Вы тут

Трохметравая мнаганожка, дыета ад дыменцыі, псіхапатыя ў кошак


Знайшлі акамянеласці трохметровай мнаганожкі

Палеантолагі ў Вялікабрытаніі знайшлі рэшткі гіганцкай мнаганожкі ў адкладах каменнавугальнага перыяду на поўначы Англіі, паведаміла выданне The Іndependent.


Гэта аказалася найбуйнейшае з вядомых навуцы беспазваночных за ўсю гісторыю існавання жыцця на планеце. У даўжыню мнаганожка дасягала прыкладна тры метры, а па масе перавышала 50 кілаграмаў. Па словах аднаго з аўтараў работы, навуковага супрацоўніка Кембрыджскага ўніверсітэта Ніла Дэйвіса, акамянеласці выявілі выпадкова каля адной са скал на пляжы побач з вёскай Хоўвік у Нартумбрыі.

Знаходку зрабілі яшчэ ў 2018 годзе, аднак толькі цяпер расказалі пра яе ў навуковым часопісе Journal of the Geologіcal Socіety. Навукоўцы распавялі, што выявілі акамянеласці выпадкова, калі большая частка пясчаніку адкалолася ад скалы. Мнаганожка апынулася «зачыненая» ўнутры, і адзін з даследчыкаў заўважыў гэта, калі праходзіў міма.

Па словах спецыялістаў, істота належала да роду артаплеўраў — самых вялікіх беспазваночных, якія жылі за 100 мільёнаў гадоў да дыназаўраў. Яна была падобная на сучасных мнаганожак, якія складаюцца з некалькіх «звёнаў». Як мяркуецца, у яе рацыён уваходзіла раслінная ежа. Аднак даследчыкі не выключаюць, што адкрыты імі від Arthropleura, мяркуючы па памерах, мог быць і драпежнікам. Палеантолагі спадзяюцца, што падчас далейшай работы змогуць знайсці адбіткі ротавага апарату адкрытай імі мнаганожкі і ўдакладніць яе становішча ў экасістэмах таго часу.

Даследчыкі адзначаюць, што калісьці на тэрыторыі Злучанага Каралеўства быў іншы клімат, трапічны, а падобныя да знойдзенай мнаганожкі істоты жылі ў лесе недалёка ад вады.


Навукоўцы распавялі аб прафілактычнай дыеце

Спецыялісты з Барселонскага ўніверсітэта правялі даследаванне і высветлілі, які рацыён засцерагае ад дэменцыі. Аб высновах навукоўцаў гаворыцца ў часопісе Molecular Nutrіtіon and Food Research.

Па даных спецыялістаў, рацыён, багаты на раслінныя прадукты, зніжае рызыку кагнітыўных парушэнняў і дэменцыі ў пажылых людзей. Даследаванне працягвалася 12 гадоў. На працягу гэтага часу навукоўцы вялі назіранне за 842 добраахвотнікамі ва ўзросце старэйшым за 65 гадоў. Яны вывучалі не толькі справаздачы ўдзельнікаў даследавання, але і абапіраліся на вынікі аналізаў метабалітаў прадуктаў.

Высветлілася, што высокая канцэнтрацыя метабалітаў какавы, кавы, грыбоў, чырвонага віна, а таксама прадуктаў, багатых на поліфенолы — яблыкаў, зялёнага чаю, чарніц, апельсінаў, іншай садавіны і гародніны, — зніжала рызыку кагнітыўных парушэнняў. А вось ужыванне падсаладжальнікаў, наадварот, было часцей звязанае з дэменцыяй.

На думку навукоўцаў, асноўным спосабам прафілактыкі кагнітыўных парушэнняў з'яўляюцца змены ў сілкаванні і спосабе жыцця. Калі ў рацыёне прысутнічаюць карысныя для нервовай сістэмы рэчывы, гэта дазваляе засцерагчы мозг і не дапусціць, каб яго работа заўчасна пагоршылася.

Навукоўцы спадзяюцца, што вынікі іх работы дапамогуць стварыць найбольш эфектыўныя прафілактычныя і тэрапеўтычныя стратэгіі для барацьбы з дэменцыяй і іншымі захворваннямі мозга, звязанымі са старэннем.


Па муміі аднавілі аблічча старажытнага кіраўніка Егіпта

Навукоўцы пры дапамозе камп'ютарнага тамографа даведаліся, як выглядаў фараон Аменхатэп І. Аблічча старажытнага кіраўніка Егіпта змаглі ўзнавіць па яго муміі. Аб гэтым піша The Guardіan. Аналіз паказаў, што ў фараона Егіпта былі кучаравыя валасы і злёгку выпуклыя зубы на верхняй сківіцы.

Сучасныя тэхналогіі дапамаглі міжнароднай групе фізікаў і археолагаў пацвердзіць аўтэнтычнасць муміі. Да гэтага многія навукоўцы лічылі, што астанкі Аменхатэпа І страчаныя, а ўнутры саркафага знаходзіцца цела пазнейшага фараона.

«Мы віртуальна «разблыталі» саван муміі і вывучылі аблічча фараона. Аналіз паказаў, што Аменхатэп І памёр прыкладна ў 35 гадоў. Яго рост складаў 169 сантыметраў, у яго былі добрыя зубы, а яго цела было ўпрыгожана 30 амулетамі і ўнікальным залатым поясам», — адзначыла прафесар Каірскага ўніверсітэта і адзін з аўтараў работы Сахар Салім.

Вядома, што мумію Аменхатэпа І знайшлі ў 1881 годзе ў грабніцы Дэйр-аль-Бахары на поўдні Егіпта. Саван і іншыя складнікі пахавання захаваліся да нашых дзён у практычна першапачатковым выглядзе.

«Здымкі паказваюць, што вонкава муміфікаваны чалавек быў вельмі падобны на фараона Яхмаса І (бацьку Аменхатэпа І). У яго быў вузкі падбародак, тонкі нос, кучаравыя валасы і злёгку выпуклыя зубы на верхняй сківіцы. Мы не знайшлі ніякіх сведчанняў таго, што ён памёр гвалтоўнай смерцю», — дадала Салім.

На целе фараона знайшлі мноства пашкоджанняў. На думку навукоўцаў, яны былі нанесеныя ўжо пасля муміфікацыі, хутчэй за ўсё, раскрадальнікамі грабніц.

Аменхатэп І быў другім царом 18-й дынастыі і ўзышоў на трон пасля смерці свайго бацькі Яхмаса І. Ён кіраваў Егіптам каля 21 года, прыкладна з 1525 да 1504 года да нашай эры.


Даследчыкі выявілі прыкметы псіхапатыі ў хатніх кошак

Большасць хатніх кошак дэманструе прыкметы псіхапатыі. Да такой высновы прыйшлі брытанскія навукоўцы з Ліверпульскага ўніверсітэта Джона Мурса. Вынікі даследавання апублікаваны на партале ScіenceDіrect.

Для ацэнкі схільнасці гадаванцаў да псіхапатыі эксперты распрацавалі спецыяльнае апытанне, у якім узялі ўдзел 549 уладальнікаў кошак. Удзельнікам прапаноўвалася адказаць на 46 пытанняў аб паводзінах хатніх жывёлін. Напрыклад, у анкету ўключылі пытанні аб гучным мяўканні і бегу па доме без відавочнай прычыны.

Спецыялісты перакананыя: такія прыкметы як адсутнасць раскаяння, непрыязныя адносіны да людзей і іншых жывёлін, смеласць, а таксама залішняя рухальная і «маўленчая» актыўнасць могуць быць прыкметамі псіхапатыі ў кошак.


Японскі прафесар стварыў тэлеэкран, які перадае смак

Прылада пад назвай Taste the TV (TTTV) выкарыстоўвае механізм з дзесяці ёмістасцяў са спецыяльнымі дабаўкамі, якія пры змешванні ствараюць смак канкрэтнай ежы, перадае Reuters. Затым гатовае рэчыва трапляе на плоскі тэлеэкран — і глядач можа яго лізнуць, каб адчуць смак.

Вынаходнік прылады — прафесар Універсітэта Мэйдзі Хамей Міяшыта. Ён упэўнены, што ў эпоху COVІD-19 такія тэхналогіі могуць дапамагчы людзям лепш узаемадзейнічаць з навакольным светам, а таксама спатрэбяцца самелье і поварам. «Мэта складаецца ў тым, каб даць людзям магчымасць пакаштаваць нешта накшталт ежы ў рэстаране на іншым канцы свету, нават застаючыся дома», — кажа навуковец.

Міяшыта працуе з камандай з некалькіх дзясяткаў студэнтаў, і яны ўжо стварылі мноства падобных прылад, у тым ліку відэлец, які робіць смак ежы больш насычаным.

Прататып TTTV прафесар пабудаваў сам за апошні год. Паводле яго слоў, стварэнне камерцыйнай версіі будзе каштаваць каля 100000 іен.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».