускае лета!

У ліпені, як і належыць экватару года, прагназуецца самы цёплы перыяд сезона.

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.