Вы тут

«Паскудства, брат, і не пытайся...». Сем незвычайных кухараў беларускай літаратуры


«Мы ўсе пісалі пра тое, як «Ганна завіхалася ля печы». А трэба — пра незвычайнае, яркае, таямнічае. Каб нельга было адарвацца ўсю ноч». Так калісь казаў Уладзімір Караткевіч, маючы на ўвазе апрыкры стэрэатып пра беларускую літаратуру як пра вясковую, бытавую, не схільную да рамантыкі і чыстае красы.


Але і шараговы працэс гатавання ежы пісьменніцкі талент можа ператварыць у яркі і нечаканы вобраз... Давайце разам успомнім, што і як гатавалі героі беларускай літаратуры.

Як прыгатаваць туман

У таго ж Караткевіча шмат сакавітых апісанняў беларускіх страў, часта падказаных ягоным сябрам, гісторыкам Адамам Мальдзісам. Шляхецкія застоллі з ласінымі губамі ў воцаце... Юшка, якую часта са смакам вараць героі — «празрыстую, бурштынавую ад тлушчу і ад таго, што цыбулю туды кладуць, зняўшы толькі верхнія сухія жоўтыя лушпайкі». Але самы вядомы «кулінарны» вобраз Караткевіча з'явіўся ў вершы «Заяц варыць піва», Паэт, што называецца, «рэалізаваў метафару». Калі над лугамі ды балатамі плыў густы туман, нашы продкі казалі: «Заяц варыць піва». Вось Караткевіч і ўявіў:

А я відушчым бачу зрокам,

Як ён прысеў каля агню,

Трыгубы, шэры, касавокі,

І піва варыць з ячмяню.

Яліна іскрамі страляе,

А ён прыладзіў кацялок

І трэскай варыва мяшае,

Каштуе, сплёўвае набок.

І піва заяц зварыць густа,

А на закуску — бурачок,

Трава, заечая капуста,

Галін асінавых пучок.

З зайчыхай вып'юць

па маленькай

І дзеткам трошкі паднясуць,

Пужлівым галаском таненькім

«Цвіцела морква» завядуць.

Пабачыш — не гані з абсады,

Дай хоць на гэты дзень

спакой,

Павінна ж быць

і ў зайца радасць

Перад халоднаю зімой.

Клёцкі на бярозавым соку

Знаўцам традыцыйнай народнай кухні быў Якуб Колас. Але сустракаюцца ў ягоных творах і кулінарныя эксперыменты. Дзядзька Антось з паэмы «Новая зямля» вырашае давесці, што ўмее гатаваць лепей за жанок, якія «робяць так, як і рабілі, калі пяшком пад стол хадзілі». Якраз вясна, з бяроз дзядзька назбіраў свежага, салодкага соку... Дык ці не выкарыстаць той сок для клёцак замест вады, здзівіць пляменнікаў? Надраў бульбы...

«Глядзелі хлопцы, як на дзіва,

Як дзядзька,

цеста замяшаўшы,

Качаў галушкі, міску ўзяўшы.

А чыгунок, бы пан пузаты,

Кіпіць, пыхціць,

шуміць заўзята,

Бо не з вадою ён, а з сокам.

Ідзе тут справа ненарокам;

Дзяржыся, браце! І чуць толькі

Ўзнялося булбатачак колькі,

Дык дзядзька зараз стаў

пакрышку

Ў чыгунчык клёцкі кідаць

з лыжкі...»

Ледзь дачакаліся дзеці, пакуль тыя клёцкі з сокам зварацца... Вось дзядзька зачэрпнуў адну, астудзіў, узяў у рот...

«І тут, нічога не сказаўшы,

Як плюне дзядзька,

пажаваўшы!

Трах у чыгунчык ён нагою!

І так абцёрся ён рукою,

Што губы й нос чырвоны сталі

І нават вусы затрашчалі».

Як вы разумееце, кулінарны эксперымент праваліўся, вердыкт яму атрымаўся кароткі, але дужа ёмісты.

«...— Ну, дзядзька, як на смак,

прызнайся?

— Паскудства, брат,

і не пытайся!»

Як засмажыць з'едзенага зайца

У жорсткім апавяданні Максіма Гарэцкага «Смачны заяц» аднаўляюцца сумныя карціны прыгоннага ладу. Стары панскі кухар, аглухлы на адно вуха пасля аплявухі ад князя, атрымлівае даручэнне засмажыць забітага на паляванні зайца. Але пакуль стары рыхтуецца, харты таго зайца з'ядаюць. Кухар у роспачы, гатовы засіліцца.. Але тут трапляецца яму на вочы адкормлены панскі кот...

«Кухаравы рукі набраліся цвёрдасці, сэрца патроху сціхла калаціцца, і кухарская праца закіпела. Час ад часу кухар шаптаў «Вочча наш», ксціўся-маліўся, абціраў пот і маўкліва, старанна смажыў, перчыў, паліваў...»

Фальшывы заяц атрымаўся смачны, як ніколі. Кухара князь і ягоныя госці хвалілі, хоць ён ледзь не ашалеў ад страху. Ну а беднаму дворнаму хлопчыку давядзецца стрываць лупцоўку за знікненне князевага пухнатага ўлюбёнца.

Патрава, якая нейк завецца

Гераіня рамана Кузьмы Чорнага «Пошукі будучыні» Волечка Нявадавых засталася адна на гаспадарцы. Маці памерла, а бацька пайшоў на Першую сусветную вайну і знік. Даводзіцца самой і араць, і карову даглядаць, і каля печы завіхацца... А тут яшчэ прыйшлі ў хату госці — жаўнер, які вядзе палоннага захварэлага немца, хлопец-бежанец Кастусь, фельчар, што немца лечыць. Волечцы няёмка, што два дні госці ў хаце, а яна іх не пачаставала... Узялася гатаваць.

«У рухавым клопаце была толькі адна Волечка, малая гаспадыня гэтай хаты, дзе так нечакана сабраліся так не падобныя адзін на другога людзі, далёкія адзін ад аднаго і месцам на зямлі, і прывычкамі, і звычаямі, і жаданнямі, і натурай. У печы зырка гарэў агонь і пры ім кіпеў вялікі гаршчок. Волечка то выходзіла ў сенцы, то зноў уваходзіла ў хату і кожны раз прыносіла то цыбулю, то моркву, то бульбіну, то нейкае карэнне, то лісце і падкідала ў гаршчок.

— Што гэта ты варыш такое? — запытаў фельчар, сочачы за рухавай Волечкай.

— Вару яду.

— А як жа гэтая патрава завецца?

— Нейк завецца, — злёгку прыбянтэжылася Волечка.

— А чым жа ты яе закрашваць будзеш?

Волечка як аслупянела. Нерухомая яна стаяла, і твар яе загарэўся чырвоным колерам.

— Малаком, — нарэшце адказала яна так, быццам кожнае слова важыла сто пудоў і цяжка было яго спусціць з языка.

— Як жа ты будзеш гэтую патраву малаком закрашваць, калі ты ў яе цыбулю кідала?

Волечка выбегла ў сенцы, і вочы яе напоўніліся слязьмі».

Што рабіць? Сала няма... Наноў паставіць страву, ужо без цыбулі?

Волечку выратоўвае ад ганьбы Кастусь, які крадма аддае ёй прыхаваны ў торбе крышан сала. Галоўнае для дзяўчынкі — каб не падумалі, што яна кепская гаспадыня, не ўмее есці рабіць.

«Волечка частавала іх патравай, якую, можа быць, і сама прыдумала з прычыны свае неспрактыкаванасці ў гаспадыньскіх справах», і ўсе хвалілі.

Поліўка з ботаў

Чаго толькі не даводзілася спажываць панам Кубліцкаму ды Заблоцкаму, героям цудоўнага фэнтэзі Пятра Васючэнкі! «Але ж і жэрлі яны — што ў бяздонны мех тапталі. Пан Кубліцкі на сняданак, бывала, аплятаў засмажанага вепрука. Пан Заблоцкі адным махам мог выпіць цэлую барылу мёду. Нядзіўна, што гаспадарка ў абодвух звялася на нішто». І асноўная ежа ў паноў стала рэпа — тое, што лянотныя паны ўмелі так-сяк вырошчваць. Аднойчы елі на абед варголы — то-бок вар голы, кіпень адзін.

«Дажыліся — што адно боты й засталося кінуць у варыва. Балазе ў паноў боты дыхтоўныя, са свінячае скуры, шмальцам падмазаныя.

Раскладваюць агонь, набухторваюць вады ў чыгун, скідваюць боты — і туды ж, у чыгун. Вараць больш як паўдня, тады здымаюць чыгун з агню і сёрбаюць поліўку гэтак спраўна, што насы ўпрысядкі гуляюць. Пад'еўшы, кладуцца на лавы і спачываюць. Босыя, затое наетыя ад пуза.

І што, пытаецеся вы, ці разбалеліся панскія жываты? Ані. Адно ў пана Кубліцкага, як ён быў далікатнага складу, трохі бурчэла ўсярэдзіне. Дык ён злаваўся і доўга вымаўляў пану Заблоцкаму:

— Казаў жа, каб не падбіваў пан боты зялезнымі цвікамі. Драўляныя — яны больш нежныя.

Вось як яно было. Было, было дый выпала дно».

Зацірка з выенчанай мукі

Яшчэ адна знакамітая страва беларускай літаратуры з'яўляецца ў апавяданні Змітрака Бядулі «Пяць лыжак заціркі». Усё вакол яе і закручваецца. Сялянцы Агаце з дарэвалюцыйнай вёскі пашанцавала: «выенчыла ў суседа фунт мукі на зацірку».

Прыгатаванне няхітрай стравы ператвараецца для галоднай сям'і ў вялікае свята, а Агата, якая чаруе каля печы, усім здаецца «валадарніцай».

«Агата ўсё падлівала вады і мяшала зацірку вялікай лыжкай. Нарэшце паставіла на стол.

— Гатова! — крыкнуў весела Антось і давай карабкацца з пяколка.

— Гатова! Гатова! — запішчэлі дзеткі і скакалі, як зайчыкі, да стала, дзе ўжо стаяла вялікая паліўная міска, у якую Агата пераліла зацірку з гаршчка. Густы пахучы пар клубіўся над міскай і павялічваў галодны апетыт шчаслівай у гэты момант сям'і».

Свята сапсула суседка, якая выпадкова завітала ў госці... І тут бачым у дзеянні беларускі народны этыкет. Нельга госця не запрасіць да стала. І хоць кожная лыжка, з'едзеная той някліканай Сёмчыхай, сямейнікам баліць, аднак і прагнаць нахабніцу нельга.

Чароўны салдацкі кацёл

Апавяданне Івана Чыгрынава «За сто кіламетраў на абед» пераносіць нас у трагічныя часы вайны, калі, як успамінае апавядальнік, чыё дзяцінства на тую пару прыйшлося, «галодныя мы, здаецца, былі заўсёды: то харчу не хапала, то солі (не пасаліўшы — не з'ясі), то яшчэ якой трасцы».

Але быў час, калі дзецям часам удавалася смачна пад'есці. А менавіта ўвосень сорак трэцяга года, «як вярнуліся нашы». Немцаў адагналі, спаленая вёска, жыхары якой перабраліся ў зямлянкі, апынулася ў прыфрантавой паласе, і праз яе часта праходзілі на фронт і з фронту розныя часці.

«Здаралася, што чырвонаармейцы спыняліся на вялікі прывал — проста на вуліцы, паміж зямлянак, — і тады пачынала дыміць кухня, дражнячы пахам усю згаладалую вёску. Варылі нашы салдаты звычайна прасяную кашу на сале, часам макаронавы суп з бульбай. І мы заўсёды чакалі, пакуль салдаты пад'ядуць. Былі ўпэўнены, што ў катле застанецца і на нашу долю. Ды не мала, а добрая палавіна катла. Тады мы падыходзілі да кухні са сваім посудам — хто з бляшанкай, а хто з чыгунком ці махоткай, — і повар раздаваў астатак ежы».

Аўтар прызнаецца, што толькі калі яны падраслі, зразумелі, чаму ў тым салдацкім катле заўсёды заставалася палавіна кашы і чаму ніколі не падыходзілі да кухні іх маткі. Салдаты, якія б самі ні былі галодныя, пакідалі нешта для мясцовай малечы.

Так што, нават сядаючы за стол, можна знайсці падставу ўспомніць з удзячнасцю і спачуваннем сваіх дзядоў.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Прапанова зніжаецца, а цэны растуць

Прапанова зніжаецца, а цэны растуць

Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч

Культура

Радміла Рыбакова: «Важна заставацца чалавекам»

Радміла Рыбакова: «Важна заставацца чалавекам»

Аб сваёй рэалізацыі, рабоце і удзеле ў праекце «Звёздный путь» спявачка распавяла ў інтэрв’ю.