Вы тут

Лукашэнка: Не толькі выкарыстоўваць рацыянальна, але і захаваць для будучых пакаленняў


На сённяшняй сустрэчы з удзелам губернатараў і членаў урада абмяркоўвалі, па словах Аляксандра Лукашэнкі, без перабольшання адно з найважнейшых пытанняў у жыцці любой краіны — зямельныя адносіны. Справядлівыя базавыя правілы распараджэння зямлёй — гэта падмурак стабільнасці ў грамадстве, сказаў Прэзідэнт.


Тэрытарыяльныя прэтэнзіі ён назваў самымі цяжкімі і балючымі як у міждзяржаўных, так і ў лакальных, нават прыватных пытаннях. Адміністраванне зямельных адносін, сказаў Аляксандр Лукашэнка, не проста збор нарматыўных правілаў, а скампанаваны шматвяковы досвед і нават традыцыі выкарыстання зямлі на пэўнай тэрыторыі пэўным народам. «Трапяткія адносіны да зямлі закладзены глыбока ў менталітэце людзей і ў іх гістарычнай памяці, культуры, традыцыях продкаў. І павінен сказаць, што ўсе народы ў крытэрыях зямельных адносін вельмі падобны — усе цэняць зямлю, на якой жывуць, і гатовы за яе змагацца ў крайніх формах», — заўважае Прэзідэнт.

Ён адзначыў: на світанку незалежнасці беларусы абралі шлях разумнага і эвалюцыйнага развіцця зямельнай сферы. «Мы не маглі дазволіць абрабаваць народ, дапусціць, каб зямля па-варварску дзялілася і пераразмяркоўвалася сярод тых, хто мае да яе доступ і сярод тых, хто не мае да яе ніякіх адносін.

Паступовасць і паслядоўнасць застаюцца краевугольнымі камянямі нашай палітыкі. Апошнія гады даказалі, што гэтыя падыходы ў поўнай меры адпавядаюць запытам нашага насельніцтва», — сказаў Прэзідэнт.

Ён мяркуе, што для большасці простых грамадзян зямельнае заканадаўства па сваёй адчувальнасці супастаўнае з канстытуцыйнымі палажэннямі, таму што датычыцца асабіста іх. На думку Прэзідэнта, менавіта дзякуючы высокай культуры землекарыстання краіна дабілася поспехаў у сельскай гаспадарцы і спакойна забяспечвае сваю харчовую бяспеку. Больш за 40 працэнтаў нашай тэрыторыі пакрыта лясамі, і на гэтай аднаўляльнай аснове развіваецца лесаперапрацоўчая прамысловасць. І роля гэтага сектару эканомікі будзе пастаянна ўзрастаць, заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Урад мяркуе, што наспела неабходнасць сур’ёзнай карэкціроўкі дзеючага заканадаўства, і ўнёс Прэзідэнту свае прапановы ў выглядзе праекта ўказа. Перад тым, як яго падпісаць кіраўнік краіны пытаецца: «У чым жа неабходнасць удасканалення нашых правільных зямельных адносін? Што неабходна дадаць, каб было лепш? Ці да часу гэтыя новаўвядзенні? Ці неабходны яны ўвогуле, і каму неабходныя? Сялянам, людзям што з даўніх часоў жылі на гэтых землях? Ці камусьці, хто прыхапіў тут па невысокіх цэнах кавалкі пасярод Мінска і хоча свабодна распараджацца гэтай зямлёй?» 

Размова на нарадзе ішла і аб тым, каб перадаць шэраг істотных паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы на ўзровень урада, а для будаўніцтва прыватных дамоў прапануецца дазволіць выдзяляць участкі плошчай да 1 гектара.

«Хацелася б, каб губернатары сказалі, ці дастаткова ў нас зямельных рэсурсаў, каб, не займаючыся падсечным земляробствам (знічтажэннем лясоў), надзяліць жадаючых адным гектарам. Па-мойму, мы сёння і шэсць-дзесяць сотак не можам забяспечыць жадаючым там, дзе яны хочуць набыць зямлю», — звяртае ўвагу Аляксандр Лукашэнка на пытанне, на якое хоча пачуць адказ на сустрэчы.

Згодна з праектам указа, могуць быць пашыраныя магчымасці па ўзаконьванні самавольна занятых участкаў, змене мэтавага прызначэння ўчастка да завяршэння будаўніцтва. Акрамя таго, Савет Міністраў лічыць, што настаў час дазволіць свабоднае распараджэнне ўчасткамі, атрыманымі ў тым ліку на льготных умовах.

Прэзідэнт і яшчэ раз запытаў, каму выгадныя такія змены? «Я пакуль нічога не адмаўляю. Я задаю пытанні, у больш жорсткай форме. Як мне дакладваюць, адназначнага меркавання па праекце ўказа пакуль няма. Ёсць небяспека, што яго палажэнні створаць лазейкі для злоўжывання, спекуляцый і неразумнага, несправядлівага гандлю зямлёй. Ці не адкрыем мы магчымасці для тых, хто назапасіў капітал рознымі шляхамі і зараз выкупіць самыя лепшыя землі краіны, а большасць грамадзян апынуцца не пры справе? Ці сапраўды праект указа вырашае праблемы, якія хвалююць большую частку беларусаў?» — пытаецца кіраўнік краіны.

Ён звяртае ўвагу на яшчэ адно вельмі хвалюючае пытанне для насельніцтва. Любы жыхар можа прадаць сваю зямлю, на якой узведзены дом, але не можа пабудаваць на адным ўчастку другі жылы дом.

«А калі мы дазволім пабудаваць? Такіх выпадкаў было нямала. І ў Брэсцкай вобласці мы прымалі такія рашэнні. Жывуць бацькі. У іх паўгектара зямлі. А сын хоча там нешта пабудаваць, але немагчыма. Прыйшлося прымаць рашэнні. Вось тут пытанне ёсць, і яго неабходна вырашаць. Калі дастаткова зямельнага ўчастка, бацькі жывуць, а сын ці дачка хочуць пабудаваць дом, прыбудову — няхай, гэта яго ўчастак», — разважае кіраўнік краіны.

Прэзідэнт нагадаў, што хацеў бачыць дакумент са стымулюючымі механізмамі, каб разгрупаваць людзей па краіне і не ўтвараць мегаагламерацыі вакол Мінска.

«Можа, дзесьці пад Смаленкам і неабходна танней прадаць участак ці бясплатна перадаць. І такіх зямель у нас дастаткова. Проста ў нас губернатары і ўрад чуюць, што кажа Прэзідэнт. А потым думаюць: „Ладна, што там...“ Вы рызыкуеце. Я бачу нават у Турчына (Аляксандр, старшыня Мінаблвыканкама. — Зв.), калі выязджаю на другую кальцавую дарогу, на паўтара гектарах стаіць будка электрычная, а вакол пустыня. І гэта паўтарагектара і куча слупоў ад падстанцыі ідзе. І думаю, калі па-гаспадарску вывесці электрычнасць праз адну апору і ўвесці праз адну апору, вызваліцца паўтарагектара. Ідзі — будуй», — расказвае пра яшчэ адзін нюанс земляўладкавання вакол сталіцы Прэзідэнт.

Паводле кіраўніка дзяржавы, у краіне дастаткова далёкіх вёсачак, хутароў і прыгожых мясцін за 150-200 кіламетраў ад буйных гарадоў, якія асвойваліся і прыводзіліся ў парадак людзьмі. Адным з такіх месцаў была радзіма Прэзідэнта. Ён расказаў, як з неперспектыўнай, выміраючай вёскі яна пад яго наглядам ператварылася ў прыгодную для жыцця мясціну.

«Ладна. Скажуць, што гэта прэзідэнцкі куток! Але побач на мяжы з Віцебскай вобласцю вёска Хімы. Я папрасіў вядомага бізнесмена паказаць, як трэба (аднаўляць вёскі — „Зв“). На Копысі ж паказалі, на прыкладзе гэтага яўрэйскага мястэчка. Мы яго прывялі ў парадак. Паказалі, як трэба развіваць гэтыя пасёлкі гарадскога тыпу, —расказаў Аляксандр Лукашэнка. — Прыходзіць чалавек, бачыць свабодны ўчастак, купляе за капейкі, бо гэта ж не пад Мінскам».

Такім чынам аднавілі і ўпарадкавалі вёску Хімы Віцебскай вобласці. «Зараз людзі ў чарзе стаяць, каб туды прыехаць і адпачыць. З Масквы едуць! У парадак прывялі вёску. Вось, што для нас сёння важна — гэта ўсё размеркаваць», — кажа кіраўнік краіны.

Аляксандр Лукашэнка зноў актуалізуе праблему і пытаецца ў кіраўніка сваёй Адміністрацыі Ігара Сергеенкі: «Ведаеце колькі, Ігар Пятровіч, каштуе дом з участкам у вашым сяле (маецца на ўвазе квартал, дзе жывуць чыноўнікі — „Зв.“), калі яго прадаць на 15 сотках? Некаторыя да пяці мільёнаў прадаюць масквічам. Я ведаю такіх людзей. Яны прыязджаюць і купляюць усё. Калі вы хочаце ім дагадзіць, чаго ж не хапае? Яны ж іх прадаюць свабодна. Якія тут неабходныя яшчэ змяненні і дапаўненні (у заканадаўстве — „Зв.“)!?».

Прэзідэнт адзначае, чаму так завастрае пытанне нарады. «Калі за яе возьмемся не з таго боку, атрымаем такую аплявуху ад народа. І заслужаную», — акцэнтуе Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка дадае, што асноўная праблема зямельных адносін у краіне зараз — гэта добраўпарадкаванне далёкіх вёсак.

«Калі б Леанід Канстанцінавіч (Заяц — „Зв“.) былы губернатар, прыйшоў у свой час і сказаў, што хоча хутар купіць, дык я б садзейнічаў таму, каб бясплатна аддаць, але пад абавязак — аднавіць яго, як было 50-70 гадоў таму. Я быў бы рад. Ён бы даў працу дзясятку чалавек. Я б яму дазволіў бы прырэзаць гектараў 10-15. Але пад абавязак займацца сельскай гаспадаркай. Гэта было б па-гаспадарску», — прыводзіць прыклад кіраўнік краіны і яшчэ раз дадае, што неабходна заняць участкі, якія не ўведзены ў абарот.

Ён мяркуе, што у такія закінутыя хутары падведзены і дарогі, і электрычнасць, бо людзі там некалі жылі. «Так проста паслухаць цішыню і падыхаць свежым паветрам, любы багаты чалавек можа купіць гэты хутарок ці закінутую вёску. А колькі там кінутых дамоў!» — падкрэслівае Аляксандр Лукашэнка.

Другая задача, якая ставілася Прэзідэнтам па праекце ўказа аб зямельных адносінах, — спрашчэнне тых працэдур, дзе практыка жыцця паказала, што ад іх можна адмовіцца, або адміністрацыйныя бар’еры і бюракратыя сталі празмернымі.

«Мы прымалі рашэнне нядаўна, каб пустыя дамы і сядзібы заняць, неабходна знайсці родных, якія б павалены дом дазволілі прадаць. Такіх родных шукалі аж да Уладзівастока. І часта нават не знаходзілі нікога, а дамы так і стаялі. Прынялі рашэнні: калі два гады ці колькі дом стаіць свабодны, сельскі савет, райвыканкам прадаюць гэты ўчастак. Гэта я разумею дэбюракратызацыя», — адзначае кіраўнік дзяржавы.

Па яго словах, прынцып улады — падыходзіць да ўсіх змен узважана, бо прадастаўленне зямельных участкаў павінна не столькі прыносіць дзяржаве эканамічную выгаду, колькі адпавядаць чаканням насельніцтва і рэальна вырашаць яго праблемы.

«Зямля — нацыянальны здабытак і найважнейшы рэсурс. Нам трэба не толькі выкарыстоўваць яе рацыянальна, але і захаваць для будучых пакаленняў. Таму землі сельскагаспадарчага і ляснога прызначэння знаходзяцца і будуць знаходзіцца толькі ва ўласнасці дзяржавы. Пакуль», — рэзюмаваў Прэзідэнт.


Каментарый у тэму

Мікалай Снапкоў, першы намеснік прэм’ер-міністра расказаў, што навацыямі па ўдасканаленню зямельных адносін урад займаўся больш за год і глыбока іх прааналізаваў.

«Прэзідэнтам, у прынцыпе, падтрыманы падыходы па развіццю тэрыторый. Больш за тое, Прэзідэнтам вызначана захаванне існуючых прынцыпаў зямельных адносін у краіне, забеспячэнне іх у далейшым.

Паўнамоцтваў Прэзідэнта тычацца рашэнні на ворыву і лесе. Усё астатняе павінна быць аддана ў паўнамоцтвы мясцовым органам улады па адпаведных тэрыторыях і адпаведных мэтах — ад старшыні аблвыканкама і далей па іерархічнай лесвіцы да старшыні сельвыканкама», — сказаў Мікалай Снапкоў.

Усе прапановы павінны адпавядаць жаданням людзей і быць запатрабаваныя імі, нагадаў пра даручэнне Прэзідэнта першы віцэ-прэм’ер.

«Акцэнт мы робім на развіццё сельскіх тэрыторый. Тое, што тычыцца тэрыторый з акрэсленымі межамі населеных пунктаў, — гэта паўнамоцтвы мясцовых органаў улады. Тое, што ў межах населеных пунктаў, будзе рэгулявацца мясцовымі органамі ўлады. Мы не ўносілі прапаноў па прымяненні нормаў да горада Мінска, абласных цэнтраў і раёнаў, размешчаных вакол абласных цэнтраў. Гэта не тая тэрыторыя, якую неабходна стымуляваць, развіваць», — дадаў Мікалай Снапкоў.

Расказаў ён і пра некаторыя навацыі, якія абмяркоўвалі на сустрэчы.

Памер участкаў у сельскіх населеных пунктах. «Сёння яны да 25 сотак. Урад прапаноўваў іх зрабіць да аднаго гектара. Прэзідэнт прапанаваў не абмяжоўвацца гектарам. А пры неабходнасці, выдзяляць і болей для абслугоўвання жылога дома», — сказаў Мікалай Снапкоў.

Выкарыстанне ўчасткаў. «Прапаноўваецца больш варыятыўны падыход, уключаючы трансфармацыю з уласнай прысядзібнай гаспадаркі ў тэрыторыю для абслугоўвання жылога дома і наадварот», — працягвае спікер.

Драбненне ўчасткаў. «Шмат прыкладаў таго, калі сын хоча пабудаваць дом разам з бацькам. На дадзены момант гэта было зрабіць складана», — дадаў першы намеснік прэм’ера.

Парушэнне граніц выдзеленага ўчастка. «Урад прапанаваў узаконіць іх па факце ў выпадку, калі перавышэнне не больш як 10 працэнтаў ад існуючай тэрыторыі ўчастка. Прэзідэнтам прпанавана не абмяжоўвацца 10 працэнтамі, а сыходзіць з існуючай сітуацыі па рашэнні мясцовых органаў улады, калі гэта не парушае горадабудаўнічыя нормы і не супадае з чужой тэрыторыяй», — паведаміў Мікалай Снапкоў.

Гэтыя і іншыя навацыі па рашэнні нарады прапішуць не ва ўказ Прэзідэнта, а ўкараняць пазней у Зямельны кодэкс.

Марыя ДАДАЛКА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?