Вы тут

Вучоныя і эколагі выступілі супраць агароджы праз Белавежскую пушчу


У Палескім аграрна-экалагічным інстытуце адбыўся круглы стол на тэму ўзвядзення загараджальнага пагранічнага збудавання ў Белавежскай пушчы на тэрыторыі Польшчы. Удзельнікі нарады заклікалі спыніць будаўніцтва аб'екта на карысць адзінай у Еўропе ўнікальнай сусветнай спадчыны такога кшталту.


Будаўніцтва пагранічнай агароджы пачалося нядаўна. Польскі бок тлумачыць гэта леташнім міграцыйным крызісам, калі тысячы людзей з Блізкага Усходу спрабавалі трапіць у Еўрасаюз, каб атрымаць статус бежанца. Агароджа бачыцца суседзям як засцярога ад нелегальнай міграцыі. Па сутнасці ж гэта сцяна вышынёй 5,5 метра, даўжынёй 180 кіламетраў, з якіх 60 пройдзе па тэрыторыі Белавежскай пушчы. Нехта ўжо параўнаў новае інжынернае збудаванне з Берлінскай сцяной. І нездарма рашэнне выклікала трывогу вучоных па абодва бакі граніцы.

— Белавежская пушча — гэта агульнаеўрапейскі і сусветны набытак, — сказаў кандыдат біялагічных навук, дырэктар Палескага аграрна-экалагічнага інстытута НАН Беларусі Мікалай Міхальчук. — На ўсіх узроўнях навуковай супольнасці ёсць дакладнае разуменне непадзельнасці прыроднай сістэмы пушчы. Мы вымушаныя лічыцца з адміністрацыйным дзяленнем, з палітычнымі граніцамі, якія склаліся ў гэтай частцы Еўропы. Але ж прырода, фізіка-геаграфічная прастора не мае граніц, з гэтым трэба лічыцца і палітыкам, і дзяржаўным дзеячам.

Еўрапейская экалагічная грамадскасць выказала заклапочанасць з такой нагоды. Некалькі соцень аўтарытэтных навукоўцаў і эколагаў звярнулася ў Еўракамісію з просьбай прыпыніць будаўніцтва агароджы. Сцяна можа парушыць магчымасць для абмену генетычнай інфармацыяй, што пацягне за сабой пагаршэнне захаванасці відаў жывёльнага свету. Паводле думкі Мікалая Міхальчука, вучоныя ўсяго свету павінны выкарыстаць увесь свой аўтарытэт, каб сказаць важкае слова дзеля аховы пушчы, аб'екта Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Гэты векавы лес мае запаведны статус больш за 600 гадоў. Пушчу заўсёды ахоўвалі ўсе дзяржавы, у якія яна ўваходзіла праз усю гісторыю. Таму і сёння мы не маем права ёй нашкодзіць, мы ў адказе за яе перад нашчадкамі, лічыць дырэктар Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» Аляксандр Буры. А будаўніцтва агароджы ён назваў недарэчнай памылкай, — яно не ўзгодненае з навуковай супольнасцю.

— Мы вядзём перагаворы з польскімі калегамі, кіраўнікамі парку, — працягваў Аляксандр Васілевіч. — Яны таксама катэгарычна супраць узвядзення агароджы. Ужо сёння мы адчуваем наступствы першых крокаў такіх дзеянняў. Некаторыя жывёліны пацярпелі, атрымалі траўмы і стрэс. Па дамоўленасці з пагранічнымі службамі мы падкормліваем жывёлін, якія трапілі ў гэты пагранічны пенал, будзем падкормліваць звяроў і далей, пакуль не будуць прынятыя дзейсныя меры.

Загадчык лабараторыі аграрна-экалагічнага інстытута, вядомы на Брэстчыне вучоны-эколаг Віктар ДЗЯМЯНЧЫК падкрэсліў, што з беларускай пагранічнай службай вучоныя працуюць даўно:

— Як вядома, з нашага боку па лініі граніцы заўсёды была загараджальная сетка. Але сетка — гэта не катастрафічны бар'ер для міграцыі жывёлін. Напрыклад, дзік, калі ён у спецыфічны перыяд пачуе сяброўку на польскай тэрыторыі, ці наадварот, то прэ напралом. Вялікі і дужы, ён проста прабівае гэтую металічную сетку без асаблівага ўрону для сябе. І ўжо тады вартавым граніцы даводзіцца перыядычна латаць тую сетку. Грацыёзныя казулі кладуцца і праціскаюцца знізу, гэтак жа робяць іншыя дробныя жывёліны.

А вось гэтая стальная «спіраль Бруна», якую ставяць цяпер, не пакідае шанцаў для прадстаўніка фаўны любога памеру. Ён калі і не загіне, то вельмі моцна траўміруецца, атрымае стрэс. І гэта парушэнне ўсіх магчымых міжнародных канвенцый наконт жывёльнага свету.

У многіх краінах Еўропы, пры ўстанаўленні неадпаведнасці пасткі стандартам, напрыклад, калі мыш у ёй будзе мучыцца пяць секундаў замест рэгламентаванай паўсекунды, вытворца пастак можа панесці сур'ёзную адказнасць. А тут гаворка ідзе пра пакуты і магчымую гібель зуброў, ласёў, аленяў, ваўкоў, рысяў. І гэта ўжо вялікая праблема. Паводле Віктара Дзямянчыка, прыдумана шмат спосабаў кантролю перамяшчэння жывых істот, ёсць розныя ультрагукавыя датчыкі, разнастайныя цеплавізары, камеры відэаназірання. Вось такая апаратура і можа быць прымененая ў святым для экалогіі рэгіёне для папярэджання любых незаконных дзеянняў, але ніяк не сцяна.

Акрамя таго, пры будаўніцтве падобнага аб'екта выкарыстоўваецца цяжкая тэхніка, што не можа не паўплываць на агульную прыродную карціну ляснога масіву. Да таго ж ніхто не дасць гарантыю, што ў выніку не адбудзецца змяненне ўзроўню грунтавых водаў.

А змены ў гідралагічным рэжыме могуць прывесці да страты асобных балот з негатыўнымі наступствамі для флоры і фаўны.

Віктар Дзямянчык лічыць неабходным тэрмінова правесці сумесны форум беларускім і польскім вучоным, каб выказаць агульную пазіцыю па дадзеным пытанні. Гаворка ідзе пра лёс адзінага ўнікальнага ляснога масіву на прасторы ад Балтыйскага да Чорнага мора.

Намеснік старшыні Брэсцкага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віктар ПЯЧКО мяркуе, што намаганняў навукоўцаў у гэтай сітуацыі недастаткова. Трэба, каб за стол перагавораў селі прадстаўнікі ўрадаў краін і прынялі рашэнне. Грошы, якія запланавана затраціць на загароду, лепш было б накіраваць на далейшае вывучэнне і захаванне ўнікальнага прыроднага ландшафту.

Шкада, што людзі сваімі безадказнымі дзеяннямі падстаўляюць пад удар ні ў чым не вінаватых жывёлін, мірных насельнікаў пушчы. Зубру ж не раскажаш пра крызіс у палітыцы, пра граніцы і абмежаванні. Ён прывык адчуваць сябе ўладаром пушчы — і застанецца ім, нават калі гэта будзе каштаваць яму жыцця. Меншыя звяркі, можа, і знойдуць нейкае выйсце, напрыклад, прарыюць норы, а волату патрэбная пастаянная «дарога жыцця», каб ён мог знаходзіць сяброўку не з блізкай радні і тым самым падтрымліваць свой зубрыны род у добрым здароўі, здольным несці якасную генетычную інфармацыю.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.