Вы тут

Якія важныя нюансы трэба ведаць абітурыентам і іх бацькам?


Змяненні, якія знайшлі адлюстраванне ў новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі, адпавядаюць духу часу — яны закліканы зрабіць адукацыю больш гібкай і больш эфектыўнай. Так лічыць начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі нашай краіны Сяргей Каспяровіч.


Фота: pexels.com

У інтарэсах заказчыкаў кадраў

— Мы на ўсіх стадыях падрыхтоўкі Кодэкса ўлічвалі практыку, якая складваецца, а яна нярэдка апярэджвае заканадаўства. Праводзіўся аналіз практыкі рэалізацыі асобных нормаў: наколькі яны працуюць і наколькі эфектыўныя? Таксама праводзіўся аналіз замежнага вопыту. Хачу заўважыць, што Кодэксам рэгламентуецца толькі парадак прыёму на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі, а прыём на ўзровень сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі рэгламентуецца Указам Прэзідэнта, які зацвярджае Правілы прыёму, — тлумачыць Сяргей Каспяровіч. — Што датычыцца вышэйшай адукацыі, то ўсе змяненні, занатаваныя ў Кодэксе, носяць сістэмны характар Па-першае, адбыліся змяненні ў структуры вышэйшай школы. Цяпер у нас тры віды вышэйшай адукацыі: агульная вышэйшая — гэта бакалаўрыят з тэрмінам навучання 4-4,5 года, паглыбленая, накіраваная на падрыхтоўку спецыяістаў для навукова-інавацыйнай сферы — магістратура (1-2 гады) і спецыяльная — неперарыўная адукацыя па найбольш складаных спецыяльнасцях, накіраваных на падрыхтоўку спецыялістаў для медыцыны, ядзернай энергетыкі і іншых сфер. Там тэрмін навучання складзе 5-6 гадоў. Такая структура вышэйшай адукацыі будзе больш зразумелая для нашых партнёраў як з Захаду, так і з Усходу.

Таксама хацелася б адзначыць трансфармацыю падыходаў да фарміравання зместу адукацыі, павышэнне гібкасці на ўсіх узроўнях прафесійнай адукацыі, адыход ад залішняй дэталізацыі, у прыватнасці, выключэнне спецыялізацый і кірункаў спецыяльнасцяў, што дазволіць установам адукацыі сістэмна, планамерна і, галоўнае, хутка змяняць змест адукацыі ў залежнасці ад патрэб заказчыкаў кадраў.

Павысіць шанцы на паступленне

Яшчэ адзін важны момант, на які звярнуў увагу кіраўнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі, гэта вывядзенне на новы ўзровень мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў: комплексныя рашэнні знайшлі сваё адлюстраванне і ў Кодэксе аб адукацыі, і ў новых Правілах прыёму.

— З аднаго боку, цяпер знятыя абмежаванні на месца знаходжання арганізацый — заказчыкаў кадраў. Калі раней мэтавая падрыхтоўка распаўсюджвалася толькі на пэўныя населеныя пункты (чарнобыльскія, сельскія рэгіёны, гарады з насельніцтвам да 20 тысяч), то цяпер дагаворы на мэтавую падрыхтоўку могуць заключаць арганізацыі і прадпрыемствы, размешчаныя ў тым ліку ў сталіцы і абласных цэнтрах. Заўважу, што дадзеная норма ўступае ў дзеянне ўжо з 1 сакавіка 2022 года, — падкрэсліў Сяргей Каспяровіч. — Адначасова з гэтым у Правілах прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы прадугледжана павелічэнне гранічных квот у рамках мэтавай падрыхтоўкі: на сельскагаспадарчых спецыяльнасцях — да 70 працэнтаў ад кантрольных лічбаў прыёму, па медыцынскіх — да 80 працэнтаў і па іншых спецыяльнасцях — да 60 працэнтаў. Гэтыя квоты уступяць у сілу ў 2023 годзе і абітурыентаў бягучага года яны не закрануць. Вядома, 60, 70 і 80 працэнатў — гэта максімальная планка. І тут ёсць шмат акалічнасцяў. Ці знойдзецца столькі заказчыкаў, гатовых пралічыць свае патрэбы ў кадрах на 4-5 і больш гадоў наперад? Ці будуць гатовыя абітурыенты заключаць дагавор на мэтавую падрыхтоўку? Сёння такія дагаворы заключаюцца на пяць гадоў адпрацоўкі на заказчыка кадраў пасля атрымання вышэйшай адукацыі і на тры гады — пасля атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Па маіх адчуваннях, на медыцынскіх спецыяльнасцях дастатковая колькасць заказчыкаў кадраў знойдзецца. Пры такім раскладзе на звычайны конкурс для ахвотных паступіць на бюджэт месцаў застанецца менш, таму што мэтавыя месцы — гэта бюджэтныя месцы. І абітурыентам, каб павысіць свае шанцы на паступленне, давядзецца рабіць выбар на карысць мэтавай падрыхтоўкі.

Сяргей Каспяровіч прывёў прыклад, як гэта будзе выглядаць на практыцы. Скажам, на спецыяльнасці «аўтамабілебудаванне» прадугледжана 30 бюджэтных месцаў. Квота на мэтавы прыём складае 60 працэнтаў. Значыць, да 18 месцаў можа быць выдзелена пад мэтавы прыём. Гэта тэарэтычна, а рэальна можа быць і 10, і 12 месцаў. Усе будзе залежаць ад таго, ці знойдуцца заказчыкі. Зыходзячы з практыкі, поўная квота будзе закрывацца не заўсёды.

Дарэчы, дагавор аб мэтавай падрыхтоўцы можа заключацца і больш чым на пяць гадоў, а вось меншым тэрмін быць не можа.

— Варта разумець, што галоўныя ўдзельнікі дагавора — абітурыент і наймальнік. Кожны з іх узважвае ўсе «за» і «супраць» і вырашае, ці гатовы ён заключыць кантракт на большы перыяд. Напрыклад, на шэсць гадоў. Гэта толькі волевыяўленне абітурыента і заказчыка, — падкрэсліў спецыяліст. — Мне падаецца, што абітурыенту, які заключае кантракт на мэтавую падрыхтоўку з перспектыўнай арганізацыяй з добрым сацыяльным пакетам, можа быць цікава залажыць у дагаворы і больш за пяць гадоў. Але гэта ўсё будзе вырашацца ў кожным канкрэтным выпадку.

Базавы ўзровень для ўсіх?

Яшчэ адзін важны момант, які датычыцца абітурыентаў 2023 года — гэта з'яўленне цэнтралізаванага экзамену на выхадзе са школы па матэматыцы і беларускай ці рускай мове на выбар для ўсіх выпускнікоў. Яго вынік будзе ўплываць на канчатковую адзнаку, якая пойдзе ў школьны атэстат, а значыць, і на сярэдні бал атэстата.

У Расіі выпускнікі школ пры здачы Адзінага дзяржаўнага экзамена робяць выбар паміж базавай і профільнай матэматыкай. Апошнюю выбіраюць вучні, якім яна патрабуецца для паступлення ў ВНУ, гэта значыць тыя, хто мае намер звязаць сваё жыццё з дакладнымі навукамі. А як будзе ў Беларусі?

Паводле слоў Сяргея Каспяровіча, у Міністэрстве адукацыі ёсць бачанне, што на цэнтралізаваным экзамене па матэматыцы заданні для ўсіх павінны быць аднаго ўзроўню складанасці. Магчыма, адзначыў ён, гэта будзе базавы ўзровень. «Кодэкс дае магчымасць у падзаконных актах усе гэтыя пытанні ўрэгуляваць. На гэта ў нас яшчэ ёсць час», — растлумачыў спецыяліст. Ён дадаў, што лічыць справядлівым, калі заданні будуць для ўсіх аднолькавыя — так, як гэта адбываецца і на ЦТ.

Такім чынам выходзіць, што матэматыку на базавым узроўні будуць здаваць усе: і выпускнікі агульнаадукацыйных класаў, у тым ліку абітурыенты гуманітарных спецыяльнасцяў, і выпускнікі профільных фізіка-матэматычных класаў.

Сяргей Каспяровіч паведаміў, што арганізацыя, падрыхтоўка экзаменацыйных матэрыялаў, іх праверка ўскладаецца на Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў. Папярэдне ўжо вызначана каля 100 пунктаў для правядзення цэнтралізаванага экзамену. А вось дастаўкай выпускнікоў у гэтыя пункты будуць займацца ўжо органы кіравання адукацыяй, яны павінны забяспечыць іх падвоз.

Сяргей Каспяровіч таксама паведаміў, што з 2023 года ў абітурыентаў будзе магчымасць здаць да трох ЦТ па любых прадметах, якія не здаюцца на цэнтралізаваным экзамене: па фізіцы, хіміі, гісторыі, замежнай мове і гэтак далей. У выніку пры паступленні ў абітурыента на руках можа аказацца да пяці сертыфікатаў: тры сертыфікаты ЦТ плюс два сертыфікаты цэнтралізаванага экзамену.

— Гэта забяспечыць маладым людзям шырокі выбар спецыяльнасцяў. Галоўнае — не заблытацца, — кажа Сяргей Каспяровіч. — Мяркуем, што маладыя людзі сістэмна паставяцца да выбару спецыяльнасці. А вось бегаць з веерам сертыфікатаў па вышэйшых навучальных установах і спрабаваць «уладкавацца» туды, куды яны падыходзяць, будзе няправільна.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.